РАКА́Ў (Віктар Афанасьевіч) (22.1.1935, в. Целяшы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.6.2000),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1958), Мінскую вышэйшую парт. школу (1971). Працаваў настаўнікам, у шклоўскай раённай газеце, у газ. «Звязда», з 1975 у час. «Полымя», з 1982 адказны сакратар. Друкаваўся з 1956. У зб-ках вершаў і паэм «Вернасць» (1968), «Акно ў зялёны сад» (1972), «Пазыўныя» (1975), «Песня і памяць» (1979), «І сноп, і птах, і я...» (1983), «Жыць — палоць» (1995) тэмы любві да радзімы, ваен. дзяцінства, пераемнасць пакаленняў, праблемы сучаснай вёскі. Аўтар нарысаў, крытычных артыкулаў, рэцэнзій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРМІКУЛІ́Т (ад лац. vermiculus чарвячок),
мінерал з групы гідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe2+, Fe3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЭ́РАС (Anthoceros),
род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).
Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі аўтадарожны ін-т (1938). Аўтар зб-каў апавяданняў і нарысаў «Па дарогах ідуць машыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Мірныя людзі» (1950), аповесцяў «Зялёны дол» (1953—54), «Парожні рэйс» (1960), «Разарваны рубель» (1966), «Царская саракоўка» (1969), кніг «Лісты пра апавяданне» (1964), «Ад першай асобы. Апавяданні пра пісьменнікаў, кнігі і словы» (1973) і інш., прысвечаных сціплым людзям-працаўнікам, адметныя маральнай праблематыкай, лірызмам. Па аповесцях Антонава «Паддубенскія прыпеўкі» (1950), «Справа была ў Пянькове» (1956), «Алёнка» (1960) пастаўлены маст. фільмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́Л (лац. opalus),
мінерал падкласа гідраксідаў, SiO2∙nH2O. Мае 1—34% вады, 65—92% SiO2. Прымесі аксідаў Al, Fe, Mn, Mg і інш. Разнавіднасці: каштоўны апал, паўапал, гейзерыт, гідрафан і інш. Аморфны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. Бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны. Для паўпразрыстых рознасцяў характэрна апалесцэнцыя. Бляск шкляны, радзей перламутравы, васковы. Цв. 5—6,5; вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9—2,3 г/см³. Асадкавы, гідратэрмальны. На Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш. Каляровыя (з ірызацыяй) апал — вырабныя камяні. Высакародны апал (вогненны) — каштоўны камень. З апалу складаюцца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для цэменту, напаўняльнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА,
аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).
Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Вячаслаў) (Вацлаў) Антонавіч (19.2.1864, Віленская губ. — 21.2.1939),
дзеяч бел.нац. руху пач. 20 ст., адзін з лідэраў яго правага, паланафільскага, крыла. У 1917 актывіст Бел.сацыяліст. грамады (БСГ), Вял.бел. рады, Цэнтр.бел. вайсковай рады. Кандыдат ад БСГ на выбарах ва Устаноўчы сход. У 1919—20 супрацоўнік вярбовачнага бюро Бел. вайсковай камісіі. Адзін са стваральнікаў арг-цыі «Зялёны дуб». Удзельнік канферэнцыі бел.паліт. арг-цый (Прага, вер. 1921), агітаваў за арыентацыю на Польшчу. Разам з П.Алексюком склікаў у Вільні Бел. з’езд (снеж. 1921), які аформіў праграму паланафільскай плыні бел. руху. Аўтар зб. абразкоў і легендаў «Тыпы Палесся» (1926, пад псеўд. Дзяргач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́НПІС»
(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),
незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.Беліян (Германія, з 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМУХА́ЙЛА (Іван Сямёнавіч) (н. 23.9.1914, с. Топчына Днепрапятроўскай вобл., Украіна),
бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1996). Скончыў Днепрапятроўскае маст. вучылішча (1939). Сярод работ у гіст. жанры: «Вызваленне Заходняй Беларусі» (1949), «Першая баразна» (1950), «Вызваленне» (1951) і інш. Аўтар пейзажаў «Беларускія далячыні» (1953), «Ранняя вясна», «Восень» (абедзве 1956), «На ўзлессі» (1965), «Світае» (1970), «Зялёны лог» (1973), «Песня жыцця», «На радзіме Янкі Купалы» (абедзве 1975), «Сказ пра Белавежскую пушчу» (1978, трыпціх), «Азёрны край», «Беларускія пейзажы» (абедзве 1990-я г.) і інш. Творы Д. адметныя тонкім успрыманнем зменлівага жыцця прыроды, яе прыгажосці і непаўторнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.
Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр.ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.