ХІНАЯ́НА (санскр., літар. — малая калясніца, вузкі шлях),

адзін з асноўных (разам з махаянай) кірункаў будызму. Узнікла ў пач. н.э. на ПнУ Індыі і Цэйлоне, пазней распаўсюдзілася ва ўсіх азіяцкіх краінах. У 5—6 ст. на Пн выцеснена махаянай, але канчаткова замацавалася ў Паўд.-Усх. Азіі, на Цэйлоне, у Бірме, Лаосе, Тайландзе.

У аснове Х. — будыйская ідэя пра 2 станы быцця: праяўлены і непраяўлены (непраяўлены атаясамліваюць з хваляваннем дхармаў — пэўных адзінак жыццядзейнасці асобы). У Х. «Я» і свет разглядаюцца як хуткамінучыя камбінацыі, адмаўляецца душа як самаст. духоўная сутнасць, адначасова падкрэсліваецца рэальнасць дхармаў. Для будызму характэрна ідэя незалежнага развіцця асобы, асабістага ўдасканалення дзеля дасягнення нірваны. Буда ў Х. — гіст. асоба, якая адрозніваецца ад інш. большай дасканаласцю як узор для іншых (патэнцыяльна кожны чалавек можа стаць Будай). Найб. значныя школы Х.: тхеравада (найб. блізкая да першапачатковага будызму), вайбхашыка, саўнтрантыка.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)