аўтаномная вобласць у цэнтр.ч. Іспаніі. Пл. 79,2 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1991). Уключае правінцыі: Альбасетэ, Сьюдад-Рэаль, Куэнка, Гвадалахара, Таледа. Адм. ц. — г.Таледа. Найб. значныя гарады і эканам. цэнтры: Альбасетэ, Гвадалахара, Сьюдад-Рэаль. Займае паўд.ч. пласкагор’я Месета (выш. 600—800 м). На ўскраінах: Кастыльскія, або Цэнтр. Кардыльера, Сьера-Марэна і інш. горы. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Найб. рэкі: Таха, Гвадыяна, Хукар. Натуральная расліннасць — хмызнякі тыпу маквіс, у гарах участкі шыракалістых і хвойных лясоў. Найб. развіта арашальнае земляробства і горназдабыўная прам-сць. Гал.с.-г. культуры: вінаград, пшаніца, ячмень, цукр. буракі, тытунь, алівы. Гадуюць авечак і буйн. раг. жывёлу. Здабыча ртутных (Альмадэн), марганцавых, медных, жал., свінцовых руд, каменнага вугалю. Развіта харч. (у т. л. вінаробчая), металаапр., керамічная, хім., нафтаперапр., прам-сць. Паблізу г. Гвадалахара АЭС. Развіты турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГАДХА,
гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э.найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст.н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),
правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс.км². Нас. каля 1 млн.чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г.Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб.развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАДЭЛУ́ПА (Guadeloupe),
востраў у групе Наветраных а-воў у Вест-Індыі; разам з суседнімі а-вамі (Мары-Галант, Дэзірад, Ле-Сент, Сен-Бартэльмі, Пціт-Тэр) і паўн.ч. в-ва Сен-Мартэн — уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). Агульная пл. 1780 км², у т. л. в-ва Гвадэлупа 1703 км². Нас. 413 тыс.чал. (1993), у т. л. мулатаў — 77%, неграў — 10, крэолаў (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%. Афіц. мова — французская. Большасць вернікаў католікі. Адм. ц. — г. Бас-Тэр, найб. горад — Лез-Абім, порт — Пуэнт-а-Пітр. В-аў Гвадэлупа складаецца з 2 ч. (Бас-Тэр і Гранд-Тэр), злучаных вузкім перашыйкам. Бас-Тэр складзены з вулканічных парод. Выш. да 1467 м (дзеючы вулкан Суфрыер — найвышэйшая вяршыня Малых Антыльскіх а-воў). Гранд-Тэр — плато выш. да 130 м, складзенае з вапнякоў і вулканічных туфаў. Развіты карст, рэк амаль няма. Клімат трапічны, пасатны, гарачы і вільготны. Ападкаў 1500—2000 мм за год. Востраў абкружаны каралавымі рыфамі. Горы ўкрыты вільготнымі трапічнымі лясамі. Гвадэлупскі прыродны парк. Апрацоўваецца каля 30% тэр., пад пашай і лугамі 10%. Асн. экспартныя с.-г. культуры: цукр. трыснёг, бананы, кава, какава, ваніль, цытрусавыя. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коз, свіней. Рыбалоўства. Перапрацоўка с.-г. прадукцыі, пераважна вытв-сць цукру і рому. Транспарт аўтамабільны. Вываз бананаў, цукру, рому; увоз паліва, тэхн. абсталявання, сыравіны, трансп. сродкаў. Гандл. сувязі пераважна з Францыяй. Развіты турызм. Грашовая адзінка — франц. франк
Востраў Гвадэлупа адкрыты Х.Калумбам 4.10.1493. У 16 — пач. 17 ст. тут спрабавалі замацавацца іспанцы. З 1635 калонія Францыі. У 1666, 1691 і 1703 Гвадэлупу імкнулася захапіць Вялікабрытанія. Парыжскі мірны дагавор 1763 пацвердзіў прыналежнасць Гвадэлупы Францыі. У 1805 на востраве ўведзены Франц.грамадз. кодэкс. У 1810 Гвадэлупа зноў акупіравана Вялікабрытаніяй, у 1816 вернута Францыі. У 1848 адменена рабства. З 1940 Гвадэлупа захоўвала лаяльнасць да франц. ўрада Вішы, з 1943 падтрымлівала ген. Ш. дэ Голя. З 1946 мае статус заморскага дэпартамента Францыі. Гвадэлупа прадстаўлена ў Нац. асамблеі ў Парыжы 2 сенатарамі і 3 дэпутатамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, на Пн Брэсцкай і Пд Гродзенскай абласцей. Мяжуе са Слонімскім узв. на ПнЗ, Навагрудскім узв. і Капыльскай градой на Пн і ПнУ, Клецкай раўнінай на У, Прыпяцкім Палессем на Пд і Прыбугскай раўнінай на З. Працягнулася з З на У на 85 км, з Пн на Пд на 20—40 км. Сярэдняя выш. 180—190 м над узр. мора, найб. 218 (каля в. Канюхі Ляхавіцкага р-на). Пл. 2,2 тыс.км².
Знаходзіцца на стыку тэктанічных структур: Беларускай антэклізы, Падляска-Брэсцкай упадзіны і Палескай седлавіны. Магутнасць адкладаў антрапагену ад 30—40 на Пд да 140—160 м на Пн і ў ледавіковых лагчынах (Шчарская, Мышанская). Рэльеф згладжаны, сфарміраваны ледавіковымі водамі ў час дэградацыі сожскага ледавіковага покрыва. Пераважае спадзіста-хвалісты рэльеф, які месцамі пераходзіць у спадзіста-ўвалісты і буйна-ўзгоркавы (каля далін Шчары і Лахазвы) з перавышэннямі 30—40 м. Па схілах далін яры глыб. 3—4 м. На ПнУ азёрна-ледавіковая катлавіна з Калдычэўскім возерам у цэнтры, з якога бярэ пачатак р. Шчара. На памежжы з Палессем развіты дзюны, эолавыя грады і масівы выш. 3—5 м. На паверхні пашыраны водна-ледавіковыя пясчаныя, радзей супясчаныя і сугліністыя адклады асн. марэны. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, баластавыя пяскі, торф, мел і мергель (апошнія ў ледавіковых адорвенях). Сярэднія т-ры студз. ад 0,2 °C да -14,1 °C, ліп. 14—20,8 °C, ападкаў 400—760 мм за год (Баранавічы). Гідрасетка належыць да бас. Нёмана. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Грыўда, Іса, Лахазва, азёры — Калдычэўскае, Дамашэўскае, Мышачак, на р. Лахазва вадасх. Гаць. Глебы дзярнова-падзолістыя на пясках і супесках, дзярнова-падзолістыя забалочаныя (глеяватыя) на марэнных суглінках, тарфяна-балотныя і алювіяльныя. Пад лесам 31% тэрыторыі — бары, субары з прымессю шыракалістых пародаў, на левабярэжжы Шчары — дубровы; развіты чорнаалешнікі, бярозавыя і асінавыя групоўкі. Есць нізінныя і пераходныя балоты, заліўныя лугі. Пад ворывам 44% тэрыторыі. У межах Баранавіцкай раўніны біял. заказнікі: Баранавіцкі, Слонімскі, Стронга; Барэцкая дуброва, Лам’еўскія пасадкі карэльскай бярозы і пасадкі лістоўніцы еўрапейскай у Моўчадскім лясніцтве — помнікі прыроды.
Г.П.Рудава.
Баранавіцкая раўніна. Краявід у Баранавіцкім біялагічным заказніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),
погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.Гельвецый, Л.Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.Марсель, А.Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.Гусоўскі, Ф.Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РТА (Alberta),
правінцыя на ПдЗ Канады. Пл. 661,2 тыс.км², нас. 2545 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Эдмантан. Найб. гарады Калгары, Форт-Саскачэван. Гар. насельніцтва каля 77%. Значная ч. тэрыторыі занята плато Вялікія раўніны, на ПдЗ Скалістыя горы. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры (у Эдмантане) студз. -15 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Найб. рэкі Піс-Рывер і Атабаска, азёры Атабаска, Клэр, Малое Нявольніцкае. Вядучае месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці. Здабываюць 88% нафты і газу, 40% каменнага вугалю (ад агульнай здабычы ў Канадзе), уран, серу і інш.Развіты нафтаперапрацоўка, нафтахімія, каляровая металургія, машынабудаванне, харч.прам-сць. Дае каля 20% с.-г. прадукцыі Канады. Вырошчваюць пшаніцу (каля 25%), ячмень (40%), цукр. буракі (50% ад агульнага збору ў Канадзе). Адзін з найб. раёнаў краіны па развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Транспарт чыгуначны, аўтамабільны; нафта- і газаправоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІГАМІЦЭ́ТЫ (Zygomycetes),
клас ніжэйшых грыбоў. 4 парадкі: мукаральныя (Mucorales), эндаганальныя (Éndogonales), энтамафтаральныя (Entomophthorales), заапагавыя (Zoopagales). 40 родаў, больш за 500 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі каля 20 відаў з парадкаў мукаральных і энтамафтаральных. Сапратрофы, ёсць паразіты. Пасяляюцца ў глебе, на агародніне, псуюць харч. прадукты, выклікаюць мукарамікозы жывёл і чалавека, гніенне с.-г. прадукцыі. Некат. віды з родаў мукор, фікаміцэс і інш. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. і харч. прам-сці, віды энтамафтаральных — для біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.
Міцэлій добра развіты, шмат’ядзерны, няклетачны, у спелым стане падзелены на клеткі. У клетачных абалонках ёсць хіцін, хітазан, часам глюкан. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак) з утварэннем зігаспораў (адсюль назва). Зігота ўтварае спарангій з рознымі па палавым знаку спорамі ў адрозненне ад бясполага спарангія. Бясполае размнажэнне нерухомымі спарангіяспорамі або канідыямі. Органы бясполага размнажэння марфал. разнастайныя (сістэм. прыкмета).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́НА (Montana),
штат на ПнЗ ЗША, мяжуе з Канадай. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 381,1 тыс.км². Нас. 878,8 тыс.чал. (1997). Адм. цэнтр — г. Хеліна. У гарадах каля 40% насельніцтва. Найб. гарады: Білінгс, Грэйт-Фолс, Мізула, Анаконда. Рэльеф гарысты. Зах. частку штата займаюць хрыбты Скалістых гор (г. Граніт-Пік, 3901 м), усх. — плато Прэрый. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад - 4 °C да -13 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў 350—400 мм за год. Гал. рэкі: Місуры і яе прыток Йелаўстан. Каля 60% тэрыторыі пад лесам. Нац. паркі: Глейшэр, Йелаўстонскі нацыянальны парк (частка). Здабыча медзі, свінцу, цынку, золата, серабра, вугалю, нафты, газу. Развітыдрэваапр. (у т. л. папяровая), металургічная, металаапр., электратэхн., нафтаперапр., паліграф., харч.прам-сць. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, бройлерных куранят. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. 4 Міжнар. аэрапорты. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,
у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.