БАГДА́НАВА,

вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).

Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося буд-ва чыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас. Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕВА,

вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).

Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.

У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЦАВІЧЫ,

горад, цэнтр Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Цна. Чыг. ст. на лініі Лунінец—Баранавічы. За 250 км ад г. Брэст. 15,9 тыс. ж. (1997).

У 2-й пал. 19 ст. вёска Слуцкага пав. Мінскай губ., уладанне графа С.​Чапскага. Пасля буд-ва Палескіх чыгунак — мястэчка, працавалі смалакурня, піларама. У 1897—633 ж. У канцы 19 — пач. 20 ст. дзейнічаў завод, дзе выраблялася аконнае, люстраное і высакаякаснае багемскае (т.зв. бемскае) шкло. З 1921 у Польшчы, мястэчка Лунінецкага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 30.6.1941 да 7.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ганцавічах і раёне 8726 чал. У 1959 — 3,5 тыс. ж. З 25.12.1962 да 30.7.1966 у Ляхавіцкім р-не. З 6.12.1973 горад.

Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў, лясной прам-сці. Курган Славы. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).

Вядомы з 2-й пал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-й пал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.​Гартны, І.​Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.​Коласа, Гартнага, М. і Г.​Гарэцкіх, Я.​Дылы, Дварчаніна, Я.​Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.

Літ.:

Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБКО́ВА (Тамара Аляксандраўна) (н. 13.1.1936, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. музыказнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю па класах тэорыі музыкі (1958) і фп. (1959). У 1959—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Займаецца распрацоўкай тэарэт. праблем прафес. і нар. бел. музыкі. Мае значныя дасягненні ў даследаванні нац. сімфанізму. Выступае як муз. крытык. Аўтар сцэнарыяў фільма «Жыцця вымярэнні» (1983), фільма-оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова (1984), шматлікіх радыё- і тэлеперадач.

Тв.:

Анатоль Багатыроў. Мн., 1972;

Беларуская сімфонія. Мн., 1974;

Некаторыя пытанні развіцця беларускай эстэтыкі і музычнай крытыкі // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;

Балады: [укладанне муз. часткі, камент і ўступны арт.]. Кн. 1—2. Мн., 1977—78 (Бел. нар. творчасць);

Некаторыя тэндэнцыі фарміравання жанру сімфоніі ў сучаснай беларускай музыцы // Мастах і сучаснасць. Мн., 1980;

Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2, 4]. Мн., 1993, 1997 (у сааўт.).

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙСТАМ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).

Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.​Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНА,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Вольна-Чэрніхава». За 27 км на ПнУ ад г. Баранавічы, 228 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Пагарэльцы, на аўтадарозе Баранавічы — Мір. 861 ж., 357 двароў (1996).

Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Хадкевічаў. У 17—19 ст. існаваў базыльянскі манастыр. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. належала Слізням, уваходзіла ў Навагрудскі пав. Мінскай губ. У 1880-я г. 470 ж. З 1921 у Навагрудскім ваяв. Польшчы, з 1925 цэнтр гміны Баранавіцкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на. З 1962 у Баранавіцкім р-не. У 1970 — 1084 ж.

Цэх па вытв-сці сокаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вольнаўская Троіцкая царква.

т. 4, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЗЛА,

вёска ў Сваткаўскім с/с Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 20 км ад Мядзела, 130 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Княгінін. 263 ж., 100 двароў (1996).

Вядома з 1524 як прыватнаўласніцкі маёнтак. Належала Радзівілам, Сапегам, Свалынскім, Кішкам, Ваньковічам, Тызенгаўзам, Пшаздзецкім і інш. Уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі. З 2-й пал. 19 ст. ў Мядзельскай вол. Вілейскага пав. Віленскай губ. У 1886 у Вузле бровар, валюш, вадзяны млын, царква, у канцы 19 ст. нар. вучылішча. З 1921 у Польшчы, у Пастаўскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Мядзельскім р-не. У 1965—87 цэнтр сельсавета. У 1970 — 272 жыхары.

Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла рус. салдат, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1820-я г.).

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЫНЬ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на Вілейскім вадасх. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Вілейка, 70 км ад Мінска. 723 ж., 332 двары (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 1473 сярод маёнткаў Ю.​А.​Саковіча. У 1543 тут заснаваны касцёл. З 17 ст. ўласнасць віленскага жаночага кляштара бенедыкцінак, потым Гяцэвічаў. У 1627 Вязынь мястэчка. У 1791 пабудавана Успенская царква. З 1793 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. Пасля 1681 цэнтр воласці. У 1897 у Вязыні 601 ж., царква, капліца, сінагога. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Ільянскага, з 1957 Вілейскага р-наў. У 1970 — 825 ж., 272 двары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 19 ст.), касцёл (1-я пал. 19 ст.) і царква (пач. 20 ст.).

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)