«Саюз дабрабыту», тайная арганізацыя дзекабрыстаў у 1818—21. Засн. на базе «Саюза выратавання». Уваходзілі А.М. і М.М. Мураўёвы, С.І. і М.І. Мураўёвы-Апосталы, П.І.Песцель, І.Дз.Якушкін, М.С.Лунін і інш. Заканадаўчая ўлада ў «С.п.» належала Карэннай управе (30 заснавальнікаў), выканаўчая — Думе (6 чал.), мясц. ўправы існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Тульчыне, Кішынёве і інш. Мэта «С.п.» — ліквідаваць самадзяржаўе, прыгонніцтва, увесці канстытуц. праўленне. Чл. саюза праз друк і літ.-асветныя т-вы ўздзейнічалі на грамадскую думку. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва, неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да яго роспуску. Найб. актыўныя члены арганізавалі «Паўднёвае таварыства дзекабрыстаў» і «Паўночнае таварыства дзекабрыстаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. simulatio няшчырасць, прытворства),
паводзіны, накіраваныя на імітацыю хваробы ці яе сімптомаў з мэтай увесці ў зман. Матывамі С. могуць быць дасягненне пэўных ільгот, ухіленне ад абавязкаў, імкненне пазбавіцца ад адказнасці за ўчыненае злачынства, прыцягнуць да сябе ўвагу і ў інш. Мэты С. могуць быць усвядомленыя (робіцца зацікаўленай асобай з пэўнай мэтай) і неўсвядомленыя (яе выпадкі назіраюцца, напр., у асоб з істэрычнымі неўрозамі, калі С. становіцца адным са спосабаў неадэкватнага вырашэння неўратычнага канфлікту). С. з мэтай ухілення ад прызыву на ваен. службу або ад яўкі на зборы праз прытворную хваробу крымінальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь разглядае як адну з прыкмет злачынства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),
прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.
Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш.Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,
рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:
Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.Купала. «А зязюлька кукавала...»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНІ́МСКІ Міхаіл Леанідавіч (2.8 1897, С.-Пецярбург — 8.10.1972),
рускі пісьменнік. Унук З.Я.Сланімскага. Вучыўся ў Петраградскім ун-це. Першая кніга — зб. апавяданняў пра 1-ю сусв. вайну «Шосты стралковы» (1922). Раман «Лаўровы» (1926; 2-я рэд. 1953), трылогія «Інжынеры» (1950), «Сябры» (1954), «Равеснікі стагоддзя» (1959) і інш. пра інтэлігенцыю. Аўтар рамана «Сярэдні праспект» (1927), «Праз сем гадоў» (1963), «Кнігі ўспамінаў» (1966) і інш. Ад эфектнага метафарычнага стылю ранніх твораў пазней прыйшоў да лаканічнага рэаліст. стылю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1969—70;
Избранное. Т. I—2. М., 1980.
Літ.:
Луговцов Н. Михаил Слонимский: Критико-биогр. очерк. М., 1966.
ліквар, празрыстая бясколерная вадкасць, якая напаўняе поласці спіннога мозга і галаўнога мозга ў пазваночных жывёл і чалавека.
Мае ў сабе ваду (89%), бялкі (0,22—0,33%), глюкозу, солі, ферменты, лейкацыты (да 5%); мае слабашчолачную рэакцыю (pH 7,4—7,6), удз. в. 1,006—1,007. Утвараецца залозістымі клеткамі сасудзістага спляцення мазгавых жалудачкаў, дыялізам крыві праз сценкі крывяносных капіляраў. Аднаўляецца 4—8 разоў за суткі. Засцерагае мозг пры энергічных рухах галавы, забяспечвае падтрыманне ўнутрычарапнога ціску, пастаянства ўнутр. асяроддзя і ўмовы тканкавага абмену ў ц. н. с. Даследаванне саставу С.в. выкарыстоўваецца для дыягностыкі хвароб ц. н. с. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАБАСКО́П (ад грэч. strobos кружэнне, бязладны рух + ...скоп),
дэманстрацыйная ці кантрольна-вымяральная прылада, прынцып дзеяння якой грунтуецца на страбаскапічным эфекце.
У дэманстрацыйных С. відарысы (рысункі, фатаграфіі) паслядоўных фаз руху якога-н. аб’екта размяшчаюцца на дыску (найб. пашырана), барабане ці папяровай стужцы. Пры хуткай змене гэтых відарысаў у назіральніка, які бачыць іх праз вузкія шчыліны, ствараецца ўражанне неперарыўнага руху аб’екта. Удасканаленыя дэманстрацыйныя С. былі папярэднікамі кінематографа. Кантрольна-вымяральныя С. маюць імпульсную крыніцу святла. Калі частата імпульсаў святла супадае, напр., з перыядам вярчэння аб’екта, то ствараецца ўражанне, што аб’ект нерухомы. Пры невял. рознасці гэтых частот здаецца, што аб’ект рухаецца павольна. Гл. таксама Страбаскапічныя прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ША,
рака ў Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас.р. Дняпро). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 354 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Рагі Клічаўскага р-на, вусце за 700 м на Пд ад в. Ваевічы Клічаўскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, на вял. працягу праз лясныя масівы. Даліна слабавыразная, у ніжнім цячэнні зліваецца з далінай р. Ольса, шыр. ад 500 м да 1 км. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, месцамі забалочаная. Рэчышча ад вытоку на працягу 7,5 км каналізаванае, ніжэй свабодна меандруе, моцназвілістае, шыр. 5—7 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРТА́К, Лучыла,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача (цячэ праз возера), за 20 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,54 км², даўж. 1,76 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 11,4 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 6—9 м (на ПдУ 10—15 м), пад лесам. На ПнУ і ПдЗ пойма шыр. 100—150 м, парослая хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі пад хмызняком, забалочаныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці. Ракой Ушача злучана з азёрамі Мурагі і Царкавішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭТРАЭТЫЛСВІНЕ́Ц (ТЭС),
найбольш пашыранае свінецарган. злучэнне (C2H5)4Pb; антыдэтанатар маторнага паліва.
Бясколерная масленая лятучая вадкасць, шчыльн. 1650 кг/м³; кіпіць з раскладаннем tкіп 200 °C)> павольна раскладаецца пры пакаёвай т-ры. Не раствараецца ў вадзе, змешваецца з арган. растваральнікамі. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем этылхларыду C2H5CI са сплавам свінцу з натрыем, электролізам водна-спіртавога раствору этылбраміду C2H5Br і гідраксіду натрыю на катодзе з губчатага свінцу і графітавым анодзе. Выкарыстоўваюць у выглядзе этылавай вадкасці як антыдэтанацыйную прысадку да бензіну, як каталізатар у арган. сінтэзе (напр., полімерызацыі алефінаў, вінілхларыду і акрыланітрылу, алкіліравання вуглевадародаў), напаўняльнік у лічыльніку Гейгера. Высокатаксічны; лёгка пранікае праз скуру, ГДК 0,005 мг/м³.