ПАНЯТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Цёлак» у Рэчы Паспалітай. Паводле родавай легенды, паходзілі ад італьян. роду Тарэлі. Вядомы з 15 ст., прозвішча паходзіць ад маёнтка і мяст. Панятова недалёка ад Любліна. У 17 ст. П. былі сярэдняй шляхецкай сям’ёй, служылі ў багатай шляхты на гасп. пасадах, часам арандавалі маёнткі. У 18 ст. ўзвысіліся. Некат. прадстаўнікі роду ў 18 — пач. 20 ст. жылі на Беларусі. Найб. вядомыя:

Станіслаў (15.9.1676—29.8.1762). Удзельнічаў у Паўн. вайне 1700—21, стаў на бок шведаў, прыбліжаны да караля Станіслава Ляшчынскага, ген. артылерыі ВКЛ у 1707—09, ген. кавалерыі швед. войска, пасля ген.-лейт. польскага войска. У 1720 ажаніўся з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Брэсцкім пав., дзе былі збудаваны касцёл і палац — рэзідэнцыя П. Падстолі ВКЛ у 1722, падскарбі вялікі ВКЛ у 1722—31, ваявода мазавецкі ў 1731—52, кашталян кракаўскі з 1752. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул. З іх Казімір (15.9.1721—13.4.1800) — падкаморы вялікі каронны ў 1742—73, ген. польскага войска; Станіслаў Аўгуст (1732—98), кароль польскі і вял. князь літоўскі [1764—95], гл. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі; Андрэй (28.9.1734—3.3.1773), ген.-лейт. аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Станіслаў (23.2.1754—13.2.1833), ген.-лейт. польскага войска, шэф пешай кароннай гвардыі, падскарбі вялікі ВКЛ у 1784—91. Яго нашчадкі атрымалі ў Фларэнцыі (Таскана) тытул князёў ды Монтэ Ратонда (1847), а ў Аўстрыі тытул князёў П. (1850). Юзаф Антон (1763—1813), ген.-лейт. польскага войска, маршал Францыі, гл. Панятоўскі Ю.А.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫДЗ-СМІ́ГЛЫ ((Rydz-Śmigły) Эдвард) (11.3.1886, г. Беражаны, Цярнопальская вобл., Украіна — 2.12.1941),

польскі ваен. і дзярж. дзеяч, адзін з паплечнікаў Ю.Пілсудскага. Маршал Польшчы (1936). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Кракаве. З 1908 у Саюзе актыўнай барацьбы, з 1912 у Стралецкім саюзе (Галіцыя), рэдагаваў штомесячнік «Strzelec»(«Стралец»). У 1-ю сусв. вайну ў легіёнах польскіх Пілсудскага, з ліп. 1917 гал. камендант Польск. вайск. арг-цыі. З ліст. 1918 ваен. міністр адноўленай польск. дзяржавы. Удзельнічаў у заняцці польск. войскамі Вільні (крас. 1919). У польска-сав. вайну 1919—20 камандаваў дывізіяй, арміяй, Сярэднім фронтам; удзельнічаў у заняцці Кіева (ліп. 1920), Гродна і Ліды (вер. 1920), абароне Варшавы (жн. 1920). У 1922—35 інспектар арміі. У час майскага перавароту 1926 падтрымаў Пілсудскага і яго прыхільнікаў. Пасля смерці Пілсудскага з мая 1935 ген. інспектар узбр. сіл, працаваў над 6-гадовым планам рэфармавання ўзбр. сіл краіны. У час Польскай кампаніі 1939 вярх. галоўнакамандуючы (склаў паўнамоцтвы 7 ліст.), 17 вер. загадаў польскім узбр. сілам не ваяваць без крайняй неабходнасці супраць часцей Чырв. Арміі, якія ўступілі ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну; разам з польск. урадам перайшоў у Румынію, інтэрніраваны. У кастр. 1941 тайна вярнуўся ў акупіраваную ням.-фаш. войскамі Польшчу, намагаўся разгарнуць антыфаш. дыверсійную дзейнасць. Аўтар шэрагу прац па ваен. гісторыі і пытаннях абароны дзяржавы.

Літ.:

Leżeński C. Kwatera 139: Opowieść o marszałku Rydzu-Śmigtym. T. 1—2. Lublin, 1989.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

Э.Рыдз-Сміглы.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Валянцін Васілевіч) (н. 25.7.1936, хутар Авашл, Башкортастан),

рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). З 1965 у час. «Волга» (г. Саратаў), з 1967 у час. «Молодая гвардия», у 1971—81 гал. рэдактар выд-ва «Современник», з 1983 прарэктар Літ. ін-та імя М.​Горкага, Вышэйшых літ. курсаў у Маскве. Першая кніга паэзіі — «Мара» (1960). У зб-ках вершаў і паэм «Я не ведаю спакою» (1962), «Размова з каханай» (1968), «Блакітныя перавалы» (1970), «За жураўліным голасам» (1972), «Барвовыя салаўі» (1976), «Хачу быць ветрам» (1982, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Нас двое» (1987), «Абяцанне» (1989) і інш. — лёс Расіі і славян, айч. гісторыя; тэмы народ і герой, народ і паэт, творца і час, творца і радзіма, лірыка кахання. У кн. артыкулаў-роздумаў, нарысаў-апавяданняў «Падзяка: Паэт пра паэтаў» (1986) С. праз творчыя лёсы блізкіх яму паэтаў паказвае і свой лёс. Аўтар цыкла вершаў «Славянскія матывы», прысвечанага Беларусі. Перакладае на рус. мову вершы Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, Г.​Пашкова, А.​Пысіна і інш. Сакратар Міжнар. згуртавання пісьменніцкіх саюзаў (з 2000). Міжнар. прэмія імя М.​Шолахава 2000.

Тв.:

Избранное: Стихотворения и поэмы. М., 1978;

Посвящение: Избр. М., 1982;

Лирика: Стихи и поэмы. М., 1986;

Лицо. М., 1997;

Ратный миг. М., 2000;

Бессмертный маршал. М., 2000.

Літ.:

Ханбеков Л.В. Выбираю бой: Штрихи к творч. портрету В.​Сорокина. Челябинск, 1980;

Яго ж. Присягаю Уралу: Три лит. портрета. Челябинск, 1989.

А.​В.​Спрынчан.

В.В.Сарокін.

т. 14, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ФРО́НТ,

1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій на паўн.-зах. напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 1.8.1914 у складзе 1-й, 2-й і 10-й (са студз. 1915) армій; тылавым раёнам фронту былі Дзвінская ваенная акруга і Мінская ваенная акруга. 17.8.1914 фронт пачаў наступленне і ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі 1914 напачатку меў значны поспех, але потым пацярпеў паражэнне і да 15 вер. адведзены на рубеж рэк Нёман і Нараў. Нягледзячы на няўдачу, баявыя дзеянні садзейнічалі зрыву герм. наступлення ў Марнскай бітве 1914 у Францыі (гл. Марнскія бітвы). У вер.—ліст. 1914 войскі фронту паспяхова дзейнічалі ў Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацыях; у пач. 1915 вялі абарончыя і наступальныя баі (Аўгустоўская і Праснышская аперацыі), адцяснілі праціўніка да межаў Усх. Прусіі. На пач. лета 1915 у склад фронту ўваходзілі 1-я, 2-, 3-, 4-, 5-, 12- і 13-я арміі. У ходзе Нараўскай аперацыі (13.7—2.8.1915) войскі фронту паспяхова абараняліся, аднак з-за пагрозы ўдараў з флангаў адышлі да Зах. Дзвіны. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ад 17.8.1915 П.-З.ф. падзелены на Заходні фронт 1915—18 і Паўночны фронт 1915—18. Яго галоўнакамандуючыя: генерал ад кавалерыі Я.​Р.​Жылінскі (1.8. — 16.9.1914), генералы ад інфантэрыі М.У.Рузскі (16.9.1914 — сак. 1915), М.​В.​Аляксееў (30.3.—17.8.1915).

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у савецка-фінляндскую вайну 1939—40. Утвораны 7.1.1940 на базе ўпраўлення Ленінградскай ваен. акругі для аб’яднання дзеянняў 2-й і 13-й армій. У склад фронту ўключаны вайсковыя часці, злучэнні і большасць устаноў акругі. Баявыя дзеянні пачаліся 30.11.1939, аднак наступленне Чырв. Арміі на «Манергейма лініі» было прыпынена. У лют.—сак. 1940 сав. армія з вял. стратамі прарвала фінл. абарончыя ўмацаванні і выйшла да г. Вііпуры (цяпер Выбарг, Расія), які быў узяты штурмам. 12 сак. 1940 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй. 26.3.1940 у сувязі з заканчэннем ваен. дзеянняў П.-З.ф. расфарміраваны. Камандуючы фронтам камандарм 1-га рангу (з 1940 Маршал Сав. Саюза) С.К.Цімашэнка.

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял. Айч. вайну на паўн.-зах. напрамку. Створаны 22.6.1941 на базе ўпраўлення і войск Прыбалт. ваен. акругі (з 17.8.1940 — асобы) у складзе 8-й, 11, 27-й армій, ВПС акругі і інш. Удзельнічаў у прыгранічных бітвах 1941, стрымліваў удары ням.-фаш. войск групы армій «Поўнач» і часткі сіл групы армій «Цэнтр», у т. л. прыкрываў з поўначы тэр. Беларусі. Аднак пад націскам пераважаючых сіл праціўніка (па асабовым складзе ў 1,5 раза, па танках у 1,3 раза, па гарматах і мінамётах у 2 разы, па самалётах у 1,22 раза) войскі фронту 29 чэрв. адышлі да Зах. Дзвіны, а 8-я армія, адрэзаная ад гал. сіл, адступіла на Пн, да граніцы Эстоніі. Найб. жорсткія баі адбыліся пры абароне Ліепаі, Даўгаўпілса і Таліна. У першыя дні вайны ВПС фронту і далёкабамбардзіровачная авіяцыя наносілі бомбавыя ўдары па Кёнігсбергу (Калінінград, Расія), Мемелі (Клайпеда, Літва), Берліне (з 8 жн. па 4 вер. 1941). Войскі П.-З.ф. ўдзельнічалі ў бітве за Ленінград, у Таропецка-Холмскай, Старарускай, Дзямянскіх аперацыях 1942 і 1943. Расфарміраваны 20.11.1943, а яго злучэнні і часці ўвайшлі ў склад Прыбалтыйскага фронту. Камандуючыя фронту: ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў (чэрв.—ліп. 1941), ген.-м. П.​П.​Сабеннікаў (ліп.—жн. 1941), ген.-лейт. (са жніўня ген.-палк.) П.А.Курачкін (жн. 1941 — кастр. 1942 і чэрв.—ліст. 1942), Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка (кастр. 1942 — сак. 1943), ген.-палк. І.С.Конеў (сак.—чэрв. 1943).

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Губин И.А. Слово о Краснознаменном Прибалтийском. Рига, 1981;

Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2.

А.​М.​Лукашэвіч, Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТСА́МА-КІРКЕНЕ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск Карэльскага фронту (каманд. ген. арміі, з 26 кастр. Маршал Сав. Саюза К.​А.​Мерацкоў) і сіл Паўн. флоту (каманд. адм. А.​Р.​Галаўко) 7—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Пасля разгрому войск праціўніка на Карэльскім перашыйку і ў Паўд. Карэліі, выхаду з вайны Фінляндыі стварыліся ўмовы для вызвалення Сав. Запаляр’я, якое абаранялі часці ням. 19-га горнастралк. корпуса 20-й горнай арміі (ген.-палк. Л.​Рэндуліч). Сав. войскі перавышалі праціўніка па асабовым складзе ў 1,8, па артылерыі — 2,8, па танках — 2,5, па самалётах — у 6,3 раза. Гал. ўдар наносілі войскі 14-й агульнавайск. і 7-й паветр. армій; Паўн. флот выконваў задачы па высадцы марскіх дэсантаў у тыле праціўніка, парушэнні яго водных камунікацый і абароне сваіх водных шляхоў. Раніцай 7 кастр. пасля артыл. падрыхтоўкі войскі 14-й арміі прарвалі тактычную зону абароны праціўніка на фронце да 20 км і глыбінёю да 16 км. Паспяхова дзейнічалі маракі і марскія дэсанты (з 10 па 25 кастр. высадзілі 6 марскіх тактычных дэсантаў). Ужо 15 кастр. войскі фронту вызвалілі г. Петсама (Печанга), 25 — г. Кіркенес (Нарвегія) і да 27 завяршылі наступленне ў Запаляр’і. У выніку П.-К.а. сав. войскі прасунуліся на глыбіню да 150 км. Праціўнік страціў каля 30 тыс. забітымі, 156 караблёў і суднаў, 125 самалётаў. За воінскую доблесць і гераізм 51 часці і злучэнню прысвоены ганаровыя найменні «Печангскіх» і «Кіркенескіх». Сярод удзельнікаў, што вызначыліся ў баях, былі беларусы і ўраджэнцы Беларусі, у т. л. нач. паходнага штаба каманд. Паўн. флотам М.Б.Паўловіч.

Літ.:

Румянцев Н.М. Разгром врага в Заполярье (1941—1944 гг.): Воен.-ист. очерк. М., 1963;

Козлов И.А., Шломин В.С. Краснознаменный Северный флот. 3 изд. М., 1983.

т. 12, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ДРУГІ́ ў Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Прыбалт. фронту (створаны 10.10.1943). Дзейнічаў на паўн.-зах. напрамку. Камандуючыя: ген. арміі М.​М.​Папоў (кастр. 1943 — крас. 1944), ген. арміі А.І.Яроменка (крас. 1944 — люты 1945), Маршал Сав. Саюза Л.А.Говараў (люты—сак. 1945); чл. ваен. савета ген.-лейт. Л.​З.​Мехліс (кастр.—снеж. 1943), ген.-лейт. М.А.Булганін (снеж. 1943 — крас. 1944), ген.-лейт. У.​М.​Багаткін (крас. 1944 — сак. 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 23.8.1944 ген.палк. Л.М.Сандалаў (кастр. 1943 — сак. 1945), ген.-палк. М.​М.​Папоў (сак. 1945). У яго склад увайшлі арміі: 11-я, 20-я, 22-я агульнавайск., 3-я ўдарная, 6-я і 11-я гв. і 15-я паветр.; у розны час у склад фронту ўваходзілі 42-я і 51-я агульнавайск., 1-я і 4-я ўдарныя, 10-я гв. і 14-я паветр. арміі, 5-ы танк., 3-і гв. кав. і 130-ы латышскі стралк. карпусы. У ліст. 1943 войскі левага крыла фронту ва ўзаемадзеянні з Прыбалтыйскім фронтам першым вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку. У ліп. 1944 войскі фронту правялі Рэжыцка-Дзвінскую аперацыю 1944 і прасунуліся на З да 200 км. У выніку быў прарваны гал. абарончы рубеж ворага «Пантэра», вызвалены раённыя цэнтры Беларусі: 12 ліп. Расоны і Дрыса (з 1962 Верхнядзвінск), 17 ліп. Асвея, інш. населеныя пункты. Пасля вызвалення г. Даўгаўпілс (27 ліп.) войскі фронту наступалі ўздоўж Зах. Дзвіны, удзельнічалі ў вызваленні Рыгі, у кастр. 1944 сумесна з войскамі 1-га Прыбалт. фронту блакіравалі ў Курляндыі групу армій «Поўнач» і да крас. 1945 вялі баі па яе знішчэнні. П.ф.д. расфарміраваны 1.4.1945, яго войскі перададзены ў склад Ленінградскага фронту.

М.​І.​Камінскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́КАЎ (Георгій Канстанцінавіч) (1.12.1896, в. Стралкоўка Калужскай вобл., Расія — 18.6.1974),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1943), чатыры разы Герой Сав. Саюза (1939, 1944, 1945, 1956), Герой Манголіі (1969). У арміі з 1915, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1930 камандзір 2-й кав. брыгады 7-й дывізіі (штаб у Мінску), у 1933—37—4-й кав. дывізіі імя К.​Варашылава (базіравалася ў Слуцку), 3-га кав. корпуса (штаб у Мінску). У 1938—39 нам. па кавалерыі каманд. войскамі Бел. асобай ваен. акругі. У 1939 камандаваў сав.-манг. групоўкай у час канфлікту з Японіяй на р. Халхін-Гол. З 1940 каманд. войскамі Кіеўскай асобай ваен. акругі. У студз.—ліп. 1941 нач. Генштаба, нам. наркома абароны СССР. З 23.6.1941 чл. Стаўкі Вярх. Галоўнакаманд., са жн. 1942 1-ы нам. наркома абароны СССР і нам. Вярх. Галоўнакамандуючага; камандаваў Рэзервовым, Ленінградскім, Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтамі. Адзін з кіраўнікоў абароны Ленінграда, Масквы і разгрому ням.-фаш. войск пад Масквой. Каардынаваў дзеянні франтоў у Сталінградскай бітве 1942—43, у час прарыву блакады Ленінграда, Курскай бітве 1943 і бітве за Дняпро 1943, у Беларускай аперацыі 1944. Камандаваў 1-м Бел. фронтам у Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Берлінскай аперацыі 1945, падпісаў за сав. бок акт аб капітуляцыі Германіі 8.5.1945 у Карлсхорсце (каля Берліна). 24.6.1945 прымаў Парад Перамогі ў Маскве. У 1945—46 каманд. сав. акупац. войскамі і гал. нач. Сав. ваен. адміністрацыі ў Германіі, адначасова (сак.—чэрв. 1946) галоўнакаманд. сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1946 каманд. войскамі Адэскай, з 1948 Уральскай ваен. акруг. З 1953 1-ы нам., у 1955—57 міністр абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1941—58. У 1958 зняты з усіх пасад і адпраўлены ў адстаўку. Аўтар кн. «Успаміны і роздум» (т. 1—3, 10-е выд., 1990). Імем Ж. названа малая планета.

Г.К.Жукаў.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ ФРОНТ 1941—44 у Вялікую Айчынную вайну.

Утвораны 22.6.1941 на базе Заходняй Асобай ваеннай акругі. 24.7.1941 пасля разгрому у навагрудскім «катле» (камандуючыя Дз.​Р.​Паўлаў, ген. А.​А.​Грыгор’еў, А.​А.​Караткоў, У.​Я.​Кліманоўскіх і інш. расстраляны, у 1956 рэабілітаваны) сфарміраваны нанава і падзелены на Зах. і Цэнтр. (да 25.8.1941) франты. Камандуючыя: ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў (22—30.7.1941), ген.-лейт. А.​І.​Яроменка (30.6—2.7, 19—29.7.1941), Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка (2—19.7, 30.7—12.9.1941), ген.-палк. І.​С.​Конеў (12.9—12.10.1941, 26.8.1942—27.2.1943), ген. арміі Г.​К.​Жукаў (13.10.1941—26.8.1942), ген.арміі В.​Д.​Сакалоўскі (28.2.1943—15.4.1944), ген.-палк. І.​Д.​Чарняхоўскі (15—24.4.1944); чл. ваен. савета: А.​Я.​Фаміных, П.​К.​Панамарэнка, М.​А.​Булганін, Л.​З.​Мехліс, В.​Е.​Макараў; нач. штаба: У.​Я.​Клімаўскіх, Г.​К.​Маландзін, Сакалоўскі, У.​С.​Галушкевіч, А.​П.​Пакроўскі. У розны час у склад З.ф. ўваходзілі арміі: 3, 4, 5, 10, 11, 13, 16, 19, 20, 21, 22, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 39, 43, 49, 50, 61, 68, 1-я Ударная, 10-я і 11-я гвардз., 3-я і 4-я танк., 1-я і 4-я паветраныя. Войскі фронту ўдзельнічалі ў Брэсцкай крэпасці абароне 1941, Магілёва абароне 1941, Мінска абароне 1941, Віцебска абароне 1941, Гомеля абароне 1941, нанеслі Лепельскі контрудар 1941, правялі Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941. Разам з інш. франтамі прымалі ўдзел у Смаленскай бітве 1941, Маскоўскай бітве 1941—42, Курскай бітве 1943, Смаленскай аперацыі 1943. У канцы 1943 — пач. 1944 войскі З.ф. развівалі наступленне на Віцебскім і Аршанскім напрамках, выйшлі да ўсх. раёнаў Беларусі. 24.4.1944 З.ф. перайменаваны ў Беларускі фронт трэці, яго левае крыло — у Беларускі фронт другі (2-га фарміравання).

М.​І.​Камінскі.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял. Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн. чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.​Гарпе), якая мела больш за 600 тыс. чал. (з часцямі тылу 900 тыс. чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням. войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл. Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.

Літ.:

Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;

Бродовский котел: Воспоминания. Очерки. Документы. Львов, 1974;

От Западного Буга до Вислы: Очерки. Воспоминания. Документы. Львов, 1985;

Конев И.С. Записки командующего фронтом, 1943—1945. 4 изд. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)