ШАСТА́К,
1) бел. і ўкр. назва манеты наміналам у 6 грошаў у 16—18 ст. 2) Расійская білонная манета, якая прызначалася для забеспячэння плацежаздольнасці арміі Пятра I на тэр. Беларусі, Украіны і Польшчы ў час Паўночнай вайны 1700—21. За эталон для чаканкі ўзята манета Рэчы Паспалітай у 6 грошаў. Афіцыйна ўстаноўленыя проба і лігатурная маса пры выпуску былі паменшаны (метрычная проба найменшая 210, маса 2,95 г). Рыначны курс абарачэння — 4 капейкі. Такі Ш. выпускалі Кадашаўскі і Красны манетныя двары ў 1707 і, магчыма, у 1708 штэмпелямі 1707.
т. 17, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)