КО́ЎЦЮХ Епіфан Іовіч (21.5.1890, с. Высунск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 28.7.1938),

савецкі ваен. дзеяч. Камбрыг (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), Ваен. акадэмію РСЧА (1922), курсы ўдасканалення камсаставу (1928), курсы пры Ваен.-паліт. акадэміі (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнічаў у баях на Кубані, Паўн. Каўказе. У час паходу Таманскай арміі (жн.—кастр. 1918) камандаваў 1-й калонай, якая дзейнічала ў авангардзе, паспяхова кіраваў баямі пад Архіпа-Осіпаўкай, Агайскім перавалам, Туапсэ, Беларэчанскай і Армавірам (гэты паход апісаны А.​Серафімовічам у рамане «Жалезны паток», дзе К. дзейнічаў пад імем Кожуха). У 1918—20 камандаваў Таманскай арміяй, стралк. дывізіямі і зводным корпусам 11-й арміі, удзельнічаў у баях пад Царыцынам, Ціхарэцкай, Сочы і інш. У 1920 кіраваў дзеяннямі войск у аперацыі супраць ген. Улагая на Кубані, прымаў удзел у падаўленні Кранштацкага паўстання 1921. Камандзір дывізіі, корпуса, з 1936 армейскі інспектар і нам. каманд. БВА. Аўтар кнігі «Ад Кубані да Волгі і назад» (1926). Рэпрэсіраваны; рэабілітаваны пасмяротна.

т. 18, кн. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)