МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.
Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.
На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл.Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі мед. кадраў. Падрыхтоўка мед. персаналу вышэйшай адукацыі праводзіцца ў медыцынскіх інстытутах, мед. акадэміях, на мед. ф-тах ун-таў; сярэдняй адукацыі — у медыцынскіх вучылішчах; павышэнне кваліфікацыі — у ін-тах удасканалення ўрачоў.
Звесткі пра М.а. вядомы з стараж. часоў (Стараж. Егіпет, Кітай, Грэцыя). У ант. Грэцыі існавалі «сямейныя» школы для падрыхтоўкі ўрачоў. Першая свецкая мед. школа заснавана ў г. Салерна (Італія) у 9 ст. У Расіі ў 1654 адкрыта першая школа для падрыхтоўкі лекараў. З 18 ст. ўрачоў рыхтавалі мед. школы пры шпіталях. У 1755 адкрыты мед.ф-т пры Маскоўскім ун-це, у 1798 у Пецярбургу — Медыка-хірург. акадэмія (з 1881 Ваенна-мед. акадэмія).
На Беларусі першая мед.навуч. ўстанова — Гродзенская медыцынская акадэмія (1775—81). У 1865 засн.Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1872—79 існавала Віцебская фельчарская школа. Працуюць (1999): Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі мед. ін-ты (гл. адпаведныя арт.), удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут; мед. работнікаў сярэдняй адукацыі рыхтуюць у 17 мед. вучылішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЭ́РЫЧЫ,
вёска ў Тулаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 17 км на ПдЗ ад г.п. Зэльва, 19 км ад чыг. ст. Зэльва. 266 ж., 102 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як двор Межырэч (Міжрэчча), належаў Нацовічам (Нацам) і Іллінічам. У 16—18 ст. уласнасць Клочкаў, Дольскіх, Вішнявецкіх. У 1550 мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—334 ж., 55 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Межырэцкага с/с Зэльвенскага р-на, з 1954 у Каралінскім, потым у Тулаўскім с/с. У 1962—66 у Ваўкавыскім, Слонімскім р-нах Гродзенскай вобл. У 1970-я г. ўдакладнена назва — М. замест Межырэчча. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, Дом быту. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: царква св. Ганны (1905), касцёл Звеставання (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШКІ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Вілія, на аўтадарозе Вільнюс—Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 280 км ад Гродна, 41 км ад чыг. ст. Гудагай. 791 ж., 297 двароў (1998).
Вядомы з канца 15 ст. як паселішча Вілія кн. Радзівілаў, потым Пронскіх, Кенішкаў і інш. Назва М. ад уладальнікаў Міхальскіх. У 1528 у М. 71 двор. У 1604 куплены Бжастоўскімі, якія ў 1622 заснавалі тут кляштар аўгусцінцаў. З 1669 праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Віленскага пав. У 1885—843 ж., 62 двары, касцёл, сінагога, яўр. школа, бровар, таргі па нядзелях. У 1921—39 у Польшчы, у Віленскім ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на (у 1962—65 у Смаргонскім р-не).
Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНОГАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, паліхеты (Polychaeta),
клас кольчатых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн.г. назад). Продкі малашчацінкавых чарвей. 25 атр., каля 80 сям., больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, некаторыя — у прэсных водах, на сушы — у подсціле трапічных лясоў. Большасць М.ч. — жыхары дна, трапляюцца да глыб. 10 км, поўзаюць па грунце або закопваюцца ў мул; многія жывуць у збудаваных з пяску ці інш. матэрыялу трубачках рознай формы. Сярод найб. характэрных і вядомых прадстаўнікоў М.ч. — нерэіды, афрадыты (марскія мышы), палола, пескажылы і інш.
Даўж. ад 2 мм да 3 м. Цела складаецца з мноства (да некалькіх соцень) кольцаў-сегментаў; у кожным з іх паўтараецца комплекс унутр. органаў. Сегменты тулава маюць прымітыўныя канечнасці (параподыі) са шматлікімі шчацінкамі (адсюль назва). З параподыямі часта звязаны галінастыя прыдаткі — шчэлепы; у некаторых М.ч. іх ролю выконвае венчык шчупальцаў. Кормяцца дэтрытам; многія драпежнікі, нярэдка каменсалы, зрэдку паразіты. Раздзельнаполыя; развіццё з метамарфозам, з яйца выходзіць лічынка трахафора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД АЛІ́, Мехмет Алі(1769, Кавала, Грэцыя — 2.8.1849), правіцель Егіпта [1805—48], фактычны стваральнік сучаснай егіп. дзяржавы. Напачатку вядомы як гандляр тытунём, потым на тур.ваен. службе. У 1799—1801 адзін з камандзіраў тур. войска ў франка-тур. вайне ў Егіпце (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1805, знішчыўшы б.ч. егіпецкіх мамлюкаў, захапіў уладу ў Егіпце. Заваяваў Зах. Аравію (1811—18), Усх. Судан (1820—22). У 1824—28 удзельнічаў у барацьбе супраць Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвясціў усю зямлю ў краіне дзярж. маёмасцю. Ліквідаваў старую землеўладальніцкую арыстакратыю, стварыў новую са сваіх паплечнікаў. Для пераймання еўрап. вопыту накіраваў у Еўропу некалькі дэлегацый. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. сістэмы кіравання краінай: стварыў кабінет міністраў, падзяліў Егіпет на правінцыі (мудзірыі). Стварыў рэгулярнае войска на аснове ўсеаг. ваен. абавязку. Застаючыся фармальна васалам Асманскай імперыі, вёў з ёй 2 вайны (1831—33, 1838—41). Заваяваў Палесціну, Сірыю, Ліван, Кілікію, але пад націскам вял.еўрап. дзяржаў быў вымушаны ў ліст. 1840 капітуляваць, захаваўшы пад сваёй уладай толькі Егіпет і Усх. Судан. У 1848 перадаў прастол свайму сыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф
(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),
азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.Бачыла і Р.Няхай.
Тв.:
Рус.пер. — Пять поэм. М., 1968;
Стихотворения и поэмы. Л., 1981.
Літ.:
Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;
Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ННЫ ПАРК,
комплекс пераправачных сродкаў, прызначаных для зборкі перавозных паромаў, навядзення наплаўных мастоў і пабудовы паромных перапраў. Знаходзіцца на ўзбраенні інж., дарожных і чыг. войск шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Падзяляецца на лёгкія, грузападымальнасцю да 25 т, і цяжкія — 40—80 т. П.п. уключае паромныя маставыя канструкцыі (пантоны, нясучыя і праезджыя часткі, элементы прыстаней), трансп. сродкі, сродкі матарызацыі на вадзе, дапаможнае абсталяванне і інш. У самаходных П.п. (амфібійных, штурмавых) асн. элементы аб’яднаны ў машыну-амфібію. Прататыпы П.п. вядомы з даўніх часоў, напр., у галандскай арміі з пач. 17 ст. У Расіі П.п. з парусінавымі пантонамі будаваліся ў 18—19 ст. На тэр. Беларусі ў вайну 1812 П.п. выкарыстоўваліся рускімі і французскімі войскамі, напр., арміяй Напалеона I пры пераправе цераз Нёман. У 1-ю і 2-ю сусв. войны значна пашыраны. На Беларусі выкарыстоўваюцца П.п. тыпу ПМП і інш. пры рамонце мастоў, стыхійных бедствах (веснавая паводка, ліўневыя дажджы) і інш. (гл. таксама Мост ваенны).
Звяно пантоннага парка ПМП: 1 — у складзеным становішчы на транспартным сродку; 2 — у рабочым становішчы.
атрад птушак. Вядомы з міяцэну (каля 17 млн.г. назад). 1 сям., 7 падсям., 69 родаў, 324 віды. Пашыраны пераважна ў трапічнай і субтрапічнай зонах. Жывуць на дрэвах; гнёзды ў дуплах, расколінах скал, норах. Трымаюцца статкамі. Многія віды здольныя пераймаць чалавечую гаворку (ара, жако, какаду і інш.). Добра пераносяць няволю, многія віды аматары трымаюць як дэкар. птушак (на Беларусі — да 30 відаў: неразлучнікі, амазоны, какаду, жако, хвалістыя папугайчыкі і інш.). 27 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. ад 9,5 см (дзятлавыя П.) да 1 м (ара гіяцынтавы), маса адпаведна ад 10 г да 1 кг. Апярэнне пераважна яркае, стракатае. Галава вялікая, шыя кароткая. У многіх відаў на галаве чубок. Дзюба высокая, выгнутая, моцная; наддзюб’е рухома сучленена з лобнымі касцямі. Крылы закругленыя, дужыя. 1-ы і 4-ы пальцы на нагах павернуты назад. Пераважна расліннаедныя, часам спажываюць жывёльны корм. Манагамы. Нясуць 2—5 яец (зрэдку да 12). Гл. таксама Лоры, Нестары.