ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.

Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.

Гаворцыя жамчужная.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́ЎНІК (Sisymbrium),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, а таксама ў Паўд. Амерыцы (Анды) і Паўд. Афрыцы. На Беларусі ў якасці занесеных і пустазелля трапляюцца 7 відаў: гуляўнік амаль кап’ялісты (S. subhastatum), волжскі (S. wolgense), высокі (S. altissimum), зменлівы (S. polymorphum), Лёзеля (S. loeselii), лекавы (S. officinale) і ўсходні (S. orientale). Растуць на сметніках, каля дарог, на палях і агародах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м, з галінастым сцяблом, голыя або апушаныя. Лісце простае, надрэзанае або перыстараздзельнае, зрэдку цэласнае. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), рэдка — белыя, сабраныя ў вузкія коласападобныя суквецці. Плод — стручок. Пустазелле; некат. віды — кармавыя, лек., харч. (салатныя), меданосныя, тэхн. (фарбавальныя, алейныя) і ядавітыя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гуляўнік лекавы.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТЭ́З (ад грэч. diathesis схільнасць),

стан арганізма, пры якім фізіял. раздражняльнікі могуць быць прычынай паталаг. змен. Д. звязваюць са спадчыннымі, прыроджанымі і набытымі ўласцівасцямі, на якія ўплывае асяроддзе. Найчасцей бывае ў дзяцей. Адрозніваюць 3 формы Д.: эксудатыўна-катаральны (у дзяцей ранняга ўзросту, да 2—3 гадоў знікае) з высыпкай на скуры і слізістых абалонках, запаленнямі дыхальных шляхоў і хваробамі стрававальна-кішачнага тракту; лімфатыка-гіпапластычны (выяўляецца ў 2—7 гадоў) з паніжанай устойлівасцю і схільнасцю да хвароб эндакрынных залоз і нерв. сістэмы; нервова-артрытычны (бывае рэдка, у 7—14 гадоў) з парушэннямі абмену рэчываў і звязаным з імі ўзбуджэннем ц. н. с. Лячэнне хвароб, якія ўзніклі на аснове Д., па агульных правілах з улікам асаблівай схільнасці арганізма да Д. Асобную групу складае дыятэз гемарагічны.

Р.​У.​Дэрфліо.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),

«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,

тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі пераважна ў Ляхавіцкім, а таксама Баранавіцкім, Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Вядомы з сярэдзіны 19 ст. Даўжыня ручнікоў 310—400 см, шыр. 26—30 см. Ткуць з адбеленага кужалю або белай бавоўны. Кампазіцыя аздобы ствараецца чаргаваннем папярочных суцэльных і пункцірных палосак рознай шырыні, якія групуюцца ў шлякі — на канцах шырокія, шчыльныя, да сярэдзіны вузкія, рэдка размешчаныя. Узор ствараецца чырвонымі ніткамі ўтку з невял. ўкрапінамі чорных, цёмна-сініх, жоўтых. Тэхніка ткання шматнітовая, часам закладная. Аздабляюць на канцах мохрыкамі, утворанымі з нітак асновы, кутасамі, карункамі. Аздабленне і каларыстычная гама блізкая да афармлення нар. адзення, розных відаў маст. тканін гэтай этнагр. зоны.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Ляхавіцкія ручнікі. Фрагмент ручніка з в. Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Пач. 20 ст.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНУЭ́Т (франц. menuet ад menu маленькі, дробны),

старадаўні французскі нар. танец. Узнік як карагодны ў правінцыі Пуату. У 17—19 ст. пашыраны ў Еўропе як прыдворны бальны танец. Муз. памер 3-дольны (пераважна ​3/4). Выконваўся паводле пэўных схем у выглядзе літар S і Z, надзвычай цырымонны, урачысты, з мноствам паклонаў і рэверансаў. Паступова М. змяняўся, тэмп станавіўся больш хуткім, рухі ўскладняліся. Значна паўплываў на бальную і сцэн. харэаграфію. Класічныя ўзоры самастойнай інстр. формы М. стварылі Ж.​Б.​Люлі, Ж.​Ф.​Рамо, Ф.​Куперэн. М. як частка інстр. сюіты, партыты, дывертысменту, серэнады, 3-я частка класічнай сімфоніі, 4-часткавай санаты трапляецца ў творах І.​С.​Баха, Г.​Ф.​Гендэля, кампазітараў мангеймскай і венскай класічнай школ. З канца 19 ст. як інстр. форма выкарыстоўваецца рэдка.

т. 10, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНДО́ (франц. rondeau ад rond круг),

старафранцузскі верш з 8, 13 або 15 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. У адрозненне ад рандэля ў Р. словы (часам радкі), якімі ён пачынаецца, паўтараюцца ў сярэдзіне твора і заканчваюць яго, ствараючы арыгінальнае архітэктанічнае кальцо. Прыкладам 15-радковага Р. можа служыць верш «Рандо» М.​Багдановіча:

 Узор прыгожы пекных зор
Гарыць у цемні небасхіла;
Вада балот, стаўкоў, азёр
Яго ў глыбі сваёй адбіла.
І гімн спявае жабаў хор
Красе, каторую з’явіла
Гразь луж; напоўніць мгла прастор,
І ўстане з іх гарашчы міла
 Узор.

І сонца дальш клянуць, што скрыла
Луж зоры днём. І чуе бор,
І чуе поле крэхат хілы,
Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор,
Там, дзе чыясь рука зрабіла
 Узор.

У сучаснай бел. паэзіі сустракаецца рэдка.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́НЬКА (Armillaria),

род базідыяльных грыбоў парадку агарыкальных. Каля 12 відаў. Касмапаліты. На Беларусі трапляюцца апенька сапраўдная, або восеньская (A. mellea), апенька марнеючая (A. tabescens) і апенька скараспелая, або ранняя (A. praecox). Факультатыўныя паразіты (на старых або аслабленых дрэвах), часцей існуюць як сапратрофы. Растуць групамі на пнях, ствалах, каля дрэў у хвойных і лісцевых лясах. Ядомыя (спажываюцца смажаныя, вараныя, салёныя, сушаныя і марынаваныя).

Шапка ў маладых апенек выпуклая, пазней плоская, гладкая або лускаватая, сухая, зрэдку слізістая, дыям. да 12 см, жоўта-бурая або жаўтавата-карычневая. Пласцінкі жоўта-белыя, бураватыя. Ножка з добра выяўленым кольцам, рэдка без яго. Апенькай часта наз. грыбы інш. родаў, напр. ядомая апенька летняя (Kuehneromyces mutabilis), а таксама ядавітыя апенька несапраўдная серна-жоўтая (Nematoloma fasciculare) і апенька несапраўдная цагельна-чырвоная (N. sublateritium).

В.​С.​Гапіенка.

Апенькі: 1 — летняя; 2 — восеньская.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К, белы грыб (Boletus edulis),

шапкавы грыб сям. балетусавых. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца нярэдка ў хвойніках, ельніках, дубровах, бярэзніках і мяшаных лясах. Расце адзіночна і групамі. Сапратроф. Пладовыя целы з’яўляюцца ў чэрв. — кастрычніку.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы масай да 2, рэдка 4 кг. Шапка паўшарападобная, дыям. 4—20 см, мясістая, пазней плоска-пукатая, матавая. У залежнасці ад умоў росту ад белага да фіялетава-карычневага колеру. Ножка цыліндрычная або клубнепадобная, белаватая, з тонкім сеткавым малюнкам. Мякаць і гіменафор (малады) белыя, прыемна пахнуць, на зломе не мяняюць колеру. Утварае мікарызу з многімі дрэвамі (адрозніваюць каля 20 формаў баравіка — хваёвы, яловы, бярозавы, дубовы, грабавы і інш.). Багаты бялком, вугляводамі, тлушчам, мінер. рэчывамі; мае вітаміны A, B, C, D, PP, таксама антыбіётыкі, танізавальныя і проціпухлінныя рэчывы. Спажываюць баравікі смажаныя, вараныя, марынаваныя, сушаныя.

Баравік.

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗІНА́ (Sambucus),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных зонах зямнога шара. На Беларусі як здзічэлыя і натуралізаваныя трапляюцца бузіна гронкавая, або чырвоная (S. racemosa), чорная (S. nigra) і травяністая, або бузнік (S. ebulus), рэдка ў культуры — арыгінальныя сарты бузіны чорнай: залацістая, рассечана- і стракаталістая. У Цэнтр. бат. садзе АН вырошчваюць 6 інтрадукаваных відаў: бузіна Зібальда (S. sieboldiana), камчацкую (S. kamtschatica), канадскую (S. canadensis), карэйскую (S. coreana), пушыстую (S. pubens) і сібірскую (S. sibirica).

Высокія кусты або невял дрэвы выш. да 10 м, зрэдку шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце няпарнаперыстае з непрыемным пахам. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя, крэмавыя, зеленаватыя, іншы раз ружовыя або чырвоныя, у верхавінкавых шчыткападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — сакаўная ягадападобная касцянка. Дэкар., лек., харч., тэхн., меданосныя, ядавітыя (кара мае алкалоід самбуцын), інсектыцыдныя і фітанцыдныя расліны.

Бузіна гронкавая.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)