МІДЫ́ЙЦЫ,

індаеўрапейскі народ, блізкі персам. Займаў гіст. вобласць Мідыя, потым царства ў паўн.-зах. частцы Іранскага нагор’я. Упершыню ўпамінаюцца ў асірыйскіх летапісах у 2-й пал. 9 ст. да н.э. Жылі ва ўмовах ваен. дэмакратыі, займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі развіты рамёствы. Веравызнанне М. — зараастрызм. Адыгралі значную ролю ў этнагенезе азербайджанцаў. Знешні выгляд М. магчыма ўявіць па фрызах г. Персепаль.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТАРЖЫ́ЦКІ (Браніслаў Іосіфавіч) (30.12.1894, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 17.4.1969),

генерал-лейтэнант (1946). У арміі з 1913. Удзельнік грамадз. вайны 1918—21, потым у войсках Бел., Маскоўскай ваен. акруг, выкладчык курсаў «Выстрал». У Вял. Айч. вайну з 1943 на Паўн.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м Укр. і 1-м Бел. франтах: камандзір дывізіі, нам. камандзіра корпуса. У 1944—57 у Войску Польскім.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВА-ГАРАДСКА́Я АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

тып гарадской агламерацыі, у якой прамысл. вытв-сць выконвае горадаўтваральную функцыю; важны элемент урбаністычнай структуры прамысловасці. Адрозніваюць П-г.а., якія ўзніклі ў выніку росту прамысл. вытв-сці спачатку ў буйных гарадах, а потым — у іх прыгарадах, і агламерацыі, узнікненне якіх не звязана з раёнаўтваральнай роляй вял. гарадоў (напр., сфарміраваліся на базе выкарыстання мясц. мінер.-сыравінных і энергет. рэсурсаў).

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САТРА́ПІЯ,

ваенна-адм. адзінка (правінцыя, якую ўзначальваў сатрап у персідскай Ахеменідаў дзяржаве). У канцы 6 ст. да н.э. Дарый I падзяліў дзяржаву на 20 сатрапій, потым іх колькасць і межы часта мяняліся. Кожная з С. плаціла вызначаную даніну і магла мець уласныя законы і афіц. мову (ці мовы). Як адм. адзінка С. захоўвалася ў дзяржавах Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, Сасанідаў, Парфянскім царстве.

т. 14, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАРНЕ́РЫ (Guarneri),

сям’я італьян. майстроў смычковых інструментаў. Нарадзіліся ў г. Крэмона, Італія.

Андрэа (1622 ці 1626 — 7.12.1698), старэйшы прадстаўнік сям’і. Вучань Н.Амаці. Працаваў у Крэмоне. Спачатку вырабляў інструменты паводле мадэлі Амаці, пазней стварыў уласную мадэль. Яго скрыпкі і віяланчэлі вылучаюцца пяшчотным, не вельмі моцным гукам. П’етра Джавані (18.2.1655—26.3.1720), сын Андрэа. Магчыма, вучань Амаці. Працаваў у Крэмоне і Мантуі. Вырабляў інструменты ўласнай мадэлі з прыгожым гукам. Джузепе Джамбатыста (25.11 1666—1739), сын Андрэа. Працаваў у Крэмоне. Спачатку камбінаваў мадэлі бацькі і Амаці, потым імітаваў працы свайго сына Джузепе Антоніо. П’етра (14.4.1695—7.4.1762), сын Джузепе Джамбатыста. Працаваў у Крэмоне, потым у Венецыі. Яго інструменты блізкія да вырабаў бацькі. Джузепе Антоніо (21.8.1698—17.10.1744), сын Джузепе Джамбатыста, вядомы як дэль Джэзу. Побач з А.Страдывары адзін з найб. выдатных майстроў. Стварыў уласны індывід. тып скрыпкі з прыгожым моцным гукам, багатым выразным тэмбрам, разлічаны на ігру ў вял. канцэртнай зале. Скрыпкі і альты яго работы высока цэняцца і цяпер. На яго інструментах ігралі Н.Паганіні, А.В’ётан, Э.Ізаі, Ф.Крэйслер і інш.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЛЬСАН ((Nelson) Гарацыо) (29.9.1758, Бёрнем-Торп, Вялікабрытанія — 21.10.1805),

англійскі флатаводзец, нац. герой Вялікабрытаніі. Барон Нільскі (1798), герцаг Бронтэ (1800), віцэ-адмірал (1801). На флоце з 1771. З 1779 камандаваў брыгам, потым фрэгатам, з 1793 лінейным караблём, у 1798—1800 і 1803—05 эскадрай у Міжземным м. вызначаўся храбрасцю, у баі каля Кальві (Корсіка) страціў правае вока (1794), у баі пры Санта-Крус (в-аў Тэнерыфе) — правую руку (1797). Выкарыстоўваў манеўраную тактыку марскога бою. У бітве 1—2.8.1798 разграміў флот франц. Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801 каля Абукіра, прымусіў французаў пакінуць Неапаль (1799) і аднавіў тут на прастоле караля Каралеўства абедзвюх Сіцылій Фердынанда IV, у вер. 1805 заблакіраваў франка-ісп. флот каля Кадыса, потым знішчыў яго ў Трафальгарскай бітве 1805, у час якой смяротна паранены. Пахаваны ў Лондане 9.1.1806, дзе пазней у яго гонар устаноўлена калона на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.​Рэйлтан). Дзейнасць Н. спрыяла павелічэнню марской магутнасці Вялікабрытаніі і яе барацьбе за калан. панаванне.

Літ.:

Эджингтон Г. Адмирал Нельсон: История жизни и любви: Пер. с англ. М., 1992.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЕ́НА (Priēnē),

старажытнагрэчаскі горад на р. Меандр, на мысе Мікале ў М. Азіі. Засн. ў сярэдзіне 11 ст. да н.э.; уваходзіла ў саюз 12 іанійскіх гарадоў. У канцы 6 ст. да н.э. трапіла пад уладу Персіі. У 5 ст. да н.э. ў Складзе Дэлоскага саюза, потым — дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. належала Селеўкідам, пазней увайшла ў Пергамскае царства, потым — правінцыяльны горад Рым. імперыі і Візантыі. Росквіту дасягнула ў 4—1 ст. да н.э., калі была буйным гандл. і рамесніцкім цэнтрам.

П. мела прамавугольную сетку вуліц (сістэма Гіпадама). Падоўжныя вуліцы ішлі ўступамі; іх перасякалі 16 папярочных вуліц-лесвіц, што вялі ад падэшвы да вяршыні г. Мікале і падзялялі П. на роўныя прамавугольныя кварталы. У час раскопак адкрыты руіны будынкаў 4—2 ст. да н.э., размешчаных на тэрасах і ўмацаваных падпорнымі сценамі, у т. л. храмы Афіны (4 ст. да н.э., арх. Піфей) і Зеўса, эклесіястэрый (зала пасяджэнняў нар. сходу), тэатр, стадыён, 2 гімнасіі, рынкі, жылыя дамы перыстыльнага тыпу.

Прыена. Калоны храма Афіны. 4 ст. да н.э. Арх. Піфей.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУВІ́МІ (Aruwimi),

рака ў Афрыцы, у Заіры, правы прыток р. Конга. Даўж. каля 1300 км, пл. бас. 116 тыс. км². Пачынаецца ў Сініх гарах пад назвай Ітуры (на З ад воз. Мабуту-Сесе-Сека), цячэ на плато, потым спускаецца ва ўпадзіну Конга. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады. Паводкі (сак.—кастр.). Сярэдні расход вады 2 тыс. м³/с. Суднаходная на працягу 60 км ад вусця.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗУКЕ́ВІЧ (Баляслаў Вінцэнтавіч) (12.11.1879, Вільня — 13.2.1935),

бел. скульптар. Вучыўся ў Віленскай школе малявання і рамёстваў (1894—97), у школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1902—09), скончыў Кракаўскую АМ (1902). З 1904 працаваў у Вільні, з 1908 — у Пецярбургу, потым у Парыжы (удзельнік салонаў 1909, 1912, 1914). З 1919 жыў у Вільні. У рэаліст.манеры ствараў партрэты, помнікі, бюсты, мемар. дошкі, медальёны і інш.

А.​К.​Лявонава.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФАЛЬТАВА́ННЕ,

размеркаванне на цвёрдай трывалай аснове асфальту і асфальтабетону. Асн. сферы прымянення — буд-ва дарог, аэрадромаў, гідраізаляцыйныя работы і інш. Робіцца асфальтабетонаўкладчыкам у 1—2 (3—4) слоі таўшчынёй ад 3—4 да 7—9 см. Асфальтабетонная сумесь утрамбоўваецца лёгкімі, потым цяжкімі каткамі. На Беларусі асфальтаванне вуліц пачалося ў 2-й пал. 19 ст. літым асфальтабетонам. На пач. 1995 працягласць заасфальтаваных дарог складала 77 тыс. км.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)