ЦЭ́ПЕЛІ́Н (Zeppelin) Фердынанд (8.7.1838, г. Канстанц, Германія — 8.3.1917),

нямецкі канструктар дырыжабляў. Граф, генерал. Скончыў ваен. акадэмію ў Людвігсбургу (1854). Прымаў удзел у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65 (на баку паўн. штатаў), аўстра-прускай (1866) і франка-прускай (1870—71) войнах. Распрацаваў канструкцыю дырыжабля жорсткай сістэмы з метал. каркасам, абцягненым тканінай. Унутры корпуса ў адсеках знаходзіліся балоны з газам. Першы яго дырыжабль (аб’ёмам 11 300 м³) здзейсніў палёт у 1900; да 1914 пабудавана 25 дырыжабляў («цэпелінаў»), у т. л. 6 пасажырскіх. Ваен. дырыжаблі Ц. выкарыстоўвалі ў час 1-й сусв. вайны.

т. 17, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)