АЛЬБЕ́РЦІ ((Alberti) Рафаэль) (н. 16.12.1902, в. Пуэрта-дэ-Санта-Марыя, правінцыя Кадыс, Іспанія),

іспанскі паэт. Напачатку пісаў у традыцыях андалузскай нар. паэзіі (зб-кі «Марак на сушы», 1925; «Мацыёла зары», 1927). Зб. «Пра анёлаў» (1929) — самая драм. кніга ісп. паэзіі. Антыфаш. тэма ў зб-ках «Паэт на вуліцы» (1936), «Сталіца славы» (1938), «Строфы Хуана Панадэра» (1949). Пасля паражэння Ісп. рэвалюцыі 1931—39 эмігрыраваў (Аргенціна, Італія); у канцы 1975 вярнуўся на радзіму. Аўтар зб-каў «Паміж гваздзіком і шпагай» (1941), «Жывапіс» (1948), «Балады і песні ракі Парана» (1954), «Белыя вершы на кожны дзень» (1982), п’ес «Фермін Галан» (1931), «Ноч вайны ў музеі Прада» (1956), кн. ўспамінаў «Згублены гай» (1959). Прэмія М.Сервантэса 1983. На бел. мову вершы Альберці перакладалі М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1977.

Х.-К.Папок.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Анатоль Яўгенавіч) (н. 14.9.1916, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Беластоцкай абл. у Вял. Айч. вайну, дзярж. дзеяч БССР. Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Рэсп. партшколу пры ЦК КП(б)Б (1950), ВПШ пры ЦК КПСС (1959). З ліст. 1941 кіраваў падп. групай на чыг. ст. Орша. У 1942—44 камісар, камандзір партыз. атрадаў. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення, у 1963—64 міністр аўтатранспарту БССР. Старшыня Бел. рэсп. савета ветэранаў вайны, працы і ўзбр. сіл (1987—94), Камісіі па справах б. партызан і падпольшчыкаў пры Прэзідыуме ВС БССР (1987—92). Чл. ЦК КПБ (1966—86). З 1986 чл., у 1990—91 нам. старшыні Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. ВС БССР у 1963—85, нар. дэп. СССР у 1989—91.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш. ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.

Аршанскі замак. Малюнак з карты.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗІЦЯ́ЧЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1916—18 у Вільні. Створаны з дзяцей бел. школ-прытулкаў Вільні, якія знаходзіліся пад апекай Бел. к-та дапамогі пацярпелым ад 1-й сусв. вайны. Арганізатар і кіраўнік — С.Корф. Яна ж была аўтарам большасці пастаўленых т-рам п’ес, містэрый, інсцэніровак, кампазіцый паводле батлеечных тэкстаў, нар. легендаў, казак, даўніх абрадаў. У склад калектыву т-ра ўваходзілі дзіцячы хор (кіраўнік Е.Міровіч), танц. група і дэкламатары. Спектаклі ўключалі музыку, драму, танцы, спевы і гэтак далей, грунтаваліся на традыцыях фальклору. На Каляды ладзілася жывая батлейка. Паказы т-ра адбываліся ў Беларускім клубе і пажарным клубе, містэрыі ў стылі батлеі — часам у касцёле св. Яна, асобныя спектаклі наладжваліся пад адкрытым небам (напр., Ф.Аляхновіч сваю п’есу «У лясным гушчары» паставіў на паляне каля в. Чорны Бор, недалёка ад Вільні).

З.С.Пазняк.

т. 2, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛДЗЯРЖЭСТРА́ДА, Беларускае дзяржаўнае аб’яднанне эстрады,

канцэртная арг-цыя, якая мела на мэце развіццё і прапаганду эстр. мастацтва Беларусі. Вылучана ў 1939 з Беларускай філармоніі, з 1960 зноў у яе складзе. З 1990 у аб’яднанні «Мінскканцэрт», з 1992 у Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва, з 1996 у Дзяржаўным аб’яднанні «Белканцэрт». Да Айч. вайны мела аддзяленні ў Брэсце і Беластоку, 2 эстр. аркестры. У 1950-я г. пры Белдзяржэстрадзе працавалі т-р драмы і камедыі (кіраўнік А.Струнін), т-р лялек (кіраўнік Я.Шыраеў), ансамбль аперэты. У розны час маст. кіраўнікамі былі І.Нісневіч, А.Аркадзьеў, В.Пацехін, В.Малькова. Сярод артыстаў: спевакі Э.Міцуль, А.Самарадаў, Н.Равінская, танцоры Ю.Сляпнёў, М.Лапша, І.Хвораст, цымбалісты С.Навіцкі і Х.Шмелькін, піяністы Ю.Бяльзацкі, А.Жэзмер, І.Капланаў, Л.Молер, майстры эстрадна-цыркавога і арыгінальнага жанраў Р.Бурдон, А.Дудкін, Г.Ермаловіч, В.Міхайлаў, майстры размоўнага жанру Р.Дзідзенка, М.Зорын, Г.Лаўроў, Г.Рыжкова, М.Шышкін і інш.

т. 3, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНАВЕ́НТЭ-І-МАРЦІ́НЕС ((Benavente y Martinez) Хасінта) (12.8.1866, Мадрыд — 14.7.1954),

іспанскі драматург. Аўтар 172 п’ес: бытавых, псіхалагічных, маральна-філас., сімвалічных і інш. У п’есах «Вядомыя людзі» (1896), «Трапеза драпежных звяроў» (1898), «Пошласць» (1901) і інш. крытыка быту «свецкага» грамадства спалучаецца з пагардай да народа. У лялечным фарсе ў стылі італьян. камедыі масак «Гульня інтарэсаў» (1907) і яго працягу «Горад вясёлы і бесклапотны» (1916), дзе матэрыяльныя інтарэсы выступаюць як рухальная спружына паводзін, паліт. барацьбы і вайны, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. Тое ж характэрна для яго маральна-філас. п’ес («Пані гаспадыня», 1908; «Няшчасная», 1913). У 1940—50-я г. пісаў пераважна пацяшальныя камедыі («Дон Хуан з’явіўся», 1952; «Шпілька ў роце», 1953, і інш.). Нобелеўская прэмія 1922.

Літ.:

Плавскин З.Н. Испанская литература XIX—XX веков. М., 1982. С. 125—129.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ПАД ЛЯСНО́Й 1708.

Адбылася ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 паміж рас. і шведскімі войскамі 9-10.1708 каля в.Лясная (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Рас. войска (каля 11 тыс. чал.) пад камандаваннем Пятра І і А.Д.Меншыкава сустрэла каля Лясной шведскі корпус (каля 16 тыс. чал.) ген. А.Левенгаўпта, які з Рыгі ішоў на злучэнне з асн. сіламі арміі Карла XII. Бітва цягнулася 5 гадзін з пераменным поспехам. З падыходам з Крычава рас. атрада ген.-л. Р.Х.Баўра ход бітвы вырашыўся на карысць расіян. Шведы страцілі каля 9 тыс. чал. забітымі і параненымі, артылерыю і абоз. Бой пад Лясной Пётр І назваў «маці Палтаўскай баталіі». У гонар 200-годдзя перамогі каля Лясной пастаўлены помнік і мемар. капліца, у якой створаны музей гісторыі бітвы. На брацкай магіле рас. воінаў — абеліск.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЦКІ САЮ́З ВАЕННАПАЛО́ННЫХ (БСВ),

падпольная антыфаш. арганізацыя сав. ваеннапалонных у фаш. Германіі ў гады 2-й сусв. вайны. Узнік у сак. 1943 у лагеры сав. ваеннапалонных афіцэраў у Мюнхен-Перлаху (раён Мюнхена). Арганізатары — удзельнікі абароны Севастопаля. Штаб БСВ наладзіў сувязь з вязнямі інш. канцлагераў, ваеннапалоннымі і вывезенымі ў Германію людзьмі. Камітэты і ячэйкі БСВ былі ў большасці лагераў ваеннапалонных і больш як у 20 лагерах «усходніх рабочых». Гал. мэта БСВ — арганізацыя паўстання ў лагерах ваеннапалонных вакол Мюнхена, захоп горада і разгортванне ўзбр. паўстанцкай барацьбы. Летам 1943 БСВ наладзіў супрацоўніцтва з падпольным антыфаш. ням. нар. фронтам Паўд. Германіі. У канцы 1943 гестапа натраціла на след абедзвюх арг-цый. Усе кіраўнікі і шмат радавых членаў БСВ былі схоплены і закатаваны фашыстамі. 4 вер. 1944 у канцлагеры Дахаў расстраляны 93 сав. афіцэры — удзельнікі БСВ.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУТ (Марк Юній) (Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж. Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.

т. 3, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ-ГЕРО́Я МУЗЕ́Й, Музей абароны Брэсцкай крэпасці. Састаўная частка мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой. Адкрыты 8.11.1956. Размешчаны ў б. кальцавой казарме на цэнтр. востраве крэпасці. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. 930 м²), больш за 34 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Матэрыялы музея знаёмяць з гісторыяй Брэсцкай крэпасці. Асн. экспазіцыя — гераічная абарона крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны, шматлікія рэчавыя экспанаты, фатаграфіі і дакументы пра яе абаронцаў і іх лёс. Дэманструюцца работы мастакоў і скульптараў, што адлюстроўваюць розныя моманты абароны крэпасці. Асобны стэнд прысвечаны пісьменніку С.Смірнову, які зрабіў вял. ўклад у распрацоўку подзвігу абаронцаў. У кіназале дэманструюцца хранік.-дакумент. фільмы пра абарону крэпасці. У паўд.-ўсх. казематах у 1984 адкрыты музей «Хлапчукі бессмяротнага Брэста». Музей мае перасоўныя выстаўкі. Супрацоўнікі музея выдалі зборнікі ўспамінаў, артыкулаў і нарысаў, альбомы, буклеты, даведнікі.

П.Н.Панасюк.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)