СУ́ЗЫ (эламскае Шушан, сучаснае Шуш),

старажытны горад, сталіца дзяржавы Элам. Руіны каля 20 км на ПдЗ ад г. Дызфуль (тэр. сучаснага Ірана). У 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. С. — значны паліт. і эканам. цэнтр, пра што сведчаць выяўленыя ў выніку раскопак грабніцы цароў, вял. колькасць прылад працы, зброя, вырабы з золата. У 2-й пал. 3-га — 1-й трэці 1-га тыс. да н.э. С. — сталіца Элама. У 645 да н.э. зруйнаваны сірыйскім царом Ашурбаніпалам. Пасля заваявання персамі (сярэдзіна 6 ст. да н.э.) стала зімовай рэзідэнцыяй Ахеменідаў, потым (з 4 ст. да н.э.) іх пераемнікаў — Аляксандра Македонскага (у гэты час горад развіваўся на ўзор грэч. поліса) і Селеўкідаў. У 640-я г. н.э. С. разбураны араб. заваёўнікамі. Як неўмацаванае паселішча горад існаваў некалькі стагоддзяў, потым заняпаў.

Руіны С. маюць выгляд 4 узгоркаў: «узгорак акропаля» на Пд (царскі горад Элама), «узгорак ападаны» на Пн [руіны ахеменідскага палаца (521 — І-я пал. 4 ст. да н.э.) з рэльефамі з паліванай цэглы, рэшткі параднай залы-ападаны і храма агню), «узгорак царскага горада» на У (рэзідэнцыя ахеменідскай і сасанідскай знаці), «узгорак горада рамеснікаў» (некропаль парфянскага і селеўкідскага часу) на У ад царскага горада. Ад протаэламскага перыяду (канец 4-га — пач. 3-га тыс. да н.э.) дайшлі багатыя пахаванні з ляпнымі размаляванымі керамічнымі пасудзінамі і помнікамі іерагліфічнай эламскай пісьменнасці; ад эламскага мастацтва (2—1-га тыс. да н.э.) — скульптура, кераміка, размаляваныя паліваныя абліцоўкі, рэльефы, помнікі, прывезеныя з паходаў у Месапатамію (стэлы Нарам-Суэна, ці Нарамсіна, Хамурапі; абедзве ў Луўры). Найб. познія знаходкі адносяцца да 9—10 ст. н.э.

Сузы. Рэльеф ахеменідскага палаца.

т. 15, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1524—26,

найбуйнейшае антыфеад. выступленне сялян (падтрымана асобнымі гарадамі і рыцарамі) у сярэдневяковай Германіі, у частцы Аўстрыі і Швейцарыі. Была працягам шматлікіх сял. хваляванняў з 14 ст. (рух Г.Бёгайма, змова «Башмака» і інш.). Праходзіла ва ўмовах рэліг. Рэфармацыі. Выклікана эканам., сац. і паліт. прычынамі (уціск сялян землеўласнікамі, падатковы прыгнёт, у т. л. царк. дзесяціна, і інш.). Пачалася ў чэрв. 1524 з паўстання на Пд Германіі (ландграфства Шцюлінген). Пад уплывам прапаганды Т.Мюнцэра і анабаптыстаў паўстанне набыло арганізаваны характар. З пач. 1525 яно ахапіла Верхнюю Швабію і Франконію. У крас. 1525 паўсталі сяляне ў Цюрынгіі, у маі — у Ціролі. Лідэрамі паўстанцаў былі Мюнцэр, Ф.Геер, М.Гайсмайр і інш. У раёнах сял. паўстанняў дзейнічалі буйныя атрады колькасцю да некалькіх тыс. чал., яны авалодалі шэрагам замкаў. Былі распрацаваны некалькі утапічных праграмных дакументаў паўстанцаў («Артыкульнае пісьмо», «12 артыкулаў», «Гейльбранская праграма» і інш.), якія з пазіцый «боскага права» адлюстроўвалі ідэю сац. справядлівасці. Многія вёскі і цэлыя мясцовасці адмаўляліся ад выканання феад. павіннасцей і патрабавалі ад сваіх землеўласнікаў іх ліквідацыі. Але разрозненасць асн. цэнтраў паўстанняў і іх слабая падтрымка бюргерствам аблегчылі задушэнне сял. вайны сіламі Швабскага саюза і інш. рыцарскіх войск. Апошнімі супраціўляліся паўстанцы ў Ціролі, Карынтыі, Штырыі, Крайне (да лета 1526). Паражэнне С.в. не прывяло да істотных змен у становішчы сялянства ў Германіі, але вайна засведчыла вял. сац. актыўнасць сял. саслоўя. Рэхам С.в. была Мюнстэрская камуна (1534—35).

У марксісцкай гістарыяграфіі С.в. 1524—26 разглядаецца як кульмінацыя раннебурж. рэвалюцыі перыяду Рэфармацыі.

Літ.:

Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;

Blickle P. Die Revolution von 1525. München, 1993.

т. 15, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),

сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).

Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.

Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.​Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна). На аснове ўкр. нар. верша Т.​Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.​Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь» М.​Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.​Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.​Танка, П.​Панчанкі, К.​Кірэенкі і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗРО́СТ чалавека,

характарыстыка канкрэтнай стадыі біял. і сац.-псіх. развіцця асобы. Выбар крытэрыю ўзроставых перыядаў залежыць ад многіх фактараў (біял. асаблівасцей арганізма, фактараў сац. асяроддзя, узроўню навук. ведаў і інш.). Біял. У. абумоўліваецца генетычна і вызначаецца сукупнасцю структурных, абменных, функцыян., рэгулятарных і адаптыўных магчымасцей арганізма. Узроставыя перыяды характарызуюцца тэрмінамі, якія неабходны для завяршэння пэўнага этапу развіцця. Адрозніваюць прэнатальны (да нараджэння) і постнатальны (пасля нараджэння) этапы. У постнатальным развіцці вылучаюць некалькі перыядаў. Дзіцячы У. ахоплівае час ад нараджэння да палавога выспявання: нованароджанасць (да 4 тыдняў); грудны, або малодшы ясельны (1-ы год жыцця); старэйшы ясельны (1—3 гады); дашкольны (3—6-7 гадоў); малодшы школьны (6-7—12-13 гадоў); старэйшы школьны, або падлеткавы, ці перыяд палавога выспявання (дзяўчынкі 12—16, хлопчыкі 13—16-17 гадоў). Юнацкі У. характарызуецца запавольваннем росту цела (жанчыны 16—20, мужчыны 17—21 год). Спелы У. падзяляецца на 2 перыяды: 1-ы характарызуецца спыненнем росту цела, адноснай устойлівасцю і росквітам функцый арганізма (жанчыны 20—35, мужчыны 21—35 гадоў), 2-і — перабудовай нейраэндакрыннай рэгуляцыі, зменай фізіял. функцый і з’яўленнем першых клінічных праяўленняў захворванняў (жанчыны 35—55, мужчыны 35—60 гадоў). Пажылы У. характарызуецца паскарэннем старэння і з’яўленнем хвароб, уласцівых гэтаму У., — атэрасклероз, гіпертанічная хвароба, анкалагічныя захворванні і інш. (55—60 да 75 гадоў). Старэчы У. характарызуецца паскарэннем інвалюцыі арганізма, зніжэннем адаптыўных магчымасцей, большай імавернасцю смерці (пасля 75 гадоў, болей за 90 — доўгажыхар). Храналагічны (пашпартны) У. чалавека мае дакладныя межы міжузроставага інтэрвалу, які вымяраецца ў гадах, месяцах, тыднях і інш., і адлюстроўвае канкрэтныя вынікі і стадыі сац.-псіх. развіцця асобы.

Літ.:

Биология старения. Л., 1982;

Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.

А.​С.​Леанцюк.

т. 16, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНЦУ́ЗСКАЯ КАМПА́НІЯ,

наступальныя дзеянні германскіх войск супраць Францыі 10.5—24.6.1940 у час другой сусветнай вайны 1939—45. Мэта — разграміць англа-франка-бельг. войскі, акупіраваць Нідэрланды, Бельгію, Люксембург, прымусіць Францыю да капітуляцыі, а Вялікабрытанію — да падпісання выгаднага для Германіі міру. Германія сканцэнтравала групы армій «Б», «A» і «Ц» (усяго 136 дывізій, 2580 танкаў, 7378 гармат, 3824 самалёты). Саюзныя войскі налічвалі 147 дывізій, каля 3100 танкаў, больш за 14 500 гармат, каля 3800 самалётаў. 10 мая ням. войскі, у парушэнне нейтралітэту Нідэрландаў, Бельгіі і Люксембурга; пачалі наступленне, і, скончыўшы т.ч. «дзіўную вайну», прарвалі фронт франц. войск на паўн. флангу, дзе буд-ва «Мажыно лініі» не было завершана. 14 мая капітулявала нідэрл. армія. 21 мая ням. войскі выйшлі на ўзбярэжжа Ла-Манша і адрэзалі 50 дывізій саюзнікаў ад асн. сіл (гл. Дзюнкеркская аперацыя 1940); акружаныя войскі былі эвакуіраваны ў Англію. 28 мая капітулявала бельг. армія. Ням. войскі пайшлі ў глыб Францыі і 14 чэрв. без бою занялі Парыж. 22 чэрв. Францыя капітулявала. У выніку Германія акупіравала Нідэрланды, Бельгію, Люксембург і ч. Францыі. У абарончых баях на тэр. Францыі прымалі ўдзел грамадзяне Польшчы, у т. л. беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Страты франц. войск склалі 84 тыс. чал. забітымі і 1,5 млн. палоннымі (у баях з ням. войскамі на «Мажыно лініі» загінула некалькі дзесяткаў беларусаў). Ням. войскі страцілі 44 тыс. чал. забітымі і прапаўшымі без вестак і 111 тыс. параненымі.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939-1945. Т. 3. М., 1974;

Ратиани Г.М. Конец Третьей республики во Франции. М., 1964;

Грыбоўскі Ю. Беларускія салдаты на заходніх франтах Другой сусветнай вайны // Армия. 2001. №4.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ГАЎСКА-ПРЫ́ПЯЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Цэнтральнага фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 26.8—30.9.1943; 1-я частка бітвы за Дняпро 1943. Мэта аперацыі — разгром ням. войск на Ноўгарад-Северскім і Канатопскім напрамках, выхад да р. Дняпро. У пач. аперацыі ў склад фронту ўваходзілі 13-я, 48-я, 65-я, 60-я, 61-я, 2-я танк. і 16-я паветр. арміі. Ім процістаялі ням. 2-я армія і частка войск 9-й арміі групы армій «Цэнтр», частка войск 4-й танк. арміі групы армій «Поўдзень». 26 жн. сав. войскі 2-й танк. і 65-й армій, прарваўшы абарону праціўніка на гал. напрамку, авалодалі 27 жн. г. Сеўск і прасунуліся на 20—25 км. Войскі ж 60-й арміі да 31 жн. прасунуліся на 60 км і ўступілі на тэр. Украіны. Развіваючы гэты поспех, войскі левага крыла фронту выйшлі да р. Дзясна, фарсіравалі р. Сейм; 6 вер. яны вызвалілі г. Канатоп, 9 вер. — г. Бахмач, 15 вер. — г. Нежын. Войскі правага крыла таксама выйшлі да Дзясны і фарсіравалі яе; 16 вер. яны вызвалілі г. Ноўгарад-Северскі, 21 вер. — г. Чарнігаў, фарсіравалі р. Дняпро; 23 вер. вызвалілі г.п. Камарын і захапілі плацдарм на правым беразе р. Прыпяць. Войскі 48-й і 65-й армій, што наступалі на Гомельскім напрамку, захапілі 2 плацдармы на правым беразе р. Сож, 26 вер. вызвалілі г.п. Церахоўка. Значную дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны, якія захапілі на Дняпры і Прыпяці некалькі перапраў, а таксама зрывалі перавозкі ням. войск у ходзе аперацыі «Канцэрт». У выніку Ч.-П.а. сав. войскі прасунуліся на 300 км на З, замацаваліся на занятых плацдармах, што садзейнічала вызваленню Беларусі і Правабярэжнай Украіны.

т. 17, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць грашова-крэдытных адносін, што склаліся на аснове інтэрнацыяналізацыі вытв.-гасп. дзейнасці, развіцця сусв. рынку і замацаваны ў дагаворных і дзяржаўна-прававых нормах. Бывае нац., сусв. і міжнар. (рэгіянальная). Нац. Валютная сістэма — сукупнасць эканам., грашова-крэдытных адносін, мэта якіх забяспечыць функцыянаванне валюты для знешнеэканам. сувязяў краіны; форма арганізацыі і рэгулявання валютных адносін на аснове заканадаўчых актаў і міждзярж. пагадненняў краіны. Асн. яе элементы: нац. валюта, аб’ём і састаў валютных рэзерваў, умовы канверсаванасці, парытэт і курс нац. валюты, валютнае рэгуляванне і кантроль, асн. формы і метады валютных абмежаванняў, рэгламентацыя выкарыстання міжнар. крэдытных сродкаў абарачэння, рэжым нац. валютнага рынку, статус органаў па рэгуляванні валютных адносін краіны. Сусв. Валютная сістэма — сукупнасць валютна-эканам. адносін, абумоўленых сусв. гасп. сувязямі. Асн. элементы: пэўны набор міжнар. плацежных сродкаў (нац., замежныя і калектыўныя міжнар. валюты), умовы канверсаванасці і абмену валют (уключаючы валютныя курсы і парытэты), уніфікацыя і рэгламентацыя формаў і правіл выкарыстання міжнар. плацежных сродкаў, крэдытавання і разлікаў, рэжым сусв. валютных рынкаў і рынкаў золата, міжнар. арг-цыі па міжнар. валютным рэгуляванні.

З 19 ст. ў аснове сусв. валютнай сістэмы быў «залаты стандарт» (курс і вартасці валют вызначаліся колькасцю ў іх золата), які з 1913 пачаў разбурацца. У 1944 распрацаваны прынцыпы брэтанвудскай сусв. валютнай сістэмы, ці золата-валютнага стандарту (устанаўленне цвёрдых валютных курсаў на аснове золата і долара ЗША), існавала да 1971—73. Сучасная (ямайская) сусв. валютная сістэма дзейнічае з 1976 (поўная дэманетызацыя золата, пераход да выкарыстання ў якасці сусв. грошай нац. валют і міжнар. разліковых грашовых адзінак ЭКЮ і СДР), мае на мэце права выбару краінай рэжыму валютнага курсу, прызнанне сістэмы плаваючых валютных курсаў, захаванне за золатам ролі фонду ліквіднасці актываў і яго куплю-продаж па рыначных цэнах. Існуе таксама міжнар. (рэгіянальная) валютная сістэма, якая аб’ядноўвае некалькі краін-удзельніц (напр., Еўрапейскі валютны саюз) і мае некаторыя адметныя элементы.

Г.​І.​Краўцова.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),

навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец. геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.

Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад. вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.

На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.​Глушневіч і І.​Ходзька. І.​І.​Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах. тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52° паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.​А.​Дражнюк, І.​В.​Зубрыцкі, І.​І.​Купчынаў, Я.​Г.​Ларчанка, Д.​А.​Куляшоў, С.​М.​Лебедзеў, В.​Ю.​Мінько, В.​В.​Папоў, А.​А.​Саламонаў і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы для аховы (гідраізаляцыі) буд. канструкцый, будынкаў і збудаванняў ад шкоднага ўздзеяння вады і хімічна агрэсіўных водных раствораў. Падзяляюцца на проціфільтрацыйныя (герметызавальныя) і процікаразійныя; паводле віду асн. матэрыялу — на нафтабітумныя, дзёгцевыя, палімерныя, армацэментавыя і інш. (у іх састаў могуць уводзіцца мінер. напаўняльнікі і мадыфікаваныя дабаўкі — растваральнікі, стабілізатары, пластыфікатары, антысептыкі, структураўтваральнікі і г. д.). Бываюць абклеечныя, абмазачныя, цвёрдыя і пластычныя. Могуць арміравацца стальнымі або палімернымі валокнамі, метал. або шкласеткай, шклотканінай і інш.

Абклеечныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — руберойд, пергамін, гідраізол, шклоруберойд, металаізол і інш. рулонныя матэрыялы, аснова якіх (з кардону, шкловалакна, метал. фольгі і інш.) прамочана або пакрыта бітумам ці дзёгцевымі рэчывамі. Укладваюць у некалькі слаёў, змацоўваюць масцікай. Абмазачныя гідраізаляцыйныя матэрыялы — гарачыя або халодныя бітумныя і дзёгцевыя масцікі, бітумныя лакі і фарбы з напаўняльнікамі, пасты і эмульсіі (гл. Лакафарбавыя матэрыялы). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі трубаправодаў, падземнай часткі жалезабетонных канструкцый, для аховы метал. канструкцый ад карозіі. Цвёрдыя гідраізаляцыйныя матэрыялы — тынк цэментавы (з воданепрымальнымі і ўшчыльняльнымі дабаўкамі), асфальтавы і інш.; пліты і маты асфальтавыя (арміраваныя і неарміраваныя, гарачапрасаваныя); прыродныя, керамічныя і бетонныя камяні, прамочаныя арган. вяжучымі рэчывамі; жалезабетонныя вырабы (бетоны высокай шчыльнасці), а таксама лісты са сталі і інш. Выкарыстоўваюць для аховы фундаментаў і сцен будынкаў, тунэляў, рэзервуараў, гідратэхн. збудаванняў. Пластычныя гідраізаляцыйныя матэрыялы падзяляюцца на масцікавыя (аналагічныя абмазачным, але наносяцца большай колькасцю слаёў), плітачныя (сумесь бітумаў з напаўняльнікамі, арміраваная кардонам, тканінамі, метал. сеткамі) і асфальтавыя (асфальтавая масціка з напаўняльнікамі, выкарыстоўваецца для ізаляцыі праезнай часткі мастоў, падлогі ў міжпаверхавых перакрыццях і г.д.). Пашыраны пакрыцці з тэрмапластаў — палімерных плёнак (наносяць на трубы для іх гідраізаляцыі і інш.). Гідраізаляцыйныя матэрыялы выбіраюць з улікам геал. і гідрагеал. умоў, рэжыму падземных вод, важнасці збудаванняў і асаблівасці іх эксплуатацыі, ступені небяспекі ад уцечкі вадкасці з ёмістасці і інш.

А.​Я.​Вакар.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)