ГА́ВЕЛ ((Havel) Вацлаў) (н. 5.10.1936, Прага),

чэшскі дзярж. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Скончыў Пражскую акадэмію муз. і тэатр. мастацтва (1967). Адзін з заснавальнікаў і вядучых дзеячаў праваабарончага руху Хартыя-77, апазіцыйнага паліт. руху Грамадзянскі форум. Праследаваўся ўладамі, у 1970—89 тройчы быў зняволены ў турму. У 1989—92 прэзідэнт Чэхаславакіі, з 1993 — Чэхіі. Аўтар п’ес «Свята ў садзе» (паст. 1963; бел. пер. Л.​Баршчэўскага), «Паведамленне» (паст. 1965), «Цяжка засяродзіцца» (паст. 1968), «Аўдыенцыя» (паст. 1975), «Largo desolato» (паст. 1985), «Спакуса» (паст. 1986), «Рэканструкцыя» (1987). Паэтыка яго драматургіі адпавядае тэатру абсурду, пры гэтым яна зыходзіць з канкрэтных умоў развіцця Чэхаславакіі. Гал. тэма яго філас. разважанняў — маральныя асновы палітыкі, механізацыя чалавека ва ўмовах несвабоды. Аналіз дысідэнцтва дадзены ў кн. эсэ «Дужасць нядужых» (1978) і «Лістах да Вольгі» (1980).

Тв.:

Бел. пер. — Свята ў садзе // Пры зачыненых дзвярах: Драм. тв. Мн., 1995;

Аўдыенцыя: П’еса ў адной дзеі // Крыніца. 1997. № 1 (27);

Рус. пер. — Трудно сосредоточиться. М., 1990;

Сила бессильных. Мн., 1991;

Заочный допрос. М., 1991.

Літ.:

Шабловская И.В. Чешский театр абсурда и европейский опыт // Славянские литературы в контексте мировой: Материалы и тез. докл. междунар. науч. конф. Мн., 1994.

І.​В.​Шаблоўская.

В.Гавел.

т. 4, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ЕВА́НГЕЛЛІ,

тры рукапісныя помнікі 12—14 ст. з г. Полацк Віцебскай вобл. Напісаны на пергаміне царк.-слав. мовай. Першае належала Свята-Троіцкаму манастыру. Напісана ўставам, двума почыркамі ў 2 слупкі на 172 лістах. Аздоблена загалоўкамі, рознакаляровымі застаўкамі і кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы 14—17 ст., адзін з іх зроблены кн. Андрэем Полацкім (14 ст.). Другое П.е. належала манастыру Іаана Прадцечы. Напісана паўуставам у адзін слупок на 196 лістах. Аздоблена кінаварнымі ініцыяламі. На палях укладныя запісы, сярод якіх зробленыя кн. Ульянай (жонкай Альгерда), полацкім кн. Іванам Юр’евічам. Трэцяе належала таксама манастыру Іаана Прадцечы. Напісана ўставам у 2 слупкі на 144 лістах. Аздоблена застаўкай-пляцёнкай, ініцыяламі ў візант. і тэраталагічным стылях. Мае шмат датаваных прыпісак (1507—22), якія з’яўляюцца дадатковай крыніцай вывучэння тапанімікі і анамастыкі Полацкай зямлі 12—17 ст. Некат. даследчыкі да П.е. адносяць рукапіс 12 ст. з Рас. дзярж. б-кі ў Маскве, дзе захаваліся каляровыя мініяцюры.

Літ.:

Гранстрем Е.Э. Описание русских и славянских пергаментных рукописей. Л., 1953;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993.

М.​В.​Нікалаеў.

Да арт. Полацкія евангеллі. Старонка Евангелля са Свята-Троіцкага манастыра.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ ВЕРШ, гутарковы верш,

верш, пабудаваны на інтанацыйнай аснове. Для яго характэрна размоўная інтанацыя, пэўная адвольнасць у суаднесенасці інтанацыйна-сінтакс. і метрычнай структур. Сказы неаднолькавай даўжыні і будовы спалучаюцца ў Р.в. без якой-н. папярэдне вызначанай сістэмы.

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі...
Ўсе на свеце святку рады,
Ўсюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова — ўсюды свята...
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?!.. скажаш — цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара... рвана... ветрам шыта...
Стаў крапчэй мароз ка святу.
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне ў хату...
Ну! кабыла! чаго стала?!
(Я.​Лучына. «Што думае Янка, везучы дровы ў горад»)

Асаблівую ролю ў Р.в. адыгрываюць паўзы, паўторы, умаўчанні, пропускі, анакалуф, часта выкарыстоўваецца анжамбеман (пачатак сінтаксічна цэласнага словазлучэння знаходзіцца ў адным вершаваным радку, а канец у наступным). Р.в. зрэдку падзяляецца на строфы, часта мае амебейную кампазіцыю. У сучаснай бел. паэзіі пашыраны ў медытатыўнай лірыцы і звязаны з выяўленнем філас. зместу («Эстафета агню» М.​Танка, «Мысль і слова» С.​Дзяргая і інш).

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ТАТА́РАЎ-МУСУЛЬМА́Н «АЛЬ-КІТА́Б»,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1991 на ўстаноўчым з’ездзе ў г.п. Іўе Гродзенскай вобласці. Дзейнічае ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і прынятым Статутам. Асн. кірункі дзейнасці: абуджэнне гіст. і патрыят. свядомасці бел. татараў, вывучэнне грамадз. гісторыі і гісторыі ісламу, адраджэнне тат. традыцый, культуры, пісьменнасці на аснове араб. графікі. Выдае квартальнік «Байрам» («Свята») на бел. мове і час. «Аль-Ислам» на рус. мове.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 10.1.1942, в. Люшнева Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. дзеяч самадзейнага мастацтва, балетмайстар. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Нар. арт. Беларусі (1987). Працаваў у розных творчых калектывах. З 1967 кіраўнік Брэсцкага нар. ансамбля танца «Радасць». Ажыццявіў шэраг харэаграфічных пастановак з выкарыстаннем бел. танц. фальклору («Палескае вяселле», «Радасць працы», «Свята на Палессі», «Дажынкі», «Валёнкі», «Сувенір» і інш.), падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.

П.​А.​Жмайлік.

т. 3, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВРА́НІЦКІ (Vranický, Vranitzky, Wranizky) Павел (13.12.1756, г. Нова-Ржышэ, Чэхія — 26.9.1808), аўстра-чэшскі скрыпач, кампазітар. З 1780 скрыпач, з 1785 музік-дырэктар у капэле кн. І.​Н.​Эстэрхазі, з 1790 канцэртмайстар аркестра Венскай прыдворнай оперы. Аўтар папулярных опер-зінгшпіляў «Аберон, кароль эльфаў» (паст. 1789), «Свята басяка» (паст. 1794), «Сталяр» (1799), камічнай оперы «Добрая маці» (паст. 1795); балетаў-дывертысментаў «Збор вінаграду» (паст. 1794), «Прыгавор Парыса» (1801); кантаты, 22 сімфоній, 5 канцэртаў, камерна-інстр. твораў.

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫЯ́НЕНКА (Васіль Аляксеевіч) (н. 29.6.1950, Магілёў),

бел. музыкант, кампазітар; збіральнік і выканаўца бел. муз. фальклору. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1975). З 1974 канцэртмайстар, з 1978 муз. кіраўнік фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». З 1984 арганізатар і маст. кіраўнік Бел. дзярж. ансамбля нар. музыкі «Свята» Аўтар апрацовак нар. музыкі, у т. л. песень «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песня-балада», арыгінальных песень на вершы Я.​Чачота, Я.​Купалы і інш.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РАЧ вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Морач, на аўтадарозе г. Клецк — в. Колкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПдУ ад горада і 37 км ад чыг. ст. Клецк, 162 км ад Мінска. 2079 ж., 674 двары (1999). Цэхі па разліву мінер. вады і па вытв-сці плеценых вырабаў з лазы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Свята-Вазнясенская царква.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАМА́ЙСКАЯ,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. Да 1954 наз. Сабакінцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 54 км на Пн ад г. Шчучын, 72 км ад Гродна, 39 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 456 ж., 182 двары (2000). Дрэваапр. цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква, касцёл Узвышэння Крыжа. Брацкія магілы партызан і ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)