А́ЎСТРА-ВЕ́НГРЫЯ, Аўстра-Венгерская манархія, Дунайская манархія,

дуалістычная (двухадзіная) дзяржава ў 1867—1918. Пл. 676,615 тыс. км², нас. 52,8 млн. чал. (1914). Гал. адм. цэнтры — Вена і Будапешт. Створана ў выніку рэарганізацыі Аўстрыйскай імперыі Габсбургаў на аснове пагаднення (чэрвень 1867) паміж Аўстрыяй і Венгрыяй. Падзялялася (па р. Лейта) на 2 часткі: Аўстрыйскую імперыю («Каралеўствы і землі, прадстаўленыя ў рэйхсраце»),

ці Цыслейтанію (тэр. на З ад Лейты: Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Ціроль, Штырыя, Карынтыя, Зальцбург, Форарльберг, Багемія, Маравія, Сілезія, Крайна, Далмацыя, Герц і Градзішка, Істрыя, Трыест з вобласцю, Галіцыя, Букавіна), і Каралеўства венграў («землі свяшчэннай венгерскай кароны»), ці Транслейтанію [тэр. на У ад Лейты: Венгрыя, Харватыя, Славенія, Славакія, Трансільванія, Закарпацкая Украіна, Ваяводзіна, порт Рыека (Фіуме)]. Венгрыя і Аўстрыя прызнаваліся суверэннымі часткамі дзяржавы. Узначальвалася аўстр. імператарам (ён жа венг. кароль), улада якога фармальна абмяжоўвалася ў Аўстрыі рэйхсратам, у Венгрыі — сеймам. Імператарамі Аўстра-Венгрыі былі Франц Іосіф I і Карл I. Разам з самаст. аўстр. і венг. мін-вамі дзейнічалі 3 агульныя мін-вы (замежных спраў, ваен.-марское, фінансавае), падпарадкаваныя імператару. Агульнадзярж. канстытуцыі не было. Выдаткі на агульныя справы вызначаліся для абедзвюх частак манархіі ў пэўнай прапорцыі, рэгуляваліся пагадненнем рэйхсрата і сейма. Заканадаўчая ўлада ажыццяўлялася т.зв. дэлегацыямі, якія склікаліся штогод (па 60 чал. ад рэйхсрата і сейма). Пасля эканам. спаду 1873—95 гаспадарка Аўстра-Венгрыі ажывілася і набыла аграрна-індустрыяльны кірунак (да 1900 65—85% прамысл. прадукцыі давала Цыслейтанія, гал. чынам яе чэшскія землі), значныя капіталы ў яе ўкладалі інвестары (пераважна Германія). У сельскай гаспадарцы панавала буйн. памешчыцкае землеўладанне. У знешняй палітыцы Аўстра-Венгрыя арыентавалася на Германію, была чл. Траістага саюза 1882. У 1878 акупіравала, у 1908 анексіравала Боснію і Герцагавіну (гл. Баснійскі крызіс 1908—09), што прывяло да пагаршэння адносін з Расіяй. Як саюзнік Германіі ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне. Распалася ў кастр.—ліст. 1918 у выніку паражэння ў 1-й сусв. вайне, уздыму нац.-вызв. і рэв. руху ў краіне. На яе тэр. ўтварыліся самаст. дзяржавы Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія, частка зямель увайшла ў склад Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў, Румыніі, Польшчы. Гл. таксама гіст. нарыс у арт. Аўстрыя.

Літ.:

Австро-Венгрия и славяно-германские отношения. М., 1965;

Полтавский М.А. История Австрии: Пути гос. и нац. развития. Ч. 2. От революции 1948 г. до революции 1918—1919 гг. М., 1992. С. 86—303.

т. 2, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (АА.​Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.​І.​Малінін); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУС БССР, КПК пры ЦК ВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦК ВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦК ВКП(б) А.​А.​Андрэеў разам з нам. заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) П.​К.​Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.

Р.​П.​Платонаў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),

дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.​Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс. чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.

Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).

Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.​Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).

Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн. дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш. Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

Ф.​С.​Фешчанка (гаспадарка).

Герб і сцяг Антыгуа і Барбуда.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл. Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл. Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт. Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.

т. 14, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВАБО́ДА»,

амерыканская радыёстанцыя, засн. ў г. Мюнхен (ФРГ) у 1952, ва ўмовах «халоднай вайны», для вядзення інфармацыйна-прапагандысцкай барацьбы супраць СССР. Упершыню выйшла ў эфір у сак. 1953 як радыё «Вызваленне», неўзабаве перайменавана ў «С.» Фармальна выступала ад імя няўрадавай арг-цыі «Камітэт барацьбы за вызваленне ад бальшавізму» (з 1964 «Камітэт вызвалення»), але ў пач. 1970-х г. камісія Кангрэса ЗША афіц. прызнала факт яе фінансавання амер. спецслужбамі з дзярж. бюджэтных крыніц. У 1977 рэдакцыя «С.» пры фармальным захаванні самастойнасці аб’яднана ў адным будынку з рэдакцыяй радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» (засн. ў 1950). Да канца 1980-х г. на радыёстанцыі «С.» карэспандэнтамі і каментатарамі працавалі пераважна эмігранты і перабежчыкі з СССР, у т. л. з Беларусі, кіруючыя пасады займалі кадравыя амер. спецыялісты. У складзе рэдакцыі «С.» былі арганізаваны адпаведныя нац. рэдакцыі (у т. л. з 1954 беларуская), якія вялі перадачы на 17 мовах народаў СССР. Асн. кірункамі радыёперадач «С.» ў гэты перыяд былі крытыка сацыялізму, сав. ладу і нац.-дзярж. ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР (у т. л. парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі палітычныя ў СССР), паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў сав. сродках масавай інфармацыі, пра праваабарончы рух у СССР, пра дысідэнтаў; чыталіся літ. творы А.​Зіноўева, У.​Максімава, Б.​Пастарнака, А.​Салжаніцына і інш., што былі забаронены ў СССР. Распад СССР і спыненне «халоднай вайны» не прывялі да закрыцця «С.». Яна ператварылася ў адзін з прапагандысцкіх інструментаў амер.-натаўскай палітыкі глабалізму. У 1995 штаб-кватэра «С.» пераехала з Мюнхена ў Прагу. Створаны новыя карэспандэнцкія пункты, у т. л. ў Беларусі, Расіі і інш. краінах б. СССР. Абнавіўся апарат «С.». У карэспандэнцкіх пунктах у краінах СНД штатнымі супрацоўнікамі пачалі працаваць журналісты, арыентаваныя на зах. ліберальна-дэмакр. каштоўнасці. Некат. б. супрацоўнікі «С.» (М.​Дэйч, С.​Шусцер, М.​Сакалоў і інш.) цяпер працуюць у рас. сродках масавай інфармацыі. Бел. служба «С.» вяшчае 8 гадз у суткі і мае інфарм., аналітычныя праграмы па эканам., культуралагічных, этнагр., гіст., рэлігіязнаўчых, краязнаўчых і інш. праблемах. Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў бел. рэдакцыі «С.» С.​Станкевіч, Я.​Запруднік, Г.​Айзенштат, В.​Жданко, Ю.​Дракахруст, А.​Лукашук, С.​Навумчык і інш. «С.» прапагандуе прынцыпы зах. дэмакратыі, ліберальнай эканомікі і з гэтых пазіцый асвятляе падзеі ў свеце, выступае супраць аднаўлення геапаліт. адзінства б. рэспублік СССР.

Літ.:

Вачнадзе Г.Н. Антенны направлены на Восток. 2 изд. М., 1977.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),

1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст. н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.

2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст. вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.

3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.

4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).

А.​А.​Радаман (С. Рэчы Паспалітай).

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),

бел. нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).

Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.​Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв. асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).

Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар. т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.​Ліс і А.​Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.​Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж. т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).

Літ.:

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;

Народны тэатр. Мн., 1983.

Дз.​У.​Стэльмах.

Да арт. Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.

т. 2, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭРНІ́ЗМ (франц. modernisme ад лац. modernus новы, сучасны),

агульная ўмоўная назва нерэаліст., авангардысцкіх літ., арх. і маст. кірункаў, творчасці асобных майстроў 20 ст. Да М. адносяць абстрактнае мастацтва, дадаізм, канструктывізм, кубізм, сімвалізм, сюррэалізм, ташызм, фавізм, футурызм, экспрэсіянізм, псіхалагічную школу, школу «плыні свядомасці» і інш. Проціпастаўляецца акадэмізму і рэалізму. Прадстаўнікі М. адмаўлялі класічныя традыц. формы мастацтва, лічылі фармальны эксперымент асновай свайго творчага метаду, прапагандавалі суб’ектывізм, разбурэнне міметычнай вобразнасці і логікі формы, міфа- і фарматворчасць, зварот да падсвядомасці, тэндэнцыі абсурдызму, каштоўнасць выпадковасці. Мэтай творчасці стала стварэнне прынцыпова арыгінальных твораў, якія нясуць унутр. свабоду і навізну сродкаў выяўл. мовы, з’яўляюцца ўвасабленнем асаблівага бачання і разумення свету аўтарам. У 1960-я г. як проціпастаўленне М. ўзнік постмадэрнізм. У літаратуры М. вызначаецца ўпэўненасцю ў глыбокім, непераадольным разыходжанні духоўнага вопыту чалавека і асн. тэндэнцый развіцця грамадства, адчуваннем адзіноты, адчужанасці чалавека, абсурднасці яго існавання ў свеце, стратай ідэалаў (творчасць С.​Бекета, В.​Вулф, Г.​Гесэ, Дж.​Джойса, Э.​Іанеска, А.​Камю, Ф.​Кафкі, Д.​Г.​Лорэнса, М.​Пруста, Ж.​П.​Сартра, Т.​С.​Эліята і інш.). У выяўленчым мастацтве выявіўся праз фармальна-пластычныя, кампазіцыйныя і каларыстычныя пошукі новых форм выразу, спробы адлюстравання падсвядомасці чалавека ў маст. творчасці (С.​Далі, О.​Дзікс, Р.​Дэланэ, В.​Кандзінскі, Дж. Дэ Кірыка, Ф.​Купка, М.​Ларыёнаў, А.​Матыс, П.​Пікасо, Дж.​Полак і інш.). У некат. кірунках архітэктуры (канструктывізм, тэхн. эстэтызм) атаясамліваў эстэт. каштоўнасць з сац. функцыянальнасцю. У музыцы на пач. 20 ст. тэрмін «М.» абазначаў позні муз. рамантызм (М.​Рэгер, Г.​Малер, Р.​Штраус) і імпрэсіянізм з тыповай для іх дэструкцыяй танальнай гармоніі, класічных форм, традыц. метрыкі і рытму, тэматызму і інш. Гэта выяўлялася ў форме прадаўжэння рамант. традыцый адначасова з выпрацоўкай уласнай стылявой сістэмы. Пазней стаў сінонімам паняццяў «новая музыка» (тэрмін П.​Бекера, 1919) і муз. авангардызм, якія прадугледжвалі прынцыповае адмаўленне традыцый. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» вызначае паслядоўнасць навацый авангарду. У канцы 1970-х г. характэрная для М. паскораная змена фармальных метадаў і прыёмаў кампазіцыі прывяла да плыняў т.зв. «новай прастаты», якія парадаксальным чынам імкнуцца да аднаўлення рамантызму. Музыка ў эстэтыцы М. ацэньваецца як бы з пазіцыі будучага развіцця. Нягледзячы на тое, што М. ігнаруе традыц. каштоўнасці, буйныя кампазітары, якія знаходзяцца пад яго ўплывам, ствараюць значныя муз. творы, дзе адлюстроўваюць складанасць і супярэчлівасць чалавечай свядомасці ва ўмовах сучаснай рэчаіснасці.

На Беларусі ў л-ры М. выявіўся ў адлюстраванні нац. адраджэнскіх ідэй, паўплываў на творчасць Я.​Купалы, Ядвігіна Ш., В.​Ластоўскага, А.​Луцкевіча, Ф.​Аляхновіча і інш. У архітэктуры да М. адносяцца пабудовы канструктывістаў (комплекс БДУ, 1928—31, арх. І.​Запарожац, Г.​Лаўроў, часткова перабудаваны; Нац. б-ка Беларусі, 1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.​Весніна, і інш.), у выяўл. мастацтве — творчасць М.​Шагала, К.​Малевіча і аб’яднання «Сцвярджальнікі новага мастацтва».

Літ.:

Модернизм: Анализ и критика осн. направлений. 4 изд. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава (літаратура).

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́СЛЕННЕ,

форма духоўнай, пазнавальна-творчай дзейнасці чалавека, якая заключаецца ў мэтанакіраваным, апасродкаваным і абагульненым пазнанні прадметаў, з’яў і працэсаў і дае ўяўленне аб іх сутнасці, уласцівасцях, сувязях і адносінах; найвышэйшая ступень чалавечага пазнання. З’яўляецца функцыяй чалавечага мозга, уяўляе сабой прыродны працэс, не існуе па-за грамадствам, па-за мовай і па-за ведамі, што назапашаны чалавецтвам, а таксама па-за выпрацаванымі спосабамі і метадамі мысліцельнай дзейнасці — лагічнымі, матэматычнымі і інш. Чалавек здольны ўтвараць агульныя паняцці і іх сістэмы (тэорыі), рабіць лагічныя вывады і доказы. Вынікам М. з’яўляюцца: пастаноўка і вырашэнне практычных і тэарэт. праблем, пазнанне заканамернасцей развіцця прыроды, грамадства і самога М., прагназаванне падзей і дзеянняў. Здольнасць чалавека да М. дазваляе атрымліваць веды пра ўласцівасці, сувязі і адносіны аб’ектаў, якія недаступны непасрэднаму эмпірычнаму пазнанню, вызначаць магчымасці іх развіцця, рабіць лагічна абгрунтаваныя вывады, накіраваныя на рэгуляванне жыццядзейнасці грамадства і чалавека (дзейнасці, паводзін і адносін), на далейшае развіццё самога М. Можа быць канкрэтным або абстрактным у залежнасці ад накіраванасці на канкрэтныя ці ідэальныя прадметы. М. — гэта не «чыста» суб’ектыўная інтэлектуальная здольнасць і актыўнасць чалавека. Кожны асобны індывід становіцца суб’ектам М., калі ён авалодае паняццямі, логікай, мовай, якія самі з’яўляюцца прадуктам развіцця грамадска-гіст. практыкі і культуры. Грамадскія ўмовы, у якіх жыве чалавек, і культура — гэта не знешнія дэтэрмінанты М., а яго «ўнутраная форма», якая вызначае розныя тыпы сацыяльнасці і культуры М. Як вельмі складаны феномен М. з’яўляецца аб’ектам вывучэння розных навук: філасофіі (вывучае формы і законы М.), фізіялогіі вышэйшай нерв. дзейнасці (вывучэнне фізіял. апарата і механізмаў М.), гнасеалогіі (аналіз суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, пачуццёвага і рацыянальнага, эмпірычнага і тэарэт.), логікі (навукі аб формах, правілах і аперацыях М), а таксама псіхалогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, кібернетыкі і інш. навук.

Веды аб М. з’явіліся спачатку ў рамках філасофіі і прывялі да вычлянення М. з агульнай сукупнасці псіхічных працэсаў. Пытанне аб прыродзе М., узаемаадносінах М. і быцця было цэнтр. праблемай у гісторыі філас. думкі (гл. Свядомасць, Матэрыялізм, Ідэалізм). Змест і катэгарыяльная структура М. ўдасканальваюцца з развіццём пазнання і грамадскай дзейнасці чалавека, яго патрэб і інтарэсаў. У гісторыі чалавецтва вядомы розныя тыпы М.: магічнае, архаічнае, сімвалічнае, паняційнае, лагічнае і інш. У філасофіі былі і ёсць розныя падыходы да разумення прыроды і сутнасці М.: дыялект. матэрыялізм разглядае М. як вышэйшую ступень актыўнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці, а крытэрыем сапраўднасці М. лічыць практыку; неапазітывісцкія і інш. плыні аналіт. філасофіі вылучаюць на першы план фармальна-лагічныя аспекты М.; інтуітывісцкія, фенаменалагічныя і экзістэнцыялісцкія канцэпцыі разглядаюць М. як сузіранне ідэальных сутнасцей (фенаменалогія) або адмаўляюць здольнасць чалавека да рацыянальнага пазнання аб’ектыўнай рэчаіснасці (інтуітывізм, экзістэнцыялізм).

Літ.:

Брушлинский А.В., Поликарпов В.А. Мышление и общение. Мн., 1990;

Леви-Строс К. Первобытное мышление: Пер. с фр. М., 1994;

Мамардашвили М.К. Эстетика мышления. М., 1999.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЕ́ЛЛЕ,

комплекс абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэнне шлюбу і з’яўляюцца своеасаблівым актам зацвярджэння новай сям’і. Вяселле як абрадавае афармленне шлюбу ўзнікла ў перыяд патрыярхату з усталяваннем аднашлюбнасці (гл. Манагамія). Для кожнага народа на пэўнай ступені яго развіцця характэрны традыц. ўстойлівы комплекс вясельных абрадаў, які спалучаецца з усімі відамі нар. мастацтва (тэатралізаваныя дзеянні, музыка, спевы, танцы і да т.п.). Асн. момант вясельнай абраднасці ўсіх народаў свету — пераезд нявесты з дому бацькоў у дом жаніха.

Багацце і разнастайнасць абраднасці бел. вяселля вынікаюць з прававой сілы яго працэдур, якія павінны былі абавязкова выконвацца пры сведках (родзе, суседзях), што ў сваю чаргу ўзаконьвала маёмасныя, этычныя правы, адносіны і абавязкі будучай сям’і. Толькі з моманту вяселля маладыя прызнаваліся самаст. членамі абшчыны. Згодна з паслядоўнасцю абрадавых дзеянняў традыц. бел. вяселле падзяляецца на 3 асн. часткі: давясельную, або падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватанне, запоіны, агледзіны, заручыны); уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіванне, выпрабаванне здольнасцей і характару маладой, дзяльба каравая, абдорванне маладых); паслявясельную (пярэзвы). У агульным цыкле абраднасці значэнне гэтых частак неаднолькавае. Давясельная з’яўляецца пераважна фармальна-бытавой — у час яе адбываецца пагадненне паміж бацькамі маладых пра заключэнне шлюбу. Уласна вяселле займае гал. месца ў традыц. вясельнай абраднасці і характарызуецца багаццем цырымоній, гал. сярод якіх абрад звядзення маладых, які замацоўвае іх шлюб і злучае на ўсё жыццё. Заключная частка вясельнага цыкла мае пераважна гульнёвы характар. У кожнай мясцовасці была свая ўсталяваная вясельная пара: у адных жаніліся пасля Вялікадня, у другіх — пасля Пятра і Паўла, ў трэціх — зімой, але найчасцей жаніліся ўвосень ад Пакроваў да каляднага посту, пасля заканчэння асн. палявых работ. Вяселле было важнай падзеяй у жыцці маладых і ўсёй грамады. Гэтым у першую чаргу тлумачыцца дакладная распрацаванасць усіх эпізодаў вясельнага абраду, кожнаму з якіх адпавядаў свой рытуал. Багатымі і разнастайнымі былі вясельныя песні, прыгаворкі, прыказкі, абрадавыя танцы, якія суправаджалі і тлумачылі кожны з гэтых эпізодаў. Удзельнікі вяселля (маладая, або княгіня, малады, або князь, сват і свацця, дружкі нявесты і дружына жаніха) выконвалі адведзеную ім ролю паводле нар. светапогляду, традыцый і этыкету.

Характэрная рыса бел. вяселля — наяўнасць стараж. рэлігійна-абрадавых і сац.-быт. элементаў, якія ўзыходзяць да эпохі матрыярхату і захоўваюць перажыткі і водгукі татэмістычных вераванняў і культаў (культ расліннасці, жывёл, нябесных свяціл). Ад эпохі родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні дайшлі абрады выкрадання і куплі-продажу нявесты. У правасл. перыяд абрад вяселля складаўся з адносна невял. колькасці магічных дзеянняў, сэнс якіх раскрывалі кароткія песні заклікальнага і эратычнага зместу. Пазней вяселле ператварылася ў шматсастаўны абрад з элементамі стараж. магіі, складанае драматычнае дзеянне з мноствам дзейных асоб. У 19 ст. з развіццём капіталіст. спосабу вытв-сці і распадам патрыярхальнай сям’і ў бел. вяселлі паявіліся новыя матывы: павышаная ўвага да пасагу, нязгода маладых з існуючым сямейным укладам і г.д. Абавязковым стаў абрад вянчання ў царкве (касцёле). У наш час многія элементы традыц. вяселля зніклі або змяніліся, а само яно ператварылася ва ўрачыстую цырымонію пасля афіц. рэгістрацыі шлюбу.

Літ.:

Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

Никольский Н.М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.

Л.​А.​Малаш.

т. 4, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)