«КНІ́ГА СТРА́ШНАГА СУДА́»
(«Domesday Book»),
збор матэрыялаў першага пазямельнага перапісу ў сярэдневяковай Англіі, праведзенага Вільгельмам I Заваёўнікам у 1086. Перапіс меў на мэце высветліць матэрыяльныя рэсурсы каралеўства, зафіксаваў юрыд. статус сялянства, уключыў многіх раней свабодных сялян у катэгорыю феад.-залежных — віланаў. Кніга (складаецца з 2 тамоў) — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі сярэдневяковай Англіі (звесткі аб памерах вотчыны, размеркаванні зямлі паміж паплечнікамі Вільгельма I, царквой і інш.). У яе назве адлюстраваліся адносіны англ. народа да перапісу.
т. 8, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРМАН (Krman) Даніэль (28.8.1663, в. Амшэне, Славакія — 23.9.1740),
славацкі рэліг. і грамадскі дзеяч, падарожнік. Вучыўся ў Браціславе, Лейпцыгу, Вітэнбергу. Выкладаў у славацкіх навуч. установах. Уваходзіў у склад пратэстанцкага пасольства да шведскага караля Карла XII, якога суправаджаў у паходах 1708—09. Аўтар дзённіка на лац. мове, у якім апісаў гаспадарку, культуру, прыродныя і нац. асаблівасці Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, даў звесткі пра Палтаўскую бітву 1709 і інш. У 1729—40 адбываў пажыццёвае зняволенне ў Браціславе. Пакінуў вял. літ. спадчыну.
т. 8, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТО́ЎСКАЯ КАПЭ́ЛА»,
аркестравы калектыў сярэдзіны 16 — пач. 17 ст.; адзін з найбольш ранніх на тэр. Беларусі. Засн. ў Гродне ў 1543. У 1601 у склад капэлы ўваходзілі 15 музыкантаў і спевакоў: Хакон Бланк, Ян (Ганс) Браўн, Пётр Гертсан (Ортсан), Войцех (Альберт) Кулакоўскі, Мацей Кавянчук, Пётр Лаўрэнцій, Магнус, Ян Міхаловіч, Ян Няркоўскі (Ніркоўскі), Якуб Пэль, Якуб Пташкоўскі, Станіслаў Рагейскі, Эрык Том, Эрык Торсцін, Генрых Фін. Звесткі наконт складу інструментаў і характару рэпертуару не выяўлены.
А.Л.Капілаў.
т. 9, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),
у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас. літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.Чорнага).
т. 11, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),
гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.
т. 12, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК (Park) Мунга (10.9.1771, Фоўлшылс, каля г. Селкерк, Вялікабрытанія — 1806),
брытанскі даследчык Зах. Афрыкі. У 1795—97 прайшоў ад вусця р. Гамбія на У да г. Сегу, на верхнім Нігеры, і каля 50 км уніз па рацэ, сабраў звесткі аб яе цячэнні да г. Тамбукту. У 1805—06 даследаваў сярэдняе цячэнне і ўчастак ніжняга цячэння р. Нігер да парогаў Буса, дзе і загінуў.
Літ.:
Горнунг М.Б., Липец Ю.Г., Олейников И.Н. История открытия и исследования Африки. М., 1973.
т. 12, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЬ (Tell) Вільгельм, швейцарскі нац. герой; гал. персанаж швейц. нар. легенды «Паданне пра стралка». Паляўнічы, жыхар в. Бюрглен (кантон Уры). Быў змушаны габсбургскім ландфогтам (даверанай асобай) Геслерам збіць стралой з лука яблык з галавы свайго малога сына. Выканаўшы гэты загад, Т. пазней стралой забіў Геслера і ўзначаліў паўстанне супраць панавання аўстр. Габсбургаў (14 ст.). У аснове падання пра Т. — звесткі з хронік 15 і 16 ст. Найб. вядомы маст. вобраз Т. стварыў у аднайм. драме Ф.Шылер (1804).
т. 16, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,
схема радаводу ў выглядзе дрэва; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Імя родапачынальніка змяшчаюць у аснове генеалагічнага дрэва, а на ствале і галінах — імёны, біягр. звесткі, часам партрэты і гербы яго нашчадкаў. Дадатковая інфармацыя даецца з дапамогай колераў: медальёны з імёнамі замужніх жанчын прынята пазначаць ліловым колерам, дзяўчат — сінім, мужчын, якія мелі нашчадкаў, — жоўтым, без нашчадкаў — чырвоным. Жывых членаў роду пазначаюць зялёным колерам. У выглядзе генеалагічнага дрэва падаецца радавод Ісуса Хрыста (у т. л. ў «Псалтыры» 1517 Ф.Скарыны).
т. 5, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ СУ́ШЫ,
навука аб паверхневых водах сушы; раздзел гідралогіі. Падзяляецца на гідралогію рэк, азёразнаўства і балотазнаўства. Асн. раздзелы гідралогіі сушы: гідраметрыя, гідралагічныя разлікі, гідралагічныя прагнозы, гідрафізіка, гідрахімія, гідраграфія, дынаміка вод сушы, рэчышчавыя працэсы; да сярэдзіны 20 ст. ўключала і гляцыялогію. Гідралогія сушы даследуе працэсы фарміравання воднага балансу і сцёку, структуру рачной плыні, водаабмен у азёрах і вадасховішчах, рэчышчавыя і берагавыя працэсы, тэрмічныя і лядовыя з’явы, хімізм вод, распрацоўвае гідралагічныя прылады і інш. Звесткі гідралогіі сушы выкарыстоўваюць у воднай гаспадарцы.
А.Л.Макарэвіч.
т. 5, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1650—1754 пры езуіцкай калегіі ў Гродне. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах. Захаваліся звесткі пра 26 пастановак т-ра. Аўтарамі іх былі выкладчыкі паэтыкі і рыторыкі. Яны выкарыстоўвалі сюжэты са свяшчэннага пісання, агіяграфій, ант. міфалогіі і гісторыі. Большасць драм суправаджаліся інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Найб. актыўна т-р дзейнічаў у 1711—28, калі былі пастаўлены 17 лац. п’ес і польская драма «Альтэка мудрасці» (1720).
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983. С. 133—135, 142.
т. 5, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)