РУДКО́ЎСКІ (Аляксандр Рыгоравіч) (30.10.1943, в. Даўгалессе Гомельскага р-на — 19.12.1999),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1971 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1986 — Дзярж. акад. нар. аркестра Беларусі імя І.​Жыновіча, з 1999 ансамбля нар. музыкі «Свята» Бел. філармоніі. Валодаў голасам прыгожага і багатага тэмбру. Выкананню былі ўласцівы душэўная шчырасць, высокая пеўчая культура стылю бельканта. Сярод оперных партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурка» М.​Рымскага-Корсакава), Дон Атавіо («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Эрнеста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ). У рэпертуары бел. нар. песні, песні бел. кампазітараў, рамансы рус. і замежных кампазітараў. Лаўрэат 4-га Міжнар. конкурсу імя П.​Чайкоўскага (1970), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Барселоне (1975, Іспанія).

Н.​Г.​Мазурына.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)