ЧЫЧЭ́РЫН Барыс Мікалаевіч (7.6.1828, г. Тамбоў, Расія — 16.2.1904),

расійскі юрыст, гісторык, філосаф, публіцыст, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнай школы ў гіст. навуцы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1849), прафесар у ім (1861—68). Выдаваў з К.​Дз.Кавеліным паліт. рукапісную л-ру. З сярэдзіны 1850-х г. Ч. — адзін з лідэраў ліберальна-заходніцкага рас. грамадска-паліт. руху (гл. Заходніцтва). Ухваляў сял. рэформу 1861, адмоўна ставіўся да рэв. дэмакратаў, падтрымліваў палітыку ўрада ў адносінах да Польшчы і паўстання 1863—64. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі. У 1868 у адстаўцы, займаўся навук. працай, удзельнічаў у дзейнасці земства. У філас. поглядах прытрымліваўся правага гегельянства. Працы па гісторыі дзярж. права, паліт. вучэнняў. Аўтар «Успамінаў» (ч. 1—4, 1929—34).

т. 17, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГУ́Н Георгій Іосіфавіч (парт. псеўд. Максімаў; 5.10.1903, в. Пузевічы, цяпер в. Партызанская Гродзенскага р-на — 13.9.1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1925). З 1922 на падп. парт. рабоце ў Зах. Беларусі: чл. і сакратар Скідзельскага раённага, чл. Гродзенскага, сакратар Баранавіцкага, Пінскага і Беластоцкага акр. к-таў КПЗБ. На III канфер. КПЗБ (1926) выбраны чл. ЦК. За рэв. дзейнасць у 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Пасля вызвалення з турмы на падп. рабоце. Адзін з арганізатараў Скідзельскага паўстання 1939. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (кастр. 1939, Беласток). Да чэрв. 1941 заг. аддзела Скідзельскага райвыканкома. Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1945 на сав. і гасп. рабоце ў г. Скідзель.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМІ́Р (сапр. Язерніцкі) Іцхак

(н. 15.10.1915, г.п. Ружаны Брэсцкай вобл.),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це і Яўрэйскім ун-це Іерусаліма. З пач. 1930-х г. у сіянісцкім руху. З 1935 у Палесціне, дзе ўдзельнічаў у дзейнасці сіянісцкіх арг-цый, у т. л. тэрарыст. «групы Штэрна». У 1941 і 1946 быў арыштаваны брыт. ўладамі, у 1946—48 у эміграцыі. Пасля стварэння Ізраіля да 1965 у разведцы «Масад». З 1970 член, з 1975 старшыня Выканкома партыі «Херут», якая з 1973 дзейнічае ў складзе блока «Лікуд». З 1973 дэп., у 1977—80 спікер кнесета (парламента). У 1980—83 міністр замежных спраў. У 1983—84 і 1986—92 прэм’ер-міністр Ізраіля.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́РТЭЛЬ Фёдар Фёдаравіч (24.1.1767—20.4.1825),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1823). З прускіх дваран. У рас. арміі з 1785. У 1798—1801 маскоўскі, у 1802—08 пецярбургскі паліцмайстар, у 1810—11 ген.-кватэрмайстар Малдаўскай арміі. З 7.3.1812 у чыне ген.-лейтэнанта корпусны камандзір войск (каля 9 тыс. чал.), размешчаных каля г. Мазыр. Да жн. 1812 змагаўся супраць прыхільнікаў Напалеона ў ваколіцах Мазыра і Оўруча. У вер. 1812 заняў Глуск, але не адважыўся развіваць поспех і вярнуўся ў Мазыр. За невыкананне загаду П.​В.​Чычагова накіравацца на Мінск заменены С.​А.​Тучковым. Да кастр. 1815 ваен. ген.-паліцмайстар дзеючых армій. Удзельнік замежных паходаў 1813—15.

А.​У.​Ерашэвіч.

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНКО́ЎСКАЯ Любоў Міхайлаўна (дзявочае Ковенская, парт. псеўд. Уладка; 14.3.1901, г. Беласток, Польшча — 18.11.1978),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Чл. Кампартыі Польшчы з 1921. З 1922 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар. Беластоцкага гаркома, чл. Беластоцкага акругкома, Цэнтр. жаночага аддзела КПЗБ, Часовага сакратарыята ЦК КПЗБ. На працэсе 133-х засуджана на 7 гадоў турмы. З 1930 у СССР, у Выканкоме Прафінтэрна. Чл. і кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. У 1934—36 узначальвала Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Бел. АН. На II з’ездзе КПЗБ (1935) выбрана чл. ЦК. З 1945 у Польскай Нар. Рэспубліцы, нам. старшыні Цэнтр. камісіі парт. кантролю Польскай аб’яднанай рабочай партыі (да 1957).

т. 18, кн. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЧЫНО́ЎСКАЯ (Кімант-Ячыноўская, Ячыноўская-Кімонт, Кімант-Яцына) Марыя (1858?, г. Шаўляй, Літва — 1922), піяністка, кампазітар і грамадскі дзеяч. Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю. У 1914 арганізавала (з В.​Ратасэпам) у Вільні канцэрт-баль чатырох народаў (беларусаў, палякаў, літоўцаў і рускіх), скампанавала музыку аперэты «Залёты» на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча (паст. з А.​Бурбісам у 1915). Кіравала бел. хорам (пасля І.​Шыдлы) і рыхтавала муз. аддзелы ў Беларускім музычна-драматычным гуртку. Да 1986 дзейнасць Я. памылкова прыпісвалася яе дачцэ Марцаліне Кімант-Яцыне.

Літ.:

Купала Я. «Залёты»: Аперэтка В.​Дуніна-Марцінкевіча // Наша ніва. 1915. 6 лют.;

Навіна А. Марыя Кімонтовая // Беларускі звон. 1922. № 18;

Янушкевіч Я. Марыя Ячыноўская-Кімант // ЛіМ. 1986. 29 чэрв.

Я.​Я.​Янушкевіч.

т. 18, кн. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛА (Belo) Карлас Феліпе Хіменес (н. 3.2.1948, в. Вайлакама, Усх. Тымор),

рэлігійны і грамадскі дзеяч Усходняга Тымора. Біскуп каталіцкай царквы. У 1973—80 атрымаў духоўную адукацыю ў Партугаліі. З 1981 дырэктар каледжа на радзіме. У 1983 (афіцыйна пасвячоны ў 1987) — ліст. 2003 біскуп сталіцы Усх. Тымора г. Дылі. Асуджаў рэпрэсіі супраць мясц. насельніцтва з боку ўлад Інданезіі, якая ў 1975—99 акупіравала Усх. Тымор, дамогся прыцягнення ўвагі сусв. грамадскасці да масавых парушэнняў тут правоў чалавека. Адыгрываў важную ролю ў паліт. жыцці Усх. Тымора ў перыяд пасля вываду інданезійскіх войск (1999) і да афіц. абвяшчэння незалежнасці (20.5.2002). Нобелеўская прэмія міру 1996 (з Х.​Рамасам-Ортам).

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РАВІЧ Светазар (н. 31.3.1955, г. Котар, Чарнагорыя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч супольніцтва Сербія і Чарнагорыя. Скончыў ун-т у г. Цітаград (цяпер Падгорыца), працаваў юрыд. саветнікам у мясц. органах улады, уваходзіў у кіраўніцтва Саюза камуністаў Чарнагорыі (СКЧ). У 1986, калі быў старшынёй Саюза сацыяліст. моладзі Чарнагорыі, выступіў з брашурай «Спыніце падман на выбарах», пасля чаго вымушаны пакінуць пасаду. З 1990 чл. ЦК СКЧ, адказны за пытанні ідэалогіі і культуры. З 1990-х г. удзельнік руху за незалежнасць Чарнагорыі, чл. кіраўніцтва Дэмакр. партыі сацыялістаў Чарнагорыі, нам. яе старшыні М.​Джуканавіча (прэзідэнт Чарнагорыі ў студз. 1998 — маі 2003) і асн. ідэолаг. Прэзідэнт Сербіі і Чарнагорыі з 7.3.2003.

М.​С.​Даўгяла.

т. 18, кн. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТЫ́ЛЬКІН Анатоль Іванавіч (6.1.1941, в. Кругавец-Калініна Добрушскага р-на Гомельскай вобл. —27.1.2002),

бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Гродзенскі (1967) і Ленінградскі (1975) пед. ін-ты. Ініцыятар стварэння ў 1991 культ.-асв. Цэнтра бел. т-ва інвалідаў па зроку, друкавання л-ры па сістэме Брайля, аддзялення тыфлапедагогікі дэфекталагічнага ф-та ў Бел. пед. ун-це. Аўтар навук. прац па праблемах сац. і прац. рэабілітацыі інвалідаў па зроку. З 1997 1-ы віцэ-прэзідэнт параалімпійскага к-та Беларусі. Адзін з заснавальнікаў у 1993 і кіраўнікоў Рэсп. партыі працы і справядлівасці. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95, з 2000 дэп. Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІЯ,

княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛ Гедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.

Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял. кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял. кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст. Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял. кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).

Л.​Р.​Казлоў, А.​М.​Нарбут.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)