ГУ́РЫН Валерый Мікалаевіч (н. 30.1.1938, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-р мед. н. (1974). Акад. Міжнар. славянскай АН адукацыі, мастацтваў і культуры (Расія), замежны чл. Акадэміі касманаўтыкі імя К.​Э.​Цыялкоўскага, акад. Міжнар. АН (Расійская секцыя; 1994). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1961). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1973 заг. кафедры нармальнай фізіялогіі), з 1984 дырэктар Ін-та фізіялогіі АН Беларусі, з 1995 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення медыка-біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па нерв. і гарманальных механізмах тэрмарэгуляцыі арганізма. Прапанаваў канцэпцыю развіцця паталаг. станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Центральные механизмы терморегуляции. Мн., 1980;

Обмен липидов при гипотермии, гипертермии и лихорадке. Мн., 1986;

Терморегуляция и симпатическая нервная система. Мн., 1989;

Механизмы лихорадки. Мн., 1993.

В.М.Гурын.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЧКО́Ў Аляксандр Іванавіч (26.10.1862, Масква — 14.2.1936),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.​А.​Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр. ваен.-прамысл. к-та, удзельнік апазіц. «Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.

Тв.:

«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.

Літ.:

Сенин А.С. А.​И.​Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́САЎ Яўген Міхайлавіч (н. 23.2.1931, г. Разань),

бел. філосаф і сацыёлаг. Акад. АН Беларусі (1994), чл.-кар. АН Беларусі (1977), д-р філас. н. (1972), праф. (1973). Скончыў БДУ (1955). З 1957 на выкладчыцкай рабоце. У 1977—89 дырэктар Ін-та філасофіі і права, з 1989 — Ін-та сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе праблемы тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, сацыялогіі экстрэмальных сітуацый і катастроф, асаблівасцяў пераходнага перыяду ў развіцці бел. грамадства. Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да вывучэння сац. аспектаў навук.-тэхн. прагрэсу, станаўлення і развіцця духоўнага свету чалавека. Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Дзярж. Прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла прац па гісторыі філас. і грамадскай думкі Беларусі (апубл. ў 1973—80).

Тв.:

Социальные аспекты научно-технической революции. Мн., 1976;

Истина и богословие. Мн., 1988;

Человек на пороге рынка: Социальные ожидания населения. Мн., 1992;

Катастрофы: социол. анализ. Мн., 1995.

Я.М.Бабосаў.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́САЎ Мікалай Міхайлавіч (н. 6.12.1913, с. Альховае Валагодскай вобл., Расія),

украінскі хірург. Акад. АН Украіны (1969), чл.-кар. АМН СССР (1961), засл. дз. нав. Украіны (1959), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Архангельскі мед. ін-т (1939). З 1952 узначальваў клініку грудной хірургіі, з 1983 дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Кіеве. Навук. працы па пытаннях хірургіі сэрца і лёгкіх, біял. і мед. кібернетыцы. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана дыягностыка парокаў сэрца з дапамогай ЭВМ, створана дзеючая фізіял. мадэль «унутранага асяроддзя арганізма» чалавека і інш. Аўтар літ. тв. «Думкі і сэрца» (1965), «Запіскі з будучыні» (1967) і інш. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія Украіны 1978.

Тв.:

Операции на сердце с искусственным кровообращением. Киев, 1962 (разам з І.​Л.​Лісавым, Л.​М.​Сідарэнка);

Хирургия пороков сердца. Киев, 1969 (разам з Я.​А.​Бендэтам);

Физическая активность и сердце. 2 изд. Киев, 1984 (з ім жа).

М.М.Амосаў.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬСКІ (сапр. Вольскі-Зэйдэль) Артур Віталевіч

(н. 23.9.1924, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),

бел. паэт. Сын В.Вольскага. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1962). З 1942 служыў на флоце, у 1945 удзельнічаў у баях супраць Японіі. Працаваў у прэсе, з 1963 заг. літ.-пед. часткі, у 1966—78 дырэктар Бел. рэсп. тэатра юнага гледача. Друкуецца з 1937. Асн. матывы яго паэзіі — услаўленне ваен. подзвігу маракоў, будні марской службы, духоўныя імкненні сучасніка (зб-кі «Водбліскі далёкіх маякоў», 1958; «Дабрата», 1966; «Выратавальны круг», 1974; «Строма», 1982). Аўтар кніг для дзяцей «Маленькім сябрам» (1955), «Чарнічка» (1964), «Жывыя літары» (1973), «Еду ў госці да слана» (1978) і інш., п’ес «За лясамі дрымучымі» (з П.​Макалём, паст. 1958), «Сцяпан — вялікі пан» (паст. 1979) і інш.

Тв.:

Чалавек, якому баліць: Выбр. Мн., 1984;

Наваселле дрэў: Вершы і паэма. Мн., 1990.

т. 4, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДА́НСКІ Віталій Іосіфавіч (н. 18.6.1923, г. Віцебск),

вучоны ў галіне хім. фізікі. Акад. АН СССР (1981, чл.-кар. 1962). Ганаровы чл. шэрагу замежных АН. Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1944). З 1942 у Ін-це хім. фізікі, Фіз. ін-це АН СССР, маскоўскіх інж.-фіз. ін-це і ін-це тонкай хім. тэхналогіі; з 1988 дырэктар Ін-та хім. фізікі Рас. АН. Навук. даследаванні па хім. фізіцы, ядз. фізіцы, хіміі пазітронію. Адкрыў двухпратонную радыеактыўнасць (1960), нізкатэмпературную мяжу скорасці хім. рэакцыі. Гал. рэдактар часопісаў АН СССР «Химия высоких энергий» (1967—87) і «Химическая физика» (з 1987). Ленінская прэмія 1980. Залаты медаль (1975) і прэмія (1966) імя Дз.​І.​Мендзялеева АН СССР.

Тв.:

Эффект Мессбауэра и его применения в химии. М., 1963;

Физическая химия позитрона и позитрония. М., 1968;

Туннельные явления в химической физике. М., 1986 (разам з Л.​І.​Трахтэнбергам, В.​М.​Флёравым).

В.І.Гальданскі.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МБАЛЬ Тамаш Францавіч (29.12.1890, в. Собаў Жэшаўскага ваяв., Польшча — 4.12.1938),

бел. эканаміст, дзеяч міжнар. сялянскага руху. Акад. АН БССР (1933), д-р эканам. н. (1934), праф. (1932). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1927), Ін-т чырв. прафесуры (1932). З 1919 дэпутат польскага сейма. У 1921 арыштаваны і засуджаны на 6 гадоў катаргі. У 1923 вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР. Ініцыятар склікання 1-й Міжнар. сялянскай канферэнцыі ў Маскве (1923), нам. ген. сакратара Выканкома Сялянскага Інтэрнацыянала. Працаваў у Выканкоме Камінтэрна, Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, заснаваў н.-д. Міжнар. аграрны ін-т (1926). У 1932—35 віцэ-прэзідэнт АН БССР і дырэктар Ін-та эканомікі АН БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1932—37, чл. ЦВК БССР у 1935—37. Аўтар прац па міжнар. сял. руху. 29.12.1936 арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

Т.Ф.Домбаль.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКІ Міхаіл Фёдаравіч (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),

бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.​Распуціна (1982), «Клімко» Г.​Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.​Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.​Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.​Жаромскага (1985), зб. укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДКЕ́ВІЧ Валянцін Уладзіміравіч (н. 6.10.1943, г. Магілёў),

бел. танцоўшчык, харэограф. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1961), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1981). З 1961 артыст балета Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 артыст балета, педагог-рэпетытар, рэжысёр-пастаноўшчык, маст. кіраўнік канцэртна-эстр. бюро Бел. філармоніі. З 1986 маст. кіраўнік — дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Веданне бел. танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вял. творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі нар. харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак: канцэртныя праграмы «Свята», «Карагод сяброў», «Вечар памяці С.​Дрэчына», бел. нар. танцы «Кола», «Бульба», «Кадрыля на зэдліках», «Вясковыя гульні», «Каляды», «Арэлі», «Церніца», «Вечарына», «Спеў дубраў», «Кабеты і жаўнеры» і інш. У пастаноўках апошніх гадоў стварае танц. нумары з драматург. развіццём у жанры «фольк-балет». Імкнецца працягваць традыцыі прафес. харэагр. мастацтва, закладзеныя А.Апанасенкам, С.Дрэчыным і інш.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛІО́-КЮРЫ (Joliot-Curie) Ірэн (12.9.1897, Парыж — 17.3.1956),

французскі фізік і радыяхімік, грамадскі дзеяч. Замежны чл.-кар. АН СССР (1947). Дачка П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1920). З 1918 у Ін-це радыю (з 1934 дырэктар), адначасова ў Камісарыяце па атамнай энергіі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ядз. фізіцы і радыяхіміі. Разам з мужам Ф.Жаліо-Кюры адкрыла штучную радыеактыўнасць, у т. л. пазітронную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правяла даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Чл. Сусв. Савета Міру, выступала супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з Ф.​Жаліо-Кюры).

Тв.:

Рус. пер. — Жолио-Кюри Ф. Избр. труды. Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Кедров Ф. Ирен и Фредерик Жолио-Кюри. 2 изд. М., 1975;

Кудрявцев П.С. Курс истории физики. 2 изд. М., 1982. С. 413-416.

І.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)