ТЭМБР (франц. timbre ад грэч. tympanon барабан) у музыцы, гукавая афарбоўка, уласцівая пэўнаму муз. інструменту або пеўчаму голасу; найважнейшая характарыстыка гуку музычнага (побач з вышынёй, гучнасцю і працягласцю). Тэмбравыя адрозненні (пры аднолькавай вышыні і моцы) узнікаюць у залежнасці ад матэрыялу і формы вібратара, умоў, у якіх атрымліваюцца акустычныя ваганні; на практыцы прадвызначаецца разнастайнасцю інструментаў, на інструменце — спосабамі гуказдабывання. Слухач успрымае Т. пераважна асацыятыўна (гукі яркія, цёплыя, халодныя, глыбокія, мяккія, насычаныя і інш.). Т. — важны сродак муз. выразнасці Пры яго дапамозе можна вылучыць кампанент муз. цэлага, узмацніць ці аслабіць кантрасты, падкрэсліць падабенствы ці адрозненні ў працэсе развіцця муз. твора і інш. Пошукі новых Т. і іх спалучэнняў працягваюцца; ствараюцца электрамуз. інструменты, сінтэзатары гукаў. Асобым кірункам у выкарыстанні Т. з’яўляецца санорыка.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 16, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада для вымярэння сілы пераменнага току (радзей эл. напружання, магутнасці) на аснове спалучэння аднаго ці некалькіх тэрмапераўтваральнікаў і магнітаэлектрычнай прылады.

Тэрмапераўтваральнік складаецца з адной ці некалькіх тэрмапар і награвальніка, па якім працякае ток, што вымяраецца. Пад дзеяннем цяпла, што вылучае награвальнік, паміж свабоднымі канцамі тэрмапары ўзнікае электрарухальная сіла, якая вымяраецца магнітаэл. прыладай. Межы вымярэння сілы пераменнага току пашыраюць шунтамі, спец. ВЧ трансфарматарамі і інш.; межы вымярэння напружанасці — дадатковымі рэзістарамі. Т.п. як амперметр выкарыстоўваюць у дыяпазоне частот да 30 МГц, як вальтметр — да 1 МГц. Асаблівасць Т.п. — недапушчальнасць вял. перагрузак (не больш як у 1,5 раза).

Тэрмаэлектрычная прылада вымяральная (а — амперметр, б — вальтметр); 1 — награвальнік; 2 — тэрмапераўтваральнік; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; ВМ — вымяральны механізм.

т. 16, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХІЛЕ́ННЕ АД ВАЕ́ННАЙ СЛУ́ЖБЫ,

прадугледжаныя крымін. законам злачынствы супраць устаноўленага парадку прызыву, воінскага ўліку і нясення ваен. службы. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў адносяцца: ухіленне ад прызыву па мабілізацыі ў ваен. і ў мірны час, у т. л. шляхам сімуляцыі хваробы або праз нанясенне сабе цялесных пашкоджанняў ці падлогу дакументаў; ухіленне ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы; ухіленне прызыўніка або ваеннаабавязанага ад воінскага ўліку; дэзерцірства; ухіленне ваеннаслужачага ад нясення абавязкаў ваен. службы шляхам членашкодніцтва, самавольнае пакіданне месца службы ў баявой сітуацыі і да т.п. За ўчыненне такіх дзеянняў прадугледжаны меры пакарання: штраф, папраўчыя работы, арышт і абмежаванне свабоды на пэўны тэрмін ці накіраванне ў дысцыплінарную вайск. часць, пазбаўленне волі на вызначаныя законам тэрміны.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЭ́Я (ад грэч. choreia танец),

нервовая хвароба, якая характарызуецца паторгваннем мышцаў, самаадвольнымі, некаардынаванымі рухамі; від гіперкінезу. Прычыны: арган. пашкоджанне мозга пры рэўматызме (рэўматычная, ці малая Х.), спадчыннае захворванне (Х.​Гентынгтана); бывае таксама Х. цяжарных.

Малая Х. развіваецца звычайна ў дзяцей і падлеткаў, акрамя гіперкінезу, характарызуецца зніжэннем мышачнага тонусу, плаксівасцю, хуткай зменай настрою і інш. Х. Гентынгтана часцей назіраецца ў сталым узросце, пашкоджвае падкоркавыя аддзелы і кару галаўнога мозга. Прыкметы: псіхічныя расстройствы (апатыя), галюцынацыі і інш. Вядзе да слабасці розуму. Х. цяжарных часцей бывае пры першай цяжарнасці (у першыя 3 мес). У 30% выпадкаў — рэцыдыў малой Х., перанесенай у дзяцінстве. Бывае таксама ў цяжарных жанчын, якія часта хварэлі ангінамі ці ў якіх былі атакі вострага сустаўнага рэўматызму. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 16, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАБО́Р (Thymus),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 150 (паводле інш. звестак 400) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы. Некалькі відаў, асабліва Ч. звычайны (Tn. vulgaris), вырошчваюць як эфіраалейныя і лек. культуры ў краінах Еўропы і Амерыкі. На Беларусі 3 віды Ч.: блышыны (Th.pulegioides), паўзучы, або звычайны, ці багародская трава (Th. serpyllum, нар. назвы цымбер, цэбрык, калатовічкі), Маршала (Th.marschallianus). Трапляюцца на пясчаных схілах, у хмызняках, узлесках, уздоўж дарог.

Нізкія кусцікі і паўкусцікі з паўзучымі прыўзнятымі дравяністымі сцёбламі. Лісце супраціўнае, суцэльнае, чаранковае або сядзячае. Кветкі дробныя, у несапраўдных кальчаках, сабраныя ў галоўчатыя ці коласападобныя суквецці. Плод — арэшак. З лісця Ч. атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваюць у медыцыне, парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., тэхн., харч. расліны.

т. 17, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУБА́ТКА (Corydalis),

род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, 1 від — у гарах Усх. Афрыкі.

На Беларусі 3 віды Ч.: пустая, або цыбульная (C. cava), прамежкавая (C. intermedia; занесена ў Чырв. кнігу) і шчыльная, ці Галера (C. solida). Трапляюцца ў лісцевых і мяшаных лясах, сярод хмызняку, цвітуць рана вясной. У культуры Ч.: буйнакветная (C. gigantea), высакародная (C. nobilis), жоўтая (C. lutea) і інш.

Адна-, радзей двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, часта з падземнымі клубнямі. Сцябло простае. Лісце пераважна двойчы-тройчыперыстае, чаргаванае. Кветкі фіялетавыя, жоўтыя ці белаватыя, няправільныя, са шпоркай, сабраныя ў рыхлую гронку. Плод — стручкападобная каробачка. Клубні ядавітыя, маюць алкалоіды, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.

Чубатка прамежкавая.

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКА́ЛЫ (Canis),

млекакормячыя жывёлы роду ваўкоў сям. воўчых атр. драпежных. 4 віды Ш.: азіяцкі, ці звычайны (C. aureus), паласаты (C. adustus), чапрачны (C. mesomelas), эфіопскі (C. simensis). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд., Цэнтр. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы, Усх. і Паўд. Афрыцы. Жывуць у зарасніках, часта каля населеных пунктаў. Эфіопскі Ш. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 85 см, хваста — да 36 см, маса да 13 кг. Падобныя на ваўка, але драбнейшыя, з карацейшым хвастом і вузкай, завостранай мордай. Ногі тонкія, вушы стаячыя, злёгку закругленыя. Хвост кароткі, тоўсты і пушысты. Нараджае 4—9 шчанят. Амаль усёедныя, кормяцца грызунамі, птушкамі, змеямі, мярцвячынай, пладамі, ягадамі. Шкодзяць паляўнічай гаспадарцы.

Э.​Р.​Самусенка.

Шакалы: 1 — чапрачны, 2 — азіяцкі, ці звычайны.

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧА́ЎЕ (Rumex),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў нетрапічных зонах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 19 відаў. Найб. вядомыя Ш.: вераб’інае, або малое, ці шчаўлюк (R. acetosella), кіслае, або звычайнае (R. acetosa), конскае (R. confertus), кучаравае (R. crispus), лясное (R. sylvestris), пірамідальнае (R. thyrsiflorus). Трапляюцца на лугах, узлесках, травяністых схілах, балотах. Культывуюць садовыя формы і сарты Ш. кіслага і маршчакаватага (R. rugosus).

Адна- і шматгадовыя травяністыя і паўкустовыя расліны выш. да 120 см. Сцёблы прамыя, разгалінаваныя. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, суцэльнае, лінейнае ці стрэлкападобнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Плод арэшкападобны. Лек., агароднінныя, кармавыя расліны, многія віды — пустазелле.

Дз.​І.​Траццякоў.

Шчаўе: 1 — кіслае; 2 — кучаравае; 3 — конскае; 4 — тупалістае; 5 — вераб’інае.

т. 17, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. abstructio перашкода, забарона),

від пратэсту, метад барацьбы, дзеянні, учынкі асоб ці калектываў, накіраваныя на зрыў якога-небудзь мерапрыемства, прапановы. Найб. пашырана ў парламентах — доўгія прамовы, якія не маюць дачынення да справы.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РСІЯ (ад франц. aversion агіда) сексуальная, адна з цяжкіх формаў сексуальнай дысфункцыі; стан, процілеглы лібіда. З’яўляецца вынікам узаемаадносін з партнёрам, які выклікае расчараванне сваімі паводзінамі, учынкамі і г.д., ці пэўнай псіхал. несумяшчальнасці партнёрскай пары.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)