ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да 28.6.1944 у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала 24 групы (241 чал.) у г. Лепель (кіраўнік А.А.Марунька), вёсках Ворань (М.М.Александровіч), Гарадчэвічы (С.А.Будкевіч), Губіна (Марунька), Загорцы (А.П.Ярашэўскі), Заслаўкі (П.К.Пацей), Кісцялёва (С.В.Шнітка), Ляхавічы (К.А.Яско), Радунь (П.В.Хацько), Саснягі (Г.Ф.Шатыронак), Свядзіца (С.А.Пад’ельскі) і інш. У друкарні, створанай сумесна з партызанамі, выдавалі лістоўкі, плакаты, адозвы, газ. «Калгасная праўда» Лепельскага і газеты Бешанковіцкага, Ветрынскага, Чашніцкага і Ушацкага падп. райкомаў. Падпольшчыкі ўдзельнічалі ў вызваленні з лагера смерці сав. ваеннапалонных, забяспечвалі іх акупац. дакументамі, уладкоўвалі на працу, перапраўлялі да партызан; зрывалі пастаўкі харчавання для ням. арміі; вялі антыфаш. прапаганду сярод салдат варожых фарміраванняў; праводзілі дыверсіі на чыгунцы. Вясной 1943 здабылі і перадалі партызанам план фаш. карнай аперацыі «Котбус». За час акупацыі загінула 70 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́ША (Міхал) (1795 ці 1800, Вільня — 3.11 1863),
графік і жывапісец. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1821—24). Працаваў на Палессі, у Крыме. З 1829 выкладаў у мяст. Крожы (Кражай, Літва), з 1837 — у Гродне, з 1844 — у Беластоку. Працаваў у гіст. і батальным жанрах, пейзажы, тэатр.-дэкар. мастацтве. Творам уласцівы рысы рамантызму. Гіст. дакладнасцю вызначаюцца творы «Атака гусараў», «Гетман», «Адпачынак салдат» і інш. Значную маст.-пазнавальную каштоўнасць маюць ландшафтныя і арх. пейзажы, зробленыя ў час падарожжаў па Беларусі, Літве, Расіі, Украіне: «Руіны замка ў Міры», «Хоцім», «Царква Барыса і Глеба на Каложы ў Гродне», «Мерачоўшчына», «Замкі Стары і Новы ў Гродне», віды Пецярбурга, Пецяргофа, Царскага Сяла і інш. Шэраг пейзажаў выдадзены ў альбомах Лемерсье ў Парыжы (1850) і Ю.Вільчынскага ў Вільні.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1958 у Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,
палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс.салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс.чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Андрэй Аляксеевіч) (12.4.1918, г. Кастрама, Расія — 10.6.1983),
расійскі акцёр. Сын А.Дз.Папова. Нар.арт.СССР (1965). Скончыў студыю пры Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі (1940), з 1939 акцёр, у 1963—73 гал. рэжысёр гэтага т-ра. З 1974 у МХАТ, у 1977—78 гал. рэжысёр т-ра імя К.С.Станіслаўскага. З 1968 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1973 праф.). Творчасць вызначалася абаяльнасцю і ўнутр. культурай, шматпланавасцю, характарнасцю і багаццем псіхал. адценняў трактоўкі вобразаў. Сярод роляў: Якаў («Якаў Багамолаў» М.Горкага), Лебедзеў («Іванаў» А.Чэхава), Іаан («Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Петручыо («Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Галілей («Жыццё Галілея» Б.Брэхта) і інш. Паставіў спектаклі «Рынальда ідзе ў бой» Г.Джываніні (1969), «Невядомы салдат» Ю.Рыбакова (1971) і інш. Здымаўся ў кіно: «Шведская запалка», «Атэла», «Паядынак», «Памяць сэрца», «Пакорлівая», «Настаўнік спеваў», «Некалькі дзён з жыцця Абломава» (1980) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВА́НАЎ (Аўгусцін Лазаравіч) (н. 16.6.1937, г. Валгаград, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1962 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы, адначасова з 1970 выкладае ў Бел.АМ. Выканаўца драм. і вострахарактарных роляў. Творчай манеры М. ўласцівы псіхал. дакладнасць характараў, выразны малюнак ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. Найб. значныя ролі: Тата і Гаспадар («Зацюканы апостал» і «Святая прастата» А.Макаёнка), Арэшкін («Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Марцін Лютэр («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Кудраш («Навальніца» А.Астроўскага), Гэлі Гэй («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), Арнхальм («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Зурыко («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Герастрат, Тэўе-малочнік («...Забыць Герастрата!», «Памінальная малітва» Р.Горына), Шындзін («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСТА́ЎКІН (Анатоль Ігнацьевіч) (н. 17.10.1931, г. Люберцы Маскоўскай вобл.),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1959). Друкуецца з 1954 (вершы). «Маленькія апавяданні» (1959) — лірычныя мініяцюры, пераважна пра ваен. дзяцінства. Сібірскія аповесці — «Мае сучаснікі» (1959), «Тры жыцці» (1960), «Народжанаму жыць» (1963, 2-я назва «Вогнішчы ў тайзе», 1964), раман «Галубка» (1967) пра працу моладзі на таежных будоўлях. У аповесцях «Начавала хмарка залатая» (1987, Дзярж. прэмія СССР 1988), «Зязюляняты, ці Жаласная песня для супакаення сэрца» (1989) лёс народа на трагічных пераломах гісторыі паказаны праз лёсы выхаванцаў дзетдома. Аўтар аповесці «Салдат і хлопчык» (1977), аўтабіягр. рамана «Разанка (Чалавек з прадмесця)» (1991), рамана-даследавання на крымінальныя тэмы «Даліна смяротнага ценю» (1999) і інш. У раздзеле «Вінная дарога» нататак «Сіндром п’янага сэрца. Сустрэчы на віннай дарозе» (1998) распавядае пра сяброўства з А.Адамовічам. Творам П. ўласціва спавядальнасць, драматызм, маральна-этычная праблематыка.
Тв.: Кукушата: Избр. проза. М., 1995; Повести и рассказы. М., 1983; Городок: Роман. М. 1985; Ночевала тучка золотая. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІ́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
баявая аперацыя Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў па знішчэнні чыг. моста цераз р. Пціч у Капаткевіцкім р-не Палескай вобл. (цяпер Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.) З ліст. ў Вял.Айч. вайну. Партызаны неаднаразова перапынялі рух на чыг. магістралі Брэст—Гомель і, каб надоўга вывесці дарогу са строю, Мінскія падп. абком КП(б)Б і штаб партыз. злучэння распрацавалі план аперацыі пад кодавай назвай «Рэха на Палессі» з удзелам 11 партыз. атрадаў (1300 чал.). Мост ахоўвалі 2 узводы ням.салдат у 4 дзотах з мінамётамі і гарматамі, непадалёку размяшчаўся гарнізон праціўніка (750 чал.). Партызаны падарвалі чыг. палатно на З і У ад моста, каб перашкодзіць падыходу падмацавання акупантам. У час абстрэлу гарнізона і дзотаў група падрыўнікоў падарвала мост. Праціўнік адступіў. Партызаны пры адыходзе пасля бою знішчылі групу падмогі ворагу. Рух на чыгунцы быў спынены на 18 сутак, а з улікам Сінкевіцкай аперацыі 1942 больш як на 3 тыдні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1915—18,
аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рус. армій у 1-ю сусв. вайну. Утвораны 12(25).8.1915. Штаб у Мінску, з 22.2.1918 у Смаленску, з 24.3.1918 у Тамбове. Ўваходзілі арміі: 1-я (да крас. 1916), 4-я (да кастр. 1916), Асобая (снеж. 1916 — ліп. 1917), 2, 3 і 10-я (да сак. 1918). Фронт размяшчаўся на Маскоўскім стратэг. напрамку працягласцю каля 500 км ад мяст. Відзы да р. Прыпяць. У маі 1917 налічваў каля 1560,9 тыс.чал. У тыле З.ф. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага (Магілёў).
У вер. 1915 войскі З.ф. вялі баі па ліквідацыі кав. групоўкі ворага, якая ў выніку Свянцянскага прарыву 1915 выйшла ў глыбокі тыл фронту і да кастр. 1915 адкінулі яе да лініі азёр Нарач—Свір. Фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск—воз. Нарач—Баранавічы—Пінск. Войскі З.ф. ў сак. 1916, каб аблегчыць становішча саюзнікаў, правялі Нарачанскую аперацыю 1916, у чэрв.—ліп. 1916 падтрымалі наступленне Паўн.-Зах. фронту Баранавіцкай аперацыяй 1916. Абедзве аперацыі скончыліся няўдачай. Паражэнні, бяссэнсавая гібель людзей, дрэннае забеспячэнне боепрыпасамі выклікалі незадаволенасць салдат, спрыялі разлажэнню рус. арміі. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 на 1.9.1917 на З.ф. дзейнічалі 7284 вайск. к-ты, у склад якіх было абрана 4825 афіцэраў, 1598 ваенных чыноўнікаў, 54 467 салдат. Наяўнасць гэтых арг-цый у войсках, а таксама пастаянны ўплыў Мінскага і інш. Саветаў фактычна стварылі на З.ф. двоеўладдзе. Паводле плана летняга 1917 наступлення рус. арміі войскі З.ф. сіламі 10-й арміі наносілі дапаможны ўдар у напрамку Вільні, але наступленне 9(22).7.1917 скончылася няўдачай. З.ф. адыграў важную ролю ў тым, што бальшавікі прыйшлі да ўлады. Сав. ўлада на З.ф. была абвешчана 20—25.11(3—8.12).1917 на 2-м з’ездзе армій Зах. фронту. Салдаты фронту актыўна адгукнуліся на прапанову Саўнаркома спыніць ваен. дзеянні, дагавор аб часовым прымірэнні быў падпісаны 21.11—(4.12).1917. У снеж. 1917 — студз. 1918 з З.ф. былі адпраўлены на франты грамадз. вайны каля 15 «найбольш моцных» палкоў пяхоты і Зартыл. брыгады, якія падтрымлівалі бальшавікоў. Наступленне германскіх войск на З.ф. пачалося раніцай 18.2.1918. Пры адсутнасці неабходных сіл у войсках З.ф. пачаліся паніка і адступленне. З.ф. старой рус. арміі практычна спыніў сваё існаванне.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Смольянинов М.М. Революционное сознание солдат Западного фронта в 1917 г.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВІН (Гаўрыла Раманавіч) (14.7.1743, в. Кармачы ці в. Сакуры Лаішаўскага р-на, Татарстан — 20.7.1816),
рускі паэт. Вучыўся ў Казанскай гімназіі (1759—62). Друкаваўся з 1773. З пазіцый асветнага абсалютызму ўслаўляў веліч і дзярж. моц Расіі, рус. палкаводцаў, гераізм салдат (оды «На ўзяцце Ізмаіла», «На пераход Альпійскіх гор»). Выказваў спачуванне народу, выкрываў злоўжыванні царскай адміністрацыі, саноўных вяльможаў (оды «Феліца», 1783, «Уладарам і суддзям», 3-я рэд. 1787, «Вяльможа», 1798). У вершах — аўтабіяграфізм, канкрэтнасць і пластычнасць вобразаў, быт. і пейзажныя замалёўкі (оды «На смерць князя Мяшчэрскага», 1779, «Бог», 1784, «Вадаспад», 1798). Дыяпазон оды пашырыў ад дыфірамба да песні, спалучаў у адным творы элементы оды і сатыры, філас. роздумы і асабістыя прызнанні («Ручай», «Ластаўка», «Яўгену. Жыццё званскае»). У 1790-я г. пераважала анакрэантычная лірыка (зб. «Анакрэантычныя песні», 1801). У апошнія гады жыцця звяртаўся да драматургіі. Паэзія Дз. — пераходная ступень у развіцці рус. л-ры ад класіцызму М.Ламаносава да рэалізму А.Пушкіна. У 1793—94, 1799 і 1800 быў на Беларусі (Віцебск, Шклоў, Лёзна).