расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1810). Скончыў Пажаскі корпус у Пецярбургу (1781), служыў у гвардыі. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, Аўстэрліцкай бітвы (1805), Фрыдландскай бітвы (1807). У вайну 1812 камандзір 6-га пях. корпуса ў складзе 1-й Зах. арміі, вывеў яго з акружэння ў раёне Ліды (чэрв. 1812), удзельнік Смаленскай аперацыі 1812, Барадзінскай бітвы 1812 і інш. У час замежных паходаў рускай арміі 1813—14 і 1815 камандаваў рас. войскамі ў Варшаўскім герцагстве (з сак. 1813), корпусам у складзе Польскай арміі (з ліп. 1813) і інш., вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕДЫГЕ́Й, Ідыгу,
Ідыку (1352—1419),
эмір Белай Арды, заснавальнік Нагайскай Арды. Разам з ханам Цімур Кутлукам пачаў вайну з Тахтамышам. У 1397 узначаліў войска Залатой Арды. У бітве на Ворскле 1399 разбіў аб’яднаныя сілы вял.кн.літ. Вітаўта і Тахтамыша. Пасля смерці Цімур-Кутлука ў 1399 фактычна стаў на чале Залатой Арды, правёў аб’яднанне ўсіх ранейшых улусаў манг. палкаводца Джучы. У 1406 забіў Тахтамыша, у 1407 арганізаваў паход на г. Булгар. У 1408 напаў на Русь, разбурыў гарады Серпухаў, Дзмітраў, Растоў, Пераяслаў, Ніжні Ноўгарад, аблажыў Маскву, але не ўзяў яе. У час смуты 1410—12 Е. страціў уладу ў Ардзе і ўцёк у Харэзм. Забіты сынам Тахтамыша. Жыццю Е. прысвечаны гераічны эпас цюрк. народаў «Едыгей».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛЮ́МНЫ»,
герб, адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ: у чырв. полі тры белыя слупы, злучаныя ўнізе. Паводле легенда, гэты герб прывёз з сабою з Рыма Палемон, ім карысталіся яго «нашчадкі» — літоўскі княжацкі род. «К.» сустракаюцца на манетах ВКЛ пасля 1386—1420. У Грунвальдскай бітве 1410 з 40 харугваў ВКЛ 10 былі з выявай «К.» (паводле Я.Длугаша, такім знакам Вітаўт клеймаваў коней). «К.» вельмі падобныя да знакаў Рурыкавічаў, т.зв. «трызубцаў», таму шэраг даследчыкаў выводзяць ад іх паходжанне «К.». Верагодна, напачатку «К.» былі гербавым знакам Полацкага княства. На манетах ВКЛ выкарыстоўваліся поруч з «Пагоняй», якая ўвасабляла Літву, а «К.» — Русь. У гэтым значэнні «К.» перасталі выкарыстоўвацца са згасаннем дынастыі Ягелонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАЎ (Міхаіл Пятровіч) (14.11.1788, г. Уладзімір, Расія — 23.4.1851),
рускі мараплавец, даследчык Антарктыкі. Адмірал (1843). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1803). Ажыццявіў тры кругасветныя плаванні: у 1813—16 на судне «Сувораў» (адкрыў атол Сувораў); у 1819—21 камандзірам шлюпа «Мірны» і памочнікам нач. экспедыцыі Ф.Ф.Белінсгаўзена (удзельнічаў у адкрыцці Антарктыды і шматлікіх астравоў); у 1822—25 камандзірам фрэгата «Крэйсер». Камандзір лінкора «Азоў», які вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827. У 1833—50 гал. камандзір Чарнаморскага флоту і партоў Чорнага мора. Імем Л. названы: атол у групе а-воў Расіян у Ціхім ак., мысы ў Амурскім лімане і ў паўн. частцы в-ва Унімак, востраў у Аральскім м., мора каля берагоў Усх. Антарктыды і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́П (Lysippos),
старажытнагрэчаскі скульптар 4 ст. да н.э.; буйнейшы прадстаўнік позняй класікі. Нарадзіўся ў Сікіёне. Быў прыдворным мастаком Аляксандра Македонскага. Працаваў пераважна ў бронзе. У сваёй творчасці, што папярэднічала эліністычнаму мастацтву, адышоў ад ідэальных канонаў Паліклета, імкнуўся да большай жыццёвай непасрэднасці выявы, перадачы драм. складанасці і зменлівасці з’яў, шматпланавых рухаў. Сярод твораў: «Апаксіямен», «Гермес адпачывае», статуі Зеўса ў Тарэнце, Геліяса на калясніцы на в. Родас, шматлікія выявы Геракла і яго подзвігаў («Геракл Фарнезскі», «Геракл са львом» і інш.), манум. скульптурныя групы (конныя дружыннікі Аляксандра Македонскага, якія палеглі ў бітве пры р. Гранік, і інш.). Адзін з пер шых у ант. мастацтве звярнуўся да партрэтнага жанру (партрэт Аляксандра Македонскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),
военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ МУЗЕ́Й БІ́ТВЫ ЗА ДНЯПРО́.
Адкрыты ў 1985 у г.п. Лоеў Гомельскай вобл. на базе матэрыялаў школьнага музея. Да 1990 філіял Бел.дзярж. музея гісторыі Вял.Айч. вайны. Пл. экспазіцыі 170 м², 1,2 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сабраныя матэрыялы прысвечаны бітве армій Цэнтр. фронту за Дняпро на тэр. Гомельскай вобл. ў кастр. 1943. Сярод экспанатаў падп. і франтавыя газеты, лістоўкі, матэрыялы пра дзейнасць партыз. і падп. руху ў раёне, асабістыя рэчы сакратара Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ А.Дз.Рудака, камандзіра злучэння партыз. атрадаў С.А.Каўпака. Адлюстраваны ўдзел у Вял.Айч. вайне ўраджэнцаў раёна Герояў Сав. Саюза К.П.Грыба, А.П.Карпенкі, А.В.Казлова, Дз.К.Марозава, Р.С.Пінчука і Герояў Сав. Саюза, што вызначыліся пры вызваленні раёна ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУС (Якаў Вілімавіч) (1670, Масква — 30.4.1735),
ваенны і дзярж. дзеяч Расіі, вучоны, ген.-фельдмаршал (1726). Граф (1721). Паплечнік цара Пятра I. Паходзіў са знатнага шатл. роду, яго продкі з 1647 жылі ў Расіі. Удзельнік Крымскіх 1687, 1689 і Азоўскіх 1695—96 паходаў. Склаў карту зямель ад Масквы да М. Азіі (1696). Уваходзіў у склад Вялікага пасольства. У 1701 кіраваў Наўгародскім прыказам. Камандаваў артылерыяй у Палтаўскай бітве 1709, Пруцкім паходзе 1711 і інш. У 1717—22 сенатар і прэзідэнт Берг- і Мануфактур-калегій. Разам з дыпламатам А.І.Остэрманам падпісаў Ніштацкі мірны дагавор 1721. З 1726 у адстаўцы. Рэдагаваў геагр. карты і глобусы, перакладаў замежныя кнігі, загадваў (з 1706) Маскоўскай грамадз. друкарняй, развіваў артыл. навуку і інш. Імем Бруса названы грамадз. Каляндар 1709—15.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛІ́ЦКІ (Ян) (каля 1485—1520-я г.),
паэт-лацініст ВКЛ і Польшчы. Паходзіў, верагодна, з Беларусі. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. У 1510—12 працаваў там магістрам (у актах пазначаны як «русін»). Пісаў оды, эпіграмы, элегіі, пасланні («Ода да караля Жыгімонта», «Элегія да багародзіцы дзевы Марыі», «Эпіграма на зайздросніка»). Аўтар эпічнай гіст. паэмы «Пруская вайна» (Кракаў, 1516), 2-я кн. якой прысвечана Грунвальдскай бітве 1410, дзе ўславіў перамогу над крыжакамі, здабытую як нар. змаганне. Твор вызначаецца манументальнасцю батальных сцэн, пластычнасцю вобразаў прыроды. Паэма стаіць каля вытокаў жанру эпапеі ў бел., польск, і літ. л-рах.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Ян Вісліцкі. Мн., 1991;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫН (Аляксандр Міхайлавіч) (29.11.1718, г. Турку, Фінляндыя — 19.10.1783),
расійскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1769), граф. Ваен. падрыхтоўку атрымаў у аўстр. арміі прынца Яўгенія Савойскага. З 1740 на дыпламат. службе ў Стамбуле, потым пасол у Саксоніі. Прымаў удзел у Сямігадовай вайне 1756—63, камандаваў левым крылом рус. арміі ў Кунерсдорфскай бітве (1759). З 1761 узначальваў войскі ў Ліфляндыі. З пач.рус.-тур. вайны 1768—74 галоўнакамандуючы 1-й арміяй. У 1768 разбіў пад Хоцінам 40-тысячную тур. армію Караман-пашы, але з-за адсутнасці асадных гармат не асмеліўся на штурм крэпасці, за што быў адкліканы ў Пецярбург. Да здачы камандавання нанёс паражэнне тур. войскам Малдаван-пашы і авалодаў Хоцінам і Ясамі. З 1769 губернатар Пецярбурга, сенатар.