НАСЫРЫ́ (Каюм) (сапр.Насыраў Габдэлкаюм Габдэлнасыравіч; 14.2.1825, в. Верхнія Шырданы Зеленадольскага р-на, Татарстан — 2.9.1902),
татарскі вучоны-асветнік, пісьменнік. Вучыўся ў медрэсэ ў Казані (1841—55). З 1855 вольны слухач Казанскага ун-та. Заснавальнік першай руска-тат. школы ў Казані. Складальнік граматыкі тат. мовы, слоўнікаў, у т. л. «Татарска-рускага слоўніка» (1875), правілаў правапісу, першых кніг для чытання на рус. мове «Рускае чытанне» (1889), падручнікаў па рус. граматыцы (1891), па матэматыцы, геаграфіі, л-ры, гісторыі, прыродазнаўстве, земляробстве, «Штогадовага настольнага календара» (1871—97). Выдаў працы па тат. фальклоры і этнаграфіі: «Павер’і і абрады казанскіх татар...» (1880), «Узоры народнай літаратуры казацскіх татар» (1896), «Казкі казанскіх татар у супастаўленні з казкамі іншых народаў» (1900, з П.Л.Паляковым). Аўтар «Аповесці аб сарака везірах» (1868), аповесцей «Авіцэна» (1872), «Кабуснама» (1881), павучальна-дыдактычнай «Кнігі для субяседнікаў па літаратуры» (1884), навук.-папулярных твораў для дзяцей «Вольнай часінай» (1860). Яго навелы садзейнічалі развіццю нац.маст. прозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр.іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́Р (франц. décor ад лац. decoro упрыгожваю),
у архітэктуры, сістэма ўпрыгожвання фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Выступае ў адзінстве з аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, падкрэслівае яе гал. элементы, надае пабудовам своеасаблівасць і выразнасць, садзейнічае аб’яднанню асобных будынкаў у арх. ансамбль. Можа быць просты (аднакаляровая афарбоўка сцен) ці складаны, які спалучае арх. элементы (абломы, ордэр, балконы і інш.) са скульптурай, рэльефам, размалёўкай і г.д. Вызначаецца таксама матэрыялам, яго фактурай, колерам.
У збудаваннях Беларусі 11—12 ст. Д. ствараўся выразнасцю муроўкі з плінфы (Сафійскі сабор у Полацку) і спалучэннем яе з часанымі ці паліраванымі камянямі і керамічнымі пліткамі рознай формы (Барысаглебская царква ў Гродне). У гатычнай архітэктуры асн. тэма Д. — спалучэнне цаглянай муроўкі з атынкаванымі нішамі (Мірскі замкава-паркавы комплекс, Сынковіцкая царква-крэпасць). У будынках стылю барока і класіцызму выкарыстоўвалі формы антычнай ордэрнай сістэмы. Для барока характэрны складаныя пластычныя формы, крывалінейныя і разарваныя карнізы, лепка, скульптура, размалёўкі, паліваная кераміка (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, касцёл бернардзінцаў у Гродне). Д. класіцызму мае больш простыя формы фасадаў пры актыўным выкарыстанні ў інтэр’ерах жывапісу і лепкі (палацы ў Гомелі, Жылічах Кіраўскага р-на). Д. несапраўднай готыкі ўласціва шырокае выкарыстанне зубчатых завяршэнняў сцен, машыкуляў, стральчатых арак у аконных праёмах, нішах і інш. (палац у г.п. Косава, касцёл у в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на). У Д. псеўдарускага стылю ўключалі какошнікі, гіркі, фігурныя калонкі і інш. (тэатр у Магілёве, сабор у Барысаве). Стыль мадэрн адметны выкарыстаннем арнаменту са стылізаваных дэкар. элементаў іншыхарх. стыляў (будынкі пазямельна-сял. банкаў у Віцебску, Гродне). У драўляным нар. дойлідстве Д. складаюць маст. апрацоўка канструкцыйных элементаў (калон, падкосаў, кранштэйнаў і інш.) і разныя аздабленні іншых элементаў будынка: абрамленні акон і дзвярэй, шалёўка франтонаў, вуглоў, сцен і інш. (жылы дом у г.п. Чачэрск). У манум. драўляным дойлідстве 17—20 ст. выкарыстоўваліся матывы Д. каменных будынкаў (касцёл у в. Воўпа Ваўкавыскага р-на, Радзівілімонтаўскі палац у Клецкім р-не). У Д. сучасных будынкаў шырока выкарыстоўваюць абліцоўку сцен прыродным каменем, керамічнай і шклокерамічнай пліткай розных памераў, фактуру, колер, а таксама рэльефныя зборныя жалезабетонныя элементы; фасады ўпрыгожваюць творамі манум. мастацтва (тэатр муз. камедыі, гасцініца «Турыст», жылыя дамы ў мікрараёне «Усход» у Мінску).
С.А.Сергачоў.
Да арт.Дэкор у архітэктуры. Аздабленне скразной разьбой ліштвы акна жылога дома ў г.п. Чачэрск.Дэкор аздаблення жылога дома па вуліцы Савецкай у г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДА,
1) у Стараж. Русі і іншыхслав. краінах — начальнік княжацкай дружыны або кіраўнік народнага апалчэння. Згадваецца ў рус. летапісах з 10 ст. У канцы 15—17 ст. кожны з 5 асн. палкоў рус. войска меў аднаго ці некалькі ваявод. Вайсковая пасада ваяводы ліквідавана Пятром I на пач. 18 ст. 2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай — службовая асоба, кіраўнік мясц. адміністрацыі ў ваяводстве. Засядаў у радзе ВКЛ, а пасля Люблінскай уніі 1569 і ў сенаце Рэчы Паспалітай.
3) У Расійскай дзяржаве з сярэдзіны 16 ст. гарадавы ваявода — кіраўнік вайск. і цывільнай адміністрацыі ў горадзе і адпаведным павеце. Пасля рэформы Пятра I у 1719 ваявода — кіраўнік правінцыі. У 1775 правінцыі былі скасаваны, а разам з імі пасады ваявод захаваліся толькі ў Магілёўскай і Пскоўскай губ. 4) У Польшчы, у т. л. і ў Зах. Беларусі, у 1920—39 — кіраўнік адміністрацыі ваяводства, адначасова кіраўнік выканаўчага органа ваяводскага тэр. самакіравання. У 1944 пасада ваяводы адноўлена і існавала ў Польшчы да 1950, адноўлена ў 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГА́ЗМ (ад грэч. orgaō гарэць страсцю),
вышэйшая ступень сладастраснага пачуцця, якое ўзнікае ў момант завяршэння палавога акта або пры іншых формах палавой разрадкі (мастурбацыі, петынгу, эратычным фантазіраванні і да т.п.).
У аснове аргазму ляжыць безумоўны рэфлекс, які падмацоўвае сукупнасць сексуальных рэакцый, фарміруючы цэласны акт паводзін; у гэтым — біял. роля аргазму. У самак большасці відаў жывёл (акрамя некаторых млекакормячых) аргазм адсутнічае і не з’яўляецца абавязковым для апладнення. У сексалогіі аргазм разумеюць як вынік складанага ўзаемадзеяння шэрагу структурна-функцыянальных сістэм на розных узроўнях.
Жаночы аргазм (адрозніваюць клітарыяльны і клітарыяльна-вагінальны) больш разнастайны і працяглы ў параўнанні з мужчынскім, у пэўнай меры звязаны са стымуляцыяй эрагенных зон і характарам сексуальнай гульні. У адрозненне ад здаровых мужчын, у якіх заканчэнне палавога акта ў норме звычайна завяршаецца наступленнем аргазму, у многіх здаровых жанчын поўнае абуджэнне сексуальнасці настае праз некалькі месяцаў або гадоў пасля пачатку рэгулярнага палавога жыцця. У далейшым аргазм бывае не пры кожным палавым акце; значная частка жанчын пакутуе на анаргазмію, якая паддаецца карэкцыі, некаторыя — на фрыгіднасць.
Вонкавыя праяўленні аргазму ў абодвух палоў абумоўліваюцца тыпам палавой канстытуцыі, тэмпераменту, агульным і палавым выхаваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),
рускі мовазнавец. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-рфілал.н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш.пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АНСССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АНСССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформы бел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.Ф.Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).
Літ.:
Список печатных трудов В.Н.Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРТУА́ЛЬНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ,
кароткаіснуючыя прамежкавыя станы, якія ўзнікаюць у працэсах узаемадзеяння ці пры флуктуацыях квантавых палёў.
У квантавай тэорыі поля для віртуальных часціц парушаецца звычайная рэлятывісцкая сувязь паміж энергіяй і імпульсам і таму ім нельга прыпісаць пэўнае значэнне масы. Аднак віртуальныя часціцы пераносяць энергію, імпульс, зарад і інш. квантавыя лікі, што забяспечвае выкананне адпаведных законаў захавання. У нерэлятывісцкай квантавай механіцы ў адпаведнасці з неазначальнасцей суадносінамі энергія прамежкавых станаў вызначаецца з дакладнасцю да
, дзе — неазначальнасць энергіі,
, ℏ — Планка пастаянная, — час існавання віртуальных часціц. Таму адпаведныя віртуальныя часціцы захоўваюць імпульс і шэраг іншых квантавых характарыстык, акрамя энергіі.
Віртуальныя часціцы непасрэдна эксперыментальна не назіраюцца, але іх ускосныя праяўленні, напр. палярызацыя вакууму квантавай тэорыі поля, правераны з высокай дакладнасцю. Шэраг рэальных часціц быў прадказаны на аснове іх віртуальных праяўленняў (П-, W±-мезоны і інш.). У той жа час віртуальныя часціцы могуць і не мець аналагаў сярод рэальных (напр., т.зв. рэджэон у моцных узаемадзеяннях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЁМА (грэч. axiōma),
палажэнне, якое прымаецца без лагічных доказаў на падставе непасрэднай пераканаўчасці; сапраўднае зыходнае палажэнне, на якім грунтуюцца доказы інш. палажэнняў навук. тэорыі. Сістэма аксіёмы не з’яўляецца раз і назаўсёды закончанай і, як і самі аксіёмы, змяняецца з развіццём чалавечага пазнання. Тэрмін «аксіёма» ўпершыню сустракаецца ў Арыстоцеля, потым праз працы паслядоўнікаў і каментатараў Эўкліда трывала ўвайшоў у геаметрыю. У сярэднявеччы пранік ў інш. навукі, а праз іх — у штодзённы побыт, дзе аксіёмай наз. суджэнні, шмат разоў правераныя на практыцы. Доўгі час аксіёма разглядалася як вечная і непарушная ісціна, што не патрабуе доследу і не залежыць ад яго. Лічылася, што спроба абгрунтавання можа толькі падарваць яе відавочнасць. Пераасэнсаванне праблемы абгрунтавання аксіёмы змяніла і змест самога тэрміна, паводле якога аксіёма не зыходны пачатак пазнання, а хутчэй яго прамежкавы вынік. Яна абгрунтоўваецца не сама па сабе, а як неабходны састаўны элемент тэорыі, пацвярджэнне якой ёсць адначасова і пацвярджэнне яе аксіёмай. У сучаснай навуцы пытанне пра ісціннасць аксіёмы вырашаецца ў рамках іншыхнавук. тэорый або шляхам інтэрпрэтацыі дадзенай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).