сукупнасць функцыянальна звязаных баявых і тэхн. сродкаў для знішчэння паветраных цэлей зенітнымі кіроўнымі ракетамі (ЗКР); адзін з асн. сродкаў ППА. Сукупнасць функцыянальна і тактычна звязаных адзіным камандным пунктам З.р.к. утварае зенітную ракетную сістэму (ЗРС).
Распрацаваны ў канцы Вял.Айч. вайны, у 1950-я г.прыняты на ўзбраенне ў арміях СССР, ЗША і інш. Мае адну ці некалькі пускавых установак, сродкі выяўлення, апазнавання і цэлеўказання, а таксама кіравання ЗКР, тэхн. сродкі (трансп., рамонтныя і інш.) і крыніцы эл. сілкавання. Адрозніваюць наземныя і карабельныя З.р.к.; далёкага дзеяння (на адлегласці больш за 100 км), сярэдняй (ад 30 да 100 км) і малой (ад 10 да 30 км) далёкасці, бліжняга дзеяння (да 10 км); усепагодныя і неўсепагодныя; стацыянарныя і рухомыя (самаходныя, буксіравальныя і пераносныя). Падраздзяленні ППАУзбр. Сіл Беларусі забяспечаны З.р.к. малой далёкасці «БУК», блізкага дзеяння «ОСА-АКМ», а таксама ЗРС С-300 П (С-300-В), С-200-В («Вега») і інш.
З.А.Валевач.
Да арт.Зенітны артылерыйскі комплекс: зенітны пушачна-ракетны комплекс «Тунгуска-М».Зенітны ракетны комплекс БУК-М1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991у Беларусі.
Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МВЕЛЬ ((Cromwell) Олівер) (25.4.1599, г. Хантынгдан, Вялікабрытанія — 3.9.1658),
дзеяч першай з Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1640 дэп.Доўгага парламента. Адзін з лідэраў руху супраць абс. манархіі Карла I, ініцыятар стварэння парламенцкай арміі (сфарміраваў яе ядро — кав. полк), якая разбіла войскі караля ў 1-й (1642—46) і 2-й (канец 1647 — пач. 1649) грамадз. войнах. Садзейнічаў пакаранню смерцю Карла I і абвяшчэнню Англіі рэспублікай (1649). З 1650 лорд-ген. (галоўнакаманд. ўсімі ўзбр. сіламі). Задушыў рухі левелераў і дыгераў, Ірландскае паўстанне 1641—52, паўстанне ў Шатландыі (1650—52). З снеж. 1653 лорд-пратэктар (фактычна дыктатар) Англіі, Ірландыі і Шатландыі. Пры ім прыняты Навігацыйны акт 1651 (гл.Навігацыйныя акты), адбылася англа-галандская марская вайна 1652—54 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), англічане заваявалі в-аў Ямайка (1655) і г. Дзюнкерк (1658, цяпер Францыя). Пасля смерці К. рэспубліку кароткі час (вер. 1658 — май 1659) узначальваў яго сын Рычард (1626—1712).
Літ.:
Павлова Т.А. Кромвель. М., 1980;
Ковард Б. Оливер Кромвель: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ А́КТЫ (Navigations Acts),
у 14—19 ст. пастановы англ. парламента, якія выдаваліся з мэтай абароны марскога гандлю Англіі ад замежнай канкурэнцыі. Першы Н.а. прыняты ў 1381. Выдадзены 9.10.1651 «Акт аб павелічэнні гандлёвага флоту і падтрымцы мараплавання англійскай нацыі», які ўстанавіў, што тавары з Азіі, Афрыкі і Амерыкі трэба ўвозіць у Англію і яе ўладанні толькі на англ. суднах, а еўрап. тавары — на англ. суднах або суднах краіны-экспарцёра, быў накіраваны супраць галанд. пасрэдніцкага гандлю і рыбалоўства і прывёў да англа-галанд. марской вайны 1652—54 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Пасля паражэння ў вайне Нідэрланды вымушана прызналі акт 1651. Палажэнні гэтага акта захаваліся ў актах 1660, у т. л. «Акт аб падтрымцы і развіцці караблебудавання і мараплавання», і ў 1663, якія патрабавалі, каб у англ. калоніі тавары перавозіліся толькі на англ. суднах і забаранялі экспарт шэрагу тавараў з калоній за мяжу; яны далей развіты ў актах 1672 і 1696. Н.а. адыгралі вял. ролю ва ўмацаванні марскога гандлю Англіі, але сталі непатрэбнымі пры пераходзе да свабоднага гандлю — фрытрэдэрства і адменены ў 1849.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак міжнар. разлікаў і інш. здзелак з валютнымі каштоўнасцямі ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах яе юрыд. і фіз. асоб з прадстаўнікамі інш. краін. Нормы валютнага заканадаўства вызначаюць агульныя прынцыпы валютных аперацый, паўнамоцтвы і функцыі дзярж. органаў у валютным рэгуляванні і кіраванні валютнымі рэсурсамі, правы і абавязкі суб’ектаў, што валодаюць валютнымі каштоўнасцямі і карыстаюцца імі, меры адказнасці і санкцыі за парушэнні правіл аб здзелках і аперацыях з валютай.
Да 1986 валютнае заканадаўства было абумоўлена валютнай манаполіяй дзяржавы, і ўсе аперацыі (здзелкі) з валютнымі каштоўнасцямі на тэр.СССР ажыццяўляліся толькі спецыяльна ўпаўнаважанымі на тое дзярж. органамі і арг-цыямі. Пасля 1986 прыняты шэраг нарматыўных актаў, накіраваных на расшырэнне правоў юрыд. і фіз. асоб у сферы валютных адносін Рэспублікі Беларусь, у т. л. законы «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» ад 25.10.1990, «Аб інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», уведзены ў дзеянне з 1.1.1992, «Аб часовым парадку валютнага рэгулявання і правядзення валютных аперацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 20.3.1992, указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб устанаўленні парадку рэгулявання экспартна-імпартных і валютных аперацый і павышэнні адказнасці за парушэнне заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці» ад 8.2.1995, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧ (Станіслаў Нікадзімавіч) (10.2.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскі р-н Віцебскай вобл. — 10.5.1940),
ваенны і паліт. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Паўн.-Зах. фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 уступіў у Чырв. Армію, але ў ліст. 1918 разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса белых, з мая 1919 — ген.-маёр. У студз. 1920 прыняты са сваім конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваны на Палессе, рабіў кав. налёты на тылы і асобныя часці Чырв. Арміі. У ліп. 1920 пайшоў на пагадненне са старшынёй Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкавым аб сумеснай барацьбе супраць сав. улады, падрыхтаваў і ажыццявіў Булак-Балаховіча паход 1920. У 1920—30-я г. ў Польшчы, ген. брыгады польск. войска. У 1937—39 прымаў удзел у грамадз. вайне ў Іспаніі на баку Ф.Франка. У 2-ю сусв. вайну ў вер. 1939 удзельнічаў у абароне Варшавы. Вёў падпольную работу супраць акупантаў. Забіты гестапаўцамі ў час арышту.
Літ.:
Cabanowcki M. Generał Stanisław Bułak-Bułachowicz. Warszawa, 1993;
Чобат А. Станіслаў Булак-Балаховіч // Спадчына. 1995. № 3.
А.П.Грыцкевіч.
С.Н.Булак-Балаховіч (стаіць чацвёрты злева) пасля пераходу Заходняй Дзвіны. 14.3.1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́КІ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,
эластычныя сінт. палімеры, якія могуць быць перапрацаваны ў гуму. Атрымліваюць полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй.
Прыняты класіфікацыя і назва К.с. па манамерах, якія выкарыстоўваюць для атрымання каўчукоў (ізапрэнавыя, бутадыенавыя, бутадыен-стырольныя і да т. п.), ці па характэрнай групоўцы (атамах) у асн. ланцугу ці (і) бакавых групах макрамалекул (напр., полісульфідныя, крэмнійарган., фторкаўчукі). Паводле спосабу полімерызацыі падзяляюць на эмульсійныя і растворныя, па выпускной форме — на цвёрдыя, парашкападобныя, вадкія каўчукі, латэксы сінтэтычныя (водныя дысперсіі К.с.), па галінах выкарыстання — на каўчукі агульнага і спец. прызначэння. К.с. агульнага прызначэння (напр., ізапрэнавыя каўчукі, бутадыенавыя каўчукі, бутадыен-стырольныя каўчукі) выкарыстоўваюць для вытв-сці гумавых вырабаў (як і каўчук натуральны). Да каўчукоў спец. прызначэння адносяць масла- і бензаўстойлівыя (напр., бутадыен-нітрыльныя каўчукі), тэрмаўстойлівыя (напр., крэмнійарганічныя каўчукі), устойлівыя да ўздзеяння агрэсіўнага асяроддзя (напр., поліізабутылен), з высокай газанепранікальнасцю (напр., бутылкаўчукі) і К. с. з інш. ўласцівасцямі, якія адсутнічаюць у натуральным каўчуку і забяспечваюць выкарыстанне вырабаў з іх у спецыфічных (звычайна экстрэмальных) умовах Прамысл.вытв-сць К.с. (натрыйбутадыенавага) распачата ў 1932 у СССР паводле спосабу С.В.Лебедзева.
Літ.:
Догадкин Б.А., Донцов А.А., Шершнев В.А. Химия эластомеров. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАТЭА́ТР,
будынак для паказу кінафільмаў, глядзельная зала якога абсталявана кінапраекцыйнай апаратурай, экранам, гучнагаварыцелямі. Першыя К. ўзніклі ў пач. 20 ст. (К. на Нолендорфплац у Берліне, 1910). У 1920-я г. К. будавалі ў розных арх. стылях, з традыц.тэатр. планіроўкай глядзельнай залы. Ствараліся і т. зв. суперкіно (на 4—5 тыс. гледачоў), з выкарыстаннем метал. канструкцый (у г. Стамфард, Вялікабрытанія, 1928). З 1930-х г. у Зах. Еўропе будавалі К. з залай на 1200—2200 гледачоў, спрошчаных арх. форм з утульнымі інтэр’ерамі. Сучасныя будынкі К. пераважна строгія па форме, пабудаваны на кантрасце глухіх кубічных аб’ёмаў і вял. замкнёных паверхняў гал. фасадаў; глухія сцены часта аздоблены мазаікай. Большасць К. абсталявана для паказу звычайных і шырокаэкранных фільмаў; універсальныя К. — для звычайных, шырокаэкранных і шырокафарматных са стэрэафанічным гукаўзнаўленнем. Для дэманстрацыі спец. відаў фільмаў існуюць К. стэрэафанічныя, панарамныя, кругарамныя, дзённага кіно і інш. Сярэдняя ўмяшчальнасць залаў сучасных К. 200—1000 месцаў. Ёсць К. з некалькімі заламі, дзе адначасова дэманструюцца розныя фільмы. У некаторых краінах пры бесперапынных паказах фільмаў гледачы могуць уваходзіць у залу і выходзіць у любы час. У Беларусі прыняты пасеансавы паказ фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,
адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. ПрынятыВярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп. дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона IIIаўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.