НІТРАГЛІЦЭРЫ́НА, гліцэрынатрынітрат,

поўны эфір гліцэрыны і азотнай к-ты; магутнае брызантнае выбуховае рэчыва, C3H5(ONO2)3. Атрымана ў 1846 італьян. хімікам А.​Сабрэра; прамысл. вытв-сць наладжана А.Нобелем.

Бясколерная алеепадобная вадкасць без паху, салодкага смаку. Крышталічная існуе ў 2 мадыфікацыях — стабільнай рамбічнай (tпл 13.5 °C) і лабільнай трыкліннай (tпл 2,8 °C). Добра раствараецца ў ацэтоне, дыэтылавым эфіры, метаноле, мала — у вадзе, гліцэрыне. Вельмі адчувальная да ўдару, трэння, агню (т-ра ўзгарання 200 °C); гарэнне лёгка пераходзіць у выбух (цеплата выбуху 6,3 МДж/кг). Атрымліваюць узаемадзеяннем гліцэрыны з сумессю азотнай і сернай кіслот. Выкарыстоўваюць у вытв-сці выбуховых рэчываў (дынамітаў, балістытаў), у медыцыне як сасударасшыральны сродак (паляпшае каранарны кровазварот). У значных дозах атрутная; выклікае моцны галаўны боль. ГДК 2 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯЗІ́НКА»,

«Лязгінка», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ІДНАСЦЬ (ад грэч. ploos кратны + eidos выгляд),

колькасць набораў храмасом, якія знаходзяцца ў клетцы або ва ўсіх клетках шматклетачнага арганізма. Характэрная для ўсіх асобін пэўнага віду. Арганізмы або клеткі, што маюць 1 поўны набор храмасом (мінім. ўзровень П.), наз. гаплоіднымі (n=1). Звычайна гаплоідныя палавыя клеткі, гаметафіты імхоў, папарацей і інш. Для большасці эўкарыёт нармальны ўзровень П. саматычных (не палавых) клетак роўны 2 (дыплоіднасць). Для некат. відаў характэрны больш высокі ўзровень П. (поліплаідыя). Змена П. ўласціва ўсім відам з палавым працэсам: зліццё гамет аднолькавай П. дае зіготу, П. якой у 2 разы вышэйшая; пры ўтварэнні гамет пасля меёзу П. зніжаецца ў 2 разы. Павелічэнне ўзроўню П. ў норме часта бывае ў клетках некат. органаў чалавека (напр., у печані) і жывёл.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,

форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАГО́ДНАСЦЬ,

абгрунтаванасць, доказнасць і бясспрэчнасць ведаў. Тэрмін выкарыстоўваецца ў логіцы, гнасеалогіі, тэорыі імавернасцяў, прававой навуцы. Верагодныя суджэнні падзяляюцца на асэртарычныя (канстатуюць рэальнае становішча спраў) і ападыктычныя (сцвярджаюць неабходную сувязь з’яў). У філас. і логіка-метадалагічных даследаваннях верагоднасць найчасцей выкарыстоўваюць для характарыстыкі абгрунтаваных, даказаных ведаў і як сінонім ісціны. Найб. поўны і глыбокі крытэрый верагоднасці ведаў — грамадска-гіст. практыка. У эксперым. прыродазнаўстве верагоднымі ведамі лічаць тыя, што набылі эмпірычнае пацвярджэнне ў ходзе назіранняў і доследаў. Лагічны крытэрый верагоднасці ведаў звязаны з правільнасцю апрацоўкі эмпірычных даных і лагічных аперацый з ведамі, верагоднасць якіх устаноўлена раней. Верагодныя веды (суджэнні) трэба адрозніваць ад імавернасных, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі ў якасці іх магчымай характарыстыкі (у выпадку ўвядзення колькасных крытэрыяў вызначаецца ступень такой магчымасці, гл. Імавернасць).

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 4, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕПАЛЕАЛІТЫ́ЧНЫ ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць выкапнёвых млекакормячых, якія жылі на пэўных тэрыторыях у канцы сярэдняга і позняга плейстацэну. Вядома каля 50 відаў прадстаўнікоў тэрыяфауны, напр. мамант, насарог валасаты, алені велікарогі і паўночны, сайгак, аўцабык, леў пячорны, мядзведзь пячорны, пясец, лемінгі капытны і сібірскі і інш. Для тэр. Беларусі склад верхнепалеалітычнага фауністычнага комплексу ўпершыню вызначаны В.​В.​Шчагловай. Рэшткі млекакормячых гэтага тэрыякомплексу вядомы амаль з 170 пунктаў, а найб. поўны склад выяўлены ў Аршанскім, Віцебскім, Гродзенскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Смаргонскім і Чачэрскім р-нах.

У перыяды зледзяненняў у верхнепалеалітычным фауністычным комплексе пераважалі холадаўстойлівыя віды, у часы міжледавікоўяў з’яўляліся і цеплалюбівыя жывёлы. З прадстаўнікоў гэтага комплексу ў пач. галацэну сфарміравалася сучасная тэрыяфауна, спачатку з плейстацэнавымі рэліктамі. Верхнепалеалітычны фауністычны комплекс мае выключнае значэнне для геал. і заал. даследаванняў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ (Леанід Рыгоравіч) (2.2.1918, в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),

бел. паэт. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1940). Загінуў у баі ў першыя дні Вял. Айч. вайны. Друкаваўся з 1935 (альманах «Аднагодкі»). Вершы Гаўрылава вызначаюцца шчырай апавядальнасцю, лірызмам, рамант. узнёсласцю, аптыміст. настроем. Іх асн. тэмы — юначае захапленне жыццём, каханне, вернасць Радзіме (вершы «Арлёнак», «Запахнуць ноччу духавітай травы», «Цішыня», «Сож», «Паэту»).

Тв.:

Вернасць Мн., 1961;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967

Літ.:

Кавалёў Д. Пра таварыша, які не старэе // Дзень паэзіі — 65. Мн., 1965;

Бярозкін Р. «Ляжыць ён, як віцязь...» // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Вялюгін А. Песень поўны падсумак // Вялюгін А. Выбр. тв. Мн., 1973;

Т. 2;

Кірэенка К. Шчырасць юнацкага сэрца // Кірэенка К. Заўсёды з Радзімай. Мн., 1980.

І.​У.​Саламевіч.

Л.Р.Гаўрылаў.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАВО́КАСЦЬ,

стан вачэй, пры якім зрокавая лінія аднаго вока адхіляецца ад сумеснай кропкі фіксацыі (у бок носа — сыходная К., да скроні — разыходная К., радзей уверх ці ўніз). К. прыводзіць да страты бінакулярнага зроку. Адрозніваюць садружную і паралітычную К.

Пры садружнай К. захоўваецца поўны аб’ём рухаў вочнага яблыка, вугал К. пастаянны, дваенне адсутнічае. Бывае ад паніжэння зроку аднаго вока, анамалій рэфракцыі, ад парушэння акамадацыі і канвергенцыі, функцыян. слабасці мышцаў вока, спадчыннай схільнасці да К. Часта пры К. ўзнікае паніжэнне зроку ці слепата на адно вока. Пры паралітычнай К. абмежаваны ці адсутнічае рух вочных мышцаў, назіраецца дваенне адлюстравання (дыплапія), змена вугла К. Бывае ад паралічу або парэзу вочных мышцаў пры інфекц. хваробах і хваробах нерв. сістэмы. Лячэнне: пры садружнай К. — акуляры, спец. практыкаванні, хірург.; пры паралітычнай — ліквідацыя асн. хваробы, хірургічнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТА́ЎРЫ (відаць, ад познагрэч. polytaurea, ад полі... + taurea барабан),

старажытны мембранны ўдарны муз. інструмент. Вядомы многім народам свету. Традыцыйна выкарыстоўваюцца пераважна парамі. Мае котлападобны метал. корпус-рэзанатар, зверху зацягнуты скураной мембранай. Пры ўдары па ёй 2 драўлянымі калатушкамі ўзнікае гук акрэсленай вышыні. Для настройкі мембраны служаць спец. вінты, размешчаныя па акружнасці, або педальны механізм. У Еўропе Л. вядомы з сярэдневякоўя. Выкарыстоўваліся звычайна як ратны сігнальны інструмент асобна або ў ансамблі з трубамі. Пад назвай бубны ўпамінаюцца ў стараж.-рус л-ры 12 ст. У 17 ст. ўведзены ў оперна-сімф. аркестр. Поўны камплект сучасных Л. уключае да 5 інструментаў розных памераў і настройкі. На Беларусі паводле этнагр. крыніц 19 ст. наз. катламі, выкарыстоўваліся ў некаторых нар. абрадах (валачобным, купальскім), а таксама паўстанцамі 1863—64.

І.​Дз.​Назіна.

Літаўры.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУПА́НЧЫЧ ((Żupančić) Отан) (23.1.1878, в. Вініца, Славенія — 11.6.1949),

славенскі паэт; адзін з прадстаўнікоў т. зв. «славенскага мадэрну». Чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1938). Дырэктар Нац. т-ра ў Любляне (1918—49). У першым паэт. зб. «Чаша п’янлівасці» (1899) адчуваецца ўплыў дэкадансу. Зб. «Праз раўніну» (1904) поўны жыццесцвярджальных ідэй і вобразаў. Аўтар зб-каў «Маналогі» (1908), «На досвітку дня Віда» (1920; на грамадска-паліт. тэмы), «Барвінак пад снегам» (1945). Яго творчасці ўласціва сувязь з нар.-паэт. традыцыямі: кн. для дзяцей «Пісанкі» (1900), «Сто загадак» (1915), п’есы «Ноч на свята верных душ» (1904) і інш. Вядомы як публіцыст і перакладчык. Творы Ж. на бел. мову перакладаў Н.​Гілевіч (анталогія «Маці мая, Славенія», 1976, і інш.).

Тв.:

Бел. пер. — У вечным дазоры. Мн., 1986;

Рус. пер. — Лирика. М., 1978.

І.​А.​Чарота.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)