І́ЛЬМЕНЬ (паводле летапісу Ільмер, у старажытных славян — Славянскае мора),
возера на Прыільменскай нізіне, у Наўгародскай вобл. Расіі. Каля 18 м над узр. м. Сярэдняя пл. 982 км² (у залежнасці ад узроўню вады мяняецца ад 733 км² да 2090 км²). Даўж. каля 45 км, шыр. да 35 км, глыб. да 10 м. Берагі нізінныя, забалочаныя, зах. і паўд.-зах. дасягаюць выш. 6 м. Упадае каля 50 рэк, у т. л. Мста, Пала, Ловаць, Шалонь; выцякае р. Волхаў. Ваганні ўзроўню вады ад 2,3 м (у сак.) да 5,8 м (у маі). Пры нізкіх узроўнях знаходзіцца ў падпоры плаціны Волхаўскай ГЭС. Ледастаў з кастр. да красавіка. У возеры шмат арган. рэчываў, вада мае жаўтаватую афарбоўку. Рыбалоўства (лешч, сняток, мянтуз, шчупак). Суднаходства. Цераз р. Мста, Прыільменскі канал і р. Волхаў І. звязана з Вышневалоцкай воднай сістэмай. У 9—12 ст. цераз І. ішоў водны гандл. шлях «з варагаў у грэкі», а таксама на Волгу. За 6 км ад І. на берагах р. Волхаў г. Ноўгарад.
насякомае сям. лістаедаў. Радзіма — Паўн. Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Францыі ў 1916, на Беларусі (Брэсцкая вобл.) — у 1956; пашырыўся па ўсёй тэр. рэспублікі. Можа пералятаць на адлегласць да 300 км.
Даўж. да 12 мм. Цела авальнае, пукатае, жоўтае. Крылы ярка-ружовыя, на надкрылах 10 чорных падоўжных палос. Лічынка (даўж. да 15 мм) цагельна-чырв., з 2 радамі чорных бугаркоў па баках. Кукалка жоўта-аранжавая. Зімуюць жукі ў глебе на глыб. да 30 см. Адкладвае да 3000 яец на ніжнім баку лісця Лічынкі нараджаюцца праз 5—8 сут і за перыяд развіцця (15—35 сут) праходзяць 4 узросты. Найб. шкаданосныя лічынкі 4-га ўзросту. Акукліваюцца ў глебе, праз 15—20 сут кукалка ператвараецца ў жука. Лічынкі і жукі кормяцца лісцем, чаранкамі і сцёбламі бульбы. Меры барацьбы: збор і знішчэнне жукоў, лічынак і кладак яец, апырскванне пестыцыдамі поліхлорпіненам і хларафосам. біял. прэпаратам бітаксібацылінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЁР,
1) горна-тэхнічнае збудаванне над шахтавым ствалом для размяшчэння пад’ёмнай устаноўкі, накіравальных (капровых) шківаў, разгрузачных крывых для скіпаў і перакульных клецей. Будуюць з металу, жалезабетону, дрэва. Бываюць часовыя (праходчыя) і пастаянныя (эксплуатацыйныя); А-падобныя, 4-стоечныя, вежавыя і шатровыя; вышынёй да 100 м.
2) Будаўнічая машына (канструкцыя, устаноўка) для падтрымкі палябойнага абсталявання (мех., пара-паветраных і дызельных молатаў, вібрапагружальнікаў, вібрамолатаў і інш.), падымання, устаноўкі і накіроўвання паляў і шпунтоў пры іх забіўцы. Бываюць на рэйкавым хаду, на базе самаходных машын (трактара, экскаватара, аўтамабіля), на пароме (пантоне). Вышыня вежы да 30 м, грузападымальнасць да 30 т. 3) Устаноўка для драблення крохкага метал. лому, застылых глыб мартэнаўскага шлаку і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя (кранавага тыпу).
4) Прыстасаванне для ўдарных мех. выпрабаванняў матэрыялаў. Бываюць з падаючым грузам («бабай»), маятнікавыя (найб. пашыраны) і ратацыйныя. Для выпрабавання на кручэнне выкарыстоўваюць круцільныя К.
М.М.Кунцэвіч.
Капёр для забівання паляў.Капёр вугальнай шахты: 1 — галоўныя пад’ёмныя тросы; 2 — вугальны скіп; 3 — канвеер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,
у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас.р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб.шыр. 1,45 км, найб.глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, З і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,
геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУ́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Павулле,
Цётча. Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 18 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 8,45 км², даўж. 6,4 км, найб.шыр. 1,5 км, найб.глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 25 км. Пл. вадазбору 652 км². Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 6—8 м (на Пн і З да 20 м), пераважна спадзістыя, сугліністыя і супясчаныя, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя. У паўд.ч. 2 вузкія доўгія залівы. На ПнУ і У забалочаная пойма шыр. 15—25 м. Востраў пл. 6 га. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае і пясчана-гліністае, глыбей дно сапрапелістае. У летні час вада праграваецца да дна і добра насычаецца кіслародам. Мінералізацыя каля 200 мг/л. Празрыстасць 0,7—1,3 м. Эўтрофнае. Зарастае. Возера багатае рыбай, ёсць вугор. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае яго з азёрамі Бярозаўскае і Янова). Упадаюць 5 ручаёў, у т. л. з азёр Чарсцвяцкае і Вяркудскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У Гомельскай, часткова Магілёўскай і Мінскай абл., уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Прымеркавана да Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. 260 км, шыр. да 130 км. Першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964, усяго выяўлена 62 нафтавыя і 1 нафтагазакандэнсатнае радовішча (2000). Агульныя геал. запасы нафты складаюць (2000): 341,7 млн.т, у т. л. здабываемыя 72 млн.т; здабываемыя запасы кандэнсату 443 тыс.т, растворанага газу 8 млрд.м³, свабоднага газу — 1 млрд.м³. За час эксплуатацыі здабыта нафты 102,43 млн.т. Больш як палавіна астатніх запасаў адносіцца да катэгорыі цяжказдабываемых. Дадаткова прагнозныя рэсурсы нафты складаюць 191,9 млн.т, але мяркуецца, што значная частка іх нізкарэнтабельная (цяжказдабываемая, ці з запасамі меней за 0,05 млн.т, з глыб. залягання больш за 3500 м, ці на тэрыторыі з высокім радыяцыйным забруджваннем і інш.). Найбуйнейшыя па запасах (пачатковых) нафты Асташкавіцкае радовішча нафты (34,7 млн.т), Рэчыцкае (34,2 млн.т.) і Вішанскае радовішча нафты (14,2 млн.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖА́ЎКА,
урочышча ў Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., на месцы б. вёскі Рыжаўка, жыхары якой у 1930-я г. былі расселены ў калгасы; месца масавай загубы яўрэяў у Вял.Айч. вайну. За 4 км на З ад Дзяржынска, 2 км ад чыг. ст. Койданава на лініі Мінск—Баранавічы. Сюды па пракладзенай ням. фашыстамі чыгунцы Койданава—Станькава з ліст. 1941 да кастр. 1943 эшалонамі (да 40 таварных вагонаў кожны) прывозілі яўрэяў з Берліна, Брэмена, Брэслаў, Гамбурга, Гановера, Кёльна, Штутгарта (Германія), Брно, Прагі (Чэхаславакія), Варшавы, Вены і інш. гарадоў Зах. Еўропы. У ахвяр забіралі каштоўнасці і распранутых расстрэльвалі на краі ям, потым падпальвалі. Паводле ням. крыніц, толькі 1—3.3.1942 было расстраляна 3412 чал. У 10 магілах (даўж. 13—15, шыр. 4—5, глыб. 3 м) у кастр. 1944 выяўлены астанкі 10 541 чал. На месцы масавага расстрэлу помнік.
Літ.:
Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—1944): Сб. материалов и док. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́НКА,
рака ў Латвіі і Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 87 км, пл. вадазбору 1000 км² (у межах Беларусі адпаведна 38 км і 800 км²). Выцякае з воз. Броджайс у Латвіі, вусце за 1 км на ПдУ ад в. Вусце. Цячэ ў межах Латгальскага ўзв. і паўн.-зах. часткі Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Сарыя, Чаўшыца, Асуніца (справа), Мальніца, Тур’я (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—350 м. Схілы ўмерана стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя ярамі. Пойма перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах, шыр. 150—200 м, у разводдзе затапляецца на глыб. да 1 м, у высокае разводдзе — да 1,5—2,5 м. Рэчышча звілістае і малазвілістае, неразгалінаванае, шыр. 5—10 м у верхнім і сярэднім цячэнні, 15—25 м — у ніжнім. Берагі стромкія і абрывістыя. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,4 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі на раёны рознай сейсмічнай актыўнасці; ацэнка і карціраванне патэнцыяльнай сейсмічнай небяспекі. Даныя С.р. выкарыстоўваюцца пры сейсмастойкім буд-ве, прагнозе землетрасенняў і вырашэнні інш. задач на сейсмічна небяспечных тэрыторыях. Засн. на базе комплекснага аналізу гіст. звестак пра землетрасенні, сучаснай сейсмічнай актыўнасці, геолага-тэктанічнай будовы тэрыторыі і геафіз. даных. На картах С.р. вылучаюць зоны розных глыбінь узнікнення магчымых ачагоў землетрасення (найб. небяспечныя землетрасенні з ачагамі на глыб. 3—50 км), з макс. магнітудамі землетрасенняў (Mmax ≥ 8,1; 8 > M ≥ 7,1; 7 > M ≥ 6,1), з інтэнсіўнасцю 9, 8, 7, 6, 5 і менш балаў. Маштабы карт ад 1:5 000 000 да 1:100 000. Праводзіцца таксама сейсмічнае мікрараянаванне для гарадоў і асобных пунктаў буд-ва. На Беларусі ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі складзена схема сейсматэктанічнага раянавання, дзе вылучаны зоны магчымых землетрасенняў інтэнсіўнасцю больш за 5 балаў (маштаб 1:1 000 000; аўтары Р.Г.Гарэцкі, А.М.Бабарыкін, В.М.Бурак і інш.).