спецыяльная гіст. навука, якая даследуе манеты і інш. плацежныя знакі, іх узаемасувязь з гісторыяй, эканомікай, палітыкай, правам, культурай і тэхнікай, гісторыю грашовага абарачэння і фарміравання грашовых сістэм розных эпох, народаў і дзяржаў і іх узаемасувязь з рынкам; арганізацыю і тэхніку манетнай вытв-сці і медальернага мастацтва; грашовыя рэформы, умовы фарміравання скарбаў і іх ролю ў фарміраванні рынку грашовага абарачэння. Да Н. прымыкаюць розныя спец. дысцыпліны: медальернае мастацтва, фалерыстыка, баністыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, метралогія гістарычная. а таксама раздзелы этнаграфіі і паліт. эканоміі. якія вывучаюць т.зв. «прымітыўныя грошы» (таварагрошы).
Нумізматычныя крыніцы падзяляюць на 2 групы. Да першай, асноўнай, адносяць асобныя манеты, манетныя знаходкі (адзінкавыя манеты, зліткі, скарбы), матэрыялы і інструменты па чаканцы манет, манетныя шалі і гіркі. Да другой, дапаможнай, — розныя пісьмовыя крыніцы (дакументацыя манетных двароў, пастановы аб рэформах манетнай справы і грашовага абарачэння, вальвацыйныя табліцы — курс валют, мытныя кнігі, тастаменты і акты аб куплі-продажы), пячаткі, таварагрошы, медалі, жэтоны і ўзнагародныя знакі. З 19 ст. Н. лічылі часткай археалогіі (у шэрагу выпадкаў манеты дапамагаюць датаваць стратыграфічныя пласты, пабудовы і асобныя рэчы, выяўленыя пры раскопках). У той жа час Н. з’яўляецца самастойнай навукай, бо абапіраецца на спецыфічныя крыніцы (манеты, скарбы, зліткі), мае сваю тэрміналогію і методыку даследаванняў. Як навука Н. трансфармавалася з калекцыяніравання манет і інш. плацежных сродкаў. Калекцыяніраванне ўзнікла ў эпоху імператарскага Рыма, пашырылася ў эпоху Адраджэння і стала асабліва папулярным з 15—16 ст.
У сярэдзіне 16 ст. ў Еўропе налічвалася да 950 мюнцкабінетаў (спец. кабінеты. у якіх захоўваліся прыватныя калекцыі манет). Наяўнасць буйных нумізматычных прыватных калекцый патрабавала іх даследавання і сістэматызацыі. Да канца 18 ст. аформіліся найважнейшыя сучасныя нумізматычныя зборы: мюнцкабінеты ў Вене і Берліне, кабінет медалёў у Парыжы, калекцыі Брытанскага музея ў Лондане, Эрмітажа ў С.-Пецярбургу. У тагачасных навук. творах манеты разглядаліся як помнікі мастацтва разам з камеямі, скульптурай і г.д. Родапачынальнікам навук. Н. лічыцца аўстр. нумізмат І.Х.Экель, які ў 1792—98 выдаў у Вене 8-томную «Навуку аб старажытных манетах». Для станаўлення Н. як навукі шмат зрабілі даследчыкі 19 ст. І.Мадэр, І.Лялевель, Т.Чацкі, І.Я.Лейцман і інш. Першыя калекцыі манет у Расіі з’явіліся ў 17 ст., у 18 ст. калекцыяніраванне стала пашыраным. У 1714 у С.-Пецярбургу адкрыта Кунсткамера (на 1742 налічвалася 28 862 манеты), у 1745 апублікаваны яе першы каталог (на лац. мове), складзены Г.Я.Керам і Х.Крузіусам. З 1770-х г. пачала фарміравацца нумізматычная калекцыя ў Эрмітажы. Заснавальнікамі рус. нумізматычнай навукі лічацца Х.Д.Фрэн, А.Дз.Чарткоў і К.Келер. У сав. часы нумізматычныя даследаванні канцэнтраваліся ў аддзелах Н. Дзярж Эрмітажа (С.-Пецярбург), Дзярж.гіст. музея (Масква), некат. рэсп. музеяў (Кіеў, Тбілісі і інш.), акад. ін-таў і ун-таў. Н. ўмоўна падзялялі на антычную, візантыйскую, усходнюю (манеты краін Азіі і Афрыкі, а таксама сярэдневяковыя манеты Сярэдняй Азіі, Паволжа, Крыма і Закаўказзя), заходнюю (еўрап. манеты сярэдніх вякоў, новага і навейшага часу дзяржаў Зах. Еўропы, а таксама Паўн. і Лац. Амерыкі), рускую, савецкую; асобна — манеты краін Азіі і Афрыкі (былых калоній) на зах.-еўрап. мовах.
На Беларусі гісторыя нумізматычных даследаванняў прайшла той жа шлях, што і ў інш. краінах. У 16—18 ст. буйная нумізматычная калекцыя захоўвалася ў Нясвіжы ў князёў Радзівілаў. У 1820-я г. ў Гомелі М.П.Румянцаў сабраў вял. калекцыю, якая ўключала некалькі бел. скарбаў манет Каралеўства Польскага і ВКЛ, куфіцкіх дырхемаў (у 1831 перавезена ў Пецярбург, з 1861 у Румянцаўскім музеі ў Маскве). У 1840—50-я г. значную калекцыю сабраў вядомы археолаг, гісторык і этнограф Я.П.Тышкевіч, якую перадаў у створаны ў 1855 па яго ініцыятыве Віленскі музей старажытнасцей. У 1870—90-я г. на Міншчыне вял. калекцыю сабраў гісторык, археолаг і краязнавец Г.Х.Татур, частка якой паступіла ў Беларускі музей у Вільні і ў Беларускі дзяржаўны музей у Мінску. На Гродзеншчыне манеты і драгічынскія пломбы збіраў М.П.Авенарыус, на Віцебшчыне — М.Ф.Кусцінскі, на Магілёўшчыне і Гомельшчыне — Е.Р.Раманаў і інш. Большасць калекцыянераў публікавалі артыкулы па Н. і сфрагістыцы. У сярэдзіне 19 ст. рэгістрацыяй, зборам і даследаваннем манетных знаходак на Беларусі займаліся Віленская археалагічная камісія, стат. к-ты Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Магілёўскай губ. і створаныя імі музеі, Віцебская вучоная архіўная камісія і Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута.
Нумізматычныя матэрыялы, выяўленыя на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., зберагаліся ў Віленскім музеі старажытнасцей, Віцебскім і Мінскім царк.-археал. музеях. Цяпер манетныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск), ва ўсіх абл. і многіх раённых краязн. музеях. Вял. калекцыя зберагаецца ў Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ. Да пач. 20 ст. на Беларусі практычна не было прафес. нумізматаў. Апісанне манетных скарбаў, актавых пячатак, гандл. пломбаў, медалёў, укладанне каталогаў і іх публікацыі праводзіліся археолагамі і калекцыянерамі. У 2-й пал. 1920-х г. нумізматычнымі даследаваннямі займаўся дырэктар Бел.дзярж. музея К.В.Харламповіч. У 1933 С.А.Дубінскі апублікаваў «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін», у якой значнае месца займаў матэрыял па Н. У пасляваенныя часы даследаванні па Н. праводзяць вучоныя-выкладчыкі ВНУ і супрацоўнікі Ін-та гісторыі АН Беларусі: В.Н.Рабцэвіч, І.Н.Колабава, Л.Д.Побаль, Ш.І.Бекцінееў, І.І.Сінчук і інш. У сучасных нумізматычных даследаваннях выявіліся 2 кірункі — пераважнае вывучэнне манет і скарбаў і даследаванні грашовага абарачэння і грашовых сістэм (у асн. 10—16 ст.). Спец. курсы па Н. чытаюцца ў БДУ, Бел. ун-це культуры, Бел.пед. ун-це і інш.ВНУ Беларусі. Распрацаваны і існуюць 2 варыянты перыядызацыі грашовага абарачэння на Беларусі. Першы заснаваны пераважна на тыпах манет, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў розныя перыяды: рымскага дэнарыя (канец 2 — пач. 3 ст.н.э.); куфіцкага дырхема (9—10 ст.); заходнееўрап. дэнарыя (канец 10 — канец 11 ст.); «безманетны» (канец 11 — пач. 14 ст.); пражскага гроша (14—15 ст.); канца 15 — сярэдзіны 17 ст.; 2-й пал. 17 ст. — канца 18 ст.; канца 18 ст. — 1917; савецкі 1918—91; Рэспублікі Беларусь з 1992. Другі абапіраецца на грашовыя сістэмы (перыяды); старажытнарускі (9 — сярэдзіна 13 ст.) — куфіцкага дырхема (9 — канец 10 ст.), зах.-еўрап. дэнарыя (канец 10 — пач. 12 ст.), першы этап «безманетнага» перыяду (пач. 12 — сярэдзіна 13 ст.); ВКЛ (сярэдзіна 13 ст. — 1569) — другі этап «безманетнага» перыяду (сярэдзіна 13 — пач. 14 ст.), пачатковы этап рэгіянальных грашовых сістэм (2-я чвэрць 13 — пач. 14 ст.), пражскага гроша (пач. 14 ст. — 1492), завяршальны этап рэгіянальных грашовых сістэм (1300/1305—94), перыяд ранняй агульнадзярж. грашовай сістэмы ВКЛ (1394—1492), перыяд 1492—1569; Рэчы Паспалітай (1569—1795); Расійскай імперыі (1795—1917); савецкі (1918—91), Рэспублікі Беларусь з 1992.
Літ.:
Марков А.К. Древняя нумизматика. Ч. 1—2. СПб., 1901—03;
Зограф А.Н. Античные монеты. М ;
Л., 1951;
Кропоткин В.В. Клады римских монет на территории СССР. М., 1961;
Яго ж. Клады византийских монет на территории СССР. М., 1962;
Спасский И.Г. Русская монетная система. 4 изд. Л., 1970;
Янин В.Л. Денежно-весовые системы русского средневековья: Домонгольский период. М., 1956;
Рябцевич В.Н. О чем рассказывают монеты. Мн., 1968;
Яго ж. Основные итоги нумизматических исследований в БССР // Белорусские древности. Мн., 1967;
Яго ж. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993;
Бектинеев Ш.И. Периодизация денежного обращения на территории Беларуси с IX в. до Люблинской унии 1569 г. // Гіст.-археал.зб.Мн., 1994. № 4.
Ш.І.Бекцінееў.
Нумізматыка: 1 — златнік (золата); 2—4 — сярэбранікі (серабро), канец 10 — пач. 11 ст.; 5 — грыўня (рубель) чарнігаўскага тыпу (серабро), 2-я пал. 13 ст.; 6 — грыўня (рубель) кіеўскага тыпу (серабро), 11—13 ст.; 7 — грыўня (рубель) наўгародскага тыпу (серабро), 13—14 ст.; 8 — палова грыўні наўгародскага тыпу («палціна»); 9 — грыўня (рубель) заходнярускага (літоўскага) тыпу (серабро), 14—15 ст.; 10 — солід (білон), 1652; 11 — «барацінка» (медзь) 1665; 12—14 — паўгрошы (білон), 1494—1506, 1509, 1565; 15—23 — грошы (білон), 1536, 1546, 1555, 1580, 1607, 1608, 1612, 1627, 1652; 24 — два грошы (серабро) 1565; 25—27 — тры грошы (білон і серабро) 1546, 1562, 1562; 28 — чатыры грошы (серабро) 1566; 29—31 — шэсць грошаў (білон і серабро) 1547, 1562, 1664; 32—33 — паўкопкі (серабро) 1564, 1565; 34 — талер (серабро) 1580.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНСК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у сутоках р. Піна і Прыпяць. Чыг. ст. на лініі Брэст—Лунінец, вузел аўтадарог на Іванава, Івацэвічы, Лунінец, Столін. Рачны порт. За 180 км на У ад Брэста. 131 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Пинеск, Пиньск) упершыню ўпамінаецца пад 1097. Назва ад р. Піна. Стараж. П. складаўся з дзядзінца, вакольнага горада (гл.Пінскія ўмацаванні) і гар. пасада. Пры археал. раскопках знойдзены сашнік, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, шпоры, упрыгожанні, каляровыя керамічныя пліткі, каменны абразок з выявай Спаса Эмануіла (12 ст.), высокамастацкая касцяная капавушка, рэчы з надпісамі. Да сярэдзіны 12 ст. горад уваходзіў у Тураўскае княства, з 2-й пал. 12 ст. цэнтр удзельнага Пінскага княства. У 13 ст. ўтворана Пінская праваслаўная епархія.
З пач. 14 ст. П. у складзе ВКЛ, з 15 ст. ў Трокскім ваяв. З 1-й пал. 16 ст. цэнтр Пінскага староства, з 1565—66 — Пінскага павета Берасцейскага ваяв. У 1581 П. атрымаў магдэбургскае права і герб — у чырв. полі залатыя лук са стралой і напятай цецівой. У 1596—1795 існавала Пінска-Тураўская уніяцкая епархія. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 у вер. 1648 паўстанцы П. разам з казацкім атрадам А.Нябабы аказалі супраціўленне войску вял. стражніка ВКЛ Р.Мірскага. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 10 тыс.ж. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 П. заняты атрадам Ф.Ф.Валконскага, разрабаваны і спалены. У час Паўночнай вайны 1700—21 у маі 1706 войскі шведскага караля Карла XII захапілі і разрабавалі горад. У 1-й пал. 18 ст. ў П. працавала друкарня (належала езуітам). Пінская кангрэгацыя 1791 зрабіла спробу ўтварыць асобную арг-цыю правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) П. у Рас.імперыі, цэнтр павета Мінскай губ. У 1794 у горадзе 3716 ж., 548 дамоў. У сярэдзіне 19 ст. працавалі медзеапрацоўчы з-д, тытунёвая ф-ка, 2 гарбарні, піваварня, млыны і інш. У 1858 адкрыта гімназія (з 1872 Пінскае рэальнае вучылішча). У 1882 праз П. прайшла паўд. ветка Палескіх чыгунак. У канцы 19 ст. ў горадзе дзейнічала 27 прадпрыемстваў, найб. з іх — майстэрні Палескіх чыгунак, суднабудаўнічы з-д, ф-кі — шпілечна-фанерная, тытунёвая, запалкавая «Прагрэс-Вулкан», 3 лесапільні, маслабойня і інш. У 1897 у П. 28 368 ж. У час рэвалюцыі 1905—07 тут адбываліся забастоўкі рабочых, усеагульная стачка 1905 задушана карнай экспедыцыяй ген. Арлова. З 15.9.1915 да 25.1.1919 горад акупіраваны герм. войскамі. У 1921—39 П. у складзе Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв., база Пінскай (Рачной) флатыліі ВМФ Польшчы. У 1925—39 існавала Пінская рымска-каталіцкая епархія. З ліст. 1939 П. у складзе БССР, база Дняпроўскай ваеннай флатыліі. З 4.12.1939 цэнтр Пінскай вобласці, з 15.1.1940 — Пінскага раёна. У 1939 у П. 35,9 тыс.ж. У 1940 працавалі суднарамонтны і 2 фанерныя з-ды, запалкавая ф-ка «17 Верасня» і інш.; 19 школ, настаўніцкі ін-т, пед. вучылішча, муз. і фельчарская школы, абл.драм. тэатр, б-кі, 8 дзіцячых садоў, абл. і гар. бальніцы, паліклінікі, база Пінскай ваеннай флатыліі. 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі. У час Вял.Айч. вайны дзейнічала Пінскае патрыятычнае падполле. Ням.-фаш. захопнікі знішчылі ў П. 59 084 чал., з іх 20 тыс. ваеннапалонных. Вызвалены 14.7.1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1947—51 база Дняпроўскай ваен. флатыліі апошняга фарміравання, у 1951—93 тут існаваў вучэбны цэнтр сав. (з канца 1991 рас.) ВМФ. З 8.1.1954 П. — раённы цэнтр Брэсцкай вобл. У 1959 у П. 41,5 тыс.ж., у 1986—112,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. (Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, Пінскі ліцейна-механічны завод, з-ды доследна-мех., сродкаў малой механізацыі і металаканструкцый і інш.), лёгкай (Пінскі завод штучных скур, Пінскі камбінат верхняга трыкатажу, Пінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Крыніца Палесся», прамысл,гандл.трыкат. прадпрыемства «Дынама», ільнозавод і інш.), дрэваапр. (Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод), буд. матэрыялаў, мікрабіял. (Пінскі завод кармавых вітамінаў), харч. (Пінскі кансервавы завод, масласырбаза, мясакамбінат, хлебазавод і інш.) прам-сці. Дзейнічаюць Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі сельскагаспадарчы каледж, Пінскі тэхнікум мясной і малочнай прамысловасці, Пінскі банкаўскі каледж, Пінскае вучылішча мастацтваў, Музей Беларускага Палесся. Мемарыяльны комплекс вызваліцелям на брацкай магіле сав. воінаў, маракоў Дняпроўскай ваеннай флатыліі і партызан. Стэла на месцы знішчэння сав. грамадзян ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: Айч. вайны 1812, у гонар буд-ва шашы Пінск—Брэст, воінам-вызваліцелям, маракам Дняпроўскай флатыліі, В.З.Харужай, у гонар 40-годдзя вызвалення Пінска. Археал. помнік — гарадзішча старажытнага Пінска (археал. запаведнік).
У 16 ст. на месцы стараж. дзядзінца размяшчаўся драўляны старосцінскі замак. На месцы б. вакольнага горада сфарміраваліся 2 паўкальцы: унутр. і вонкавае, абнесенае землянымі ўмацаваннямі. На Пн ад замка ва ўнутр. паўкальцы знаходзілася гандл. плошча (Стары рынак). Паводле інвентара 1660-х г., у горадзе вылучаліся 2 раёны: асн. (паблізу замка) і па р. Ясельда, у паўн. частцы паселішча. Былі 2 масты — Троіцкі і Спаскі, 6 брам на асн. магістральных напрамках — Віленская, Берасцейская, Спаская, Парканавая, Гарадская, Уладычная. Найб. вуліца — Вял. Спаская, утварала гал. вось горада ўздоўж р. Піна. Тут знаходзіліся 143 пляцы мяшчанскіх сядзіб, францысканскі кляштар, карчма, гай, агароды. У сярэдзіне 17 ст. горад вырас, у выніку рэгулявання планіроўкі арх.-планіровачная структура яго была ўпарадкавана. Утварыліся 3 асн. магістральныя напрамкі: зах., усх. і паўночны. Мяркуюць, што ў гэты час склалася квартальная планіроўка. У сярэдзіне 16 ст. ў горадзе было 14 правасл. цэркваў (у замку знаходзіліся Дзмітраўская саборная і Афанасьеўская), Пінскі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл і кляштар дамініканцаў (засн. ў 1542), 2 правасл. манастыры (у горадзе і прадмесці Лешча—Пінскі Лешчанскі манастыр). У 2-й пал. 16 ст. пабудаваны правасл. Богаяўленскі манастыр. У 17—18 ст. сфарміраваўся сучасны цэнтр горада. Паводле плана 1798 П. меў складаную планіроўку. Цэнтр. месца займаў замак з земляным валам, за ім знаходзілася плошча з крамамі і каморамі. спіхлерамі, важніцай, гандл. радамі. Сярод правасл. цэркваў у 16—17 ст. былі простыя збудаванні (без вярхоў і купалаў), якія нагадвалі хаты або клеці (царква св. Духа, Манастырская царква на Полазаўшчыне і інш.), і складаныя па кампазіцыі шматкупальныя (напр., Дзмітраўская царква мела 4 прытворы. званіцу з 5 званамі). Сярод манум. мураваных і драўляных пабудоў Пінскі касцёл і калегіум езуітаў, кляштары францысканцаў, кармелітаў (1734), марыявітак (1746), Пінскі палац (канец 18 ст.). У канцы 16 ст. на У ад П. ўзнікла прадмесце Каралін, забудаванае паводле рэгулярнага плана, узведзены Пінскі Каралінскі замак. У 18 ст. тут пабудаваны Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў і Пінскі касцёл Карла Барамеуша з кляштарамі. Першы праектны план забудовы П. (1800) прадугледжваў ліквідацыю паўкальцавых магістралей, упарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйненне гар. кварталаў і пракладку 2 новых радыяльных вуліц, каб злучыць цэнтр з дарогамі на Брэст і Нясвіж (ажыццёўлены ў агульных рысах). Да 1860-х г. у паўн. частцы пабудавана некалькі кварталаў, царква на могілках (1823, цяпер па вул. Спакойнай), гімназія (1858). У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзведзены грамадскія будынкі і жылыя дамы ў духу эклектыкі (т-р «Казіно»), Рост прам-сці з 1880-х г., пракладка чыгункі паўплывалі на арх. аблічча горада. Пасля Вял.Айч. вайны П. забудоўваўся паводле генплана 1952 («Белдзяржпраект», арх. Я.Косціч, М.Андросаў), які прадугледжваў упарадкаванне планіроўкі пры захаванні веернай сістэмы магістралей, якія сыходзіліся да цэнтральнай плошчы. Горад развіваўся ўздоўж Піны, структурна падзяляўся на паўн. (адмежаваны чыгункай), цэнтр., зах. і ўсх. планіровачныя раёны. У 1950-я г. горад пазбаўлены гал. дамінанты — разабраны езуіцкі касцёл, знесены гандл. рады, на месцы цэнтр.гіст. плошчы ўтворана пл. Леніна, забудаваная тыпавымі 4—5-павярховымі дамамі. У 1950—60-я г. пастаўлены жылыя і адм. будынкі, у дэкоры якіх выкарыстаны класічныя ордэрныя формы. У 1970—80-я г. масавае жыллёвае буд-ва вялося ў паўн., усх. і зах. раёнах горада. Створаны зоны адпачынку — набярэжныя рэк Піна і Прыпяць, некалькі сквераў, дзіцячыя паркі. Запланавана стварэнне водна-зялёнага дыяметра ў межах П., прыгарадных зон адпачынку. У 1990 распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі цэнтр. раёна горада з прапановамі па рэгенерацыі гіст. ядра (арх. Л.Зайцава). Праект рэалізуецца з улікам захавання, рэстаўрацыі помнікаў і будынкаў гіст. забудовы.
Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Пінска. Мн., 1998.
Ю.А.Якімовіч, С.Ф.Самбук (архітэктура).
Пінск. Панарама раёна вуліцы М.Горкага.Пінск. Тэатр «Казіно». Фота пач. 20 ст.Пінск: панарама горада (уверсе), жылыя дамы 19—1-й пал. 20 ст.Набярэжная ў горадзе Пінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЖЫ́Р, Алжырская Народная Дэмакратычная Рэспубліка,
АНДР (Аль-Джумхурыя аль-Джазаірыя Дэмакратыя аш-Шаабія), дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у зах.ч. Міжземнаморскага басейна. Мяжуе з Марока і Зах. Сахарай (на З), Маўрытаніяй і Малі (на ПдЗ), Нігерам (на ПдУ), Лівіяй і Тунісам (на У). Пл. 2382 тыс.км². Нас. 27,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія — іслам суніцкага кірунку. Сталіца — г.Алжыр. Падзяляецца на 48 вілаяў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (1 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1989 Алжыр — нар.-дэмакр. рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. У студз. 1992 сфарміраваны Вышэйшы дзярж. савет (ВДзС), на які ўскладзены функцыі калект. прэзідэнта. У сувязі з роспускам Нац.нар. сходу (парламента) ВДзС надзелены правам выдаваць дэкрэты, якія маюць сілу законаў. У лют. 1992 створаны Нац. кансультатыўны савет, закліканы «дапамагаць ВДзС у ажыццяўленні яго функцый, ствараць неабходныя ўмовы для нармальнага функцыянавання ўстаноў і канстытуцыйнага ладу».
Прырода. Краіна невысокіх гор і ўзвышаных раўнін. На Пн хрыбты Атласкай горнай сістэмы, у межах якой вылучаюць горны ланцуг Тэль-Атлас (масіў Варсеніс, выш. да 1995 м), масівы Вял. і Малой Кабіліі (выш. да 2308 м), Сахарскі Атлас (масівы Ходна, Арэс, выш. да 2328 м). Паміж імі міжгорныя пласкагор’і і раўніны Высокіх плато (800—1200 м). У цэнтр. іх частцы вял. салёныя азёры (себхі). Поўдзень Алжыра займае 1/4 частку пустыні Сахара. Пераважаюць камяністыя плато (выш. каля 500 м) і пясчаныя пустынныя вобласці — эргі з высокімі дзюннымі градамі (В.Зах. Эрг, В.Усх. Эрг, Эрг Ігіды, Эрг Шэш і інш.), камяністыя пустыні-хамады (Танезруфт на Пд). На Пд Алжырскай Сахары пустыннае нагор’е Ахагар з вяршыняй Тахат (3003 м, найвышэйшая ў краіне). Нетры Алжыра багатыя нафтай, прыродным газам (па запасах нафты 3-е, газу 1-е месца ў Афрыцы, б.ч. радовішчаў на ПнУ Алжырскай Сахары), рудамі ртуці, цынку, свінцу, жалеза, урану, сурмы, фасфарытамі, ёсць медзь, волава, вальфрам, золата, каменны вугаль і інш. Клімат паўн. Алжыра субтрапічны міжземнаморскі, сярэдняя т-растудз. 5—12 °C, ліп. 25 °C, ападкаў у гарах 1200 м (Кабілія), на міжгорных раўнінах 200—400 мм. Клімат Алжырскай Сахары пустынны, трапічны, сутачныя ваганні т-р да 30 °C, ападкаў менш як 50 мм за год, у асобныя гады не бывае зусім. Частыя пясчаныя буры. Большасць рэк належаць да тыпу вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля рэдкіх дажджоў. Самая вял.р. Шэліф (Вадзі). Рэкі часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне і для атрымання гідраэнергіі. У пустынных раёнах на арашэнне і водазабеспячэнне ідуць падземныя воды. На ўзбярэжжы міжземнаморскі тып расліннасці з цвердалістых хмызнякоў і нізкарослых дрэў. На Пн у гарах да выш. 800 м растуць сухалістыя хмызнякі (маквіс), да 1500 м — коркавы і каменны дубы, вышэй за 1500 м — туя і ядловец. У Сахары расліннасць пустынная і паўпустынная, месцамі салянкі, эфемеры, трава альфа, асобныя хмызнякі; вял. прасторы без расліннасці. Глебы на ўзбярэжжы карычневыя і шэра-карычневыя, у горных раёнах лясныя буразёмы, вакол салёных азёраў (шотаў) — алювіяльныя і засоленыя. У Сахары прымітыўныя глебы пустыні. Жывёльны свет на Пн амаль знішчаны. У Сахары грызуны, паўзуны, шакалы, газелі, антылопы і інш.Нац. паркі: Джурджура, Акфаду, Тасілін-Аджэр і інш.
Насельніцтва. Жывуць арабы (80%), берберы (каля 20%; кабілы шаўіі, туарэгі і інш.), невял. колькасць французаў, італьянцаў, іспанцаў. Натуральны прырост 30 чал. на 1 тыс. за год. Сярэдняя шчыльн. 11,6 чал. на 1 км² (1994). Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана ў паўн. Алжыры, дзе яго шчыльн. 300 чал. на 1 км²; у пустынных абласцях каля 0,3 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва больш за 50% (1994). Найб. гарады: Алжыр, Аран, Канстанціна, Анаба, Сетыф, Бліда, Тызі-Узу, Эш-Шэліф.
Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59, жанчын 62 гады. Узровень нараджальнасці 32 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 58 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. Сляды першабытнага чалавека на тэр. Алжыра адносяцца да ніжняга і сярэдняга палеаліту (300—400 тыс.г. назад). З эпохі верхняга палеаліту тут зафіксаваны носьбіты астэрыйскай, ібера-маўрусійскай і капсійскай археал. культур. З пераходам да неаліту (4-е тыс. да н.э.) «капсійцы» выцеснілі ібера-маўрусійцаў. У канцы 12 ст. да н. э. на ўзбярэжжы Алжыра з’явіліся фінікійцы, якія ў 8 ст. да н.э. трапілі пад уладу Карфагена. На мяжы 3—2 ст. да н.э. на тэр. Алжыра ўтворана дзяржава Нумідыя. Канфлікт з Рымам прывёў да ўключэння Нумідыі ў склад Рымскай імперыі. У 439 н.э. Карфаген захапілі вандалы і зрабілі яго сталіцай свайго каралеўства. З 534 Вандальскае каралеўства пад уладай Візантыі; яго ўнутраныя раёны кантралявалі плямёны бербераў, якія стварылі шэраг незалежных дзяржаў. У канцы 7 ст.н.э.тэр. Алжыра заваявалі арабы-мусульмане і ўключылі яе ў склад Арабскага халіфата. Карэнныя берберскія плямёны паступова прынялі іслам і араб. мову, што вызначыла іх як араба-ісламскую краіну. З 16 ст. Алжыр у складзе Асманскай імперыі, залежнасць ад якой у 17 ст. стала фармальнай; на чале Алжыра быў правіцель — дэй, якога выбіралі са свайго асяроддзя янычарскія камандзіры. У гэты час акрэсліліся граніцы Алжыра, якія размежавалі яго з Тунісам і Марока. У 18 — пач. 19 ст. Алжыр прыйшоў у заняпад, што дало магчымасць у 1830 франц. войскам захапіць г. Алжыр. У 1832—47 вызв. барацьбу алж. народа супраць франц. панавання ўзначаліў эмір Абд аль-Кадзір. У антыкаланіяльным Мукрані паўстанні 1871—72 удзельнічала каля 800 тыс.чал. Найбольшы размах антыкаланіяльны рух набыў пасля 2-й сусв. вайны. У маі 1945 паўстанне ва Усх. Алжыры жорстка задушана. У 1946 засн. партыя Рух за перамогу дэмакр. свабод, якая ўзначаліла барацьбу супраць калан. рэжыму. Створаны ёю Рэв.к-т адзінства і дзеянняў (з 1954 Фронт нацыянальнага вызвалення, ФНВ) пачаў узбр. барацьбу, стварыў Армію нац. вызвалення; 1.11.1954 адначасова ў 30 пунктах краіны пачалося ўзбр. паўстанне. У 1955—56 амаль усе нацыяналіст. партыі і арг-цыі ўліліся ў ФНВ. Вызваленчая вайна скончылася Эвіянскім пагадненнем 1962 аб самавызначэнні Алжыра. 5.7.1962 абвешчана незалежная дзяржава. Першы прэзідэнт А.Бен Бела абвясціў праграму «алжырскага сацыялізму». Была нацыяналізавана ўласнасць еўрап. уладальнікаў, пануючае становішча ў эканоміцы заняў дзярж сектар. У выніку ваен. перавароту 19.6.1965 улада перайшла да Рэв. савета на чале з Х.Бумедзьенам. Канстытуцыя 1976 замацавала сацыяліст. арыентацыю Алжыра. Новы прэзідэнт Ш.Бенджадзід (з 1979) прадоўжыў курс папярэдніка. Эканам. крызіс 1980-х г. і дэмаграфічны выбух (у 1966—87 насельніцтва Алжыра павялічылася з 12 да 23 млн.чал.) абвастрылі сац. напружанасць і прывялі да масавых беспарадкаў. З канца 1988 кіраўніцтва Алжыра пачало радыкальныя змены ў эканам. і паліт. сістэме Алжыра, узяло курс на развіццё рыначнай эканомікі. Гэтыя змены замацавала канстытуцыя 1989. Уведзена шматпартыйнасць, з’явілася больш за 50 партый і грамадскіх арг-цый. На першых выбарах у органы мясц. улады, якія адбыліся на шматпарт. аснове 12.6.1990, перамаглі фундаменталісты Ісламскага фронту выратавання (ІФВ). Іх праграма прадугледжвала датэрміновыя выбары ў Нац.нар. сход (парламент), умацаванне ў грамадска-паліт. жыцці нормаў шарыяту, фарміраванне «Ісламскага грамадства». У 1-м туры парламенцкіх выбараў 1991 перамаглі ісламісты. У 1992 прэзідэнт Бенджадзід вымушана пайшоў у адстаўку. Улада перайшла да Вышэйшага дзярж. савета. Прэзідэнтам стаў М.Буджаф; парламент распушчаны, і ўведзены рэжым надзвычайнага становішча. У сак. 1992 распушчаны ІФВ. У чэрв. 1992 прэзідэнт Буджаф забіты, яго змяніў А.Кафі. Тэрарыстычныя акты, арганізаваныя фундаменталістамі, вымусілі ўлады прадоўжыць (лют. 1993) рэжым надзвычайнага становішча на неакрэслены тэрмін. Прэзідэнт Алжыра (з 1994) Л.Зеруаль. Алжыр — член ААН (1962), Лігі арабскіх краін і інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Фронт сацыяліст. сіл, Аб’яднанне за культуру і дэмакратыю, Хамас, Ан-Нахда і інш.; Усеагульны саюз алжырскіх працоўных, Нац. саюз алжырскіх сялян, Нац. саюз алжырскай моладзі, Нац. саюз алжырскіх жанчын, Нац.арг-цыя муджахідаў і інш.
Гаспадарка. Пасля атрымання незалежнасці для Алжыра характэрны высокі ўзровень нацыяналізацыі прыродных рэсурсаў, прам-сці, транспарту, фінансаў і інш. З канца 1980-х г. пачаліся рэформы і перавод гаспадаркі на рыначную аснову. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) 40,5 млрд.дол. (1991). Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (41 млн.т, 1992) і прыроднага газу (126,61 млрд.м³). Здабываюцца руды каляровых металаў, жал. руда, фасфарыты, барыты, сурма. Апрацоўчая прам-сць: чорная металургія (металург. комплекс у Анабе), машынабудаванне (вытв-сць халадзільнікаў, тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, трактароў і аўтамабіляў), нафтаперапрацоўка, электратэхн., транспартнае абсталяванне, вытв-сцьмінер. угнаенняў, буд. матэрыялаў. Перапрацоўка с.-г. сыравіны: мукамольныя, вінаробныя, масларобныя, кансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Развіта тэкстыльная, швейная, нафтахім. прам-сць (сінт. смолы, пластмасы, мыйныя сродкі). Вытв-сць электраэнергіі 16,8 млн.кВт∙гадз (1992). Сельская гаспадарка дае больш за 8% ВУП. Асн. культуры: пшаніца, ячмень, вінаград, алівы, цытрусавыя, фінікі, міндаль, кукуруза, тытунь, бавоўнік; у аазісах — фінікавыя пальмы, на ўзбярэжжы і каля буйных гарадоў — гародніна (часткова на экспарт) і бульба. Нарыхтоўваюць кару коркавага дуба і траву альфа (сыравіна для вытв-сці высакаякаснай паперы, каля 100 тыс.т за год). Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўнага кірунку. У пустынных горных раёнах гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў, на Пн краіны і каля вял. гарадоў — буйн. раг. жывёлу. У прыбярэжных водах марское рыбалоўства. На Пн Алжыра густая сетка шашэйных дарог — 130 тыс.км (1989), у т. л. з цвёрдым пакрыццём больш за 50 тыс.км; дзейнічае транссахарская шашэйная дарога. Чыгункі 4,2 тыс.км (1989). У Алжыры буйныя нафта- і газаправоды. Разам з Італіяй пабудаваны трансміжземнаморскі газаправод. Гал. парты: Беджаія, Алжыр, Арзеу, Аран, Анаба. Асн. прадукты экспарту — нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, віно, цытрусавыя, жал. руда, мінер. сыравіна, тытунь. У імпарце пераважаюць машыны і абсталяванне, прадукты і спажывецкія тавары. Асн. гандлёвыя партнёры — Францыя, Германія, Італія, Іспанія, ЗША, Японія (каля 80% тавараабароту). Грашовая адзінка — алжырскі дынар.
Узброеныя сілы Алжыра: нац.нар. армія, нац. жандармерыя, рэсп. і прэзідэнцкая гвардыя; ёсць паўваен. фарміраванні грамадз. абароны і нац. службы. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У склад нац.нар. арміі ўваходзяць сухапутныя войскі (аснова ўзбр. сіл), ВПС (складаюцца з авіяэскадрылляў) і ППА (зенітныя брыгады і дывізіёны, радыётэхн. войскі), ВМС (падводныя лодкі, караблі, катэры розных класаў). Узбр. сілы камплектуюцца паводле закона аб усеаг. воінскай павіннасці, набор ажыццяўляецца 2 разы на год, прызыўны ўзрост 19—27 гадоў, тэрмін абавязковай ваен. службы 1,5 года. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у агульнавайсковай акадэміі, ваен. вучылішчах і за мяжой.
Асвета, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Сістэма адукацыі Алжыра склалася ў выніку рэформаў 1970-х г. (ВНУ), 1980 (пач. школа) і 1984 (сярэдняя школа). Агульную адукацыю (абавязковая для дзяцей 6—16 гадоў) даюць базавыя школы (9 гадоў навучання). Лепшых вучняў адбіраюць для агульных або тэхн. (паводле профілю спецыялізацыі) ліцэяў (поўны курс сярэдняй адукацыі да 13 гадоў навучання). У 1987/88 навуч.г. ў Алжыры працавала 14 тыс. базавых школ (больш за 5 млн. вучняў), 600 сярэдніх навуч. устаноў (600 тыс. навучэнцаў), 700 цэнтраў прафес. падрыхтоўкі, у сістэме прафес. Навучання 250 тыс.чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 20 ун-таў і універсітэцкіх цэнтраў, каля 30 ін-таў і інш.ВНУ. Найбуйнейшыя: Алжырскі ун-т (засн. ў 1879) з філіяламі ў Аране і Канстанціне, ун-т прыродазнаўчых навук і тэхналогіі, нац. ін-ты нафты, газу і хіміі; лёгкай прам-сці; агранамічны, вышэйшая вет. школа і інш. У 1987/88 навуч.г. ў ВНУ каля 150 тыс.чал., больш за 12 тыс. выкладчыкаў. Самыя вял. б-кі: Нац.б-ка, б-ка ун-та ў Алжыры, Муніцыпальная б-ка ў Канстанціне. Музеі: Нац. музей Алжыра, Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. музей антычнасці, этнаграфічны, Музей нац. вызвалення. Навук. даследаванні ў галіне ядз. фізікі, электронікі, акіянаграфіі, біялогіі, біяхіміі, ветэрынарыі, сельскай гаспадаркі вядуцца ва ун-тах і НДІ; мед. праблемы даследуюць анкалагічны цэнтр, ін-т Пастэра, ін-т гігіены, сетка доследна-селекцыйных станцый. Працуюць астранамічная, астрафізічная і метэаралагічная абсерваторыі.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Алжыры больш за 150 перыяд. выданняў (агульны тыраж каля 1,7 млн.экз.). Афіцыйны орган урада — газета «El Moudjahid» («Змагар»). Дзярж.інфарм. агенцтва Альжэры Прэс Сервіс (з 1962, г. Алжыр). Нац. тэлерадыёкампанія «Радыётэлевізьён альжэр’ен» (з 1962) вядзе перадачы на араб., франц. і кабільскай мовах. Тэлецэнтр у г. Алжыр.
Літаратура. Развіваецца на арабскай, кабільскай і франц. мовах. Літаратура на арабскай і кабільскай мовах узнікла ў 16—18 ст. у эпоху барацьбы супраць ісп. экспансіі і тур. панавання, калі духоўнае жыццё краіны выяўлялася пераважна ў вуснай нар. творчасці. У 19 ст.л-ра адлюстроўвала працэс фарміравання алж. нацыі. Нар. паэты (медахі) заклікалі да супраціўлення франц. каланізатарам. Патрыят. паэзія Абд аль-Кадзіра, Саіда Абдалаха, Мухамеда Белькаіра і паэта Кабіліі Сі Маханда блізкая па духу да нар. песень. Нац.-вызв. барацьба — гал. тэма ў паэзіі 1950—60-х г. (вершы Абу аль-Касіма Саадала, Муфдзі Закарыя, аўтара нац. гімна) і прозы (ат-Тахір Ватар, «Фадзіля Масудзі). Пачынальнік жанру апавядання і аўтар першага алж. рамана на араб. мове — Ахмед Рыда-Хуху («Дзяўчына з Меккі», 1947). У 1967 з’явіўся раман Мухамеда Мані «Голас кахання». Пра жыццё краіны ў 1970-я г. раманы Ватара («Землетрасенне»), Абд аль-Хаміда Бенхедугі («Вецер з поўдня» і «Канец учарашняга дня») і інш. Літаратура на французскай мове пачала развівацца ў 1940—50-я г. Абуджэнне нац. самасвядомасці алжырцаў паказалі празаік Жан Амруш, паэты Аіт Джафер, Мустафа Лашраф, рэаліст. творы Мухамеда Дыба (трылогія «Алжыр»), Мулуда Ферауна (раманы «Сын бедняка» і «Дарога ў гару», дылогія «Зямля і кроў»), Мулуда Мамеры (раманы «Забыты пагорак», «Калі спіць справядлівасць»), Малека Уары (раман «Зернетка ў жорнах») і інш. Пра алж. інтэлігенцыю ў час нац.-вызв. вайны раманы Малека Хадада «Апошняе ўражанне» і «Набярэжная кветак не адказвае». Стварэнне незалежнай рэспублікі ў 1962 адкрыла новую эпоху ў л-ры Алжыра: раманы Мурада Бурбуна «Муэдзін», Рашыда Буджэдры «Адрынутасць», Асіі Джэбар «Наіўныя жаваранкі». Вяршыня рэаліст. л-ры Алжыра гэтага часу — раман Мамеры пра нац.-вызв. вайну «Опіум і дубінка». Укладам у алж. л-ру 1960—80-х г. стала творчасць Мулуда Ашура, Джамаля Амрані, Кадура М’Хамсаджы, Ахмеда Акаша, Мустафы Тумі, Набіля Фарэса, Айшы Лемсін, Джамаля Алі Хаджы, Мустафы Хасіяна і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. старажытныя помнікі мастацтва на тэр. Алжыра адносяцца да неаліту (наскальныя выявы жывёл, людзей, сцэны палявання і рытуальных абрадаў у гарах Тасілін-Аджэр, Тасілін-Ахагар). Захаваліся рэшткі гарадоў часоў фінікійскага, рымскага і візантыйскага панавання: Джаміла, Гіпон, Тымгад, Тыпаса, Шэршэль з руінамі ўмацаванняў, храмаў, тэатраў, тэрмаў, трыумфальных арак, акведукаў, жылых дамоў. Пры раскопках выяўлены творы скульптуры, мазаікі з міфалаг. і быт.сцэн. Пасля араб. заваявання ў гарадах будаваліся ўмацаванні, мячэці, медрэсэ, лазні, рынкі, палацы (г. Кала-Бені-Хамад, 11 ст.). У 10—13 ст. у гарадах Алжыр, Тлемсен, Канстанціна ўзведзены мячэці, вежы-мінарэты, палацы, грамадскія будынкі, арнаментаваныя разьбой па стука, кафляй. Дойлідства і дэкар.-прыкладное мастацтва Алжыра 16—18 ст. вызначаліся пышнасцю, багаццем формаў і разнастайнасцю арнаментыкі (палацы і вілы тур. намеснікаў). Гараджане жылі ў невял. 2—3-павярховых дамах з плоскімі дахамі, з замкнёнымі дворыкамі. У 1881 у г. Алжыр засн.Нац. школа архітэктуры і прыгожых мастацтваў. З 1930-х г. у Алжыры працавалі франц. архітэктары і інжынеры Ле Карбюзье, П.А.Эмеры, Б.Зерфюс, Л.Мікель, П.Турнон. У гарадах узводзіліся шматпавярховыя жылыя і адм. будынкі, вілы, асабнякі, набліжаныя да еўрап. архітэктуры. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена тканінамі, дыванамі, вышыўкай, размаляванай керамікай, вырабамі рамеснікаў. У выяўл. мастацтве 19 — пач. 20 ст. працавалі пераважна франц. мастакі, з 1920—30-х г. — мастакі-алжырцы (Мухамед і Амар Расім, Тэмам Ранем і інш.), з сярэдзіны 20 ст. — жывапісцы, графікі, скульптары (Х.Бенанбур, М.Будзід, І.Самсом, М.Адан, М.Хада, Ш.Меслі і інш.). У маст. жыцці сучаснага Алжыра вядучую ролю адыгрывае Нац. саюз работнікаў выяўл. мастацтва.
Музыка Алжыра мае шмат агульнага з музыкай Туніса, Марока, інш. краін рэгіёна. У ёй спалучаюцца араба-іранскія і турэцкія элементы з муз. традыцыямі лакальных этнасаў Алжыра (берберы, туарэгі, негрскія народы Сахары). Арабская класічная музыка Алжыра засн. на дасягненнях т.зв.зах. (андалузскай) школы. Асн. яе форма — алжырская нуба, разгорнутая 5-часткавая вак.-інстр. кампазіцыя з інстр. уверцюрай (тушыя); у аснове муз. развіцця рэгіянальныя разнавіднасці макамаў (вак.-інстр. цыклічная форма, засн. на шэрагу ладоў-макамаў). Сярод муз. інструментаў — уд (арабская лютня), рэбаб (струнны смычковы), канун (72-струнная цытра), духавыя, ударныя (бубны дэф і тар, барабан дарабука). З вак. жанраў вядомы касыды. З пач. 20 ст. развіваюцца формы сучаснай гар. музыкі — песенны жанр аль-джад (сярод майстроў кампазітар і спявак Хадж Мухамед аль-Анка) і муз. драма ў стылі аль-джад («Фако», «Дар Бібі» М.Бахтарзі). Муз. кадры ў Алжыры рыхтуюць вышэйшыя і сярэднія муз.навуч. ўстановы, кансерваторыя музыкі і дэкламацыі (з 1920) і Нац.ін-т музыкі.
Тэатр. Нац. тэатр у Алжыры існаваў у выглядзе выступленняў «гаўалі» (апавядальнікаў) і ценявога т-ра з удзелам Гарагуза (алж. Пятрушкі). У сучасных формах т-р узнік у канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1-й сусв. вайны першую тэатр. трупу арганізаваў Р.Ксенціні. Справу яго прадоўжыў драматург Б.Махіддзін. У рэпертуары былі п’есы алж. драматургаў, зах.-еўрап. класікаў. З пачаткам вызв. вайны (1954) многія акцёры пакінулі радзіму і стварылі за мяжой (у Тунісе) алж.маст. ансамбль, на базе якога пасля абвяшчэння незалежнасці Алжыра ў 1962 створаны Алжырскі нац.т-р (з 1963 у г. Алжыр).
Кіно. Нац. кінематаграфія ў Алжыры зарадзілася ў перыяд вызв. вайны 1954—62. Пасля 1962 вытворчасць хранік.-дакумент. фільмаў павялічылася, зняты першыя маст. фільмы на фалькл.-этнагр. сюжэты ці прысвечаныя падзеям вайны 1954—62. У 1964 створаны нац. цэнтр кінематаграфіі, у 1974 — Савет аўдыёвізуальных мастацтваў (прафсаюз работнікаў кіно і тэлебачання). Сярод лепшых фільмаў 1970—80-х г.: «Бітва за Алжыр», «Вецер з Арэса», «Хроніка вогненных гадоў», «Амар Гатлата», «Анатомія адной змовы». Вядучыя рэжысёры: М. аль-Ахдар Хаміна, А.А.Тульбі, М.Алуаш, М.Буамары, М.С.Рыяд, А.Рашдзі.
Літ.:
Алжир: (справ.). М., 1977;
Ланда Р.Г. Кризис колониального режима в Алжире, 1931—1954. М., 1980;
Яго ж. История алжирской революции, 1954—62. М., 1983.
Герб і сцяг Алжыра.Алжыр. У гарах Кабіліі.Да арт.Алжыр. Цэнтральная частка горада Эль-Уэд.Горад Алжыр.Да арт.Алжыр. Наскальныя малюнкі ў Тасілін-Аджэры.Наскальныя выявы ў Тасілі на поўдні Алжыра.Да арт.Алжыр. Плато Тасілін-Аджэр.Да арт.Алжыр. Трыумфальная арка Траяна ў г. Тымгад. Канец 2 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНАЕ ПЫТА́ННЕ,
комплекс сац.-эканам. праблем агр. сектара, абумоўленых формай уласнасці на зямлю і характарам агр. палітыкі дзяржавы. Ахоплівае землеўладанне і землекарыстанне, аграрныя адносіны, аграрныя рэформы, аграрныя крызісы, вырашэнне сац. запатрабаванняў сялянства. Аграрнае права — адно з карэнных у развіцці грамадства, таму што зямля — асн. сродак вытв-сці, с.-г. дзейнасцю займаецца большая частка насельніцтва зямнога шара, ад эфектыўнасці агр. сектара залежыць стан харч. праблемы і сыравіннай базы прамысловасці.
Аграрнае права ўзнікла ў выніку грамадскага падзелу працы, развіцця тавараабмену і паглыблення сац. няроўнасці, якая прывяла да узурпацыі зямельнай уласнасці. У эпоху феадалізму зямля канцэнтравалася пераважна ва ўладаннях феадалаў (князёў, баяр, шляхты, баронаў, памешчыкаў і інш.), якія ў розных формах спаганялі з прыгонных сялян зямельную рэнту. Капіталіст. ўклад у сельскай гаспадарцы фарміраваўся двума шляхамі: т.зв. «прускім» (праз эвалюцыю феад.-памешчыцкіх гаспадарак) і «амерыканскім» (развіццё фермерства). Першы шлях найб. характэрны для Германіі, другі — для ЗША; у Рас.імперыі спалучаліся абодва тыпы. У Англіі зямлю ў сялян адбіралі і перадавалі лендлордам. Ва ўсіх выпадках нараджэнне сельскай буржуазіі было вынікам канцэнтрацыі ў яе ўласнасці большай часткі зямельных угоддзяў пры абеззямельванні сялян. Хоць феад. перажыткі ў некаторых краінах доўга захоўваліся, развіццё капіталізму спрыяла пераадоленню застою ў сельскай гаспадарцы, укараненню новай тэхнікі, павышэнню прадукцыйнасці працы ў с.-г. вытв-сці. Асабліва хутка гэты працэс адбываўся ў развітых краінах, дзе пасля 2-й сусв. вайны пачалі ажыццяўляць дзярж. рэгуляванне агр. сектара, накіраванае на ўзмацненне буйных гаспадарак за кошт дробных, каб найб. эфектыўна выкарыстаць дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Такая палітыка з сярэдзіны 1950-х г. пашырылася ў краінах Зах. Еўропы і атрымала назву «зялёных планаў». Так, у ФРГ за 1949—70 ліквідавана 756 тыс. (амаль 49%) гаспадарак памерам да 10 га, у ЗША за 1940—64 колькасць фермерскіх гаспадарак зменшылася на 2,9 млн. (амаль удвая). Вытворчасцю с.-г. прадукцыі пачалі займацца і буйныя прамысл. карпарацыі. З ростам тэхн. аснашчанасці агр. сектара змяншаецца колькасць сельскага насельніцтва. У развітых краінах Зах. Еўропы яго ўдзельная вага знізілася з 36% у 1937 да 23% у 1965. У 1965—68 у агр. сектары было занята ў ЗША 9%, Канадзе 11, Францыі 16% насельніцтва. Асабліва зменшылася колькасць сямейных і наёмных рабочых. Але пры гэтым істотна вырасла эфектыўнасць с.-г. вытв-сці. Пасля 2-й сусв. вайны прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы ЗША (у рэчыўным выражэнні) расце ўдвая хутчэй, чым у інш. сектарах эканомікі. Калі ў 1950 адзін работнік, занята ў с.-г. вытв-сці, мог забяспечыць харчаваннем 15 чал., то ў 1968 — 43, у 1987 — 96 чалавек. У выніку моцнай дзярж. падтрымкі агр. сектара развітыя краіны маюць дастаткова харч. прадуктаў і на свае патрэбы і на экспарт; у агр. сектары створана сучасная інфраструктура, забяспечаны высокі ўзровень жыцця. Але і ў гэтых краінах існуюць свае праблемы ў аграрным праве.
На Беларусі з адменай прыгону (1861) для развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы былі больш спрыяльныя ўмовы, чым у інш. рэгіёнах Расіі. У выніку паўстання 1863—64 царскі ўрад вымушаны быў ажыццявіць тут шэраг мерапрыемстваў, якія аблягчалі вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Шырокая сетка чыгунак садзейнічала больш шырокаму збыту с.-г. прадукцыі на ўнутр. і замежных рынках. Але і тут да Кастр. рэвалюцыі 1917 захавалася шмат буйных латыфундый (больш за 10 тыс.дзес. кожная): у 1877 іх было 116, у 1905 — 119. З агульнай зямельнай пл. 16 595 тыс.дзес. у 1877 на прыватнаўласніцкія гаспадаркі прыпадала 55,4%, у 1905 — 57%; на надзельныя адпаведна 33,4% і 33,2%. У 1877, паводле звестак надзельнага землекарыстання, 61,9% сял. двароў мелі да 15 дзес., 27,6% — па 15—16 дзес. і 10,5% — больш за 20 дзес. кожны. У 1917 на кожную з 576,2 тыс.сял. гаспадарак прыпадала ў сярэднім па 8,9 дзес. зямлі. Развіццё капіталізму ў вёсцы абумоўлівала рост тэхн. аснашчанасці, таварнасць с.-г. вытв-сці; с.-г. прадукцыя Беларусі актыўна пранікала на рас. і сусв. рынкі. Але развіццё капіталіст. адносін стрымлівалася феад. перажыткамі. Прыкладна 2/3 даходу сяляне аддавалі на грашовыя падаткі і натуральныя павіннасці. Таму яны выступалі за «амерыканскі» шлях развіцця капіталізму, у той час як памешчыкі і царскія ўлады імкнуліся накіраваць гэты працэс па «прускім» шляху.
Да аграрнага права і шляхоў яго вырашэння па-рознаму ставіліся паліт. партыі і арг-цыі. Правыя бурж. партыі (акцябрысты, мірнаабнаўленцы і інш.) падтрымлівалі Сталыпінскую аграрную рэформу, дапускалі адчужэнне зямлі ў памешчыкаў толькі ў выключных выпадках за выкуп. Кадэты, Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі і блізкія да іх арг-цыі стаялі за дадатковае надзяленне сялян зямлёй за кошт прымусовага адчужэння часткі памешчыцкіх зямель за выкуп. Эсэры, трудавікі, Бел.сацыяліст. грамада, Польская сацыяліст. партыя прадугледжвалі канфіскацыю памешчыцкай зямлі без выкупу і размеркаванне яе паміж сялянамі. Агр. праграма бальшавікоў прадугледжвала рэв. вырашэнне аграрнага права праз нацыяналізацыю зямлі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана. З канфіскацыяй і размеркаваннем памешчыцкіх, царкоўных і казённых зямель сял. землекарыстанне ў БССР да 1923 павялічылася на 1042 тыс.дзес., а сярэдні зямельны памер сял. гаспадарак, якія атрымалі зямлю, вырас на 3—4 дзес. У выніку каля чвэрці бядняцкіх гаспадарак па плошчы землекарыстання перайшлі ў групу серадняцкіх. У час новай эканамічнай палітыкі ў 1920-я г. праводзіліся аб’яднанне дробных зямельных участкаў, выхад на хутары, пасёлкі і водрубы, дадатковае надзяленне малазямельных з дзярж. фонду і за кошт «лішкаў» зямлі, адрэзаных у кулакоў. На хутарах і адрубах у 1928 гаспадарыла 24% сялян. Мерапрыемствы па землеўпарадкаванні і хутарызацыі спрыялі павышэнню культуры земляробства, прадукцыйнасці працы. Да 1925 сельская гаспадарка БССР дасягнула даваен. ўзроўню. У 1927 у агульнай колькасці сял. гаспадарак больш за 50% было серадняцкіх, 47 бядняцкіх і 2,5% кулацкіх. У 2-й пал. 1920-х г. на прынцыпах добраахвотнасці і асабістай зацікаўленасці ў вёсцы паскорана развівалася кааперацыя, якая ў 1929 ахоплівала 69% сялян. Так праз апору на сял. дробнатаварную вытв-сцьсав. ўлада зрабіла важныя захады ў вырашэнні аграрнага права. Але яно зноў абвастрылася ў сувязі з калектывізацыяй, якая ажыццяўлялася пераважна прымусова. Кулакі і частка заможных сераднякоў (самыя вопытныя гаспадары) былі раскулачаны і сасланы. Зямлю ў сялян адабралі, аддалі калгасам і саўгасам, а сельскім жыхарам пакінулі невял. зямельныя надзелы для асабістай дапаможнай гаспадаркі. Дзяржава дапамагала калектыўным гаспадаркам тэхнікай, насеннем, спецыялістамі, але адначасова ажыццяўляла жорсткае адміністраванне, пазбаўляючы сялян самастойнасці ў вядзенні гаспадаркі, груба парушаючы прынцыпы матэрыяльнай зацікаўленасці. Таму разлік на істотнае павышэнне прадукцыйнасці працы ў калектыўных гаспадарках не апраўдаўся: у 1932—39 ураджайнасць збожжавых складала 5,2—6,7 ц/га (пры 7 ц/га у 1913), а бульбы 61—87 ц/га. Зменшылася пагалоўе і прадукцыйнасць жывёлы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, напачатку панавала буйнапамешчыцкае землеўладанне пры малазямеллі і збядненні большай часткі сялян, захаванні феад. перажыткаў. Агр. рэформа 1920 мела бурж. характар, не вырашыла аграрнага права на карысць сялян. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) малазямельныя сяляне і парабкі без выкупу атрымалі 430 982 га з б. памешчыцкіх і часткова з казённых зямель і становішча іх палепшылася. Але і пасля гэтага большасць сял. гаспадарак заставаліся маламоцнымі (зямельны надзел больш як 340 тыс. гаспадарак не перавышаў 5 га). Калектывізацыя тут праводзілася больш павольна: да 1941 было арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядналі 6,7% сял. гаспадарак і 7,8% зямлі.
У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. акупанты ператваралі калгасы і саўгасы ў т.зв. абшчынныя гаспадаркі або на іх аснове стваралі свае дзярж. гаспадаркі з прымусовай прыгонніцкай працай. Пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў калгасы і саўгасы былі адноўлены, у зах. абласцях БССР пачалася прымусовая калектывізацыя. У 2-й пал. 1950-х г. сельская гаспадарка Беларусі дасягнула даваен. ўзроўню, а істотны рост с.-г. вытв-сці, паляпшэнне становішча сялян пачаліся ў 1960—70-я г. У 1987 атрыманы найбольшы за ўсю гісторыю Беларусі валавы збор збожжа (7,8 млн.т). У вёсцы ў вял. аб’ёмах вялося жыллёвае і культ.-быт.буд-ва. Калгаснікі атрымлівалі гарантаваную грашовую плату. Істотна павысіўся ўзровень механізацыі с.-г. вытв-сці, на жывёлагадоўчых комплексах вытв-сць прадукцыі пастаўлена на прамысл. аснову. Паглыблялася спецыялізацыя с.-г. вытв-сці і аграпрамысл. інтэграцыя.
Аднак эфектыўнасць агр. сектара Беларусі, як і ў цэлым СССР, істотна адставала ад развітых краін, а сац. развіццё вёскі — ад горада. Адна з гал. прычын у тым, што ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы селянін не мог распараджацца ні сродкамі вытв-сці, ні вынікамі сваёй працы. Дзяржава не толькі не аказала агр. сектару дастатковай фін. падтрымкі, а, наадварот, за яго кошт вырашала многія сац.-эканам. праблемы грамадства. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд у сельскай гаспадарцы Беларусі паглыбіліся крызісныя з’явы. Для выйсця з крызісу ажыццяўляецца новая агр. рэформа, сутнасць якой у ліквідацыі манапольнага права калгасаў і саўгасаў на карыстанне зямлёй, у развіцці ў агр. сектары розных формаў гаспадарання пры поўнай іх самастойнасці як суб’ектаў рыначнай эканомікі.
Літ.:
Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990;
Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг.Мн., 1962;
Афанасенка И.Д., Давыденко Л.Н. Новый способ производства продовольствия. М., 1992;
Ленін У.І. Зямельнае пытанне ў Расіі // Тв. Т. 20 (Полн. собр. соч. Т. 25);
Кэмпбел Р. Макконнелл, Стэнли Л. Брю Экономикс: принципы, проблемы и политика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СПРА́ВА,
галіна культуры і вытворчасці, звязаная з падрыхтоўкай, выпускам і распаўсюджваннем кніг, часопісаў, газет, выяўл. матэрыялаў і інш. відаў друкаванай прадукцыі.
Узровень выдавецкай справы вызначаецца матэрыяльнымі, сацыяльна-паліт. і культ. ўмовамі жыцця грамадства. Да кнігадрукавання існавала рукапісная кніга. Вынаходніцтва І.Гутэнбергам (сярэдзіна 15 ст.) еўрап. спосабу кнігадрукавання адкрыла новую эру ў гісторыі кнігі. Выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501 кнігі наз. інкунабуламі, кнігі 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. Выд-вы як прадпрыемствы па выпуску друкаванай прадукцыі ўзніклі ў 16 ст. У развіццё выдавецкай справы значны ўклад зрабілі А.Мануцый (Венецыя), К.Плантэн (Антверпен), сем’і Эльзевіраў (Нідэрланды), Эцьенаў і Дзідо (Францыя). У 18—19 ст. развіццё выдавецкай справы працякала з нарастаючай хуткасцю. З узнікненнем у 19 ст. новай магутнай тэхн. базы пачалася спецыялізацыя выдавецкіх і паліграф. прадпрыемстваў. З канца 19 ст. адбываецца масавая арг-цыя выд-ваў на ўзор акцыянерных кампаній, прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці, трэсціраванне кніжных і газетна-часопісных выд-ваў.
Першыя славянскія друкаваныя кнігі кірылаўскага шрыфту выдадзены Ш.Фіёлем у Кракаве ў канцы 15 ст.Бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына ў 1517 выдаў у Празе першую друкаваную кнігу «Псалтыр» на царк.-слав. мове, у 1517—19 — 22 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да старабеларускай, са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі. У сталіцы ВКЛ Вільні першая друкарня засн. Скарынай каля 1520. Тут ім выдадзены «Малая падарожная кніжка» (каля 1522) і «Апостал» (1525). На тэр. сучаснай Беларусі першая друкарня засн. ў Брэсце ў пач. 1550-х г. (гл.Брэсцкія друкарні), дзе кнігі друкаваліся на лац. і польск. мовах. Першая на Беларусі кніга на старабел. мове выдадзена ў 1562 С.Будным у Нясвіжскай друкарні. Першая рус. датаваная друкаваная кніга «Апостал» (1564) выдадзена І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам у Маскве. У 2-й пал. 16—17 ст. кнігі на старабел., царк.-слав., польск. і лац. мовах выдаваліся ў Заблудаўскай, Куцеінскай, Лоскай, Любчанскай і інш. друкарнях (гл. адпаведныя арт.). Кнігі на старабел. мове выдаваліся ў Вільні ў друкарні Мамонічаў. Вял. ролю ў развіцці бел. культуры і асветы адыгралі брацкія друкарні, якія акрамя рэлігійнай выдавалі вучэбную, палемічна-публіцыстычную і інш. л-ру. У канцы 17—18 ст. пад націскам каталіцкай рэакцыі і паланізацыі бел. мова пачала траціць свае пазіцыі ў дзярж. сферы, што вяло да заняпаду бел. пісьмовай л-ры і кнігадрукавання. На іншых мовах у гэты час выдавалі кнігі Гродзенская, Магілёўская, Нясвіжская, Пінская, Полацкая, Слонімская і Супрасльская друкарні (гл. адпаведныя арт.). У 2-й пал. 18 ст. ўзнік перыядычны друк на Беларусі. У ВКЛ першай была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760). Першае перыяд. выданне на тэр. сучаснай Беларусі — «Газэта Гродзеньска» (1776—83).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі (2-я пал. 18 ст.) адкрыліся Віцебская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская губернскія друкарні (гл. адпаведныя арт.), з 1838 сталі выдавацца «Губернские ведомости». Выходзілі афіц. царкоўныя «Епархиальные ведомости», газ. «Северо-Западное слово». У 1-й пал. 19 ст. на бел. мове выходзілі толькі паасобныя кнігі, у 2-й пал. 19 ст.бел. кнігі выдаваліся пераважна за мяжой. У 1860-я г. ў сувязі з узмацненнем нац.-вызв. руху з’явілася нелегальная беларускамоўная прэса (газ.«Мужыцкая праўда», 1862—63). У 1886—1902 у Мінску выходзіла першая на Беларусі прыватная грамадска-паліт. і літ.газ. «Минский листок» (у 1902—05 «Северо-Западный край»). Дэмакр. кірунак меў часопіс бел. народнікаў «Гомон» (1884). Выдавецкая дзейнасць на Беларусі актывізавалася пасля адмены ў 1905 забароны на бел.-моўнае кнігадрукаванне. У 1906 выйшла першая легальная прагрэс. газета на бел. мове «Наша доля», у 1906—15 — газ.«Наша ніва», якія на ўвесь голас загаварылі пра бел. адраджэнне; выдаваліся часопісы на бел. мове «Саха», «Лучынка» і інш. У пач. 20 ст. створаны бел. выдавецтвы суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), Грыневіча А. выдавецтва (1910—14, Пецярбург), «Наша хата» (1908, Вільня), Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні (1913—15; 1919—30). Брашуры і зборнікі бел. аўтараў выпускала выдавецтва «Нашай нівы». Але фінансавыя цяжкасці, цэнзурныя рэпрэсіі, вузкі кніжны рынак, адсутнасць школы на роднай мове па-ранейшаму стрымлівалі развіццё бел. кнігадрукавання. Нягледзячы на значную паліграф. базу (123 дробныя друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы ў 1910), кніг выдавалася мала: 104 у 1908, 208 у 1911, 232 у 1913, пераважна календары, малітоўнікі, памятныя кніжкі губерняў, справаздачы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на Беларусі выдавалася больш за 80 газет на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У грамадзянскую вайну выходзілі толькі тыя перыядычныя выданні, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Звязда», «Дзянніца», «Савецкая Беларусь», «Советская правда» і інш. У 1920 у БССР выдавалася 27 газет і 15 часопісаў. Найб. значным было выдавецтва «Звезда» (з 1917; выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. л-ру). У 1917—20 выдавецкай справай займаліся Беларускі нацыянальны камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц.парт. к-тах і органах сав. улады і інш. У студз. 1921 створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Яно выпускала выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. У 1921 выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экз., у т. л.маст. і дзіцячай л-ры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у крас. 1922 створана каап.выд-ва«Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»). Узначальваў яго Ц.Гартны. Выд-ва выпускала творы бел.маст. л-ры, падручнікі, навук. л-ру на роднай мове, перыёдыку. У снеж. 1922 Дзярж.выд-ваБССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі «Белтрэстдрук». У ліп. 1924 «Белтрэстдрук» і каап.выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел.дзярж.выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграф. базу і кнігагандлёвую сетку. У 1930-я г.асн. выд-вамі БССР былі Бел.дзярж.выд-ва (з 1933 Дзярж.выд-ваБССР), выд-ва Інбелкульта (з 1932 Выд-ваАНБССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выд-вы па выпуску навукова-тэхн., ваеннай, партыйнай і інш. л-ры. У гэты ж час пачалося масавае развіццё перыяд. друку, з’явіліся новыя газеты і часопісы: «Літаратура і мастацтва», «Піянер Беларусі» (з 1994 «Раніца») і інш. У 1931 створана Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА).
У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, свае перыядычныя выданні выпускалі розныя партыі і рухі: «Беларускі звон», «Чырвоны сцяг», «Маланка», «Наша воля», «Беларуская крыніца» і інш. Кнігі выдаваліся ў Вільні, дзе знаходзіліся «Беларускае выдавецкае таварыства», Клецкіна Б.А. выдавецтва, Знамяроўскага У. выдавецтва, Выдавецтва ТБШ і інш., і ў Беластоку, дзе працавала выдавецкае т-ва «Рунь». КПЗБ і КСМЗБ мелі свае падп. друкарні (гл.Заходнебеларускі друк).
У Вял.Айч. вайну эвакуіраванае Дзярж.выд-ваБССР працавала ў Маскве, асобныя выданні АНБССР выйшлі ў Ташкенце. Падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл., раённых газет, у друкарнях некат. партыз. брыгад апрача газет і лістовак выпускалі брашуры і невял. кнігі (гл.Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі на акупіраванай Беларусі «Беларускую газэту», «Голас вёскі», «Новы шлях» і інш. (гл.Друк акупацыйны на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны).
У пасляваенны час выдавецкая дзейнасць аднаўлялася ў надзвычай складаных умовах. Паліграф. база Беларусі была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваен. прадпрыемстваў часткова ўцалелі толькі Дом друку ў Мінску, некат. абл. і гар. друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 выд-ва«Беларусь»), створаны новыя выд-вы: Выдавецтва АНБССР (1947, з 1963 «Навука і тэхніка»), Вуч.-пед.выд-ваБССР (1951, з 1963 «Народная асвета»), Выдавецтва БДУ (1954, з 1984 «Універсітэцкае»), «Звязда» (1960, з 1992 «Беларускі дом друку»), Выд-вас.-г. л-ры (1961, з 1963 «Ураджай»), «Вышэйшая школа» (1961), Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (1967, з 1980 выд-ва, гл.«Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі), «Мастацкая літаратура» (1972), «Полымя» (1977), «Юнацтва» (1981) і інш. Выдавецкія прадпрыемствы Беларусі поўнасцю забяспечваюць рэспубліку высакаякаснай друкаванай прадукцыяй. 13 дзярж. выд-ваў і больш за 1270 (1996) прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці выпускаюць навук., навуч., маст., метадычную, інфармацыйную і інш. л-ру, перыёдыку. За 1996 выдадзена 3809 назваў кніг і брашур агульным тыражом 59,1 млн.экз. (гл. таксама Выдавецтва, Кніга). На 1.1.1997 зарэгістравана 827 перыяд. выданняў, у т. л. 579 газет, 202 часопісы, 46 бюлетэняў.
Матэрыяльна-тэхн. базай выдавецкай справы з’яўляецца паліграфічная прамысловасць. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне (МВПА) імя Я.Коласа, мінская паліграф.ф-ка «Чырвоная Зорка», Мінская фабрыка каляровага друку, гомельская фабрыка «Палесдрук», Брэсцкая, Гродзенская, Віцебская, Магілёўская ўзбуйненыя друкарні, маладзечанская друкарня «Перамога» і інш. Выдавецкіх работнікаў рыхтуюць на ф-це журналістыкі БДУ, у Мінскім вышэйшым вучылішчы паліграфістаў. Навукова-даследчая работа ў галіне выдавецкай справы вядзецца Нацыянальнай кніжнай палатай Беларусі, якая на аснове бібліягр. рэгістрацыі выданняў выдае «Летапіс друку Беларусі».
Літ.:
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац. адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв. адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс.імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс.імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас.імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар. тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.