На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр.ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб.выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах.ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн.ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІРГА́ЙЛА (у праваслаўі Іван; каля 1354—23.12.1394?),
князь полацкі, трокскі і кіеўскі ў ВКЛ. Сын Альгерда, брат Ягайлы. Пасля выгнання ў 1377 з Полацка кн.Андрэя Альгердавічавял.кн. Ягайла пасадзіў там княжыць С. Палачане, незадаволеныя язычніцтвам С., у 1381 выгналі яго з княжання. На чале войска Ягайлы і пры дапамозе Інфлянцкага ордэна аблажыў на некалькі месяцаў Полацк, але горада не ўзяў. У гэты час прыняў праваслаўе. Калі ў канцы 1381 велікакняжацкі трон у Вільні захапіў Кейстут, войска, падначаленае С., прызнала ўладу новага вял. князя, а С. ўцёк у Інфлянты. Летам 1382 С. далучыўся да войска Ягайлы, удзельнічаў у аблозе Кейстута ў Троках. У час перагавораў з Кейстутам захапіў яго ў палон і адвёз у Крэўскі замак, дзе той быў забіты. Атрымаў ад Ягайлы Трокскае княства. З гэтага часу С. стаў другой уплывовай асобай у ВКЛ. Удзельнічаў у заключэнні Крэўскай уніі 1385 паміж ВКЛ і Польшчай, але застаўся праваслаўным. У Мсціслаўскай бітве 1386 на чале войска ВКЛ перамог смаленскага кн. Святаслава Іванавіча і падпарадкаваў ВКЛ Смаленскае княства. Вясной 1387 узяў Полацк, дзе захапіў у палон Андрэя Альгердавіча. У 1387 Ягайла пацвердзіў права С. на валоданне Трокскім і Полацкім княствамі, даў яму Менск, Свіслач, Бабруйск, Рэчыцу, Любеч, Прапошаск, Любашаны, Ігумен, Лагойск. У выніку Востраўскага пагаднення 1392 Ягайла фактычна прызнаў Вітаўта сваім намеснікам у ВКЛ і перадаў яму Трокскае княства, узамен Вітаўт абяцаў С. дапамагчы захапіць Кіеў. Вясной 1393 Вітаўт захапіў у кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча Жытомір і Оўруч і аддаў іх С., восенню 1393 перадаў С. Кіеў. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГЭС),
электрастанцыя, якая выпрацоўвае эл. энергію за кошт ператварэння мех. энергіі патоку вады. Складаецца з гідратэхн. збудаванняў (будынкі ГЭС, напорныя басейны, плаціны, дамбы, вадаводы, вадаскіды, шлюзы і інш., якія забяспечваюць стварэнне напору, канцэнтрацыю вадзянога патоку і яго адвод) і энергет. абсталявання (гідраўлічныя турбіны, што прыводзяцца ў рух патокам вады, і гідрагенератары, якія верцяцца гідратурбінамі і выпрацоўваюць эл. ток напружаннем каля 6—16 кв). Гідраагрэгаты, дапаможнае абсталяванне, прылады кіравання і кантролю размяшчаюцца ў машыннай зале будынка ГЭС. Трансфарматарная падстанцыя, якая з дапамогай сілавых трансфарматараў павышае генератарнае напружанне да 110, 220, 330, 750 кВ і болей, размяшчаецца ў будынку станцыі, у асобным будынку або на адкрытай пляцоўцы; размеркавальнае ўстройства, да якога падключаюцца лініі электраперадачы — звычайна каля будынка ГЭС.
Паводле напору ГЭС падзяляюцца на высоканапорныя (больш за 60 м, абсталёўваюцца каўшовымі і радыяльна-восевымі турбінамі), сярэдненапорныя (ад 60 да 25 м, з паваротна-лопасцевымі і радыяльна-восевымі турбінамі) і нізканапорныя (да 25 м, з паваротна-лопасцевымі, часам гарыз. турбінамі ў капсулах або адкрытых камерах). У залежнасці ад асаблівасцей выканання гідратэхнічных збудаванняў адрозніваюць ГЭС: рэчышчавыя (будуюцца ў асн. у межах рачнога рэчышча, будынак станцыі ўваходзіць у склад водападпорных збудаванняў, напор звычайна да 30 м), прыплацінныя (напор ад 30 да 200 м ствараецца землянымі, бетоннымі, каменнымі плацінамі, будынак станцыі размешчаны за плацінай), дэрывацыйныя (будуюцца пераважна на горных рэках, сярэдняга і высокага напору, які ствараецца з дапамогай абвадных каналаў, тунэляў або трубаправодаў), сумешчаныя (будынак станцыі размяшчаецца ў целе плаціны і адначасова выконвае функцыю вадаскіднага збудавання). Існуюць таксама гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. Асобныя ГЭС або іх каскады звычайна працуюць у электраэнергетычнай сістэме сумесна з кандэнсацыйнымі, газатурбіннымі, атамнымі электрастанцыямі, цеплаэлектрацэнтралямі: У залежнасці ад характару ўдзелу ў пакрыцці графіка нагрузак ГЭС бываюць базісныя, паўпікавыя і пікавыя, выкарыстоўваюцца таксама для генерыравання рэактыўнай энергіі. Сабекошт электраэнергіі і эксплуатацыйныя расходы ГЭС меншыя, а працягласць і кошт буд-ва — большыя, чым цеплавых. Першыя ГЭС магутнасцю ў некалькі соцень ват пабудаваны ў 1876—81 у Германіі і Вялікабрытаніі. У Расіі першая прамысл.ГЭС (каля 300 кВт) пабудавана ў 1895—96. Самая буйная ГЭС з пабудаваных у СССР — Саяна-Шушанская (на р. Енісей, 6400 МВт). Найб. агульную магутнасць маюць ГЭС (млн.кВт): ЗША (89), краін СНД (64), Канады (57), Бразіліі (42), Японіі (37).
На Беларусі гідраэнергет. рэсурсы невялікія (гл.Гідраэнергетыка). У 1940—50-я г. пабудавана 179 невял. ГЭС агульнай магутнасцю каля 20 тыс.кВт. Найб. значныя з іх Асіповіцкая на р.Свіслач (2250 кВт) і Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт). З развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы большасць малых ГЭС была закансервавана. У 1992—94 адноўлены Дабрамысленская, Ганалес, Богіна, Жамыслаўская, Клясціцкая, Вайтаўшчызненская, Лахазвінская ГЭС агульнай магутнасцю каля 2 МВт. Амаль усе ГЭС — прыплацінныя з напорнымі будынкамі.
Літ.:
Цветков Е.В., Алябышева Т.М., Парфенов Л.Г. Оптимальные режимы гидроэлектростанций в энергетических системах. М., 1984;
Гидроэлектрические станции. 3 изд. М., 1987.
Я.П.Забела.
Схема рэчышчавай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — гідраўлічная турбіна; 2 — гідрагенератар; 3 — гідрапад’ёмнік; 4, 9 — мінімальны і максімальны ўзроўні верхняга і ніжняга б’ефаў; 5 — засаўкі; 6 — плаціна; 7 — размеркавальнае прыстасаванне; 8 — ЛЭП.Схема дэрывацыйнай гідраэлектрычнай станцыі: 1 — плаціна; 2 — водапад’ёмнік; 3 — адстойнік; 4 — дэрывацыйны канал; 5 — напорны басейн; 6 — басейн сутачнага рэгулявання; 7 — турбінны вадавод; 8 — будынак ГЭС; 9 — вадаскід; 10 — размеркавальнае прыстасаванне; 11 — ЛЭП.Да арт.Гідраэлектрычная станцыя. Асіповіцкая ГЭС на р.Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЎСКІЯ,
бел. жывапісцы, браты. Ураджэнцы маёнтка Уборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.
Апалінар Гілярыевіч(30.1.1883—1900) (30.1.1833—1900), пейзажыст і партрэтыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—54), у 1855—60 удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. У 1860—80-я г. жыў у маёнтку Уборкі, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—86 выкладаў у школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў. Яго творы адметныя жыццёвай праўдай, высокім майстэрствам, глыбокай народнасцю, паэтычна апяваюць прыгажосць бел. прыроды, нар. побыт: «Балота», «Пейзаж з ракой і дарогай», «Вечар», «Краявід у маёнтку Кушалёва-Безбародкі Краснаполіца», «Від дубровы каля Бабруйска», «Ліпы», «На радзіме», «Пінскія балоты», «Рака Бярэзіна», «Свіслач», «Час жніва» і інш. Каля 20 карцін мастака знаходзяцца ў Нац.маст. музеі Беларусі («Партрэт маці», «Жаночы партрэт каля мальберта», «Купальшчыцы», «Яўрэй, які моліцца», «Вечар у Мінскай губерні», «Старая моліцца», «Цвіце канюшына», «Кузня», «Жанчына з палітрай», «Магдаліна каецца», «Партрэт Ф.Л.Лагорыо», шмат бел. пейзажаў і інш.). Рабіў замалёўкі нар. тыпаў («Селянін» і інш.).
Іпаліт Гілярыевіч (1.7.1828—?), пейзажыст. Спец. адукацыю атрымаў у школе Машчынскага (Мінск). З 1855 наведваў заняткі Пецярбургскай АМ. З яго пейзажаў найб. вядомыя: «На берагах ракі Бярэзіны», «Від у ваколіцах Бабруйска» і інш. Карціна «Каля крыжа. Смерць паўстанца» зберагаецца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Гілярый Гілярыевіч, акварэліст 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў (да 1868), потым у АМ (да 1873). Сярод пейзажаў: «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора», «Кветкі» і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. «Колькі праўды ў фарбах...» // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Мінскае мора,
Ганалес. У Мінскім р-не, за 10 км на ПнЗ ад Мінска. Створана ў 1956. Рэканструявана і добраўпарадкавана ў 1977. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 25,6 км², даўж. 12 км, найб.шыр. 4,7 км, найб.глыб. 9,1 м. Аб’ём вады 86,1 млн.м³, Чаша — затопленыя рэчышчы і поймы рэк Свіслач, Вяча, Ратамка, Чарняўка. Месцамі ад вадасховішча дамбамі адсечаны мелкаводдзі, дзе створаны польдэры. Ёсць 3 глыбокаўрэзаныя залівы (самы вял. Ратамскі), 11 астравоў (агульная пл. каля 0,29 км²). Дно да глыб. 8 м выслана ілам, уздоўж былых рэчышчаў Свіслачы і Вячы — торфам. Берагі спадзістыя, з Пд і З парослыя лесам (з пасадкамі таполі, вярбы, акацыі). Месцамі створаны штучныя пясчаныя пляжы шыр. 20—50 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня 60—70 см) трымаецца да канца сак. — пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню перавышае 1 м. Са стварэннем Вілейска-Мінскай воднай сістэмы праточнасць З.в. павялічылася ў 3 разы. Ёсць асобныя ўчасткі, дзе абмен вады вельмі запаволены (на У у Спартакаўскім зал.). Пераважаюць вятры паўн.-зах. напрамку, якія могуць утвараць хвалі выш. 0,7—1,2 м. У выніку хвалевай эрозіі інтэнсіўна размываюцца паўд.-зах. і паўд.-ўсх. берагі. Уздоўж берагоў зарастае, расліннасць (чарот азёрны, трыснёг і аер звычайныя, трапляюцца рдзесты, драсён земнаводны) найб. пашырана ў залівах і вярхоўі. Водзяцца акунь, плотка, шчупак, верхаводка. Выкарыстоўваецца для сезоннага рэгулявання сцёку, абваднення Свіслачы, забеспячэння вадой Мінска. З.в. ўваходзіць у зону адпачынку Мінскага м., на берагах размешчаны міжнар. маладзёжны цэнтр «Юнацтва», прафілакторыі, базы для аматараў-рыбаловаў, спартбазы, дзіцячыя аздараўленчыя лагеры і інш.
Г.С.Жукоўская.
Заслаўскае вадасховішча.Краявід на Заслаўскім вадасховішчы.
сістэма ўзвышшаў у паласе краявых ледавіковых утварэнняў на З Беларусі; фізіка-геагр. раён Заходне-Беларускай правінцыі. Займае цэнтр.ч. Гродзенскай, паўн.-ўсх.ч. Брэсцкай абл., заходзіць на тэр. Польшчы. Мяжуе з Нёманскай нізінай, Капыльскай градой, Баранавіцкай і Прыбугскай раўнінамі. Працягваецца з 3 на У на 200 км, з Пн на Пд на 15—100 км, пл. 10,2 тыс.км². Пераважаюць выш. 200—300 м над узр. м., найб. 323 м (Замкавая гара).
Складаецца з сярэдняўзгорыстых і буйнаўзгорыстых узвышшаў (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, гл. адпаведныя арт.), падзеленых папярочнымі, часам скразнымі далінамі, лагчынамі, ярамі. Рэльеф утвораны пераважна з адкладаў дняпроўскага і сожскага ледавікоў, магутнасцю 150—235 м. Інтэнсіўна праяўлены гляцыядыслакацыі, трапляюцца адорвені мелавых і неагенавых парод. Марэнныя грады чаргуюцца з платопадобнымі ўчасткамі, месцамі перакрытымі лёсападобнымі пародамі, магутнасцю 2—5 м. На ўскраінах узвышшаў дробна- і сярэдняўзгорысты рэльеф са спадзістымі схіламі, які пераходзіць у плоскія зандравыя раўніны. У цэнтр.ч. ўзвышшаў пераважае градава-ўзгорысты і буйнаўзгорысты рэльеф з купалападобнымі вяршынямі, завалуненымі схіламі і забалочанымі міжузгорыстымі катлавінамі. Глыб. расчлянення 30—50 м/км². Развіта плоскасная і лінейная эрозія, трапляюцца суфазійныя формы рэльефу. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, мел і мергель цэментныя, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гідраграфічная сетка прадстаўлена на крайнім ПнЗ р.Нёман, на астатняй тэрыторыі яго прытокамі; Моўчадзь, Шчара з Мышанкай, Сэрвач, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш.Найб.воз. Свіцязь. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя, дзярнова-палева-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярновыя перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя і інш. Пад лесам 27,5% тэр. Мяшаныя дубровы і ельнікі, хваёва-дубовыя лясы, баравыя хвойнікі, на забалочаных мясцінах алешнікі. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. Заказнікі: Навагрудскі, Свіцязянскі, Слонімскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сіняя (прыток Свіслачы). За 136 км на ПдЗ ад Магілёва, 3 км на Пн ад шашы Мінск—Гомель. Чыг. вузел (лініі на Мінск, Гомель, Магілёў, Баранавічы). 35,2 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 18 ст. як вёска. У 1872 за 2 км ад Асіповічаў заснавана станцыя Лібава-Роменскай чыгункі з той жа назвай (40 ж., 5 дамоў). Паводле перапісу 1897, на месцы сучаснага горада існавалі 3 паселішчы з назвай Асіповічы: вёска (526 ж., 78 гаспадарак), станцыя (каля 100 ж., 11 гаспадарак), пасёлак (каля 200 ж., 38 гаспадарак), якія пазней зліліся. На пач. 20 ст. каля 1500 ж., больш за 300 двароў. У 1917 каля 4,2 тыс.ж. З лют. да мая 1918 Асіповічы заняты польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага, з мая да 4.12.1918 — германскімі, з 20.8.1919 да 10.7.1920 — польскімі войскамі. З 1922 цэнтр воласці, з 17.7.1924 мястэчка, цэнтр Асіповіцкага р-на Бабруйскай акр. (да 1930), з 15.7.1935 горад, у 1938—44 у Магілёўскай вобласці. У 1939 — 13,7 тыс.ж. 30.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Асіповіцкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 28.6.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. З 1944 у Бабруйскай, з 1954 Магілёўскай абласцях (у 1962—65 у Бабруйскім раёне). У 1959 — 15,8 тыс.ж.
Прам-сць: маш.-буд. (завод аўтаагрэгатаў), буд. матэрыялаў (Асіповіцкі кардонна-руберойдавы завод, з-д жалезабетонных канструкцый), харч. (камбінаты хлебапрадуктаў, кансервава-харч., масларобчы); з-д «Каммаш», прадпрыемствы лёгкай і дрэваапр. прам-сці і інш. Працуюць камбінат быт. абслугоўвання, лясгас, лясная доследная станцыя. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму. Каля горада на р.Свіслач пабудаваны Асіповіцкае вадасховішча і ГЭС.
Літ.:
Зорин В., Ершова Г. Осиповичи: Историко-экон. очерк. Мн., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,
на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 21,5 тыс.чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п.Вялікая Бераставіца, р.п.Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.
Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб.р.Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс.га, з іх асушана 7,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в.Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р.Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачатку крас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р.Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.