возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 27,4 км², даўж. 11,9 км, найб.шыр. 4,6 км, найб.глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 50 км. Аб’ём вады 84,7 млн.м³. Пл. вадазбору 170 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, спадзістыя, тэрасавыя, разараныя, зах. часткова пад лесам, на Пд і Пн марэнныя ўзгоркі выш. 10—15 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. Падводная ч. катлавіны карытападобнай формы, падзяляецца на 2 плёсы, злучаныя вузкім пралівам. Найб.глыб. ў паўн. плёсе, у паўд. 2—5 м. 3 астравы агульнай пл. 0,23 км². Прыбярэжная ч. дна шыр. да 200 м (на асобных участках пашыраны да глыб. 4—5 м), выслана пясчанымі адкладамі, цэнтр. — сапрапелем. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Мінералізацыя вады да 150 мг/л, празрыстасць 0,7 м. Эўтрофнае. Зарастае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10—250 м. Упадаюць 7 ручаёў і р. Атлайская. У пратоцы паміж Н. і воз. Доўгае водзяцца бабры. Багатае рыбай і вадаплаўнай птушкай. Гідралагічныя назіранні з 1935.
Від на возера Нешчарда з боку в. Гарбачэва Расонскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ Марцін (30.9. 1728, в. Саломенка Гродзенскага р-на — 20.2.1810),
бел. астраном і асветнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1771), чл.-кар. Парыжскай АН (1778). Вучыўся ў Гродзенскім і Полацкім езуіцкіх калегіумах і Слуцкай пед. семінарыі. У 1754—56 і 1761—64 удасканальваў адукацыю ў Рыме, Генуі, Вене і інш. Адзін з арганізатараў і дырэктар (1765—1807) Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 праф. Віленскай акадэміі, адначасова ў 1781—1803 рэктар Гал. школы ВКЛ. Вёў сістэматычныя назіранні зорак, планет і астэроідаў, выявіў невядомае сузор’е (журналы астр. назіранняў П. за 1772—1806 склалі 34 т.). Вызначыў (разам з інш. астраномамі) геагр. каардынаты Вільні, Гродна і інш. гарадоў. Зрабіў значны ўклад у развіццё асветы, папулярызацыю прыродазнаўчых і матэм. ведаў, актыўна працаваў у Адукацыйнай камісіі. Яго імем названы адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Опыт исследования, сколь далеко простирается древность Зодиака, найденного в Дендераге или в Тинтирисе // Северный вестн. 1804. Ч. 2, № 5.
Літ.:
Bieliński J. Uniwersytet Wileński (1579—1831). Kraków, 1899—1900. T. 3. С. 39—47;
Матудайтите С.П. Возникновение и первые 5 десятилетий деятельности Вильнюсской астрономической обсерватории // Тр.АН Литовской ССР. Сер. А. 1969. Т. 2(30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́ЛЬНАЕ ВЫХАВА́ННЕ І НАВУЧА́ННЕ,
выхаванне і навучанне дзяцей у сям’і і дашкольных установах да паступлення ў школу. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (29.10.1991) вядучая роля ў гэтым належыць сям’і. У дапамогу ёй ствараюцца дашкольныя ўстановы, куды дзеці паступаюць пераважна з трох гадоў, у асобных выпадках з больш ранняга ўзросту (2 месяцы). З улікам патрэб сям’і, яе культ., нац., этнічных асаблівасцей створаны дашкольныя ўстановы розных відаў (дзярж., прыватныя, мяшаныя, калектыўныя) і тыпаў (яслі, дзіцячыя сады, яслі-сады, школы — дзіцячыя сады, цэнтры развіцця дзяцей). Паводле прызначэння яны падзяляюцца на дашкольныя ўстановы агульнага развіцця дзіцяці, з паглыбленымі кірункамі ў рабоце (эстэт., фіз. выхавання і інш.), па доглядзе, назіранні і аздараўленні, кампенсоўныя (для дзяцей, якія маюць патрэбу ў карэкцыі фіз. і псіхічнага развіцця), камбінаваныя. Выхаваўча-навуч. работа праводзіцца па праграме дашкольнага выхавання з улікам фіз. і псіхічных асаблівасцей дзяцей. Асн. ўвага аддаецца ахове і ўмацаванню здароўя дзяцей, абароне іх ад неспрыяльнага экалагічнага ўплыву, фарміраванню належных маральных рыс, нац. самасвядомасці, выяўленню задаткаў і здольнасцей дзяцей і стварэнню ўмоў для іх мэтанакіраванага развіцця. Кадры для дашкольных устаноў рыхтуюць Беларускі педагагічны універсітэт, Брэсцкі універсітэт, Віцебскі універсітэт, пед. ін-ты ў Магілёве, Мазыры, каледжы ў Барысаве, Гомелі, Магілёве, Полацку, Салігорску, пед. вучылішчы ў Гродне, Лідзе, Мінску, Пінску, Рагачове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛО́ГРАФ (ад лац. oscillum ваганне + ...граф),
вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.
Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электронна-прамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАЎ Гаўрыіл Андрыянавіч (1.5.1875, г. Смалявічы Мінскай вобл. — 25.1.1960),
савецкі астраном і астрафізік, заснавальнік астрабатанікі. Чл.-кар.АНСССР (1927). Акад.АН Казахстана (1946). Ганаровы акад.Нац.АН Беларусі (1959). Засл. дз. нав. Казахстана (1946). Скончыў Маскоўскі (1897) і Парыжскі (1901) ун-ты. Пабудаваў хатнюю абсерваторыю ў Смалявічах (1894). У 1906—41 у Пулкаўскай абсерваторыі. Адначасова ў 1919—31 у Ленінградскім ун-це, у 1919—49 у Прыродазнаўча-навук. ін-це. З 1941 у Алма-Аце, з 1947 заг. сектара астрабатанікі АН Казахстана. Навук. працы па астрафізіцы, астраметрыі, атм. оптыцы, аэрафотаздымцы, астрабатаніцы. Адкрыў эфект запазнення фаз у зацьменных зорак у кароткахвалевай вобласці спектра (1908, эфект Ц. — Нордмана). Упершыню выкарыстаў у планетных назіраннях каляровыя святлафільтры атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных абласцях спектра (1909). Устанавіў (1914), што Зямля пры назіранні з космасу павінна. мець блакітнаваты колер. Ацаніў колеравую тэмпературу сонечнай кароны (1936). Сканструяваў шэраг фотаметрычных прыбораў. Выдаў каталогі колераў 17 874 зорак (1937, 1951). Прэмія Парыжскай АН (1909). Яго імем названы кратэры на Марсе і адваротным баку Месяца, астэроід.
Тв.:
Основные труды. Т. 1—5. Алма-Ата, 1954—60;
Шестьдесят лет. у телескопа. М., 1959.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира: Рекоменд. указ. М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЯДЭ́ЦКІ (Śniadecki) Ян (29.8.1756, г. Жнін Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча —21.11.1830),
польскі і рас. астраном, матэматык і філосаф. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1808). Брат А.Снядэцкага. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі і ун-тах Еўропы. У 1792—1803 дырэктар Кракаўскай астр. абсерваторыі, у 1806—25 — Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Адначасова ў 1806—15 рэктар Віленскага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, філасофіі і гісторыі навукі. Вёў сістэм.назіранні Сонца, Месяца, планет і камет, адкрыў (незалежна ад Г.В.Ольберса) малую планету Паладу (1802). Даследаваў 4 сонечныя і 2 месяцавыя зацьменні, а таксама рух каметы 1811, зацьменні спадарожнікаў Юпітэра і пакрыцці зорак Месяцам. Падтрымліваў і папулярызаваў вучэнне М.Каперніка) пры вырашэнні філас. праблем навукі стаяў на пазіцыях матэрыялістычнага сенсуалізму. Аўтар прац аб жыцці і навук. дзейнасці Каперніка, Ж.Лагранжа і М.Пачобута-Адляніцкага. Удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі. Яго асветніцкая дзейнасць спрыяла пашырэнню матэм. і прыродазнаўчых ведаў, яго кнігамі па матэматыцы, астраноміі і геаграфіі карысталіся ў тагачасных навуч. установах.
Літ.:
Рыбка Е.В. Ян Снядецкий: (К 200-летию со дня рождения) // Историко-астрономические исследования. М., 1956. Вып. 2;
Ченакал В.Л. Ян-Батист Снядецкий и Иоганн-Элерт Боде // Там жа. 1966. Вып. 9;
Библиография русской астрономической литературы 1800—1900 гг.М., 1968 (Тр. Гос. астроном. ин-та;
Т. 37);
Bartnicka K. Działalność edukacyjna Jana Śniadeckiego. Wrocław, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАМБЁЎСКІ (Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч (13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),
польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл.Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш.Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).
Літ.:
Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКУ́РЫЙ,
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб. грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫЙКО́ЎСКІ (Stryjkowski, Strykowski) Мацей (1547, Стрыкаў Лодзінскага ваяв., Польшча — каля 1590), польскі гісторык, храніст, паэт. Скончыў парафіяльную школу ў Бжазінах (1561). У 1563 пераехаў у ВКЛ. У 1563—73, верагодна, служыў у войску ВКЛ на маскоўскай мяжы ў якасці рыскуна (разведчыка). У 1572—74 служыў у Віцебскім гарнізоне пад камандаваннем А.Гваньіні і працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. У канцы службы здзейсніў Падарожжа па Зах. Дзвіне, у час якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры: аб Рагвалодавым камені, цэрквах і манастырах Полацка. У 1574—75 удзельнічаў у пасольстве ў Турцыю. У 1576—78 знаходзіўся пры двары кн. Алелькавічаў-Слуцкіх у Капылі і Слуцку. У 1579 заняў духоўную пасаду жамойцкага каноніка. У 1574 выдаў у Кракаве паэму «Ганец цноты...» (кароткая вершаваная гісторыя ВКЛ, частка твора пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» выдадзена ў 1626 у Любчанскай друкарні. Аўтар гіст. твораў «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (1575), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (выд. ў 1978), «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года» (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Пушкінскім доме ў С.-Пецярбургу). Гал. праца С. — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) — першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Многія даследчыкі лічаць, што твор Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1578) з’яўляецца плагіятам запісак С., у чым С. неаднаразова абвінавачваў Гваньіні на старонках сваёй «Хронікі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Н,
сёмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак ⛢. Адносіцца да класа планет-гігантаў. Адкрыты ў 1781 У.Гершэлем.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 2,871 млрд.км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 84,068 зямнога года, вакол восі 17 гадз 14 мін. Экватарыяльны дыяметр 51 118 км. Плоскасць экватара нахілена да плоскасці арбіты на 98° (вось вярчэння ляжыць амаль у гэтай плоскасці). Напрамак сутачнага вярчэння адваротны. Маса 8,686 1025кг (14,5 масы Зямлі). Сярэдняя шчыльнасць 1290 кг/м³, што сведчыць аб значным каменным ядры планеты. Састаў атмасферы: малекулярны вадарод (84%), гелій (14%), метан (2%). Альбеда атмасферы вялікае; паглынанне чырвоных прамянёў метанам у верхняй частцы атмасферы абумоўлівае сіне-зялёны колер У. пры візуальным назіранні. У. не мае магутных унутр. крыніц энергіі. Т-ра воблакаў у вобласці, дзе ціск роўны нармальнаму атмасфернаму на Зямлі (105 Па), каля -193 °C. Адсутнасць воблакаў у высокіх слаях атмасферы, у адрозненне ад інш. планет-гігантаў, абумоўлівае роўны колер без палос і віхраў. Магн. поле слабае. У. мае 21 спадарожнік (гл.Спадарожнікі планет). Выяўлены 10 кольцаў рознай шырыні і колеру на адлегласці ад 41 да 52 тыс.км ад цэнтра планеты.
Літ.:
Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.