ХАРБІ́Н,

горад на ПнУ Кітая, на р. Сунгары. Адм. ц. правінцыі Хэйлунцзян. 4,35 млн. ж. (2000). Трансп. вузел, буйны эканам. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. эл.-тэхн., эл.-энергет., трансп., станка- і прыладабудаванне), харч., дрэваапр. будматэрыялаў, цукр., папяровая і інш. Шматлікія ВНУ. Заапарк. Харбінскі летні муз. фестываль (ліпень). Зімовы фестываль ледзяных збудаванняў.

Засн. ў 1898 на месцы рыбацкага паселішча ў сувязі з буд-вам Кітайскай Чанчуньскай чыгункі: тут знаходзілася яе цэнтр. адміністрацыя, склалася вял. рас. дыяспара. Пасля грамадз. вайны ў Расіі Х. — адзін з гал. цэнтраў белай эміграцыі. У 1932—45 акупіраваны яп. войскамі, фармальна ў складзе Маньчжоў-Го. 18—20.8.1945 у ходзе савецка-японскай вайны 1945 вызвалены Чырв. Арміяй і Амурскай ваен. флатыліяй.

Сярод эмігрантаў 1920—40-х г. быў значны бел. асяродак. У оперным тэатры працавалі спявак М.Л.Забэйда-Суміцкі, дырыжор І.​П.​Райскі і яго сын Б.А.Райскі. У Х. знаходзілася бел. місія ордэна марыянаў на чале з Ф.Абрантовічам (1928—39) і А.​Цікотам (1939—48), святары Я.​Германовіч (В.Адважны), Т.​Падзява, К.​Найловіч. Місія выдавала час. «Католический вестник».

Літ.:

Русский Харбин. М., 1998;

Аблова Н.Е. История КВЖД и российской эмиграции в Китае (первая половина XX в.). Мн., 1999.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Горад Харбін. Будынак царквы св. Сафіі (цяпер музей рускай гісторыі).

т. 16, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)