АКТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўстойлівасці да дэтанацыі маторнага паліва для карбюратарных рухавікоў. Актанавы лік роўны колькасці (аб’ёмных %) ізаактану (актанавы лік прыняты за 100) у яго сумесі з н-гептанам (актанавы лік прыняты за 0). Для кожнага паліва падбіраецца эталонны эквівалент гэтай сумесі. Актанавы лік бензінаў можна павысіць на 4—15 адзінак дабаўкай да 0,1% прысадак, напр. тэтраэтылсвінцу. Звычайна бензіны маюць актанавы лік 76—98.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін.-выканаўчага права. Першы кодэкс у галіне гэтага права прыняты ЦВК БССР у 1926. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам БССР 16.7.1971 і ўведзены ў дзеянне з 1.1.1972. Складаецца з 6 раздзелаў, у якіх вызначаны прынцыпы і ўстаноўлены агульныя палажэнні аб пакаранні, парадак і ўмовы выканання розных відаў крымін. пакарання, умоўнага асуджэння і ўмоўнага вызвалення ад адбывання пакарання. Кодэкс таксама рэгулюе парадак дапамогі асобам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, назірання і нагляду за імі, рэгламентуе формы ўдзелу грамадскасці ў выпраўленні і перавыхаванні асуджаных. Нац. сходам Рэспублікі Беларусь 14.12.1999 прыняты заканад. акт у галіне крымін.-выканаўчага права — крымінальна-выканаўчы кодэкс, які ўводзіцца ў дзеянне з 2001.
т. 12, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫ ТОН,
асноўны тон муз. настройкі. За Н.т. прыняты гук «ля» першай актавы з частатой 440 Гц, які ўзнаўляецца эталонным камертонам. Па Н.т. ўстанаўліваюць муз. строй інструментаў.
т. 11, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЛІКО́ВАЯ СХЕ́МА ў будаўнічай механіцы,
спрошчаны (умоўны) відарыс збудавання (падмурка збудавання, сістэмы канструкцый, механізма), прыняты для разліку збудаванняў. У Р.с. ўключаюць найб. важныя і вызначальныя фактары эксплуатавання і не ўлічваюць іх другарадныя асаблівасці.
т. 13, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НЫЯ НА́ЦЫІ,
тэрмін, прыняты для назвы дзяржаў, якія ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 уваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю і стварылі ў 1945 Арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН). У літаратуры і афіц. публікацыях выкарыстоўваецца і як скарочаная назва ААН.
т. 1, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ДЗЯРЖА́ВЫ,
тэрмін, прыняты для абазначэння найб. магутных і ўплывовых у міжнар. палітыцы дзяржаў свету. Пасля 2-й сусв. вайны да Вялікіх дзяржаў адносяць пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН: Вялікабрытанію, ЗША, Кітай, Расію (правапераемніца СССР) і Францыю. Гл. таксама «Вялікая сямёрка».
т. 4, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,
форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г. Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.
т. 11, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКАГА ЭЛІПСО́ІД,
зямны эліпсоід, памеры якога вызначаны ў 1940 на аснове градусных вымярэнняў, праведзеных пад кіраўніцтвам Ф.М.Красоўскага. Памеры рэферэнцэліпсоіда: вял. паўвось 6 378 245 м, палярны сціск 1:298,3. Прыняты ў 1946 для выкарыстання ў геад. і картаграфічных работах замест эліпсоіда Беселя, які выкарыстоўваўся раней.
т. 8, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭЖЭ́ (франц. agrege літар. прыняты ў таварыства),
вучоная ступень, уведзеная ў Францыі з 1808. Прысуджаецца выпускнікам ун-та пасля здачы спец. конкурсных экзаменаў. Дае права выкладаць у ліцэях, на прыродазнаўчанавук. і гуманітарных ф-тах ун-таў. Дыплом агрэжэ прыкладна эквівалентны дыплому, што атрымліваюць выпускнікі ун-таў СНД.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁЙТАНА ЗАКО́Н,
антытрэстаўскі закон, прыняты кангрэсам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Т.В.Вільсанам 15.10.1914. Назва ад імя аўтара законапраекта Г.Клейтана. Прадугледжваў абмежаванне дзейнасці трэстаў і стварэнне Федэральнай гандл. камісіі па кантролі над імі. Фармальна вызваляў рабочыя і фермерскія арг-цыі ад праследаванняў, якім яны падвяргаліся паводле антытрэстаўскага закона Шэрмана 1890.
т. 8, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)