ЛЕ́МБЕРГ, Лембергс (Lehmbergs) Аляксандрс (25.3.1921, Рыга — 25.11.1985), латвійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Латвіі (1971). Нар.арт.СССР (1982). Скончыў балетную школу пры Нац. оперы і балетную студыю А.Фёдаравай у Рызе (1938). У 1939—68 (з перапынкам) артыст, з 1968 гал. балетмайстар Латв.т-ра оперы і балета. З 1956 выкладчык, у 1964—68 дырэктар Рыжскага харэагр. вучылішча. Сярод партый: Аўстрыс («Лайма» А.Лепіньша), Тот («Сакта свабоды» А.Скултэ), Лайманіс («Стабурагс» А.Калніньша), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Альберт («Жызэль» А.Адана), Прынц, Рамэо і Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Паставіў балеты; «Спрыдытыс» А.Жылінскіса, «У агні» Ю.Карлсана, «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Ц.Пуні, Р.Дрыга, Р.Глазупа, «Скарамуш» Я.Сібеліуса, «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына, «Антоній і Клеапатра» Э.Лазарава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЧЫК (Аляксандра Давыдаўна) (сцэн.псеўд.Ганна Мейчык; 1875, Мінск — 8.8.1934),
расійская спявачка (кантральта). Беларуска па паходжанні. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1898, клас К.Ферні-Джыральдоні). Працавала ў т-рах Расіі, Украіны і інш. У 1908 запрошана ў т-р «Ла Скала», з 1913 — у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1914 канцэртавала ў Еўропе. Спявала ў Марыінскім т-ры. (Пецярбург). З 1922 у ЗША, кіравала вак. студыяй у Нью-Йорку. Валодала моцным, густым і рухомым голасам шырокага дыяпазону (спявала і партыі мецца-сапрана). Сярод лепшых партый: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель, Любаша («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка), Рамэо («Мантэкі і Капулеці» В.Беліні), Артруда, Эрда, Фрыка («Лаэнгрын», «Золата Рэйна» і «Зігфрыд», «Валькірыя» Р.Вагнера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙО́РКСКАЯ ГАРАДСКА́Я О́ПЕРА (New York City Opera). Засн. ў 1943 у Нью-Йорку ў будынку Гар.цэнтр. тэатра. З 1966 працуе ў будынку Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. Адкрыта ў 1944 спектаклем «Тоска» Дж.Пучыні. У рэпертуары творы амер. кампазітараў
сусв. класікаў («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева, «Воцак» А.Берга, «Юлій Цэзар» Г.Ф.Гендэля, «Каранацыя Папеі» К.Мантэвердзі, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Чароўная флейта» В.А.Моцарта, «Травіята» Дж.Вердзі і інш.). З 1984 неангламоўныя творы суправаджаюцца цітрамі на англ. мове («бягучы радок» над прасцэніумам). У т-ры працуюць (2000): спевакі Э.Бертан, С.Паўэл; дырыжоры Дж.Мэнахан, Л.Мейджар; рэжысёры Дж.Робінсан, М.Ламас; маст. кіраўнік П.Келаг.
Я.У.Новікаў.
«Нью-Йоркскі гарадскі балет». Сцэна са спектакля «Антычныя эпіграфы». Балетмайстар Дж.Робінс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗО́ЎСКІ (Арый Майсеевіч) (2.2.1887, г. Перм, Расія —6.1.1953),
расійскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, клас Л.Аўэра). З 1905 дырыжор у Мінску, пазней у розных оперных т-рах, у т. л.Оперным тэатры Зіміна ў Маскве (1908—10), у петраградскім Нар. доме (1916—18). У 1923—28 (з перапынкам) дырыжор, у 1943—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве, у 1936—43 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. Яго інтэрпрэтацыі рус. класічных опер адметныя тонкім густам і філіграннай апрацоўкай дэталей. Сярод пастановак у Ленінградскім т-ры; «Казка пра цара Салтана» М.Рымскага-Корсакава (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1938), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1939), «Чарадзейка» П.Чайкоўскага (1941), «Емяльян Пугачоў» М.Каваля (1942), «Ноч перад Калядамі» Рымскага-Корсакава (1943); у Вял. т-ры — «Фауст» Ш.Гуно (1924), «Валькірыя» Р.Вагнера (1925), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1927), «Іван Сусанін» (1945). Аўтар кн. «Запіскі дырыжора» (2-е выд., 1968). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДКО́ЎСКІ (Аляксандр Рыгоравіч) (30.10.1943, в. Даўгалессе Гомельскага р-на — 19.12.1999),
бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1971 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1986 — Дзярж.акад.нар. аркестра Беларусі імя І.Жыновіча, з 1999 ансамбля нар. музыкі «Свята»Бел. філармоніі. Валодаў голасам прыгожага і багатага тэмбру. Выкананню былі ўласцівы душэўная шчырасць, высокая пеўчая культура стылю бельканта. Сярод оперных партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Берандзей («Снягурка» М.Рымскага-Корсакава), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.А.Моцарта), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Эрнеста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). У рэпертуары бел.нар. песні, песні бел. кампазітараў, рамансы рус. і замежных кампазітараў. Лаўрэат 4-га Міжнар. конкурсу імя П.Чайкоўскага (1970), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Барселоне (1975, Іспанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САН-КА́РЛА»
(Teatro San Carlo),
тэатр оперы і балета ў г. Неапаль (Італія). Адкрыты ў 1737. Будынак пабудаваны па праекце архітэктараў Дж.А.Медрана і А.Карасале. У 18 ст. ставіліся оперы Л.Леа, І.Гасе, К.В.Глюка, Дж.Паізіела, Д.Чымарозы і інш. У 19 ст. прайшлі прэм’еры некат. опер Дж.Расіні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Ж.Бізэ, Ш.Гуно, Дж.Меербера, Р.Вагнера і інш. У 20 ст.вял. месца ў рэпертуары займалі творы кампазітараў Італіі І.Піцэці, Р.Дзанданаі, Ф.Альфана і інш., творы замежных кампазітараў Р.Штрауса, А.Анегера, І.Стравінскага. У т-ры выступалі вядомыя спевакі І.Кольбран, М.Гарсія, Д.Данцэлі, А.Паці, Б.Джыльі, Г.Пазера, П.Дамінга, М.Кабалье, Р.Кабайванская, Л.Павароці, І.Архіпава і інш.; салісты балета Ф.Чэрыта, К.Грызі, Л. дэ Ларэнца, А.Вісконці, М.Бардзін, Э.Мацукелі, В.Нардзі і інш. Сярод дырыжораў т-ра Дж.Патане, Ж.Прэтр, Дж.Прытчард, М.Росі, К.Франчы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н (Аляксандр Якаўлевіч) (1.3.1863, Масква — 17.4.1930),
рускі тэатр. мастак, жывапісец. Акад. жывапісу (1912), нар.арт. РСФСР (1928). У 1881—89 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Паленава, І.Пранішнікава, У.Макоўскага і ў Парыжы (1889, 1897). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». У канцы 1900-х г. афармляў спектаклі, антрэпрызы С.П.Дзягілева ў Парыжы, балет І.Стравінскага «Жар-птушка». Тонкі каларыст, майстар тэатр. касцюма. Аформіў у Маскве спектаклі «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава (1901, Вял.т-р), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1927, МХАТ) і інш.; у Пецярбургу — «Кармэн» Ж.Бізэ (1908, Марыінскі т-р), «Маскарад» М.Лермантава (1917, Александрынскі т-р), «Сольвейг» Э.Грыга (1922, т-р оперы і балета) і інш. Аўтар партрэтаў Ф.Шаляпіна, У.Меерхольда, М.Траянавай і інш. У Нац.маст. музеі 7 работ мастака.
Літ.:
Головин А.Я. Встречи и впечатления;
Письма;
Воспоминания о Головине. Л.;
М, 1960;
Онуфриева С. А.Головнн. Л., 1977;
Гофман И.М. Головин-портретист. Л., 1981;
Александр Головин: Путь художника / Авт.-сост. М.Н.Пожарская. М., 1990.
А.Галавін. Вёска. Эскіз дэкарацыі балета на музыку Э.Грыга «Сольвейг». 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАШО́ВА (Клаўдзія Кузьмінічна) (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Нар.арт.СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.Спадавекія).
Літ.:
Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.