упрыгожанне для рук (у некаторых народаў і ног) пераважка кольцападобнай формы. З глыбокай старажытнасці бранзалет выкарыстоўвалі як амулет, упрыгожанне, узнагароду; баявыя бранзалеты засцерагалі рукі ад халоднай зброі. Выраблялі з розных металаў, косці, бурштыну, каменю. На Беларусі вядомы касцяныя і рагавыя бранзалеты эпохі неаліту, бронзавыя і медныя бронзавага веку, сярэбраныя, бронзавыя, медныя і жалезныя багата арнаментаваныя жал. веку мясц. вытв-сці. З развіццём гарадоў бранзалеты выраблялі з каштоўных металаў, аздаблялі эмалямі, чарненнем, філігранню, зярненнем, каштоўнымі камянямі, інкрустацыяй; з 11 ст. з’яўляюцца рознакаляровыя шкляныя бранзалеты. Сучасныя бранзалеты вырабляюць з металаў, дрэва, скуры, саломкі, пластмасы, часта паводле стараж. узораў.
Бранзалеты: залаты (1) з Мінскага замчышча, сярэбраны (2) з Гродна (абодва 12 ст.), сучасныя з саломкі (3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКСІ́Т (ад лац. coxa бядро + ...іт),
запаленчы працэс тазасцегнавога сустава. Адрозніваюць К. спецыфічныя інфекц. (ганарэйныя, туберкулёзныя, сіфілітычныя і інш.), неспецыфічныя інфекц (гнойныя), асептычныя (рэўматоідныя, рэўматычныя, з прычыны хваробы Бехцерава і інш.), як ускладненне інфекц. хваробы (дызентэрыя, бруцэлёз, адзёр і інш.). Бывае востры ці хранічны Прыкметы К.: запаленчыя змены ў сінавіяльнай абалонцы, утварэнне серознага, серозна-фібрознага ці гнойнага выпату. Выяўляецца болем у вобласці пашкоджанага сустава, павышэннем т-ры цела, абмежаванай рухомасцю сустава. Запаленчы выпат у суставе выклікае яго павелічэнне, выхад яго за межы капсулы — абсцэс ці флегмону. Запаленне з сінавіяльнай абалонкі можа пераходзіць на касцявыя структуры, разбурае вяртлюжную ўпадзіну, галоўку і шыйку сцегнавой косці, што выклікае паталаг. вывіх сцягна і пакарачэнне ніжняй канечнасці. Лячэнне: імабілізацыя, тэрапеўтычнае, хірургічнае, артапедычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,
у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл.Татэмізм). Найб.стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.
Літ.:
Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІЯ НЕАЛІТЫ́ЧНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
археалагічныя культуры неаліту на тэр. Прыбайкалля. Насельніцтва найб. ранняй ісакаўскай культуры (4-е — пач. 3-га тыс. да нашай эры) займалася паляваннем, вырабляла сланцавыя наканечнікі стрэл, шліфаваныя цёслы, вастрадонны і паўяйкападобны керамічны посуд з адбіткам сеткі-пляцёнкі на паверхні. Плямёны сяроўскай культуры (3-е тыс. да нашай эры) удасканалілі каменныя і касцяныя прылады (шліфавалі і свідравалі). З’явіліся рэчы з зялёнага нефрыту, складаны лук з касцянымі абкладамі, скульптурныя выявы ласёў, рыб, антрапаморфныя фігуркі, наскальныя малюнкі. Кругладонны посуд упрыгожаны адбіткамі розных штампаў. Асн. заняткам насельніцтва кітойскай культуры (сярэдзіна 3 — пач. 2-га тыс. да нашай эры) было рыбалоўства. З’явіліся састаўныя (з косці і каменю) рыбалоўныя кручкі, доўгія касцяныя кінжалы з крамянёвымі ўкладышамі, павялічылася колькасць вырабаў з нефрыту. Пахавальны абрад насельніцтва Байкальскіх неалітычных культур — трупапалажэнне ў грунтавых магілах; нябожчыкаў пасыпалі вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1989 у г. Жлобін Гомельскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 243 м², каля 6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Сярод прадметаў даўніны бівень і косці маманта, неалітычныя крамянёвыя прылады працы, керамічныя вырабы, знойдзеныя на тэр. раёна, макет паселішча 15 ст., прылады працы і прадметы побыту 17—19 ст., дыярамы пра буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873), рэв. выступленні чыгуначнікаў (1905) і інш.
Вял. экспазіцыя прысвечана падзеям часоў Вял.Айч. вайны: абарончым баям Чырв. Арміі, дзейнасці Жлобінскага патрыятычнага падполля, партыз. руху ў раёне, матэрыялам пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленню Жлобіншчыны ад ням.-фаш. захопнікаў; захоўваюцца асабістыя рэчы славутых землякоў. Экспанаты знаёмяць з развіццём у пасляваенны час асветы, навукі, культуры і спорту, гаспадаркі, прадпрыемстваў у горадзе і раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМРЫ́ТСАР,
горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс.ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл.цэнтр.Тэкст., маш.-буд., хім.прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.
Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал.рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс.чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРГА́Н, вурган (лац. organum ад грэч. organon прылада, інструмент; магчыма, ад стараслав. варга рот),
старажытны самагучальны язычковы муз. інструмент. Вядомы ў многіх народаў пад рознымі назвамі. Бываюць пласціністы варган (у выглядзе пласцінкі з дрэва, косці, бамбуку, трыснягу) і падковападобны металічны; да пласцінкі ці пасярэдзіне падковы прымацаваны язычок з трыснягу або сталі. У час ігры варган заціскаюць зубамі або прыціскаюць да іх, а рот служыць рэзанатарам. У выніку бесперапыннай вібрацыі язычка ўзнікае бурдон; са зменай артыкуляцыі вуснаў атрымліваюць тоны, неабходныя для выканання мелодыі. Дыяпазон невялікі — кварта або квінта, што абмяжоўвае рэпертуар простымі песеннымі і танц. мелодыямі і найгрышамі. На пач. 19 ст. створаны канцэртны прафес. інструмент з храматычным гукарадам — аўра (некалькі варганаў, замацаваных на метал. дыску). На Беларусі існаваў у 12—19 ст. як сольны і ансамблевы інструмент. У наш час сустракаецца рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА,
ва ўсходнеславянскай міфалогіі гал. персанаж свята летняга сонцастаяння, магчыма, бажаство (гл.Купалле). К. называлі ляльку або чучала (жанчыны ці мужчыны); у бел. рытуалах К. наз. таксама Марай, у рус. песнях — ведзьмай (у рытуалах «ведзьму», конскі чэрап або косці жывёлы спальваюць на вогнішчы). У час свята К. топяць у вадзе. Назва К., магчыма, паходзіць ад агульнаіндаеўрап. кораня «куп» або «коп», галоўны сэнс якога — «укупе», «разам», і паказвае на яднанне (сукупленне) людзей з прыродай і аднаго з адным. Верагодна таксама, што гэтая назва паходзіць ад дзеясловаў «купаць», «кіпець», (роднасна лац. cupido, Купідон — імкненне, палкасць), паказвае на суадносіны купальскіх рытуалаў з агнём (зямным і нябесным) і вадой, што выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. Тры віды чароўных траў і кветак у купальскіх песнях суадносяцца з матывамі трох змей і трох дачок К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАБАКТЭРЫЁЗ, некрабацылёз,
інфекцыйная хвароба свойскіх і многіх дзікіх жывёл (млекакормячых, птушак, паўзуноў), зрэдку чалавека, якая выклікаецца анаэробнай бактэрыяй некрозу і характарызуецца некратычным распадам тканак. Пашыраны амаль усюды, найб. у паўн. зонах. Часцей хварэе маладняк, са свойскіх жывёл — паўн. алені, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, коні, свінні, куры. Крыніца інфекцыі — хворыя і бактэрыяносьбіты (мікроб пастаянна жыве ў страўнікава-кішачным тракце многіх жывёл, у т. л. насякомых). Заражэнне адбываецца праз пашкоджанні скуры (часцей ніжніх ч. канечнасцей), слізістых абалонак (часцей ротавай поласці), пупавіну (у нованароджаных). Цячэнне вострае (часцей у маладняку), падвострае ці хранічнае. На месцах укаранення мікробаў развіваюцца запаленне і гнойна-некратычныя язвы, якія могуць пашырацца на сумежныя тканкі і ў глыбіню, у т. л. на косці; магчымы метастаз крывёю з утварэннем ачагоў некрозу ва ўнутр. органах, далучэнне гніласнай мікрафлоры. Пры моцным пашырэнні паталаг. працэсу развіваюцца інтаксікацыя, гарачка, знясіленне, жывёлы гінуць.