ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),
гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.
т. 12, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)