МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)