раздзяленне выпрамянення складанага спектральнага складу, вылучанага (ці адбітага) аб’ектам фота- або кіназдымкі, на некалькі (звычайна 3) спектральных дыяпазонаў у адпаведнасці з зонамі адчувальнасці элементарных слаёў колерафатаграфічнага матэрыялу. К. таксама наз. першую стадыю каляровага фатагр. працэсу (гл.Каляровая фатаграфія), якая забяспечвае атрыманне аднаколерных відарысаў на мнагаслойным матэрыяле. У шматкаляровым друку такія відарысы атрымліваюць на асобных святлоадчувальных слаях, якія наз. колерападзеленымі негатывамі. У каляровым тэлебачанні для атрымання сігналаў асн. колераў выкарыстоўваюцца 1-, 2- ці 3-трубачныя перадавальныя камеры (у т. л. на ПЗС-матрыцах), дзе агульны светлавы паток падзяляецца на 3 колерападзеленыя патокі з дапамогай святлопадзяляльнай оптыкі, якая мае набор дыхраічных фільтраў (ці прызмаў), карэкціровачных фільтраў і невыбіральных люстэркаў. Пры ідэальным К. спектральная вобласць выпрамянення падзяляецца на ўчасткі, якія мяжуюць, але не перакрываюцца адзін адным. Рэальнае К. ажыццяўляецца з дапамогай селектыўна паглынальных асяроддзяў (фарбавальнікаў у элементарных слаях фотаматэрыялу, святлафільтраў і інш.) і адрозніваецца ад ідэальнага, напр., з-за перакрывання зон прапускання гэтых асяроддзяў.
Літ.:
Артюшин Л.Ф. Основы воспроизведения цвета в фотографии, кино и полиграфии. М., 1970;
Джадд Д., Вышецки Г. Цвет в науке и технике: Пер. с англ.М., 1978.
А.П.Ткачэнка.
Да арт.Колерадзяленне: 1, 2, 3 — колерныя трохвугольнікі для вымярэння колеру, свячэння люмінафораў кінескопаў у тэлевізарах сістэмы НТСЦ і еўрапейскага стандарту; 4,5 — контуры колернасці ў каляровай фатаграфіі друку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАГІДРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, МГД-генератар,
электрычная ўстаноўка, якая непасрэдна пераўтварае энергію рабочага цела ў электрычную. Прынцып дзеяння заключаецца ў тым, што пры руху рабочага цела — электраправоднага асяроддзя (вадкага або газападобнага электраліту, вадкага металу, іанізаваных газаў — плазмы) упоперак магн. поля ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў рабочым целе індуцыруецца эл. ток, які адводзіцца ў эл. ланцуг. Ідэя М.г. выказана М.Фарадэем у 1831, прынцыпы пабудовы сфармуляваны ў 1907—22, практычная рэалізацыя пачалася ў канцы 1950-х г. з развіццём магнітнай гідрадынамікі і фізікі плазмы. Найб. значныя распрацоўкі МГД-генератараў і МГД-электрастанцый выкананы ў Ін-це высокіх т-рРас.АН.
М.г. складаецца з канала (з саплом, рабочай ч., дыфузарам), у якім фарміруецца паток плазмы, індуктара, што стварае стацыянарнае або пераменнае — бягучае магн. поле, і сістэмы зняцця энергіі з дапамогай электродаў (кандукцыйныя М.г.) або індуктыўнай сувязі патоку з ланцугом нагрузкі (індукцыйныя М.г.). Плазмай з’яўляюцца прадукты згарання прыродных або спец. паліваў з дабаўкамі злучэнняў шчолачных металаў (павялічваюць эл. праводнасць плазмы). Адрозніваюць М.г. імпульсныя (даюць імпульсы току працягласцю да некалькіх мікрасекунд), кароткачасовага дзеяння і тыя, што працуюць працягла. Могуць выкарыстоўвацца на эл. станцыях (у т. л. на АЭС), ва ўстаноўках для пакрыцця пікавых нагрузак і рэзервовых, для сілкавання суднаў, лятальных апаратаў і інш.
У.Л.Драгун.
Схема дыскавага холаўскага магнітагідрадынамічнага генератара: 1 — абмотка індуктара; 2 — канал генератара; 3 — падвод рабочага цела; 4, 5 — выхадны і ўваходны холаўскія электроды; R — супраціўленне нагрузкі; u — скорасць; B — магнітная індукцыя; Iф — фарадэеўская кампанента току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́ННАЯ АСТРАФІ́ЗІКА,
раздзел астрафізікі, які вывучае фіз. працэсы ў касм. аб’ектах, што адбываюцца з удзелам нейтрына.
У Сусвеце адрозніваюць нейтрына: касмалагічныя (рэліктавыя), зоркавыя і касм. нейтрына вял. энергій. Рэліктавыя нейтрына знаходзіліся ў цеплавой раўнавазе з рэчывам на працягу ~I с пасля пачатку расшырэння Сусвету. Гарачы газ рэліктавых нейтрына з таго часу астыў, цяпер яго т-ра 1,9 К і сярэдняя энергія нейтрына ~5∙10−4эВ. Зоркавыя нейтрына ўзнікаюць ад 2 крыніц. Зоркі ў стацыянарным стане атрымліваюць сваю энергію ад ядз. рэакцый у асноўным т.зв. вадароднага цыкла (гл.Тэрмаядзерныя рэакцыі). Па свяцільнасці Сонца можна вылічыць агульны паток нейтрына, які роўны 1,8∙1038 нейтрына/с. Зоркі з масай, большай за масу Сонца ў 1,2—8 разоў, трансфармуюцца ў нейтронную зорку альбо чорную дзіру. Асн. механізм выпрамянення энергіі на завяршальных стадыях эвалюцыі такіх зорак — выпрамяненне нейтрына, утвораных у ядз. рэакцыях. Пры гравітацыйным калапсе зоркі з масай, роўнай 2 масам Сонца, каля 15% усёй энергіі зоркі пераходзіць у энергію нейтрына. Энергія асобных нейтрына 10—12 МэВ, працягласць нейтрыннага імпульсу 10—20 с. Касмічныя нейтрына вял. энергій утвараюцца ў касм. аб’ектах у выніку сутыкнення касм. прамянёў з ядрамі атамаў ці з фатонамі малых энергій. Асн. галактычныя крыніцы нейтрына — падвойныя зоркі, маладыя абалонкі звышновых зорак, пульсары і чорныя дзіры.
Літ.:
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Релятивистская астрофизика. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.Джэмс, Дж.Дзьюі, Дж.Мід, С.Хук, К.І.Льюіс, Ф.К.Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст.эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар.АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ.т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.
Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм. ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.
Літ.:
Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,
электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.
Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн.паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.
Б.І.Фірага.
Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВА́ЛЬНЬІЯ МАШЫ́НЫ І ЎСТАНО́ЎКІ.
Прызначаны для палівання дажджаваннемс.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).
Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш.Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмынайб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.
Літ.:
Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.
А.Я.Вакар.
Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.Да арт.Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАНУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ (РНК),
біялагічныя палімеры, якія складаюцца з монануклеатыдаў. Абавязковы кампанент усіх жывых клетак, многіх вірусаў. Удзельнічаюць у рэалізацыі генет. інфармацыі. Першасную структуру РНК вызначае паслядоўнасць размяшчэння монануклеатыдаў у поліпептыдным ланцугу. На ўзроўні другаснай структуры малекула РНК фарміруе адзін ланцуг (асобныя ўчасткі, камплементарныя адзін аднаму, утвараюць 2 ланцугі). У фарміраванні трацічнай структуры РНК важную ролю адыгрываюць бялкі, пры гэтым узнікаюць рыбасомы, інфармасомы.
Адрозніваюць некалькі тыпаў РНК: рыбасомная (рРНК) — каля 80% клетачнай РНК, транспартная (тРНК) — 15%, матрычная або інфармацыйная (мРНК) — каля 5% усёй РНК клеткі. Гал. функцыя рРНК — структурная арг-цыя рыбасомы, дзе адбываецца зборка поліпептыднага ланцуга. Трансп. РНК актывізуе і пераносіць амінакіслоты і выконвае адаторную функцыю, якая дазваляе перакласці «мову» генет. кода (паслядоўнасць нуклеатыдаў) у «мову» структуры бялковай малекулы (амінакіслотная паслядоўнасць). Матрычная РНК — камплементарная копія генаў, якія кадзіруюць структуру бялкоў. Яна выкарыстоўваецца як матрыца пры зборцы поліпептыднага ланцуга. Асобна вылучаюць вірусную РНК. У некат. тыпаў вірусаў яна адыгрывае ролю захавальніцы генет. інфармацыі. Пранікненне такога віруса ў клеткі патрабуе папярэдняга сінтэзу дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК) на матрыцы РНК гэтага віруса. Патокгенет. інфармацыі (экспрэсія генаў) уключае транскрыпцыю — сінтэз усіх тыпаў РНК на малекуле ДНК і трансляцыю — біясінтэз бялку на мРНК (генет. інфармацыя ДНК рэалізуецца шляхам праграміраванага праз мРНК сінтэзу бялкоў, якія вызначаюць фенатыпічныя прыкметы жывых арганізмаў). Утварэнне мРНК на матрыцы ДНК у пракарыятычных клетках — адносна просты працэс і ўключае гал. чынам транскрыпцыю адпаведнага гена з дапамогай РНК-полімеразы. Біясінтэз мРНК у эўкарыётаў значна адрозніваецца шматступеньчатасцю фарміравання актыўнай малекулы. Малекулы тРНК як у эўкарыётаў, так і ў пракарыётаў сінтэзуюцца ў выглядзе вял. папярэднікаў. У клетках эўкарыётаў сінтэз рРНК лакалізаваны ў ядзерку і ажыццяўляецца РНК-полімеразай I; геном утрымлівае ад 50 да 1000 ідэнтычных копій генаў, якія кадзіруюць рРНК.
Літ.:
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МІН-СІБІРА́К (сапр.Мамін) Дзмітрый Наркісавіч
(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),
рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Раман-успамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) на гіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), падарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш.