ФУ́НКЦЫЯ (ад лац. functio выкананне) у філасофіі, адносіны двух ці групы аб’ектаў, калі змена аднаго з іх прыводзіць да змены іншых; знешняе выяўленне ўласцівасцей аб’екта ў пэўнай сістэме адносін. Паняцце ўведзена Г.В.Лейбніцам. Тэорыю Ф. распрацаваў Э.Касірэр, які лічыў, што пазнанне накіравана на вывучэнне Ф. аб’ектаў (узаемаадносін і залежнасцей паміж імі), а не на выяўленне субстанцыі ізаляваных аб’ектаў. Асаблівую ролю паняцце Ф. адыгрывае ў сістэмным падыходзе, дзе яно выступае ў цеснай сувязі з паняццем структуры. У сацыялогіі пад Ф. разумеецца роля, якую выконвае пэўны сац. ін-т ці працэс адносна сац. сістэмы ўвогуле (напр., Ф. дзяржавы, сям’і, мастацтва адносна грамадства), а таксама залежнасць, якая назіраецца паміж рознымі кампанентамі адзінага сац. працэсу, калі змены адной часткі сістэмы вытворныя ад змен у інш. яе частцы (напр., змены ў суадносінах гар. і сельскага насельніцтва як Ф. развіцця прам-сці). Гл. таксама Структурна-функцыянальны аналіз.
т. 16, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)