ЦЕРАБУ́Н Уладзімір Васілевіч (н. 11.4.1946, в. Несцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. скульптар, графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1973). У 1979—86 старшыня Гродзенскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі, у 1987—99 выкладаў у Гродзенскім вучылішчы мастацтваў. Працуе ў станковай і манум. скульптуры, графіцы. Аўтар мемар. комплексу Дальва (1973, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976), помніка на вайск. могілках у Гродне (1981), рэльефаў «Фантазія», «Гімн сонцу», кампазіцый дэкар. «Крылатая» (1989), «Ветразь» (1992), аб’ёмнапрасторавых (1991); цыкла «Скульптура малых форм «Ракурс» (1990—2002), серыі керамічных пасудзін (1993—98), графічнага цыкла «Ракурс» (1986—96). Сярод станковых кампазіцый: «Расстраляная песня. Памяці В.Хары» (1976), «Летапісец» (1981), «Сымон-музыка», «Апошняе жніво» (абедзве 1982), «Непераможныя» (1985), «Ясь і Яніна» (1987), «Апосталы Пётр і Павел» для касцёла св. Андрэя ў г. Слонім Гродзенскай вобл., «Госпадзі, веру табе» для бернардзінскага касцёла ў Гродне (1996), «Флора і фауна» (1997), «Мельпамена» (2001), «Элегія» (2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАТЫ́НЬ,
мемарыяльны арх.-скульпт. комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш.бел. вёсак, знішчаных ням.-фаш. захопнікамі разам з насельніцтвам у Вял.Айч. вайну. На 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск—Віцебск, на месцы б.в. Хатынь, спаленай карным батальёнам 22.3.1943 разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т. л. 75 дзяцей). Комплекс адкрыты 5.7.1969. Аўтары: арх. Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін, скульпт. С.Селіханаў (Ленінская прэмія 1970). Мемарыял (пл. 32 га) захоўвае планіровачную структуру б. вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы, Дрэва жыцця. Ён пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з інфарм. надпісам. У цэнтры комплексу ўзвышаецца бронз.скульптура няскоранага чалавека (выш. 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі дзяцей, чорная плітадах; сімвалізуе апошні дах тых, хто загінуў. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. Дарога скіроўвае да помнікаў-зрубаў (выш. да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зруба. Абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. На кожным абеліску дошка з прозвішчамі, імёнамі спаленых жыхароў дома. Вобраз спаленай вёскі дапаўняюць б. вуліцы, адзначаныя шэрымі плітамі, на месцы 4 калодзежаў — мемар. знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. За хатамі-помнікамі па гал. восі кампазіцыі мемарыяла Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы — манум. кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваны мемар. пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэр. Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. Важны фрагмент Х. — пл. Памяці, у цэнтры якой 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вял.Айч. вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны. У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, маст. слова, гучанне званоў, каляровае асвятленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ-ГЕРО́Й,
мемарыяльны комплекс у Брэсце. Створаны ў 1969—71 на тэр.Брэсцкай крэпасці на ўшанаванне подзвігу яе абаронцаў (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Скульпт.-арх. ансамбль аб’ядноўвае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манум. мастацтва. Адкрыты 25.9.1971. Аўтары: скульпт. А.Кібальнікаў (гал.маст. кіраўнік), А.Бембель, У.Бабыль, арх. У.Кароль, В.Волчак, В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч, Г.Сысоеў. Комплекс размешчаны ва ўсх. частцы Цытадэлі. Уключае манум. галоўны ўваход, вырашаны ў выглядзе прарэзанай у бетоннай сцяне 5-канцовай зоркі, гал. манумент, штык-абеліск, пл. Цырыманіялаў, тэрасы-трыбуны, некропаль-калумбарый, дзе пахаваны урны з прахам абаронцаў крэпасці, пад’езды і плошчы. Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляюцца гал. манумент «Мужнасць» — абагульнены вобраз воіна-пераможцы (бетон, выш. 33,5 м) і штык-абеліск (абліцаваны тытанам, выш. 100 м). На краі плошчы размешчана скульпт. кампазіцыя «Смага» — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады. У складзе комплексу Брэсцкай крэпасці-героя музей, Святамікалаеўская правасл. царква.
Л.Г.Лапцэвіч.
Брэсцкая крэпасць-герой. Плошча Цырыманіялаў з галоўным манументам.Брэсцкая крэпасць-герой. А.Бембель. Скульптура «Смага». 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й СТАРАЖЫТНАБЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫІнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай АН Беларусі.
Засн. ў 1977 у Мінску, адкрыты ў 1979 як цэнтр вывучэння і прапаганды бел.маст. спадчыны. Агульная пл. 1200 м², пл. экспазіцыі 600 м². Больш за 17 тыс. экспанатаў (2000), у т. л. 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4,5 тыс.дэкар.-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, 2,6 тыс. узораў нар. ткацтва. Экспазіцыя мае раздзелы археалогіі (знаходкі з раскопак гарадоў і інш.археал. помнікаў Беларусі), мастацтва (абразы 16—18 ст., скульптура 16—19 ст., слуцкія паясы і інш. тканіны 18 ст., старадрукі і кніжная гравюра 16—18 ст., разьба, маст. вырабы з металу), этнаграфіі (ткацтва, нар. касцюмы канца 19 — пач. 20 ст., кераміка, нар.муз. інструменты, прылады працы, хатняе начынне, вырабы з саломкі і інш.). Асобны раздзел прысвечаны помнікам этнаграфіі і нар. мастацтва чарнобыльскай зоны. Мае навук. лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.
Літ.:
Музей старажытнабеларускай скульптуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983;
Музей старажытнабеларускай культуры. Мн., 1998.
В.Ф.Шматаў, А.А.Ярашэвіч.
Музей старажытнабеларускай культуры. Фрагмент экспазіцыі старажытнага жывапісу і мемарыяльнай скульптуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУР (Moore) Генры (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),
англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж.мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).
Літ.:
Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.
С.І.Пракоп’ева.
Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАНУ́І, Пасхі востраў,
Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),
вулканічны востраў ва ўсх.ч. Ціхага ак.Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас. каля 2 тыс.чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае 1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЫЙ (Pheidias; пач. 5 ст. да н.э. — каля 432—431 да н.э.),
старажытнагрэчаскі архітэктар, скульптар і жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў мастацтва высокай класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Платэях. Яго творы вядомы паводле апісанняў стараж. аўтараў і рым. копій. У эпоху Перыкла (444 429 да н.э.) кіраваў буд-вам Афінскага акропаля. Сярод скульпт. работ найб. славутыя бронз. статуя Афіны Прамахас (каля 460 да н.э.), грандыёзныя статуі ў тэхніцы хрысаэлефантынавай скульптуры — Зеўса ў храме Зеўса ў Алімпіі (каля 430 да н.э.; адно з сямі дзівосаў свету) і Афіны Парфенас у храме Парфенон у Афінах (432 да н.э.). Найб. ўяўленне пра творчасць Ф. дае скульпт. ўбранне Парфенона (438—432 да н.э.; фрагменты захоўваюцца ў Брыт. музеі ў Лондане, Луўры і Музеі Акропаля ў Афінах), выкананае пад яго кіраўніцтвам і, магчыма, пры яго ўдзеле. Скульптура Парфенона ў спалучэнні з архітэктурай храма з’яўляецца адным з самых высокіх узораў сінтэзу мастацтваў, адметная багаццем рытмаў і кампазіцыйных прыёмаў, мяккай мадэліроўкай.
Літ.:
Сидорова Н. Жизнь и творчество Фидия // Искусство. 1970. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЛА́МАЎ Іван Пятровіч (н. 4.10.1928, хутар Фядотава Пералюбскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. мастак, дызайнер. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1953). З 1953 працаваў у Мінгарпраекце, з 1957 гал. архітэктар НДІбуд-ва і архітэктуры, у 1965—85 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, канструявання мэблі, афармлення інтэр’ера. Сярод работ: камплекты мэблі для 2- і 3-пакаёвых кватэр (адпаведна 1958, 1961), для кухні (1967); маст. канцэпцыя афармлення інтэр’ераў і абсталявання Міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» («Рыбацкі склеп») на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1975), Палаца культуры Мінскага трактарнага з-да (1976), рэстарана «Мінск» у г. Патсдам (Германія, 1977), Уфімскага авіяц. ін-та (1979), добраўпарадкавання нас. пунктаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. (1981; усе праекты ажыццёўлены ў сааўт.). Аформіў кнігі І.Елатомцавай «Мастацкая кераміка Савецкай Беларусі» (1966), «Манументальны летапіс эпохі» (1969), «Да тайнаў творчасці» (1973), «Нарысы па гісторыі беларускай савецкай станковай скульптуры» (1974), «Станковая скульптура. Паняцце пра жанры» (1975). Аўтар жывапісных твораў («Псіхея», 1988, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАСЦЬ (ад лац. antiquus старажытны),
тэрмін, які абазначае старажытнасць, даўніну; пераважна ўжываецца ў дачыненні да грэка-рымскай даўніны і ўсёй сукупнасці яе праяў. Ахоплівае перыяд з 9 ст. да н.э. Да 476 н.э. (падзенне Зах.Рым. імперыі). Тэрмін «антычнасць» сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, калі разам з абуджэннем цікавасці да грэка-рымскай культуры ўзніклі паняцці антычнае мастацтва, ант.л-ра, антычная філасофія, ант. гісторыя і інш. У ант. грамадстве нарадзіліся агульначалавечыя каштоўнасці, якія пазней вызначаны як гуманізм, дэмакратыя, патрыятызм. Тыповай формай ант. дэмакратыі сталі дзяржава-поліс у грэкаў і цывітас (гарадская абшчына) у рымлян (адсюль паходжанне слоў «цывільны», «цывілізацыя»). У антычнасці расквітнелі розныя філас. сістэмы, развіваліся этыка, эстэтыка, гісторыя, тэатр, архітэктура і скульптура, асновай заканадаўства многіх краін стала антычнае права. Гуманіст. ідэі ант. культуры паўплывалі на развіццё культуры ўсіх еўрап. народаў, асаблівае месца ў навуцы заняла лац. мова. Больш падрабязныя і канкрэтныя звесткі пра антычнасць гл. ў арт.Грэцыя Старажытная, Рым Старажытны, Рабаўладальніцкі лад, Элінізм і інш.
Літ.:
Античная цивилизация. М., 1973;
Штаерман Е.М. Роль античного наследия в европейской культуре // История Европы. М., 1988. Т. 1.
К.А.Равяка.
Да арт.Антычнасць. Сход багоў. Размалёўка старажытнагрэчаскага келіха. Каля 510 да н.э.