КАРАЛЕ́ВЫ МЭ́РЫ ЗЯМЛЯ́ (Queen Mary Land),
частка Усх. Антарктыды паміж 92°03′ і 100°04′ усх. д. Узбярэжжа—Бераг «Праўды» — абмываецца водамі мораў Дэйвіса і Моўсана. Паверхня, акрамя ўзбярэжнай часткі, укрыта ледавіком, стромка ўздымаецца ў глыбіні мацерыка да выш. 2500—3000 м. На ўзбярэжжы выхады карэнных парод. На Беразе «Праўды» з 1956 працуе рас. навук. станцыя Мірны. Адкрыта ў 1912 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй Д.Моўсана. Названа ў гонар англ. каралевы.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ДМАНТ (Piedmont),
перадгорнае плато, якое прымыкае да ўсх. краю Апалачаў, у ЗША. Выш. ад 40—80 м на У, да 200—400 м на З, шыр. ад 50 да 200 км. Складзена з крышт. і метамарфічных парод. Паверхня слабаўзгорыстая, на ПдУ стромка абрываецца да Прыатлантычнай нізіны. Астанцовыя ўзгоркі дасягаюць выш. 500—700 м. Рэкі, якія перасякаюць усх. край П., утвараюць серыю стром і вадаспадаў. Месцамі захаваліся мяшаныя лясы.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́АРЭМАА (Saaremaa),
Эзель, самы буйны в-аў Маанзундскага (Зах.-Эстонскага) архіпелага ў Эстоніі, у Балтыйскім м. Пл. 2,7 тыс. км². Злучаны дамбай з в-вам Муху. Складзены гал. ч. з вапнякоў, месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Паверхня нізінная (выш. да 50 м), месцамі забалочаная. Радовішчы даламітаў і вапнякоў. Рэдкія зараснікі ядлоўцу, хваёвыя лясы. Рыбалоўства. На в-ве Війдумяэскі і Вілсандыйскі запаведнікі; геал. заказнік Каалі (метэарытныя кратэры). Гал. горад — Курэссаарэ.
т. 14, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНКЛІНО́РЫЙ (ад сінкліналь + грэч. oros гара),
комплекс складкавых дыслакацый слаёў зямной кары з агульнай сінклінальнай будовай, дзе люстэрка складкавасці (датычная паверхня да скляпенняў або замкоў антыкліналей) апушчана ў гал. восевай ч. структуры. Даўжыня — многія сотні кіламетраў, шырыня — дзесяткі, радзей больш за 100 км. Пашыраны ў складкавых збудаваннях і ўтвараюцца на месцы геасінкліналей або арагенных (міжгорных) прагінаў. Чаргуюцца з антыклінорыямі. Тыповыя С. — Залаірскі на Урале, Новарасійскі на Каўказе.
І.В.Клімовіч.
т. 14, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НЫ (Ardennes),
узвышша, зах. працяг Рэйнскіх Сланцавых гор на Пд Бельгіі, часткова ў Францыі і Люксембургу. Працягласць 160 км. Выш. каля 400 м, найб. — 694 м (г. Батрандж). Платопадобная паверхня, расчлянёная на асобныя масівы глыбокімі далінамі рэк сістэмы Мааса. Складзены з крышт. і гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў, скамечаных у складкі ў герцынскі арагенез. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, мінер. крыніцы. Клімат умераны марскі. Шмат тарфяных балотаў. Букавыя і дубова-бярозавыя лясы, пасадкі елкі.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́Й,
1) канец горнай вырабаткі, які паступова прасоўваецца ў выніку горных работ і з’яўляецца рабочым месцам гарняка. У шахтах і рудніках З. бываюць: гарызантальныя, вертыкальныя і нахіленыя; ачышчальныя, дзе непасрэдна здабываюць карысныя выкапні, і падрыхтоўчыя, або праходчыя. У кар’ерах (пры адкрытай распрацоўцы радовішча) З. — участак заходкі (рабочага ўступа і інш.), які непасрэдна распрацоўваецца экскаватарам. Паводле размяшчэння адрозніваюць З. бакавыя (тарцовыя) і франтальныя.
2) Тарцовая паверхня буравой свідравіны, якая пры праходцы разбураецца буравым інструментам.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЁЙДЭР-ЗЕ (Zuiderzee),
заліў Паўночнага м. каля берагоў Нідэрландаў. Утварыўся ў 1282 у выніку апускання і затаплення сушы. Аддзелены ад мора Зах.-Фрызскімі а-вамі. У 1932 падзелены шлюзаванай дамбай на залівы Вадэн-Зе на Пн і Эйселмер на Пд (ператварыўся ў прэснаводнае возера). Глыб. 3—4 м, на фарватэрах 8—24 м. Вядуцца работы па асушэнні зал. Эйселмер, асушана каля 1650 км². Паверхня польдэра (560 км²) выкарыстоўваецца з 1980. Буйны порт — Амстэрдам.
т. 7, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЧСКІ РАН Вялікі і Малы,
саланчакі на З Індыі і ў Пакістане, на ПдУ ад дэльты р. Інд. Пл. больш за 20 тыс. км². Даўж. з У на З больш за 300 км, шыр. 40—80 км. Плоская нізінная паверхня (выш. да 200 м), укрытая чорным глеем з плямамі солей, з асобнымі ўзвышшамі (выш. да 465 м) і пясчанымі ўзгоркамі. У час летняга мусону саланчакі заліваюцца водамі мора і рэк Банас і Луні.
т. 8, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКО́ПСКІ ПЕРАШЫ́ЕК Злучае Крымскі п-аў з мацерыком, раздзяляе Каркініцкі зал. Чорнага м. і воз. Сіваш. Даўж. каля 30 км, шыр. 8—23 км. Выш. да 20 м. Складзены з глін і суглінкаў. Берагі стромкія (да 5 м). Паверхня — раўніна са стэпавай расліннасцю. Салёныя самасадачныя азёры (Старое, Чырвонае). Па П.п. праходзіць Паўн.-Крымскі канал. У час грамадз. і Вял. Айч. войнаў на П.п. адбываліся жорсткія баі (у 1920, 1941 і 1943—44).
т. 12, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЧА́НСКІ,
біялагічны заказнік на Тапілаўскім балоце ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 4,9 тыс. га (1996).
Паверхня — згладжаны градава-балоцісты комплекс. Цэнтр. ч. бязлесая. На ўскраінах растуць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, радзей асінавыя і дубовыя лясы балотнага тыпу. На ўчастках з мінер. глебамі чарнічныя, месцамі лішайнікавыя, верасовыя, бруснічныя тыпы лесу. Вызначаецца багаццем журавін, бабку трохлістага, чаротніку белага, расце таксама рэдкі барэальна-таежны від — журавіны драбнаплодныя.
Г.У.Вынаеў.
т. 3, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)