метад прыжыццёвага мечання дзікіх птушак кольцамі для вывучэння іх перамяшчэнняў і біялогіі. З навук. мэтамі ўведзена ў Даніі (1899); на Беларусі ў 1917, рэгулярна робяць К. п. з 1946.
Птушак кальцуюць метал. ці пластмасавымі каляровымі кольцамі (з нумарам, адрасам) на нагах, шыі, дзюбе. Робяць на месцы гнездавання, на шляхах пралёту, у час лінькі або на зімоўцы; рэгіструюць час і месца кальцавання. Пры індывід. К. п. вывучаюць паводзіны асобін, пры масавым выяўляюць месцы зімовак, хуткасць руху пры пералётах, асаблівасці рассялення, стан і пашырэнне папуляцый, прычыны гібелі ў прыродзе, шляхі пераносу птушкамі паразітаў і ўзбуджальнікаў хвароб, вывучаюць пытанні аховы птушак у асобных рэгіёнах і ў сусв. маштабе і інш. З 1963 дзейнічае Еўрап. саюз па К. п. — EURING (Нідэрланды), які каардынуе дзейнасць нац. цэнтраў кальцавання. К. п. на Беларусі кіруе Бел. цэнтр пры Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЗІН (Уладзімір Германавіч) (15.2. 1894, Масква — 27.9.1979),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1916). Друкаваўся з 1916. У ранніх апавяданнях у асн. паказваў жыццё інтэлігенцыі (зб-кі «Трын-трава», 1916; «Паводка», 1917, і інш.). Любімыя героі Л. 1920-х г. (зб. «Норд», 1925; раман «Ідуць караблі», 1926) — валявыя людзі, шукальнікі шчасця, авантурысты. Кніга «Пуціна» (1930), раман «Вялікі альбо Ціхі» (1933) і інш. — пра Д. Усход. У творах 1950—60-х г. пераважаюць маральна-этычныя праблемы: раман «Два жыцці» (1950), зб. «Прылёт птушак. Апавяданні 1954—61» (1970). Аўтар кніг нарысаў і ўспамінаў «Шляхі і вёрсты» (1927), «Зіма 1941 года» (1942), «Людзі і сустрэчы» (1957, 1961, 1965). У 1916 служыў у арміі на Беларусі. У 1930-я г. пазнаёміўся з Я.Купалам, прысутнічаў на 1-м Усебел. з’ездзе пісьменнікаў у Мінску (1934). У зб. апавяданняў «Дарога на Захад» (1940) уражанні ад падзей вызвалення Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНАЯ КРЫ́ТЫКА,
ацэнка і вытлумачэнне літ.-мастацкіх твораў; адзін з відаў літ. творчасці; самасвядомасць л-ры ў яе адносінах да мастака і чытача. Развіваецца ў пэўных межах часу і прасторы, у межах вымыслу і рэальнасці, умоўнага і безумоўнага. Л.к. — састаўная частка літаратуразнаўства і ў той жа час мае агульныя рысы з маст. творчасцю і публіцыстыкай. Асвятляе бягучы літаратурны працэс, ацэньвае і тлумачыць творчасць асобных пісьменнікаў, выяўляе і сцвярджае творчыя прынцыпы таго ці іншага літ. кірунку, арыентуе чытача, вызначае шляхі развіцця л-ры. Л.к. цесна звязана з жыццём, грамадскім рухам, філас. і эстэт. ідэямі свайго часу, актыўна ўплывае на развіццё л-ры і маст. густу. Яна мае розныя жанравыя структуры (рэцэнзія, кароткі водгук, праблемны, дыскусійны, аглядны і інш. тыпу артыкулы, эсэ, памфлет, творчы партрэт і інш.), якія ў залежнасці ад месца, часу і задач сац. і маст. развіцця арганізуюцца ў дынамічныя сістэмы са сваімі сэнсавымі і формаўтваральнымі прынцыпамі. Пра развіццё Л.к. на Беларусі гл. ў арт.Літаратуразнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ШЛЯХ»,
грамадска-палітычны і літ. часопіс, орган Беларускага студэнцкага саюза. Выдаваўся ў 1922—23 у Вільні на бел. мове. З-за фінансавых цяжкасцей выходзіў нерэгулярна. Адказныя рэдактары Б.Туронак, Л.Мазалеўскі. Гал. мэта выдання — больш глыбокае пазнанне Беларусі, адраджэнне нац. свядомасці, змаганне за дзярж. незалежнасць. Апубл. артыкулы А.Луцкевіча «Вялікае свята», «Студэнцкая моладзь у беларускім руху», канспект яго лекцыі «Развіццё палітычнай думкі ў Беларусі». Ідэйныя пошукі моладзі адлюстраваны ў арт. «Шляхі беларускай студэнцкай моладзі» М.Крывічонка (Туронка), «Наш шлях», «Аб нашым месіянізме» С.Радзіміча і інш. Актуальнасцю, творчым пошукам вылучаліся артыкулы і нарысы Ф.Маркотнага (Ф.Пяткевіча), М.М. (М.Марцінчыка). Інфармаваў пра культ.-асв. працу студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та, друкаваў хроніку з жыцця бел. студэнтаў у Маскве, Мінску, Празе, паведамляў пра лёс бел. асветы ў Латвіі. Змяшчаў вершы Н.Арсенневай, З.Верас, І.Дварчаніна, Г.Леўчыка, апавяданні Л.Леўскага, А.Пакуцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯТНЫЯ КНІ́ЖКІ ГУБЕ́РНЯЎ,
афіцыйныя ўрадавыя выданні, што выходзілі ў большасці губерняў Рас. імперыі на рус. мове. Мэта выданняў — публікаваць звесткі для рознабаковага вывучэння губерні. Выдаўцы — губернскія стат. к-ты. З 1860 П.к.г. выходзілі ў Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай, з 1861 — у Магілёўскай губ. Мелі раздзелы: адрас-каляндар з пералікам губернскіх і павятовых урадавых і грамадскіх устаноў і іх супрацоўнікаў; звесткі пра адм. падзел, пошту, тэлеграф, шляхі зносін, ф-кі і з-ды, навуч. ўстановы, музеі, б-кі, кнігарні і друкарні на тэр. губерні. У статыстычным раздзеле друкаваліся звесткі па с.-г., дэмаграфічнай, гандл., эканам. статыстыцы губерняў, у літ.-навук. раздзеле — архіўныя матэрыялы, пісцовыя і плацежныя кнігі, летапісы гарадоў, артыкулы па мясц. гісторыі, эканоміцы, этнаграфіі, фальклоры, біяграфіі і некралогі мясц. дзеячаў. Беларускі матэрыял змяшчалі памятныя кніжкі Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губ., дзе друкаваліся працы А.М.Семянтоўскага, П.Дружылоўскага, Ф.Сярэбранікава, М.Л.Нікіфароўскага, М.А.Дзмітрыева, Я.Ф.Арлоўскага, І.Зяленскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ Ян Казімір, бел. паэт 1-й пал. 17 ст.Біягр. звестак не захавалася. Паходзіў, відаць, са шляхецкага роду герба «Радван» з Ашмяншчыны. Вядомы адзіны яго верш «Полска квітнет лаціною...» (датаваны 1621, апубл. 1842), у якім выявіліся асаблівасці сілабатанічнага вершаскладання. Твор Н. — узор грамадз., патрыят. лірыкі. Паэт адзначае ролю роднай мовы ў грамадскім і культ. жыцці Вял. кн. Літ., ганарыцца міжнар. славай свайго народа, верыць у яго бессмяротнасць. Як сведчаць змест, паэт. форма і мова верша, аўтар быў чалавекам свецкім, высокаадукаваным, патрыятычна настроеным бел. шляхціцам або мешчанінам. Твор захаваўся ў Слуцім спісе Статута ВКЛ 1529. У ім змешчана яшчэ 5 аўтографаў паэта, а таксама запісы інш. асоб, якія сведчаць, што ў 1-й пал. 17 ст. рукапіс бытаваў у Вільні, дзе, напэўна, і быў напісаны верш.
Літ.:
Грынчык М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 48—50;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВО́ДНАСЦЬу фізіялогіі,
здольнасць жывой тканкі праводзіць узбуджэнне. У жывёл і чалавека адрозніваюць 2 тыпы праводзячых элементаў. Праводзячыя шляхіц. н. с. — група нерв. валокнаў, што звязвае розныя аддзелы ц. н. с. і характарызуецца агульнасцю марфал. будовы і функцыі. Вылучаюць асацыятыўныя (кароткія і доўгія), якія злучаюць розныя аддзелы кары аднаго паўшар’я, камісуральныя, што звязваюць абодва паўшар’і, забяспечваюць іх сумесную дзейнасць, і праекцыйныя, якія злучаюць кару галаўнога мозга з яго ніжнімі аддзеламі, а праз іх — з перыферыяй. Праводзячая сістэма сэрца — сукупнасць утварэнняў атыпічнай мускулатуры (пучкоў, вузлоў і валокнаў), што маюць здольнасць генерыраваць імпульс узбуджэння і праводзіць яго да ўсіх аддзелаў міякарда перадсэрдзяў і жалудачкаў для забеспячэння іх каардынаваных скарачэнняў. Клеткі гэтай сістэмы — атыпічныя кардыяміяцыты — з’яўляюцца маладыферэнцыраванымі мышачнымі клеткамі. Маюць важную фізіял. асаблівасць — здольнасць да аўтаматыі. Менавіта ў структурах праводзячай сістэмы сэрца генерыруецца рытм сэрца. У норме вадзіцелем рытму з’яўляецца сінаатрыяльны вузел. Здольнасць да аўтаматыі памяншаецца ў напрамку ад асновы да верхавінкі сэрца, што забяспечвае яго аптымальную работу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДБА́ЧАННЕ,
інфармацыя пра будучыя падзеі, з’явы або працэсы, магчымасці іх праяўлення, шляхі дасягнення. Грунтуецца на жыццёвым вопыце, навук. даных, рэліг. веры і астралогіі. Падзяляецца на прадбачанне навуковае і ненавуковае, якое можна падзяліць на інтуітыўнае (звязанае з падсвядомасцю), звычайнае (на аснове жыццёвага вопыту) і мантычнае (у выглядзе прароцтваў, прадказанняў і інш. вераванняў у звышнатуральныя сілы). Мае некалькі форм канкрэтызацыі: прадчуванне, уласцівае любому жывому арганізму, прадугадванне — разважанні на аснове жыццёвага вопыту, прагназіраванне — спец.навук. даследаванне перспектыў змянення якой-н. падзеі або з’явы, прадказанне — лакальнае ў часе і прасторы канкрэтнае П. Існуе таксама спецыфічнае квазіпрадбачанне невядомых з’яў мінулага і сучаснага: рэканструяванне П. (па асобных фрагментах), рэверсіўнае П. (ад сучаснага да мінулага або ад мінулага да больш аддаленага мінулага), прэзентыўнае, імітацыйнае і інш. П. звязана са здольнасцю чалавечай свядомасці да «апераджальнага адлюстравання» рэчаіснасці і дэтэрмінуецца дынамічнымі і статычнымі законамі аб’ектыўнай рэальнасці. У П. ў найбольшай ступені выяўляецца апасродкаваны характар лагічных форм пазнання, магчымасці чалавечага мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАЗААЛО́ГІЯ (ад прота... + заалогія),
раздзел заалогіі, у якім вывучаюцца аднаклетачныя жывёльныя арганізмы, або прасцейшыя.
Вылучаюць агульную, мед., вет. і палеанталагічную П Агульная П. вывучае марфалогію прасцейшых, іх хім. састаў, спосабы размнажэння і цыклы развіцця, сістэматыку і філагенію, экалогію, ролю ў біяцэнозах, паразітацэнозах і інш.Медыцынская П. вывучае прасцейшых як узбуджальнікаў захворванняў чалавека, іх уздзеянне на арганізм, шляхі пераносу ўзбуджальнікаў, магчымасці іх існавання ў навакольным асяроддзі, пытанні эпідэміялогіі, прыроднай ачаговасці, зменлівасці ўзбуджальнікаў, іх генет. і інш. асаблівасці, што спалучае мед. П. з паразіталогіяй. Ветэрынарная П. вывучае прасцейшых пераважна з мэтай задавальнення патрэб прамысл. жывёлагадоўлі і аховы навакольнага асяроддзя. Па задачах і метадах блізкая да мед. П. Палеанталагічная П. вывучае рэшткі стараж. прасцейшых з геал. адкладаў і выкарыстоўвае іх у якасці індыкатараў пры вызначэнні геал. ўзросту зямных парод. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваюць як сінонім пратысталогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУЦЬАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
металаарганічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь ртуць—вуглярод (Hg—C).
Большасць Р.з. — злучэнні тыпу RR′Hg (R, R′ — аднолькавыя або розныя арган. радыкалы) і RHgX (X — галаген, кіслотны астатак, OH, OR′, SH і інш.); вядомы Р.з. аднавалентнай ртуці.
Р.з. тыпу R2Hg (R — ніжэйшы алкіл) — бясколерныя лятучыя вадкасці з непрыемным пахам [напр., (CH3)2Hg дыметылртуць, tкіп 92 °C], астатнія — нізкаплаўкія цвёрдыя рэчывы [напр., (C6H5)2Hg дыфенілртуць, tпл 125 °C]. Нерастваральныя ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Злучэнні тыпу RHgX звычайна крышт. рэчывы, маларастваральныя ў вадзе. Р.з. хімічна даволі ўстойлівыя: не ўзаемадзейнічаюць з вадой, спіртамі, карбанільнымі злучэннямі; у паветры не акісляюцца. Лёгка раскладаюцца мінер. к-тамі, уступаюць у рэакцыі абмену вуглевадароднымі радыкаламі з інш.металаарганічнымі злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання высакачыстых металаарган. злучэнняў, некаторыя (напр., этылртуцьхларыд C2H5HgCl — граназан) як фунгіцыды. Усе Р.з. вельмі таксічныя (асабліва лятучыя); адсарбіруюцца скурай, раздражняюць вочы, верхнія дыхальныя шляхі. ГДК 0,01 мг/м³ (па ртуці), для граназану 0,005 мг/м³, у вадзе — 0,0001 мг/л.