ЧЭЛІ́НІ (Cellini) Бенвенута (3.11.1500, г. Фларэнцыя, Італія — 13.2.1571),

італьянскі скульптар, ювелір, пісьменнік; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў ювеліра М.​Бандынелі, зазнаў уплыў Мікеланджэла. З 1532 працаваў у Фларэнцыі, Пізе, Балонні, Венецыі, Рыме, з 1540 — у Парыжы і Фантэнбло пры двары Францыска I. У сваіх творах увасабляў вытанчаныя, празмерна выцягнутыя фігуры, часта ў складаных паваротах (сальніца караля Францыска I, 1539—43; «Нарцыс», 1540-я г.; «Укрыжаванне», 1562, у касцельным комплексе Эскарыял, Іспанія), вырашаў праблемы абсалютна круглай скульптуры (статуя «Персей», 1545—54, Лоджыя дэі Ланцы, Фларэнцыя). Аўтар мемуараў «Жыццё Бенвенута, сына маэстра Джавані Чэліні фларэнцінца, напісанае ім самім у Фларэнцыі» (не завершаны, прадыктаваны ім паміж 1558 і 1565; выд. 1728), якія вылучаюцца непасрэднасцю аповеду, ігнараваннем норм літ. стылю, правіл граматыкі; у ёй мова вуліцы, ярка ўвасоблены характар чалавека позняга італьян. Адраджэння. Тэарэт. праца «Два трактаты пра ювелірнае мастацтва і скульптуру» (1568).

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь... 2 изд. М., 1958.

Літ.:

Виппер Б.Р. Бенвенуто Челлини // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970.

Б.Чэліні. Сальніца караля Францыска I.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛО́Ў Валерый Аляксандравіч (н. 22.5.1952, г. Іўе Гродзенскай вобл.),

бел. правазнавец. Д-р юрыд. н. (2004). Чл.-кар. Міжнар. акадэміі арганізац. і кіраўніцкіх навук (2000). Скончыў Магілёўскую спец. школу трансп. міліцыі (1976) і Мінскую вышэйшую школу МУС СССР (1983). З 1976 у аддзеле ўнутр. спраў ст. Мінск, з 1987 нач. аддзела. З 1991 у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь (з 1992 нач. кафедры, з 1996 нач. ф-та, з 1998 нам. нач. акадэміі). У 2000 нач. аддзела Нац. цэнтра законапраектнай дзейнасці. З 2001 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па тэарэт., прававых і арганізац. праблемах удасканалення судаводства па справах аб адм. правапарушэннях. Аўтар кніг «Каментарыі да Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» (2001, 2002), навуч. і метадычных дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002;

Производство по делам об административных правонарушениях. М.; Мн., 2002;

Трудовое право Республики Беларусь. М.; Мн., 2004.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕРЛЬ (Husserl) Эдмунд (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),

нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.

Тв.:

Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;

Рус. Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;

Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;

Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познания. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.

В.​В.​Краснова.

Э.Гусерль.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́Н Яраслаў Аляксандравіч (27.7.1902, г. Дынаў, цяпер Польшча — 24.10.1949),

украінскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Венскім (1923—26), скончыў Кракаўскі (1928) ун-т. Удзельнічаў у рэв. падп. рабоце. Адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса па абароне культуры (Львоў, 1936). Першы твор — п’еса «Дон Кіхот з Этэнгайма» (1927). Аўтар п’ес «Груз» (1929), «Вераніка» (1930), «Каханне на досвітку» (нап. 1949), сатыр. камедыі «99%» (1930—31), трагедыі «Пад залатым арлом» (1947), апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстраваў складаныя, супярэчлівыя падзеі даваен. і пасляваен. зах.-ўкр. рэчаіснасці. Майстар сатыр. нарысаў, памфлетаў і фельетонаў (зб-кі «Фронт у эфіры», 1943; «Іх абліччы», 1948; «Перад тварам фактаў», 1949). Трагічна загінуў. Дзярж. прэмія СССР 1952. На бел. мову асобныя творы Галана перакладаў Г.​Сапрыка.

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ, 1977—80;

Бел. пер. — З крыжам ці з нажом: Памфлеты. Мн., 1954;

Рус. Пер. — Избранное. М., 1985;

Об этом нельзя забывать: Рассказы, очерки, памфлеты, пьесы. Киев, 1987.

Літ.:

Вартанов Г.И. Ярослав Галан: Очерк жизни и творчества. Львов, 1985;

Ткачев П.И. Вечный бой. Мн., 1970.

Я.А.Галан.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРТЫ́Ш,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Об. Даўж. 4248 км, пл. бас. 1643 тыс. км². Бярэ пачатак у гарах Мангольскага Алтая на тэр. Кітая (Чорны І.). У вярхоўях горная рака. Ад воз. Зайсан да г. Усць-Каменагорск зарэгулявана вадасховішчамі Бухтармінскай і Усць-Каменагорскай ГЭС. Ніжэй г. Сяміпалацінск да вусця цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Рэчышча няўстойлівае, шмат пясчаных перакатаў, ніжэй г. Омск утварае вял. лукавіны. Даліна шырокая (да 20 км, каля вусця да 35 км). Гал. прытокі: Ішым, Вагай, Табол, Конда (злева), Ом, Тара, Дзям’янка (справа). Жыўленне мяшанае. Ледастаў з ліст. да красавіка. Разводдзе ў ніжнім цячэнні з мая да вер., у верхнім — з крас. да кастрычніка. Сярэдні расход вады каля Табольска 2150 м³/с, у вусці — 2830 м³/с. Суднаходная на 3784 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, арашэння, жывіць Іртыш—Караганда канал, Шульбінскае вадасховішча. Багаты рыбай (нельма, шчупак, акунь, асетр, сцерлядзь і інш.). Асн. гарады і парты: Усць-Каменагорск, Сяміпалацінск, Паўладар, Омск, Табольск, Ханты-Мансійск.

Омскі грузавы порт на р. Іртыш.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮІ́ Цэзар Антонавіч (18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),

рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл. праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл. «Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.​Глінкі, А.​Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.​Барадзіна, М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т. л. «Вільям Раткліф» паводле Г.​Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.​Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т. л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.

Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.

Літ.:

Назаров А. Ц.​А.​Кюи. М.,1989.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙГА́ЎЗ Генрых Густававіч (12.4.1888, г. Кіраваград, Украіна — 10.10.1964),

расійскі піяніст, педагог, муз. пісьменнік. Нар. арт. Расіі (1956). Ігры на фп. вучыўся ў бацькі Густава Вільгельмавіча Н., Л.​Гадоўскага (у Берліне, Вене). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (экстэрнам, 1915). З 1916 выкладаў у Кіеўскай (з 1919 праф.), з 1922 у Маскоўскай (праф., у 1935—37 дырэктар) кансерваторыях. У 1922—62 выступаў як саліст і ансамбліст. Піяніст рамантычнага кірунку, яго выкананне спалучала бурны тэмперамент, імпульсіўнасць, валявы пачатак з адухоўленай паэтычнасцю, тонкім лірызмам. У рэпертуары пераважалі творы Л.​Бетховена, Ф.​Ліста, Ф.​Шапэна, Р.​Шумана, А.​Скрабіна, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, інтэрпрэтацыі якіх — значная з’ява ў піяністычным мастацтве 20 ст. Стварыў піяністычную школу, сярод вучняў Э.​Гілельс, Я.​Зак, Я.​Малінін, С.​Нейгаўз, С.​Рыхтэр. Аўтар прац па муз. выканальніцтве.

Літ. тв.: Об искусстве фортепианной игры: Зап. педагога. 5 изд. М., 1988; Размышления, воспоминания, дневники. Избр статьи. Письма к родителям. 2 изд. М., 1983.

Літ.:

Дельсон В. Генрих Нейгауз. М., 1966;

Бэлза И.Ф. «Генрих Великий» // Бэлза И.Ф. О музыкантах XX в. М., 1979.

т. 11, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. societas грамадства + ...метрыя),

эмпірычны кірунак у сацыялогіі і сац. псіхалогіі, які вывучае эмацыянальныя міжасобасныя адносіны ў малых сац. групах; сукупнасць метадаў даследавання малых сац. груп. Тэрмін «С.» ўзнік у канцы 19 ст. ў сувязі са спробамі матэм. вымярэння сац. уплываў паміж людзьмі. Тэарэт. абгрунтаванне С. як метаду пазнання і вымярэння сац. з’яў прапанаваў амер. сац. псіхолаг і псіхіятр Я.​Л.​Марэна. С. даследуе структуру і дынаміку нефармальных адносін паміж індывідамі ў малых сац. групах, фармулюе заканамернасці эмацыянальных адносін у групах і экстрапалюе вывады на грамадства ўвогуле. Метады С. дазваляюць апісаць абагульненую карціну сімпатый і антыпатый у групе (сацыяграма), вызначыць нефармальных лідэраў і «адрынутых», самаацэнку стану асобы ў групе і інш. Атрыманыя шляхам матэм. разлікаў сацыяметрычныя каэфіцыенты адлюстроўваюць ступень згуртаванасці і ўзаемадзеяння індывідаў у групе.

Літ.:

Морено Дж.Л. Социометрия: Эксперимент. метод и наука об обществе: Пер. с англ. М., 1958;

Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах. Мн., 1976;

Антипина Г.С. Теоретико-методологические проблемы исследования малых социальных групп. Л., 1982.

Г.​М.​Сакалова.

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),

князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн. Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАСЕ́ЕЎ Пётр Мікалаевіч (22.8.1908, с. Старынскае Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 18.10.1990),

расійскі філосаф і сацыёлаг. Акад. АН СССР (1960, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Горкаўскі пед. ін-т (1930). З 1936 у Ін-це філасофіі АН СССР. З 1941 у апараце ЦК КПСС, адначасова ў 1945—49 гал. рэдактар час. «Большевик», у 1954—55 — час. «Партийная жизнь». З 1955 дырэктар Ін-та філасофіі АН СССР, адначасова з 1959 акадэмік-сакратар Аддзялення эканам., філас. і прававых навук АН СССР. У 1962—67, 1971—88 віцэ-прэзідэнт АН СССР, у 1967—73 дырэктар Ін-та марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Навук. працы па праблемах дыялект. і гіст. матэрыялізму, грамадскага развіцця, навук. пазнання, гісторыі зах.-еўрап. і рус. філасофіі і сацыялогіі.

Тв.:

Исторический материализм как наука об основных законах общественного развития. М., 1951;

Диалектика современного общественного развития. М., 1965;

Марксизм в XX в.: Маркс, Энгельс, Ленин и современность. 2 изд. М., 1977;

Диалектика современной эпохи. 3 изд. М., 1978;

Мировоззрение, философия, наука. М., 1979;

Философия и научное познание. М., 1983.

П.М.Федасееў.

т. 16, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)