вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).
Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІН,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв.ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял.Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖА́Н-ГАРАДО́К,
вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).
Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ЧА,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г.п. Круглае, 83 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Слаўнае. 500 ж., 189 двароў (1998).
Вядома з 18 ст. З 1772 у Рас. імперыі. У ліст. 1812 партыз. атрад А.М.Сяславіна каля вёскі знішчыў частку атрада франц. арміі. З 1820 К. — мястэчка, 425 ж., 35 двароў, у 1880—430 ж., 62 двары, карчма, млын, 3 кірмашы на год. У 1909 мястэчка Паўлавіцкай вол. Магілёўскага пав., 672 ж. 95 двароў, крэдытнае т-ва, царкоўнапрыходская школа, аддз. сувязі, фельч.-ак. пункт, вінная крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Круглянскім р-не Аршанскай акругі, з 1925 вёска. У 1931—35 у Талачынскім р-не. У Вял.Айч. вайну 17.9.1942 ням.-фаш. захопнікі поўнасцю спалілі вёску, знішчылі 191 жыхара. Адноўлена пасля вайны. У 1959—66 у Бялыніцкім р-не. У 1972—453 ж., 97 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ ШКО́ЛЫ,
пачатковыя сельскія школы ў Рас. імперыі; засноўваліся пасля земскай рэформы 1864 і ўтрымліваліся на сродкі земстваў. Працавалі па планах і праграмах Мін-ванар. асветы. Былі аднакласныя, пераважна з 3-гадовым навучаннем (1 настаўнік), і двухкласныя з 4-гадовым навучаннем (2 настаўнікі). У канцы 19 ст. тэрмін навучання ў многіх аднакласных З.ш. быў павялічаны да 4 гадоў, у двухкласных — да 5—6 гадоў. Выкладаліся: Закон Божы, чытанне, пісьмо, арыфметыка, спевы; у некат. даваліся звесткі па прыродазнаўстве, геаграфіі, гісторыі. У параўнанні з міністэрскімі і царкоўнапрыходскімі школамі ў З.ш. была лепш арганізавана навучальна-выхаваўчая работа, пры асобных былі б-кі, «начлежныя прытулкі» для дзяцей з аддаленых вёсак, гарачае харчаванне. Адыгралі значную ролю ў пашырэнні пісьменнасці сярод сялян. Ва ўсх.ч. Беларусі З.ш. пачалі адкрывацца з 1907. У 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях іх было 373. У 1918 рэарганізаваны ў прац. школы.
Літ.:
Звягинцев Е.А. Полвека земской деятельности по народному образованию. 2 изд. М., 1917;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985. С. 370—374;
Мяцельскі М.С. Земствы і школа на Беларусі (1903—1917) // Пач.школа. 1992. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ПАГО́СТ,
вёска ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Міёры—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета. За 18 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Міёры, 198 км ад Віцебска. 580 ж., 288 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Касцёл (1989). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.).
У пісьмовых крыніцах у ВКЛ вядома з канца 15 ст. пад назвай Пагост як месца збору даніны. У 15—18 ст. належаў І.Сапегу, Клоту, М.Сіняўскаму, Л.Сапегу, С.Бужынскаму і Ф.Юндзілу. З 1795 мястэчка ў складзе Рас. імперыі. У 1818 з маёнтка Пагост вылучылася частка пад назвай Стары Пагост (за 7 км ад яго, мела 284 ж., 31 двор); мястэчка сталі называць Н.П. У 1859 у Н.П. 119 ж., 32 двары. З 1862 працавала школа, цэнтр воласці Дзісенскага пав. У 1878—79 пабудавана Мікалаеўская царква. У 1897—607 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр воласці Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Новапагосцкага с/с Міёрскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ВІЧЫ,
вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы—Высокае. Цэнтр сельсавета. За 26 км на ПнЗ ад г. Камянец, 39 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 678 ж., 267 двароў (1996). Вярховіцкі крухмальны з-д, участак Высокаўскага прамысл.-гандл. камбіната. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТАР (Віктар Бенядзіктавіч) (28.7.1902, г. Даўгаўпілс, Латвія — 14.4.1931),
бел. пісьменнік. У 1922—26 студэнт каморніцкага ф-та Чэшскага вышэйшага тэхнікума (Прага). Захварэўшы на туберкулёз, перапыніў вучобу, вярнуўся ў Латвію. Настаўнічаў у бел. школах. Друкаваўся з 1923. Пісаў вершы, апавяданні, нарысы (псеўданім Янка Палын). Раман «Роджаныя пад Сатурнам» (апубл. 1991, газ. «Голас Радзімы») грунтуецца на ўспамінах аб студэнцкім жыцці.
Тв.:
Леснікова сена: Апавяданне. Рыга, 1932.
Літ.:
Езавітаў К. В.Б.Вальтар // Бел.школа ў Латвіі. 1932. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЭ́ ((Quesnay) Франсуа) (4.6.1694, г. Мер, Францыя — 16.12.1774),
французскі вучоны-эканаміст, заснавальнік школы фізіякратаў. Д-р медыцыны (1744). Прыдворны ўрач Людовіка XV. К. і яго школа абверглі асн. тэзіс меркантылізму аб узнікненні прыбытку з абарачэння і выводзілі прырост багацця з працэсу вытв-сці. У працы К. «Эканамічная табліца» (1758) упершыню зроблена спроба правесці аналіз грамадскага ўзнаўлення з пазіцыі вызначаных балансавых прапорцый паміж натуральнымі (рэчавамі) і вартаснымі зменамі грамадскага прадукту.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. экономические произведения. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЦІЧЫ,
вёска у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Гомель—Калінкавічы. Цэнтр сельсавета. За 29 км на ПдЗ ад г. Рэчыца, 60 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Бабічы. 1020 ж., 476 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Каля вёскі гарадзішчы мілаградскай (7—3 ст. да н. э.) і зарубінецкай (2 ст. да н. э. — 5 ст.н. э.) культур.