ГІ́БКІ ВЫТВО́РЧЫ МО́ДУЛЬ (ГВМ),

структурны элемент гібкай аўтаматызаванай вытворчасці, які функцыянуе ў яе контуры аператыўна-тэхнал. кіравання. Бываюць апрацоўчыя і зборачныя. Апрацоўчыя ГВМ уключаюць станок з лікавым праграмным кіраваннем і прыстасаванне аўтам. загрузкі-выгрузкі. У зборачныя ГВМ уваходзяць прамысловы робат для маніпуліравання дэталямі пры зборцы, зборачная галоўка для злучэння дэталей у сістэму і блок лікавага праграмнага кіравання, часам і транспартна-назапашвальная сістэма. ГВМ для зборкі буйных вырабаў складаецца са зборачнага паста, падлогавых і падвесных робатаў для выгрузкі дэталей і інш. ГВМ уласціва хуткая пераналаджвальнасць і універсальнасць.

Літ.:

Сольницев Р.И., Кононюк А.Е., Кулаков Ф.М. Автоматизация проектирования ГПС. Л., 1990;

Римский Г.В. Теория систем автоматизированного проектирования: Интеллектуальные САПР на базе вычисл. комплексов и сетей. Мн., 1994.

Г.​В.​Рымскі.

Да арт. Гібкі вытворчы модуль. Аўтаматычны пераналаджвальны такарны модуль: 1 — такарны станок; 2 — індыкатарнае прыстасаванне для кантролю дакладнасці апрацоўкі загатоўкі; 3 — прыстасаванні аўтаматычнай змены інструменту; 4 — прыстасаванні для збору і выдалення стружкі; 5 — прыстасаванне лікавага праграмнага кіравання; 6 — прамысловы робат; 7 — транспартна-назапашвальнае абсталяванне.

т. 5, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТРАЙТ ((Cartwright) Эдмунд) (24.4.1743, Манхэм, каля Лінкальна, Вялікабрытанія —30.10.1823),

англійскі вынаходнік, стваральнік механічнага (з кажным прыводам) ткацкага станка. Скончыў Оксфардскі ун-т (1764). Быў вясковым святаром. У 1785 атрымаў патэнт на ткацкі станок, які ўдасканаліў у 1786. Пабудаваў фабрыку на 20 станкоў, у 1789 устанавіў на ёй паравую машыну для прывядзення станкоў у дзеянне. Пасля ўдасканаленняў інш. вынаходнікамі станкі К. пачалі шырока выкарыстоўвацца ў ткацкай прам-сці.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д АЎТАМАТЫ́ЧНЫХ ЛІ́НІЙ.

Буд-ва пачата ў 1954 у Мінску. Першы станок выпушчаны ў 1957, аўтаматычная лінія — у 1959. Асн. прадукцыя: аўтаматычныя лініі з металарэзных станкоў, станкі такарныя з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем, станкі для наразання разьбы, рэзкі труб, паўаўтам. шматшпіндэльныя станкі для дакладных тэхналогій і інш. Выпускае таксама разнастайныя замкі, ключы, адліўкі з чыгуну і інш. Частка прадукцыі экспартуецца.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм.стартавага комплексу.

Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.

Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.

С.​Б.​Мілаванаў.

Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).

т. 13, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗАК ((Kasack) Герман) (24.7.1896, г. Патсдам, Германія — 10.1.1966),

нямецкі пісьменнік. Чл. Акадэміі навукі і л-ры ў Майнцы, прэзідэнт Ням. акадэміі мовы і паэзіі ў Дармштаце (1953—63). Дэбютаваў зб-камі вершаў «Чалавек» (1918), «Востраў» (1920), драмай «Трагічная місія» (1920). Найб. вядомы раман «Горад за ракой» (1947) — сюррэаліст. паказ «горада памерлых», бяздушнага таталітарнага механізма. Песімістычныя ідэі знайшлі адлюстраванне ў рамане «Вялікая сетка» (1952) і аповесцях «Ткацкі станок» (1949), «Фальшыўка» (1953). Паводле манеры блізкі да Ф.Кафкі. Аўтар зб. эсэ «Мазаіка» (1956).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.​Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ад грэч. automatos самадзеючы),

1) у тэхніцы — прыстасаванне (або сукупнасць прыстасаванняў), якое без непасрэднага ўдзелу чалавека выконвае ў адпаведнасці з закладзенай праграмай усе аперацыі ў працэсах атрымання, перапрацоўкі і перадачы энергіі, матэрыялаў або інфармацыі. Напрыклад, аўтамат для продажу чаго-н., станок-аўтамат, выліч. машына, аўтам. прыстасаванне для касм. даследаванняў, завод-аўтамат і інш. Аўтамат павышае прадукцыйнасць працы; выкарыстоўваецца таксама для работы ва ўмовах, небяспечных для чалавека.

2) У матэматыцы — адно з асн. паняццяў кібернетыкі, матэм. мадэль рэальна існуючых або прынцыпова магчымых прыстасаванняў, якія перарабляюць у дыскрэтныя (перапынныя) адрэзкі часу дыскрэтную інфармацыю (гл. Аўтаматаў тэорыя).

т. 2, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІКСО́СЫ,

група качавых плямён, якія каля 1700 да н.э. ўварваліся з Пярэдняй Азіі праз Суэцкі перашыек у Егіпет, захапілі яго і валодалі ім да 1570 да н.э. Пасяліліся ў Ніжнім Егіпце і заснавалі там сваю сталіцу Аварыс. Упершыню ўвялі ў Егіпце конегадоўлю і колавы транспарт (магчыма, вертыкальны ткацкі станок, аліву і гранат), спрасцілі егіпецкую пісьменнасць, стварылі алфавітнае пісьмо. Гіксосы парушылі ізаляванасць Егіпта і стварылі ўмовы для росквіту культуры Новага царства. У пач. 16 ст. да н.э. правіцелі Фіваў пачалі вызвал. барацьбу супраць гіксосаў і прымусілі іх адступіць у Палесціну.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.

Дзялільная машынастанок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш. Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш. Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш. станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1988 у г. Мсціслаў Магілёўскай вобл., адкрыты ў 1995. Пл. экспазіцыі 210 м², каля 10 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У археал. экспазіцыі знаходкі з раскопак мсціслаўскага замчышча, пасада і навакольнага горада: каменныя і крамянёвыя сякеры, касцяное шыла 2—1-га тыс. да н.э., бронзавы энкалпіён 13 ст., зброя і прадметы ўзбраення 12—17 ст., прылады працы з майстэрні касцярэза 14—16 ст., жал. прылады працы, ключы, спражкі 14—18 ст., калекцыі керамікі, шкла, кафлі 16—19 ст. Сярод экспанатаў макет замка Мсціслава 14—18 ст., схема радаводу князёў Мсціслаўскіх, карта Мсціслаўскага ваяводства, скарб сярэбраных манет ВКЛ пач. 16 ст., стараж. царк. начынне і кнігі 16—17 ст., абразы, ткацкі станок 19 ст., прылады працы 19—20 ст., нар. адзенне, саматканыя вырабы, ручнікі, посцілкі і інш.

У.​Л.​Гасянкоў.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)