СТАНКАБУДАВА́ННЕ,
найважнейшая галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, прадпрыемствы якой выпускаюць метала- і дрэваапр. станкі, аўтам. і паўаўтам. лініі, комплексы для вытв-сці машын і вырабаў з металу, кавальска-прэсавае і ліцейнае абсталяванне. Узровень развіцця С. вызначае навукова-тэхн. прагрэс у розных галінах прамысловасці, ступень тэхн. і эканам. незалежнасці краіны.
Выраб простых станкоў вядомы з даўніх часоў. Больш дасканалыя металарэзныя станкі з’явіліся з развіццём капіталіст. вытв-сці і прамысл. прадпрыемстваў заводскага тыпу. Уклад у С. зрабіў рус. механік і вынаходнік А.К.Нартаў (1693—1756): пабудаваў (1738) першы такарна-вінтарэзны станок з механізаваным супартам і наборам зубчастых колаў, разам з інш. майстрамі сканструяваў шэраг металарэзных станкоў (для свідравання ствалоў гармат, агрэгатных), якія ва ўмовах феад. Расіі не атрымалі шырокага выкарыстання. Спрыяльныя ўмовы для развіцця С. склаліся ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі. Англ. механік Г.Модслі ў 1790-х г. стварыў станок з мех. супартам. Перанесены з такарнага на інш. металарэзныя станкі, супарт даў пачатак станкам з развітым выканаўчым механізмам. Пазней асн. тыпы металарэзных станкоў сканструяваны ў ЗША, Германіі, Францыі і інш. Так, у 1820—30-х г. Э.Уітні (ЗША) распрацаваў некалькі канструкцый фрэзерных станкоў. Да 2-й пал. 19 ст. распрацаваны мадэлі фрэзерных, рэвальверных, стругальных, даўбёжных і інш. станкоў. У 1-й пал. 19 ст. вядучая роля ў сусв. С. належала Вялікабрытаніі, у 2-й пал. — ЗША. У Расіі першыя прадпрыемствы па вытв-сці металаапрацоўчых станкоў — з-д Берда ў Пецярбургу (1790), Тульскі зброевы з-д (з 1815). Выпуск металарэзных станкоў у 1913 склаў 1,8 тыс. штук. У СССР як самаст. галіна С. ўтворана ў 1929. Выпуск металарэзных станкоў у 1940 павялічыўся ў параўнанні з 1913 у 32 разы. Магутная база С. створана ў пасляваенныя гады. Выпускаліся універсальныя і спец. станкі каля 3 тыс. тыпапамераў, у т. л. унікальныя (напр., такарныя для апрацоўкі вырабаў дыям. да 5 м, гарызантальна-расточныя з дыям. шпіндэля да 320 мм, станкі з лікава-праграмным кіраваннем). У 1981 выпушчаны 832 камплекты аўтам. і паўаўтам. ліній для машынабудавання і металаапрацоўкі. У сусв. С. на пач. 21 ст. аб’ём вытв-сці павялічваецца, кошт прадукцыі складае больш за 35 млрд. долараў. Лідзіруючае становішча ўстойліва займаюць ЗША, Германія, Італія, Японія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Францыя. Найбуйнейшым спажыўцом металарэзнага абсталявання галіны застаюцца ЗША (каля 20% сусв. аб’ёму).
На Беларусі С. развіваецца з 1920-х г., калі на мінскім металаапр. з-дзе «Энергія» (з 1961 станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі) выпушчаны першыя 10 такарных станкоў (1927). У 1940 працавала 5 станкабуд. з-даў (у Мінску, Віцебску, Гомелі), выпушчана 6 тыс. станкоў. Пасля вайны адноўлены разбураныя і пабудаваны новыя станкабуд. з-ды, даваенны ўзровень вытв-сці станкоў перасягнуты ў 1952. Асвоены выпуск: працяжных станкоў (1940), адразных круглапільных і папярочна-стругальных (1947), падоўжна-стругальных (1948, гл. Стругальны станок), бясцэнтрава-шліфавальных (1950), агрэгатных станкоў (1957), балансіровачных (1958), падоўжна-фрэзерных (1959), свідравальных станкоў (1960), плоскашліфавальных (1962), абразіўна-адразных (1967), такарных станкоў (верт. такарныя патронныя паўаўтаматы, 1970), даўбёжных станкоў (1973), зубаапрацоўчых станкоў (1973), заточных станкоў (1975), падоўжных фрэзерна-расточных многааперацыйных (1976). Прадпрыемствы С. выпускаюць таксама даводачныя, паліравальныя, расточныя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, шліфавальныя станкі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 1970-х г. бел. станкі экспартаваліся ў 56 замежных краін, у т. л. ў Вялікабрытанію, ЗША, ФРГ, Францыю, Італію, Японію. У 1990 выпушчана 15,3 тыс. металарэзных станкоў і 280 кавальска-прэсавых машын, у 1995 адпаведна 3,4 тыс. і 230, у 2000—5,5 тыс. і 180. С. рэспублікі вырашае праблему ўзнаўлення вытв. фондаў ва ўмовах жорсткай рыначнай канкурэнцыі. У 1990-я г. станкабуд. прам-сцю створана і асвоена ў вытв-сці больш за 60 базавых мадэлей металарэзнага і кавальска-прэсавага абсталявання, у т. л. чатырохкаардынатны свідравальна-фрэзерна-расточны станок з лікавым праграмным кіраваннем (ЛПК) тыпу «апрацоўчы цэнтр», паўаўтамат для заточкі чарвячных фрэзаў з ЛПК (тыпу CNC), агрэгатны станок для апрацоўкі буйнагабарытных дэталей, рэзьба- і зубашліфавальныя, зубааддзелачныя станкі з прыладамі лічбавай індыкацыі, прэсавае абсталяванне з адытыўнай сістэмай кіравання і інш. Гл. таксама Станкабудаўнічая і інструментальная прамысловасць.
Літ.:
История техники. М., 1962;
Розенфельд Я.С., Клименко К.И. История машиностроения СССР. М., 1961;
Костоусов А.И. Белорусское станкостроение сегодня и завтра // Промышленность Белоруссии. 1971. №11.
Дз.Ф.Усціновіч. У.М.Сацута.
т. 15, с. 148