ГУ́ЛІЯ (Дзмітрый Іосіфавіч) (21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),
абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх.тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст. мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1974—76.
Літ.:
Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБАЛО́ЦКІ (Мікалай Аляксеевіч) (7.5.1903, г. Казань, Расія — 14.10.1958),
рускі паэт. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т імя Герцэна (1925). У 1936 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, у Алтайскім краі і Карагандзе. З 1946 у Маскве. Друкаваўся з 1928. Першая кн. вершаў «Слупкі» (1929). З. — лірык філас. складу. У яго паэзіі роздум пра адвечны кругаварот прыроды, перамогу чалавечага розуму і працы над стыхіяй, сцвярджэнне велічы чалавека (паэмы «Урачыстасць земляробства», 1933, «Звар’яцелы воўк», 1931, апубл. 1965, «Дрэвы», 1933, апубл. 1965, і інш.). Лірыцы характэрны аналітычнасць стылю, маляўнічасць і пластычнасць вобразаў (зб-кі «Вершы», 1948; 1957; 1959). Пераклаў «Слова пра паход Ігаравы», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, творы груз., укр., італьян., венг. паэтаў. Для дзяцей апрацаваў раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль». На бел. мову творы З. перакладалі С.Грахоўскі, Я.Міклашэўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДЗЕ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 66—73,
антырымскае паўстанне ў Іудзеі. Выклікана злоўжываннямі рым. пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэліг.-паліт. групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэліг. фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сац. роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іудзеяй, Галілеяй і інш. тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (ліст. 66). Аднак у 67—68 моцнае рым. войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і б.ч. Іудзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт’яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам зрабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўніцтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рым. войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жн. 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т. л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1933у Заходняй Беларусі,
узброенае выступленне сялян Кобрынскага пав. 3—4 жн. супраць сац. і нац. прыгнёту. Паводле рашэння Брэсцкага акр.к-таКПЗБ на 4 жн. быў прызначаны паход сялян Кобрынскага пав. ў маёнтак паноў Малачэўскіх з патрабаваннем выдаць плату за палявыя работы. З жн. па дарозе да месца збору (в. Булькова) сяляне разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў у в.Вял. Радванічы, забралі зброю; больш за 100 узбр. сялян некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жн. паліцыя з падмацаваннем з Брэста разагнала сялян, павет быў абвешчаны на асадным становішчы, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Арганізатары выступлення былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. На абарону арыштаваных выступілі працоўныя Зах. Беларусі, таму смяротны прыгавор 8 чал. быў заменены пажыццёвай катаргай, астатнія прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. У в. Навасёлкі Кобрынскага р-на ў памяць пра выступленне сялян пастаўлены помнік.
Літ.:
Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933;
Ласковіч В.П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі // У суровыя гады падполля. Мн., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́КЛЕНБУРГ (Mecklenburg),
гістарычная вобласць на ПнУ Германіі. Заселена чалавекам у эпоху мезаліту, з 5 ст.н.э. — стараж. германцамі (земноны, лангабарды, англы, саксы), з 8 ст. — палабска-прыбалт. славянамі — бодрычамі і люцічамі. Крыжовы паход супраць славян 1147, паходы Генрыха Льва прывялі да ням. каланізацыі краю, але бодрычы захоўвалі сваё княства і княжацкую дынастыю (гл.Ніклат). З 1348 герцагства. У 1621 яно падзелена на герцагствы М.-Шверын і М.-Гюстраў (замест яго ў 1701 узнік М.-Стрэліц). Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48. З 1808 герцагствы ў Рэйнскім саюзе, з 1815 вял. герцагствы. Пад націскам Прусіі ў 1867, яны ўступілі ў Паўн.-Герм. саюз, у 1868 у Герм. мытны саюз. У ліст. 1918 герцагствы скасаваны. З 1919 землі Веймарскай рэспублікі. У час нацысцкай дыктатуры аб’яднаны ў адну зямлю (1934) з цэнтрам у г. Шверын. З 1945 у сав. зоне акупацыі Германіі. З 1949 у Герм.Дэмакр. Рэспубліцы (у 1952 падзелены на акругі Нойбрандэнбург, Ростак і Шверын). З 1990 у аб’яднанай Германіі (зямля Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус.пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус.пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус.пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус.пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус.пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус.пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус.пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш.Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.
Тв.:
Рус.пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.
Літ.:
Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;
Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧ (Станіслаў Нікадзімавіч) (10.2.1883, маёнтак Мейшты, Браслаўскі р-н Віцебскай вобл. — 10.5.1940),
ваенны і паліт. дзеяч. У 1-ю сусв. вайну ваяваў на Паўн.-Зах. фронце, штаб-ротмістр. Вясной 1918 уступіў у Чырв. Армію, але ў ліст. 1918 разам са сваім палком перайшоў на бок Пскоўскага добраахвотніцкага корпуса белых, з мая 1919 — ген.-маёр. У студз. 1920 прыняты са сваім конным атрадам у склад войска БНР і з дазволу польскіх улад накіраваны на Палессе, рабіў кав. налёты на тылы і асобныя часці Чырв. Арміі. У ліп. 1920 пайшоў на пагадненне са старшынёй Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкавым аб сумеснай барацьбе супраць сав. улады, падрыхтаваў і ажыццявіў Булак-Балаховіча паход 1920. У 1920—30-я г. ў Польшчы, ген. брыгады польск. войска. У 1937—39 прымаў удзел у грамадз. вайне ў Іспаніі на баку Ф.Франка. У 2-ю сусв. вайну ў вер. 1939 удзельнічаў у абароне Варшавы. Вёў падпольную работу супраць акупантаў. Забіты гестапаўцамі ў час арышту.
Літ.:
Cabanowcki M. Generał Stanisław Bułak-Bułachowicz. Warszawa, 1993;
Чобат А. Станіслаў Булак-Балаховіч // Спадчына. 1995. № 3.
А.П.Грыцкевіч.
С.Н.Булак-Балаховіч (стаіць чацвёрты злева) пасля пераходу Заходняй Дзвіны. 14.3.1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),
прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл.Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен.паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп.калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл.Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял.кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс.чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.