ДЗЯМА́РЫН (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 15.3.1938, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966), выкладаў у ім (1969—78). Арыгінальнасцю кампазіцыі, тонкім адчуваннем псіхалогіі вобразаў вылучаюцца серыі станковых работ «Не забудзе Беларусь» (1970), «Камвольшчыцы» (1974—77), «На сюжэты з рускай класікі» (1980—88), «Калектывізацыя на Палессі» (1982), трыпціх «Нараджэнне тканіны» (1978). Выканаў іл. да кніг Я.Коласа «На ростанях» (1968), М.Лынькова «Векапомныя дні» (1969), І.Мележа «Мінскі напрамак» (1974), І.Шамякіна «Сцягі над штыкамі» (1976) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: «Пераправа, 1944 г.» (1985), «29-ы год. Палессе» (1987) і інш.
А.Дзямарын. Дыспут. Паводле рамана І.С.Тургенева «Бацькі і дзеці». Серыя «На сюжэты з рускай класікі». 1988. Каляровая аўталітаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).
Тв.:
Так і не: Вершы. Мн., 1993;
Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.
Літ.:
Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАЗЕ́ЛЬ (Genista),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі ў паўд.ч. трапляецца Ж. фарбавальны (G. tinctona), расце падлескам у хваёвых, бярозава-хваёвых і бярозавых лясах, і Ж. германскі (G. germanica, нар. назва колкая трава), рэдкі цэнтр.-еўрапейскі горны від, расце ў хваёва-дубовых і шыракалістых лясах, сярод хмызняку, на ўзлесках і палянах. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Кусты і паўкусты выш. да 0,6—1,5 м, з прамастойнымі, пруткападобнымі, злёгку рабрыстымі сцябламі, звычайна голымі, іншы раз апушанымі белымі валаскамі, унізе з калючкамі. Лісце простае, эліпсоіднае, з кароткім вострым канцом, голае, бліскучае або злёгку валасістае. Кветкі жоўтыя, у шматлікіх гронках на канцах галінак. Плод — струк. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, слабіцельны, абязбольваючы сродак), фарбавальная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫТО́МІР»,
рачны маніторсав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач.Вял.Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах.Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́ДНА»
(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах.Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв. — вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»
(«Waldwinter»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.
У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Аркадзь Пятровіч) (н. 29 12.1929, г. Самара, Расія),
бел. вучоны ў галіне оптыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1974). Д-рфіз.-матэм.н. (1967), праф. (1970). Засл. дз. нав. Рэспублікі Беларусь (1992). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1953). З 1959 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па оптыцы рассейвальных асяроддзяў. Распрацаваў метады вывучэння ўласцівасцей і структуры асяроддзя па рассеянні святла, прылады лазернага зандзіравання атмасферы і воднай прасторы, сістэмы сувязі, лакацыі, перадачы інфармацыі і відарысу на аснове светлавога праменя ў прыродных і штучных аб’ектах.
Тв.:
Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;
Распространение света в плотноупакованных дисперсных средах. Мн., 1988 (разам з В.А.Лойкам, У.П.Дзікам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧА́Н (Якаў Іосіфавіч) (н. 17.9.1918, в Лампекі Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. журналіст. Засл. дз. культурыБССР (1967). Скончыў ВПШ пры ЦКВКП(б) (1949). У 1938-59 працаваў у перыядычным друку ў газ, «Сталинская молодежь», «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Молодой партизан», «Правда» і інш.; у 1959—72 гал. рэдактар час. «Коммунист Белоруссии»; у 1972—87 — на бел. радыё. Чл.ЦККПБ у 1960—75, дэп. Вярх. СаветаБССР у 1971—75. Аўтар артыкулаў, нарысаў, брашур, прысвечаных партыз. барацьбе на тэр. Беларусі (пераважна Піншчыны і Брэстчыны) у Вял.Айч. вайну.
Тв.:
Миф и реальность: что такое «амерыкэн уэй оф лайф». Мн., 1970;
Подпольная молодежная // Летописцы боевого подвига. Мн. 1985;
Остался в сердце вечный след // Летописцы победы. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),
рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л.Рус.нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л.бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж.акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.