ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,
спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.
Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).
На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.
П.Я.Антонаў.
т. 11, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК РЭА́КЦЫІ па дадзеным рэчыве,
паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).
Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBB → pC + qD роўная: v = k CnAA CnBB, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.
т. 12, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЯР Раман Аляксандравіч (1894, Вільня, паводле інш. звестак Беластоцкае ваяв., Польшча — 2.9.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 2-га рангу (1935). Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1915—17). У 1917—19 старшыня ВРК Літвы, член Прэзідыума і сакратар ЦВК Літ.-Бел. ССР. З 1920 у органах ВЧК і АДПУ РСФСР. У 1924 удзельнічаў у аперацыі «Сіндыкат-2» па захопе ў Мінску Б.В.Савінкава і разгроме яго падп. арг-цыі. У 1925—29 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Зах. краі. З 1929 паўнамоцны прадстаўнік АДПУ і нач. УНКУС СССР па Паўн.-Каўказскім краі, Сярэдняй Азіі, Саратаўскай вобл. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1925—29. Чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919, ЦВК БССР у 1927—29, ЦВК СССР у 1929—37. Неабгрунтавана арыштаваны 15.5.1937 як удзельнік «Польскай арганізацыі вайсковай» і агент польск. разведорганаў. 2.9.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
І.А.Валахановіч.
т. 12, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТЛЕ́БЕН Эдуард Іванавіч (20.5.1818, г. Елгава, Латвія — 1.7.1884),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-ад’ютант (1855), інж.-ген. (1869), граф (1879). Скончыў Гал. інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836). У Крымскую вайну 1853—56 кіраваў інж. работамі ў час Севастопальскай абароны 1854—55. З 1859 дырэктар інж. дэпартамента, у 1863—77 фактычна кіраваў інж. ведамствам. У 1873 чл. Асобай нарады па рэарганізацыі арміі. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 нач. атрада аблогі крэпасці Плеўна, якая скончылася капітуляцыяй тур. гарнізона; у крас. 1878 — студз. 1879 галоўнакамандуючы рас. арміяй. У 1879—80 адэскі ген.-губернатар (часовы) і камандуючы войскамі Адэскай ваен. акругі. З 30.5.1880 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У вер. 1880 кіраваў ваен. манеўрамі ў раёне Новых Трокаў. Аўтар дапаможнікаў па падрыхтоўцы сапёрных часцей і па міннай справе. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена «Апісанне абароны г. Севастопаля» (т. 1—2, 1863—72).
А.М.Лукашэвіч.
т. 15, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАТРЫЯНГУЛЯ́ЦЫЯ (ад фота... + трыянгуляцыя),
метад вызначэння каардынат пунктаў мясцовасці па фотаздымках. Выкарыстоўваецца для згушчэння апорнай геадэзічнай сеткі з мэтай забеспячэння здымкаў апорнымі пунктамі для складання тапаграфічных карт і вырашэння інж. задач. Бывае прасторавая (вызначаюцца 3 каардынаты пунктаў) і планавая (2 каардынаты).
Прасторавая Ф. — стварэнне мадэлей мясцовасці па стэрэапары фотаздымкаў паводле маршрутаў (маршрутная і блочная Ф.), якія злучаюцца ў агульную сістэму праз выбраныя пункты ў зонах перакрыцця здымкаў. Па гэтых жа пунктах арыентуецца агульная мадэль мясцовасці адносна геад. сістэмы каардынат. Прасторавую Ф. развіваюць аналагавым спосабам на стэрэафотаграмметрычных прыладах, аналітычным — на стэрэакампаратарах з выкарыстаннем ЭВМ, у выніку чаго атрымліваюць каардынаты пунктаў сеткі згушчэння. Найб. дакладны для прасторавай Ф. спосаб звязак, засн. на сумесным ураўненні фотаграмметрычных і геад. вымярэнняў і паказанняў прылад на борце здымачнага самалёта. У планавай Ф. выкарыстоўваецца ўласцівасць аэраздымка як цэнтральнай праекцыі, паводле якой можна пазбегнуць скажэнняў за рэльеф і нахіл здымка. Каардынаты вылічваюць аналітычным і графічным спосабам.
П.П.Явід.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (ЦШПР),
ваенна-аператыўны орган па кіраўніцтве партыз. рухам на акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Утвораны 30.5.1942 пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандавання Чырв. Арміі паводле пастановы ЦК ВКП(б) і Дзярж. К-та Абароны. Дзейнічаў да 13.1.1944 (7.3.1943 расфарміраваны, 17.4.1943 адноўлены). Нач. штаба 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. Гал. задачы ЦШПР: ажыццяўленне мерапрыемстваў па развіцці партыз. руху, каардынацыя і павышэнне эфектыўнасці баявых дзеянняў партызан, арганізацыя ўзаемадзеяння з Чырв. Арміяй, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне вопыту партыз. барацьбы. ЦШПР меў радыёвузел, пункт збору рэзерваў, экспедыцыйна-трансп. базу, 4 школы па падрыхтоўцы арганізатараў партыз. руху, падрыўнікоў, разведчыкаў, сувязістаў (у 1942 іх скончыла больш за 6 тыс. чал.). Штаб дзейнічаў у кантакце з кіруючымі парт. і сав. органамі рэспублік і абласцей, ваен. саветамі франтоў і армій, кіраваў падначаленымі яму рэсп. і абл. штабамі партыз. руху, У т. л. Беларускім штабам партызанскага руху. Пры неабходнасці праводзіў перагрупоўку партыз. сіл, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі і інш.
т. 17, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАФТА́Н,
1) мужчынскае верхняе адзенне магнатаў і гар. знаці ў 16—17 ст. Прыйшоў з Персіі і Турцыі ў Рэч Паспалітую, адтуль трапіў у Расію. Расхінная, шырокая ў падоле вопратка з доўгімі рукавамі, якую зашпільвалі ўстык на 6—8 пятліц з гузікамі; у падоле і па баках былі разрэзы з пятліцамі. Шылі з аксаміту, парчы або дарагога сукна. У 17 ст. рабілі з багата аздобленым стаячым каўняром. Станавы К. шылі шчыльным да стану з кароткімі рукавамі. Польскі К. быў адразным па таліі; ліф шчыльна ахопліваў фігуру, ніжняе шырокае крыссе збіралі ў зборкі рукавы былі вельмі шырокімі і пышнымі каля плячэй і вузкімі ад локця да кісці.
2) Мужчынская і жаночая вопратка менш заможных слаёў насельніцтва. У 19 ст. на Беларусі найб. пашыраны К. прамога крою з адкладным каўняром, які шылі з сукна або палатна.
М.Ф.Раманюк.
т. 8, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Аляксандра Аляксандраўна (н. 25.12.1946, в. Вялікія Тупалы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1997), праф. (2000). Скончыла Томскі ун-т (1968). З 1968 у Мазырскім пед. ін-це, з 1969 у Гомельскім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Даследуе праблемы сучаснай і гіст. лексікалогіі літ. і нар.-дыялектнай мовы, пытанні стылістыкі і культуры маўлення, методыкі выкладання лінгвістычных дысцыплін у ВНУ. Аўтар манаграфіі «Лексіка іншамоўнага паходжання ў беларускіх народных гаворках» (1996), «Зборніка практыкаванняў і тэкстаў па лацінскай мове» (1978, з Н.Старасценка), «Практыкаванняў па лексіцы і стылістыцы» (1984, з В.Ляшчынскай), зб. крылатых выслоўяў «Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач» (1997, з У.Анічэнкам), падручніка «Лацінская мова» (1999, з С.Лін), «Слоўніка-даведніка асабовых імёнаў» (2001, з Н.Фраловай), адзін з аўтараў «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—3, 1997—2001) і інш.
т. 15, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́ШЫН Валерый Іванавіч (н. 12.8.1939, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961), дзе і працаваў. З 1974 у аддзеле навукі і навуч. устаноў ЦК КПБ. З 1990 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў. З 1994 нач. упраўлення Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях Беларусі. З 2000 нам. дырэктара Бел. рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па фіз. матэрыялазнаўстве, паўправадніковым прыладабудаванні. Распрацаваў тэарэт. асновы фізікі гальвана- і тэнзарэзістыўных працэсаў у паўметалах і сплавах на іх аснове.
Тв.:
Устройства автоматики и робототехники на эффекте Холла. Мн., 1991 (разам з В.Р.Шапялевічам, В.А.Ермаловічам);
Основы фононных и электронных процессов в кристаллах. Гомель. 1999 (разам з В.М.Драко, В.Р.Шапялевічам).
М.П.Савік.
т. 12, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)