ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),

вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.

Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі,

1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.

2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10​−7—10​−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),

«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,

сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр. ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІН,

дынастыя кіт. імператараў у 1368—1644. Заснавана Чжу Юаньчжанам (Тайцзу)

[1368—98],

адным з кіраўнікоў нар. паўстання, якое скінула манг. дынастыю Юань. У час праўлення М. створана найб. цэнтралізаваная сістэма кіравання ў параўнанні з папярэднімі дынастыямі. Пры Чжу Дзі (Чэнцзу) [1402—24] сталіца краіны перанесена ў Пекін, арганізаваны шэраг марскіх экспедыцый у Індыйскі ак. на чале з Чжэн Хэ. З пач. 16 ст. ўсталяваны гандл. адносіны з еўрапейцамі (партугальцамі). Да пач. 17 ст. ўлада імператараў М. падарвана барацьбой розных груповак кіруючых вярхоў, ваен. знаці і дварцовых еўнухаў. Хуткі рост насельніцтва, недахоп зямлі вялі да голаду і масавага жабрацтва, што пагаршалася карупцыяй мясц. улад. Масавая незадаволенасць прывяла ў 1620-я г. да нар. паўстання, адзін з кіраўнікоў якога — Лі Цзычэн — заняў у 1644 Пекін і скінуў дынастыю М.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБО́Й ДЫЭЛЕ́КТРЫКА,

страта дыэлектрыкам ізаляцыйных уласцівасцей пад уздзеяннем эл. поля. У цвёрдых дыэлектрыках суправаджаецца ўтварэннем праводнага (прабойнага) канала і мае неабарачальны характар. Газы (поўнасцю) і вадкасці (часткова) аднаўляюць свае дыэл. ўласцівасці пасля прабою.

Асн. характарыстыкі: эл. трываласць (найменшая напружанасць эл. поля, пры якой адбываецца П.д.) і прабіўное напружанне (найменшае напружанне на дыэлектрыку, якое вядзе да прабою). Адрозніваюць цеплавы і эл. П.д. Цеплавы прабой абумоўлены парушэннем раўнавагі паміж выдзеленай і адведзенай цяплотамі, у выніку чаго павялічваецца т-ра дыэлектрыка. Рост т-ры ў сваю чаргу вядзе да павелічэння электраправоднасці ўзору і працэс набывае лавінападобны характар. Эл. трываласць дыэлектрыка змяншаецца з ростам т-ры навакольнага асяроддзя і таўшчыні ўзору. Электрычны прабой абумоўлены ўтварэннем электроннай лавіны. Эл. трываласць слаба залежыць ад т-ры і павялічваецца з памяншэннем таўшчыні ўзору.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),

запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.

Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.

2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,

сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХТА́Р (сапр. Мухтараў) Аскад

(н. 23.12.1920, г. Фергана, Узбекістан),

узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1942). Друкуецца з 1939. Пачынальнік тэмы рабочага класа ва ўзб. л-ры: паэма «Сталявар» (1947), зб. вершаў «Мае суграмадзяне» (1949), кнігі нарысаў і апавяданняў «Горад сталі» (1950), «Насустрач будучыні» (1951), раман «Нараджэнне» (1961) і інш. У раманах «Сёстры» (1954), «Час у маім лёсе» (1964), «Чынара» (1969, Дзярж. прэмія імя Хамзы 1973), кнігах вершаў і паэм «99 мініяцюр» (1962), «Калыханка сонца» (1971), «Маё слова да вас» (1978) і інш. найб. важныя грамадска-паліт. і маральна-этычныя праблемы, шляхі гіст. развіцця ўзб. народа, яго культ. рост, духоўнае багацце. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Базарэвіч, А.​Клышка, Ю.​Свірка, К.​Цвірка.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. Ташкент, 1980—83.

т. 11, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)