ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ (Vipera berus),

ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.

Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.

Гадзюка звычайная (знізу чорная форма).

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),

род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх. Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).

Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.

У.​У.​Галубкоў.

Гіпагімнія ўздутая.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),

збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.

Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).

Градзірні: а — вежавая; б — вентылятарная; в — адкрытая; 1 — водападвадны канал; 2 — вежа; 3 — водаразмеркавальнік; 4 — арашальнік; 5 — вадазборны рэзервуар; 6 — водаадводны канал; 7 — вентылятар.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАКУ́ШЫ (Saniidae),

сямейства птушак атр. вераб’іных. Больш за 60 відаў, пашыраны ў Еўразіі, Паўн.-Зах. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды: жулан; С. чарналобы, С. шэры, С. чырвонагаловы. Пералётныя птушкі. Жывуць у садах, парках, гаях, хмызняках. С. чарналобы і С. шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела жулана да 20 см, маса каля 30 г. Галава і шыя шэрыя, спіна рыжавата-каштанавая, каля вачэй чорная папярочная палоска. Хвост доўгі, ступеньчаты. Даўж. С. шэрага каля 25 см, маса 68—75 г. Апярэнне зверху шэрае, знізу белаватае, хвост чорны з белым пер’ем па краях, крылы чорныя. Чарналобы С. меншы (маса 47—53 г), адрозніваецца ад шэрага чорным ілбом. Апярэнне мяккае, крылы кароткія, круглаватыя, хвост доўгі. Дзюба кручком. Кладка — 4—6 яец. Кормяцца насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі паўзунамі, грызунамі, зрэдку птушкамі.

Саракушы: 1 — саракуш шэры; 2 — жулан.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКО́НАВЫЯ, учэпістапальцыя (Gekkonidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.

Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш. Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Геконавыя: 1 — крымскі гекон; 2 — туркменскі гекон; 3 — гладкі гекончык; 4 — туркменскі эўблефар.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,

сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.

Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЧАТЫЯ ЧЭ́РВІ (Annelida), анеліды, кальчацы,

тып беспазваночных жывёл. Паходзяць з сярэдняга кембрыю. 4 класы: малашчацінкавыя чэрві (каля 5 тыс. відаў), многашчацінкавыя чэрві (больш за 6 тыс. відаў), п’яўкі (каля 300 відаў) і эхіўрыды. Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, прэсных вадаёмах, глебе. На Беларусі найб. пашыраны малашчацінкавыя чэрві і п’яўкі.

Найб. высокаарганізаваныя чэрві з другаснай поласцю цела — цэломам. Даўж. ад доляў міліметра да 3 м. Цела сегментаванае, укрыта тонкай кутыкулай. Колькасць сегментаў — да некалькіх соцень. На баках кожнага сегмента органы руху — параподыі. Дыханне праз кутыкулу, у некат. ёсць шчэлепы. Маюць стрававальную, выдзяляльную, нерв. сістэмы, большасць — прымітыўную крывяносную сістэму (сэрца няма), органы смаку, нюху. Органы слыху пабудаваны па тыпу лакатараў. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Размнажэнне бясполае (пачкаванне) і палавое. Развіццё прамое або з ператварэннем (лічынка трахафора). Гл. таксама Дажджавыя чэрві.

Кольчатыя чэрві: 1 — энхітрэус белы; 2 — трубачнік звычайны, 3 — стылярыя азёрная, 4 — медыцынская п’яўка (а — выгляд зверху, б — выгляд знізу).

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАД’ЁМНАЯ СІ́ЛА,

складальная поўнай сілы ціску вадкага ці газападобнага асяроддзя на цела, што рухаецца ў ім, накіраваная перпендыкулярна да скорасці цела.

Існуе пры несіметрычным абцяканні цела асяроддзем. Напр., пры абцяканні крыла самалёта часцінкі асяроддзя, што абцякаюць ніжнюю паверхню, праходзяць за аднолькавы прамежак часу меншы шлях, чым часцінкі, што абцякаюць верхнюю, больш выпуклую паверхню, і, адпаведна, маюць меншую скорасць. Паводле законаў гідрадынамікі ціск у патоку большы там, дзе меншая скорасць, г.зн. што ціск знізу большы, чым зверху, што і прыводзіць да ўзнікнення П.с. Яна вызначаецца формулай: Y = ​1/2 Cyρν​2S, дзе ρ — шчыльнасць асяроддзя, ν — скорасць патоку, што набягае, S — плошча паверхні цела. Су — безразмерны каэфіцыент П.с., які залежыць ад формы цела, яго арыентацыі ў асяроддзі і інш.

Да арт. Пад’ёмная сіла. Абцяканне профілю крыла самалёта. Скорасць v→н < v→в , ціск p→н > p→в , Y — пад’ёмная сіла крыла.

т. 11, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФА́ГНАВЫЯ ІМХІ́ (Sphagnidae),

падклас лістасцябловых імхоў. 1 сям., 1 род, больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя арктычных пустынь. На Беларусі 35 відаў. Найб. вядомыя: сфагнум адагнуты (Sphagnum recurvum), вузкалісты (S. angustifolium), дуброўны (S. nemoreum), магеланскі (S. magellanicum). Сфагнум Ліндберга (S. lindbergii) і мяккі (S. molle) занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах (пераважна вярховых і пераходных), вільготных лугах і ў лясах.

Жоўта-зялёныя, бурыя ці чырванаватыя, двухдомныя або аднадомныя расліны. Дзярнінкі буйныя, мяккія, часта ўтвараюць суцэльнае покрыва. Сцёблы без рызоідаў, прамастойныя, з пучкападобна размешчанымі галінкамі, сабранымі на верхавінцы ў галоўку. Лісце мае 2 тыпы клетак — хларафіланосныя і ваданосныя, якія абумоўліваюць у С.і. высокую вільгацяёмістасць. Спарагоніі адзінкавыя, каробачка шарападобная. Мужчынскія і жан. гаметангіі на розных парастках. Штогод С.і. нарастаюць верхавінкай, знізу адміраюць і ператвараюцца ў торф. Сфагнум магеланскі і буры (S. fuscum) — асн. торфаўтваральнікі на вярховых балотах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. Маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.

Да арт. Сфагнавыя імхі. Сфагнум: 1 — магеланскі; 2 — Гіргензона.

т. 15, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРА́СЫ,

ступенепадобныя формы рэльефу з гарызантальнымі або слаба нахіленымі выраўнаванымі пляцоўкамі на схілах рачных далін, берагах азёр і мораў, абмежаваныя ўступамі зверху і знізу. Утвараюцца пад уздзеяннем праточнай вады (рачныя Т.), хваль вадаёмаў (азёрныя і марскія Т), ва ўмовах тэктанічнага падняцця пэўнай тэр., змены клімату, базісу эрозіі, эўстатычных ваганняў узроўню басейна. Паводле геал. будовы рачныя Т. падзяляюцца на акумулятыўныя (складзены з алювію), эразійныя, або структурныя (з карэнных парод, алювій захаваўся лакальна), эразійна-акумулятыўныя, або цокальныя (ніжняя ч. складзена з карэнных парод, верхняя — з алювію). Часта рачныя Т. размешчаны ў некалькі ярусаў, адна над адной, што сведчыць аб некалькіх цыклах размыву і акумуляцыі. Самай нізкай і маладой Т. з’яўляецца пойма (поймавая Т.), над ёй узвышаюцца надпоймавыя Т. Марскія і азёрныя Т. ўтвараюцца ў выніку абразіі (абразійныя Т.) і намнажэння марскіх і азёрных адкладаў (акумулятыўныя Т.). Часам Т. наз. формы рэльефу інш. паходжання, напр., дэнудацыйныя, апоўзневыя, саліфлюкцыйныя, штучныя (гл. Тэрасаванне).

т. 16, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)